Трагедыя патрабуе дакладнасці: аб знішчаных вёсках і іх мемарыялізацыі на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна

Прапаную ўвазе чытачоў даклад з нязначнымі праўкамі, які быў зроблены ў 2018 годзе на краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Гарадоцкай зямлі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў 24 снежня 1943 году, ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі.

Шаноўныя таварышы! У летапісу Перамогі мусяць быць адлюстраваны ўсе бакі гісторыі, якая мела сваім вынікам перамогу над фашысцкай Германіяй. І на 75-ю гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, як і на 75-ю гадавіну вызвалення нашай Гарадоцкай зямлі ў гэтым адлюстраванні аб падзеях на Гарадоччыне яшчэ шмат белых плямаў.Гэта датычыцца ваенных дзеянняў на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна, якія пачыналіся з вызвалення Невеля 6 кастрычніка 1943 года, потым былі мясцовыя баі на працягу двух месяцаў да Гарадоцкай аперацыі з трагедыяй на возеры Лосвіда, дзе загінулі 11-я і 18-я гвардзейскія стралковыя дывізіі, а таксама полк 235-й стралковай дывізіі. А далей былі зацяжныя баі абяздоленага 1-га Прыбалтыйскага фронту ў накірунку Віцебска. Бо за час гэтага вызваленчага наступлення фронт — спачатку Калінінскі, а потым Першы Прыбалтыйскі — генералаў Яроменка і Баграмяна панёс страты на працягу кастрычніка — снежня ў 168 902 чалавекі, у тым ліку 43 551 чалавек — незваротна загінулі. А гэта амаль 85% ад агульнага склада фронта ў 198 тысяч чалавек, без двух армій — 6-й гвардзейскай і 39-й па даных вядучага гісторыка, генерала Крывашэява, які быў рэдактарам калетыву ў 90-я годы мінулага стагоддзя, што апісваў страты ў Вялікую айчыную вайну…Як пасля адзначаў сам І.Х.Баграмян: «Пастаноўка задач, што перавышаюць па сваім аб’ёме магчымасці войскаў, была свайго роду метадам, асаблівым прыёмам кіраўніцтва, якія мелі мэтай дамагчыся максімальнай актыўнасці нашых наступальных дзеянняў у Беларусі …». Гэта і абумовіла вялікія страты фронту ў людзях, але былі і відавочныя пралікі, як ў дзеяннях 11-й гвардзейскай арміі генерала М. Галіцкага пры наступленні ў першыя дні 1944 году пасля Гарадка на Віцебск па льду возеру Лосвіда.

Але асабліва шмат плямаў ў гісторыі з пакутамі мірнага вясковага насельніцтва Гарадоцкага раёна, тэрыторыя якога зараз складаецца з уласна Гарадоцкага раёна, былога Мехаўскага і часткі Суражаскага раёнаў, пад час нямецкай акупацыі, якая датычыцца знішчэння вёсак і іх жыхароў.

З аднаго боку вядомы сімвалы гэтых пакутаў на беларускай зямлі — Хатынь, Трасцянец, генацыд габрэяў. І вядомы тыя карныя аперыцыя, якія ажыццяўляліся на беларускай зямле ў тым ліку і ў Гарадоцкім раёне супраць мірнага насельніцтва. Гэта па нашаму раёну адлюстравана ў кнізе «Памяць» Гарадоцкага раёна.

Трагедыя вёсак Гарадоцкага раёна ў кнізе «Памяць», выдадзенай да 60-годдзя вызвалення Беларусі ў 2004 годзе, прадстаўлена на аснове матэрыялаў, якія утрымліваюцца ў кнізе «Нацисткая политика геноцида и выжженной земли в Белоруссии 1941-1944 г.г.» Апошняя кніга пабачыла свет у 1984 годзе і з яе выбраны 183 вёскі Гарадоцкага раёна, якія знішчаліся цалкам ці часткова з усімі насельнікамі або не ў час карных аперацый і пад час акупацыі.

