Абрад «Зажынкі» на Гарадоччыне: «Раней жніво рукамі жалі — цяпер камбайны зашагалі »

27 ліпеня на полі УП «Паўночны», паблізу в. Хартова, быў праведзены абрад «Зажынкі». Кожны год мы чакаем гэта свята з асаблівым хваляваннем і шчырай надзеяй, што за нястомную працу родная зямля аддзячыць хлебаробаў шчодрым ураджаем. І барацьба за яго ўступіла ў сваю актыўную стадыю на ўсіх франтах.

Яшчэ менш за сотню гадоў назад жытнёвыя палеткі зжыналіся ўручную. Цяпер сустрэць калісьці звыклую карціну — мільгаценне сярпа сярод залатога калосся — можна хіба толькі на зажынках, дзе апранутыя ў нацыянальнае адзенне работнікі культуры завіхаюцца каля першага снапа.Па добрай традыцыі першыя снапы і духмяныя караваі былі ўручаны гаспадарам раёна — старшыні райвыканкама Пятру Пятровічу Карабачу, начальніку райсельгасхарчу Сяргею Уладзіміравічу Ермаковічу і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў — з пажаданнем дабрабыту і росквіту нашай Гарадоччыны.


Звяртаючыся да прысутных, якія сабраліся на традыцыйнае свята, Пётр Карабач адзначыў:

— Вясной была закладзена добрая аснова пад ураджай. Зараз настаў самы адказны момант — трэба сабраць да зярнятка кожнае поле. Ад гэгага залежаць надоі малака і прывагі ў жывёлагадоўлі. Таму з гэтага моманту, не шкадуючы сіл, трэба ўзяцца за справу. Добра, што маладое пакаленне будзе набірацца вопыту ў сталых аграрыяў. Жадаю, каб было больш «тысячнікаў» у раёне, каб усе абавязкова выконвалі тэхніку бяспекі і былі здаровымі.


Невялікія снапы як сімвал жніва, багацця і прыгажосці роднай зямлі ўручылі камбайнерам. Механізатары, вадзіцелі, работнікі сушыльнай гаспадаркі гатовы добра працаваць, бо ўборачная — час высокіх заробкаў. Інфармацыя аб умовах аплаты і дадатковага заахвочвання даведзена да кожнага працаўніка. Гэта пытанне будзе на контролі ў старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Груганавай і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў.

— Настаў час змагацца за кожны колас. На Гарадоцкай зямлі вырас неблагі хлеб. Азімыя, яравыя, зерневыя і зернебабовыя, крыжакветныя, насеннікі шматгадовых траў — усё належыць сабраць і захаваць, каб выканаць дзяржаўны заказ і напоўніць засекі гаспадарак, — адзначыў Сяргей Ермаковіч. — Жадаю, каб не псавалася надвор’е і не падводзіла тэхніка.

На Беларусі здаўна існуе добры звычай — перад вялікай і значнай падзеяй, прасіць Божага благаслаўлення. Таму заўжды перад тым, як распачаць Зажынкі, хлебную ніву абавязкова асвячалі. Гэты абрад правёў іерэй айцец Стахій.

Зжаты першы сноп і пакладзены пачатак вялікай працы. Далей эстафету ад жнеек прынялі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Апрануўшыся ў нацыянальныякашулі, яны выйшлі ў поле і накасілі збожжа. Да іх далучыліся прыгажуні-гаспадыні — кіраўнікі аддзелаў і служб райвыканкама. Усе снапы сабралі ў адзін вялікі — сімвал дабрабыту, росквіту і добрага ўраджаю на Гарадоцкай зямлі.

Работнікі культуры пастараліся стварыць на Зажынках святочную атмасферу і гэта, як заўжды, у іх атрымалася. Вершамі і песнямі таленавітыя артысты і ўдзельнікі-аматары калектываў народнай творчасці жадалі аграрыям — ад кіраўніка і галоўных спецыялістаў да механізатараў — моцнага здароўя, нястомнасці і добрых вынікаў. Падсілкаваўшыся свежым святочным караваем і квасам, якія загаддзя падрыхтаваў раённы камітэт АПК, мужчыны прыступілі да жніва. Багатага намалоту вам, старанныя працаўнікі!



