Гарадоцкае кафэ “Экспрэсія” ў новым абліччы пачало працаваць з восені 2014 года, калі ў Гарадку былі праведзены абласныя “Дажынкі – 2014”. Зараз кафэ знаходзіцца ў кіраванні Лепельскага райспажыўсаюза і па ранейшаму радуе ўтульнай залай і якасным абслугоўваннем.
У адпаведнасці з рашэннем Гарадоцкага райвыканкама №815 ад 21 кастрычніка 2020 года на аб’ектах грамадскага харчавання кафэ: “Трыумф”, “Экспрэссія”, “Гаражанка”, ТДА “Авангард” (г.п. Езярышча) да 1 снежня ў меню павінны быць стравы нацыянальнай беларускай кухні, у тым ліку і на англійскай мове.
Пакуль з гарадоцкіх кафэ гэтае рашэнне выконвае толькі кафэ “Экспрэсія”. Тут у меню маюцца стравы беларускай кухні. Сёння ў меню маюцца салаты з “нацыянальнымі” назвамі: “Папараць-кветка”, салат-кактэйль “Вянок”, “Полесский”, “Берёзка”. Таксама маюцца такія стравы, як язык заліўны з гавядзіны, рыба мінтай запечаная. Гэтыя стравы трэба замаўляць папярэдне.
Для хуткага харчавання для наведвальнікаў маюцца комплесныя абеды двух відаў. Кошт гэтых абедаў да 7 рублёў.
Усе варыянты блюд з меню кафэ “Экспрэсіі” маюць пераклад на англійскую мову, выкананы якасна ў каляровым друку.
Таксама “Экспрэсія” прапануе выраб кандытарскіх і кулінарных страў для дома, правядзенне ўрачыстасцяў, арганізацыю пахавальных сталоў як у кафэ, так і для дома.
Відавочна, што калектыў “Экспрэсіі” імкнецца працаваць у ногу з часам. Толькі нашы невялікія заробкі не дазваляюць перайсці да штотыднёвага наведвання гэтага і іншых кафэ Гарадка.
Іншая сітуацыя ў кафэ “Гаражанка”. Тут перайшлі на працу толькі ў пятніцу і суботу, а ў астатнія дні могуць працаваць па папярэдніх заяўках.
Цяпер тут маецца меню з перакладам на англійскую мову. Рыхтуюць тут стравы па факту заяўкі.
У кафэ “Трыумф” пераважна абслугоўваюць турыстаў-спартсменаў, якія знаходзяцца на зборах у Гарадку: лыжнікаў, біятланістаў, фрыстайлістаў, ватэрпалістаў і г.д..
Для гэтых турыстаў, як і іншых гасцей, меню з нацыянальнай беларускай кухні няма, як не было і перакладу яго на англійскую мову.
Л. Антонаў