Але ўжо да 70-годдзя Хатынскай трагедыі Нацыянальны архіў Беларусі ў 2013 годзе апублікаваў у электронным выглядзе базу даных (http://www.db.narb.by/search/?title=&titles=new&region=4&district=10&year=

) аб 306 пацярпелых вёсках на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна, бо ў ваенны перыяд тэрыторыя нашага сёняшняга раёна адносілася і да Мехаўскага раёна і да часткі Суражскага, які зараз знаходзіцца ў межах Віцебскага раёна.

Усяго вясковае насельніцтва Гарадоцкага раёна найбольш пацярпела пад час пяці карных аперацый вермахта напрыканцы 1942 года і да мая 1943: першая аперацыя «Малпава клетка» адбылася у лістападзе 1942 года, другая — «Зімовы лес» ішла ў снежні 1942 і ў студзені 1943 гадоў, трэццяя — «Шаравая маланка» — была найбольш жахлівай і праходзіла цэлы месяц у Шчалбоўскіх лясах з лютага па сакавік дарэчы у час Хатынскай трагедыі. І пра яе будзе распавядацца на сёняшняй канферэнцыі. У той жа час пачалася чацвёртая карная аперацыя «Грамавы клін І і ІІ» на тэрыторыі Гарадоцкага і Полацкага раёнаў і апошняй аперацыяй стала «Майская навальніца» ў траўні 1943 года. Але насельніцтва раёна несла страты і ў іншыя часы акупацыі, у тым ліку як перад так і пад час вызваленчай Гарадоцкай аперацыі снежня 1943 года, калі пацярпела не менш 16 вёсак. А адна з іх вёска Кавалі занесена ў хатынскі мемарыял.

І гісторыя чакае, калі будзе зроблена храналогія знішчаных вёсак на Гарадоцкай зямлі.

Вынікам жа карных дзеянняў фашыстаў сталі сотні знішчаных вёсак з тысячамі пабураных і спаленых дамоў, а галоўнае тысячы забітых і забраных у Нямеччыну жыхароў з тэрыторыі Гарадоцкага раёна.

І як кажуць мудрыя людзі вайна заканчваецца тады, калі мы памянем усіх тых, хто на ёй загінуў. Але гэта апошняя вайна на нашай зямлі была такая жахлівая, што і праз амаль 77 гадоў пасля яе завяршэння застаецца шмат недаследаванага ў той трагедыі мірнага насельніцтва, якое засталося на акупаванай тэрыторыі. І гаворка не ідзе пра асобных грамадзян, а ідзе пра вёскі, якія знішчаліся пад час акупацыі, пра тую няпоўную памяць і адпаведна няпоўную мемарыялізацыю трагедыі вясковага насельніцтва асабліва на Віцебшчыне.

Гэта таксама датычыцца і ў значнай меры тэрыторыі Гарадоцкага раёна, які ўваходзіць у тройку самых пацярпелых раёнаў Віцебшчыны разам з Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнамі па колькасці знішчаных вёсак.

У апошнім спісе Нацыянальнага архіва Беларусі ўтрымліваецца 306 вёсак па тэрыторыі Гарадоцкага раёна, якія пацярпелі разам са сваім насельніцтвам. Але з гэтай колькасці не маюць спасылак на архіўныя даныя і лічбы па іх стратах не падмацоўваюцца для 36 вёсак. Пры гэтым сярод іх і такія вёскі, як Падранда і Сямёнава, якія занесены ў спіс «Могілкі вёсак» Хатыні, але пра іх няма архіўных даных, а вёскі Падранда няма і ў спісе вёсак раёна ў пачатку кнігі «Памяць» Гарадоцкага раёна.

Яшчэ пра 60 пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна маюцца архіўныя даныя, ў якіх няма даты карнай аперацыі супраць жыхароў гэтай вёскі, а пра 11 гэтых вёсак няма даных пра дамы і жыхароў, як да вайны, так і пад час карнай аперацыі.

Архіўныя даныя сведчаць што з гэтых пацярпелых вёсках не забіваліся людзі ў 49, але ў іх бурыліся або спальваліся дамы. Або зафіксавана адваротная карціна — вёскі унесены ў спіс пацярпелых, а з іх складу не пацярпеў ніводны дом. Такіх у апошніх даных — 39, але ў 6 з іх былі забіты людзі і найбольш у вёсках — Бягуны, Халуі і Гарадок, што тады была на тэрыторыі Суражскага раёна.