У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ўборачная плошча складае 12 875 га зерневых і зернебабовых культур. Жніво плануецца правесці за 20 дзён. План на яравы клін складае 7515 га, на азімыя збожжавыя — 5360 га. Крыжакветных трэба ўбраць 1406 га. Таксама хлебаробы прыступяць да ўборкі 85 га грачыхі і проса, а крыху пазней — да 500 га кукурузы на зерне. Пры плане 230 га ўбрана 196 га насеннікаў злакавых шматгадовых траў.

Алена КРАЎЦОВА, «Гарадоцкі веснік».

Гарадоцкія дзеячы культуры на «Славянку» завіталі ды сябе паказалі!

Дзеячы культуры Гарадоччыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах ХХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2020». Жыхарам абласнога цэнтра і гасцям святочнага горада нашы майстры прадэманстравалі ўнікальныя гарадоцкія рамёствы, прэзентавалі брэнд «Гарадоцкі Парнас», і, безумоўна, удзячнай аўдыторыі запомнілася запальнае выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца «Яблынька».

Славянскі базар — візітная картка Віцебска. Не толькі жыхары горада і госці з усёй Беларусі чакаюць гэтай знакавай падзеі, але і нашы суседзі кожнае лета з ахвотай прыязджаюць у маляўнічы горад, што раскінуўся на берагах Заходняй Дзвіны і Віцьбы, каб атрымаць асалоду ад свята ў духу старажытнасці. Натуральна, што ў гэтым годзе свае карэкціроўкі ў ход мерапрыемства ўнесла даволі напружаная эпідэміялагічная сітуацыя, аднак першы дзень Міжнароднага фестывалю мастацтваў прайшоў, як заўжды, грандыёзна і ярка. Нягледзячы на ўсе складанасці, Віцебск усё роўна «апрануўся» ў свята. Да нас традыцыйна завіталі некаторыя госці з замежжа. Кірмаш, выступленні вулічных артыстаў, цікавая канцэртная праграма — дзякуючы такому калейдаскопу займальных пляцовак на некалькі дзён горад зрабіўся сапраўды казачным.


Аднымі з тых, хто ствараў неверагодную атмасферу фестывалю мастацтваў былі і актывісты з нашага раёна. У «Горадзе майстроў», які размясціўся побач з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Я. Коласа, супрацоўнікі філіяла «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» прапаноўвалі людзям бліжэй пазнаёміцца з нашымі традыцыйнымі рамёствамі і набыць унікальныя handmade-вырабы: посуд, прадметы гардэроба, упрыгожванні рознага кшталту і шмат чаго іншага. Прагрэс не спыняецца нават на імгненне, але рэчы, зробленыя таленавітымі майстрамі ўручную, па-за канкурэнцыяй, бо кожны выраб — унікальны ў сваім родзе і непаўторны. Здаецца, што можна адчуць цеплыню і любоў, якую ўкладаў у яго аўтар-стваральнік.


Менавіта за багацце прадстаўленых сувеніраў, самабытныя касцюмы і незвычайныя штучкі людзі так любяць фестывальны Віцебск. Славянскі базар — гэта час для новых уражанняў, любімых артыстаў і грандыёзнага шопінгу. Набыць унікальныя і прыгожыя рэчы кожны жадаючы мог каля дзяржаўнай установы «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» і на вул. Замкавай насупраць універмага, дзе разгарнулася XX Рэспубліканская выстава-кірмаш «Малый бизнес в фестивальном Витебске». Баваўняныя сукенкі і спадніцы, іншая вопратка з ільну і шоўку, абутак і сумкі з натуральнай скуры — і гэта толькі малая частка прадстаўленай тут прадукцыі.