Праведзеная сістэматызацыя вёсак з базы даных Нацыянальнага архіву па Гарадоцкаму раёну сведчыць, што і праз 76 гадоў пасля вызвалення Гарадоцкага раёна няма дакладнай карціны трагедыі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.

Сёння для раёна архіважна распачаць працу па вывучэнню архіўных даных, якія датычацца Гарадоцкага раёна ў частцы белых плямаў з Нацыянальнага архіву і тут ніяк не абыйсціся без рэсурсаў на вывучэнне і сістэматызацыю архіўных даных па пацярпелых вёсках, якія мемарыялізаваны ў самаробных помніках, а таксама аднаўленне сапраўдных даных на мемарыяле спаленым вёскам ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы.

Зараз на Гарадоччыне маецца 16 абеліскаў, якія устаноўлены на месцы пахавання мірных грамадзян спаленых вёсак. Гэта в. Казлы знішчана жыхароў — 41 Халамерскага с/с зараз Віраўленскі с/с, і яна занесена ў «Могілкі вёсак» Хатынскага мемарыяла, абеліск в. Зарэцкія — Вайханского сс пра якую няма даных у Нацыянальным архіве, в. Хартова ( раней Валадарка) 265 знішчаных жыхароў, в. Баркова па архіўных даных знішчана жыхароў — 75 (122 ранейшыя даныя з кнігі «Памяць») з Пальмінскага сс.

Па Руднянскаму сельсавету, які зараз ліквідаваўся, гэта абеліскі ў в. Сінякі знішчана жыхароў — 87 архіў (107 ранейшыя даныя), в. Балотніца знішчана жыхароў — 128, в. Дарахі знішчана жыхароў — 256 .

Найбольш абеліскаў у Стадалішчанскім савеце — ў в. Прывальні, але яе няма ў кнізе «Памяці», але ёсць у Нацархіве, толькі без даных часу карнай аперацыі, в. Чарады знішчана жыхароў — 37, в. Масеяўка маецца абеліск, але няма архіўных даных і няма ў кнізе «Памяці», в. Сячонка маецца абеліск, а няма нічога ні ў раённай кнізе, ні ў Нацархіве, в. Забор’е знішчана жыхароў — 55, в. Канашы знішчана жыхароў — 48 . Усяго на тэрыторвыі сельсавета — 6 абеліскаў.

Асабліва стаіць абеліск ў в. Рудня Пальмінскага сельсавета. У нацыянальным архіве пазначана як Рудня Мехаўскага раёна, дзе са 120 жыхароў загінула 10. А што датычыцца в. Рудня Пальмінскага сельсавета, то даных няма, бо гэтая Рудня ня ў Мехаўскім раёне.

Відавочна, што трэба ўдакладняць інфармацыю па абелісках і гісторыях, якія прывялі да іх усталявання.

Асаблівая праца датычыцца і мемарыяла спаленым вёскам Гарадоцкага раёна ў Вараб’ёвых гарах, які быў рэканстраяваны пад час абласных «Дажынак» 2014 года. Мемарыял набыў сучасны выгляд, але паўтарыў змест свайго папярэдняка. Тут толькі каля 20 агучаных пацярпелых вёсак і толькі 2(!!!) маюць архіўнае падцвярджэнне. А пра сотні пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна няма згадкі: ні пра 183 з кнігі «Памяці» 2004 года, ні пра 306 з Базы даных Нацыянальнага архіва з 2013 года.

Відавочна, што да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай айчынай вайне варта зрабіць працу, каб змест мемарыяла адпавядаў яго форме — як месцу праўдзівай ПАМЯЦІ аб спаленых вёсках Гарадоцкага раёна і нашых загінулых суайчынніках у гады нямецка-фашысцкай акупацыі.

Таксама варта ўшанаваць памяць пра знішчаныя вёскі і забітых суайчынніках на тэрыторыі сучасных сельсаветаў у найбольшых з застаўшыхся вёсках.

І гэта праца мусіць весціся ўсімі неабыякавымі грамадзянамі і сілкавацца дзейнасцю ў школах Гарадоцкага раёна. Добра будзе, калі старт гэтай працы пакладзе сёняшняя сустрэча і ў Год Малой Радзімы мы больш уважліва пачнем ставіцца да гісторыі сваёй Гарадоцкай зямлі. І напрыканцы. Нядаўна прачытаў кнігу вядомага чэшскага пісьменніка Яхіма Топалы «Цэх д’ябла». У ёй пісьменнік распавядае пра падобнасць лёсаў чэхаў і беларусаў і адзначае выключнасць маштабаў нашай трагічнай гісторыі, а ў вусны свайго героя ўкладае думку: «Калі мы страцім сваю мінуўшчыну, то і будучыні для нас не будзе. Не будзе, разумееш?».

.Дык давайце не страчваць сваю мінуўшчыну, каб мець будучыню!

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц

Леанід Гаравы, краязнаўца.

«Гэта прыцягне ўвагу да месцаў, дзе мы жывем». Якой старшакласнікі бачаць будучыню беларускага турызму

«Хачу, каб усе ведалі, што і дома ёсць на што паглядзець», – шмат лістоў з такога кшталту тлумачэннямі даслалі школьнікі з усёй Беларусі на конкурс ідэй «Першыя». Гэты конкурс цягам навучальнага года праводзіць кампанія А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, каб даць моладзі выказацца пра тое, якой яны бачаць сваю будучыню і што хацелі б самі зрабіць для гэтага. Як выявілася, у амбіцыйных планах старшакласнікаў – аднавіць страчаныя помнікі архітэктуры ў дапоўненай рэальнасці, распісаць гарадскія сцены вершамі класікаў і стварыць адзіную online-базу ўсіх музеяў. Усё для таго,каб вандраваць па нашай краіне было цікава і самім беларусам, і замежным гасцям.

Падарожжы са смартфонам і ў часе

Для 11-класніка магілёўскай сярэдняй школы № 21 Паўла Ананіча найлепшы занятак – вандроўкі на ровары ці пешыя шпацыры. Хлопец цікавіцца гісторыяй Беларусі і любіць уяўляць знаёмыя месцы такімі, якімі яны былі раней. Ён падумаў, што гэта можа быць цікава не толькі яму, таму прапануе скарыстацца тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці і прынамсі такім чынам узнавіць страчаныя помнікі архітэктуры па ўсёй Беларусі.

– Многія мае аднагодкі лічаць, што ў нас няма чаго глядзець, таму трэба ехаць у краіны Заходняй Еўропы, – кажа Павел. – Але я не згодны, бо пры гэтым мы не ведаем, што нашы гарады насамрэч нічым не саступалі замежным і развіваліся з імі ў адным кірунку. Проста нам не пашанцавала, і праз шматлікія войны ды іншыя гістарычныя падзеі мы не здолелі захаваць каштоўныя будынкі. Напрыклад, раней у Беларусі налічвалася каля 150 замкаў, безліч цэркваў, касцёлаў, сінагог… Большасць з іх страчана, а на іх месцы стаяць ужо новыя будынкі. Уявіце, як цікава будзе паглядзець праз камеру свайго гаджэта на помнікі архітэктуры, што зараз існуюць толькі на чарцяжах, малюнках, фота ці ва ўспамінах.

Старшакласнік лічыць, што такі праект можна пачынаць з любой кропкі Беларусі, але сам, натуральна, хацеў бы зрабіць так у сваім горадзе – «аднавіць» у Магілёвекасцёл езуітаў і халодную сінагогу XVII стагоддзя, сабор святога Іосіфа XVIII стагоддзя, замак XVI стагоддзя.

– Нажаль, старажытных будынкаў амаль не засталося, – расказвае Павел. –Хаця храмы ці каменныя вежы, якія ствараюць сёння асаблівую атмасферу ў еўрапейскіх гарадах і прыцягваюць турыстаў, былі і тут. Таму мне падаецца, што было б добра нагадаць пра іх хаця б у дапоўненай рэальнасці. Адбудаваць, натуральна, значна даражэй ды ў некаторых выпадках немагчыма.