Адразу пасля выставы-кірмашу людзі траплялі на плошчу Свабоды. Тут разгарнуліся тэматычныя падвор’і розных раёнаў нашай краіны. Гарадоччыну прадстаўлялі супрацоўнікі ДУК «Гарадоцкі культурна-асветніцкі цэнтр і сетка публічных бібліятэк», Гарадоцкага гарадскога Дома культуры і філіяла «Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці». Адназначна, тут было чаму падзівіцца. Сапраўдны рай для гурманаў — карысны фіта-чай і свежыя пернікі ручной працы з сімволікай базару, венікі для лазні і нават «Жывы куток», дзе самых шчаслівых пераможцаў бяспройгрышнай латарэі чакалі незвычайныя прызы — куры і перапёлкі, якіх прадаставіла Гарадоцкая птушкафабрыка. Адным словам — у гарадоцкіх было весела, смачна і цікава. Кожнае з прадстаўленых тэматычных падвор’яў імкнулася зацікавіць аўдыторыю: хто — танцамі, а хто — жывой музыкай і спевамі. Прадстаўнікі нашага раёна таксама былі вельмі актыўнымі, а некаторыя ўмельцы проста сціпла выконвалі сваю працу, і гэтага хапіла, каб сабраць вакол усіх зацікаўленых такой тонкай і незвычайнай работай людзей. Шмат увагі гледачы надалі майстар-класу па ткацтве жывымі травамі, які правяла народны майстар і загадчык філіяла Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча разам з адной са сваіх вучаніц. Вось наколькі «Тарасава хата» зёлкамі багата — іх і на ткацтва хапае, і на гандаль. Дарэчы, набыць мяшочкі з карыснымі і лекавымі цуда-травамі аказалася многа жадаючых. Адзначым таксама, што асаблівы інтарэс у дзяцей выклікаў аніматар у вобразе сімвалу нашага горада — яркага льва, з якім яны з задавальненнем танчылі і фатаграфаваліся. А некаторыя, асабліва смелыя, не раз падыходзілі паабдымацца з ім.


Міжнародны фестываль мастацтваў у Віцебску нельга назваць проста маштабным святам, бо напрацягу некалькіх дзён праходзіць цэлы шэраг культурных мерапрыемстваў рознага кшталту. Адным з іх стаў пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе «Райскі сад», прысвечаны 100-годдзю віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Нездарма кажуць, што Віцебск — гэта калыска жывапісу, месца, дзе нараджаюцца таленавітыя мастакі. Для ўдзелу ў пленэры на Міжнародны базар мастацтваў завіталі не толькі майстры з розных куткоў нашай сінявокай Беларусі, але нават з суседніх краін — Расіі, Літвы і Украіны. Гарадоччыну прадстаўлялі майстры Гарадоцкага дому рамёстваў Марыя Мяжуева і Ганна Шалаева. Для адкрыцця кірмашу рамёстваў і «Горада майстроў», а таксама вітання ўдзельнікаў пленэра на сцэну запрасілі намесніка начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алега Аляксеевіча Агеева. Ён адзначыў, што фестываль мастацтваў садзейнічае яднанню народаў і іх культур, а непаўторны каларыт свята дапамагаюць ствараць майстры. У гэтым годзе ўдзел у святкаванні прынялі каля 200 умельцаў з розных гарадоў нашай рэспублікі і суседніх краін.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі на плошчы Свабоды на сцэне разгарнулася канцэртная праграма, адкрылі якую дзеячы культуры з Гарадоцкага раёна — удзельнікі народнага ансамбля песні і танца «Яблынька». Вядомыя ўсім рытмы і спевы, каларытныя вобразы выступоўцаў, іх харызма і талент, здаровы гумар і весялосць, і, безумоўна, атмасфера мінулых стагоддзяў, якую ім па-майстэрску ўдалося перадаць, — вось чым гарадакчане «ўзялі» аўдыторыю. Гледачы шчыра адорвалі артыстаў гучнымі апладысментамі і выкрыквалі словы падтрымкі. Верагодна, гэта можна лічыць адной з самых высокіх ацэнак для творчых людзей.
Таксама ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» адбыўся адкрыты турнір нацыянальных танцаў, па выніках якога дыплом лаўрэата І ступені атрымалі супрацоўнікі філіяла «Дуброўскі СДК» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Галіна і Генадзь Магільніцкія, лаўрэатамі ІІ ступені сталі Галіна і Сяргей Мілюха (філіял «Сцяпанавічскі СК» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна»).
За ўдзел у абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…» дыпломам лаўрэата І ступені ў намінацыі «Лепшы гарманіст» адзначаны кіраўнік народнага ансамбля гарманістаў ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Уладзімір Шакуцёў. У намінацыі «Ансамбль народных інструментаў» дуэт Уладзіміра Шакуцёва і Аляксандра Шандаеўскага заваяваў дыплом лаўрэата ІІІ ступені.
Вось так насычана і плённа гарадоцкія артысты і майстры завіталі ў фестывальны Віцебск. Мы ўпэўненыя, што наш раён быў прадстаўлены найлепшым вобразам, бо самае вялікае яго багацце — таленавітыя людзі. Дзякуй вам, умельцы, за тое, што мы з гонарам маглі сказаць: «Нашы выступаюць! Гарадоцкія!»

Вікторыя ПАЎЛАВА.

http://www.garadvest.by