Пакуль старшакласнік мае толькі агульны план таго, што трэба зрабіць: знайсці фотаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы, сабраць інфармацыю, распрацаваць адпаведную праграму для смартфонаў, падрыхтаваць 3D-мадэлі будынкаў і гэтак далей. Дый каманды, якая б дапамагла ў гэтым, хлопец пакуль не мае. Але школьнік перакананы, што гэты праект дапамог бы змяніць стаўленне беларусаў да сваёй краіны, яе мінуўшчыны і культурнай спадчыны, а таксама зрабіць значна цікавейшымі школьныя ўрокі гісторыі.

– Дапоўненая рэальнасць не заменіць сапраўдную архітэктуру і ўражанне ад яе, але, мне падаецца, важна мець хаця б уяўленне пра тую прыгажосць, што калісьці мела наша краіна, – кажа хлопец.

Вершаваны стрыт-арт

Апошнія чатыры месяцы ў стужках розных сацсетак часцей, чым звычайна, мільгаюць брэсцкія вуліцы. Калі быць дакладнымі, тры з іх – Маякоўскага, Камсамольская і Гогаля. Менавіта там жыхары і госці горада фатаграфуюцца на фоне мастацкіх роспісаў з вершамі Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш і Генадзя Бураўкіна. Неўзабаве на сценах брэсціх будынкаў з’явіцца яшчэ некалькі паэтычных муралаў. Ідэя такога літаратурна-мастацкага праекта належыць Дзянісу Рабчуку – 10-класніку гімназіі №1.

Усё пачалося пасля яго леташняй паездкі ў Львоў, дзе хлопцу на вочы ўвесь час трапляліся вершы ўкраінскіх паэтаў, напісаныя проста на сценах. Тады Дзяніс і вырашыў, што таксама хацеў бы знаёміць брэстчан з беларускай паэзіяй праз стрыт-арт. Выйграўшы конкурс міні-грантаў і атрымаўшы грошы на падрыхтоўку, ён толькі ўпэўніўся ў тым, што мусіць заняцца гэтай справай.

– Мне хацелася зрабіць так, каб беларускай мовы было больш у адкрытай прасторы, і людзі ўбачылі, што беларуская паэзія – гэта не проста літары з падручнікаў, а насамрэч жывы і прыгожы арганізм, – кажа старшакласнік. – Мы з сябрамі, якія мне дапамагаюць, таксама імкнемся да таго, каб людзі больш ведалі пра стрыт-арт і не ўспрымалі вулічныя роспісы як вандалізм.

Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю Дзяніса і ўжо наватузгаднілі яшчэ некалькі месцаў, дзе з’явяцца тры новыя муралы – гэтым разам з вершамі Уладзіміра Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына»), Яўгеніі Янішчыц («Ты пакліч мяне, пазаві») і Алеся Разанава («Іх далячыні развялі»).

Сродкі на працяг праекта старшакласнік збірае праз краўдфандынг – гэтыя грошы пойдуць на фарбы, трафарэты і аплату працы мастакоў і дызайнераў. У ідэале хлопец хацеў бы, каб на вуліцах Брэста з’явілася 20 такіх муралаў.

–Зараз нам патрэбна некалькі рэчаў: надвор’е і магчымасць працаваць, а таксама дапамога рублём, –адзначае Дзяніс. – Вельмі хацелася б, каб людзі больш шанавалі родную культуру і мову, а таксама разумелі, што самі могуць на яе ўплываць, імкнуліся пашыраць свой кругагляд. Таксама было б неверагодна, каб людзі, натхніўшыся праектам #vershybrest, рабілі нешта падобнае ў сваіх гарадах. Гэта прыцягвае ўвагу да месцаў, дзе мы жывем, і дапамагае нам больш пра іх даведвацца.

Персанальны маршрутызатар па музеях

Пра тое, што можна зрабіць, каб цікава праводзіць час, не выязджаючы за мяжу, задумалася і Настасся Кундзір – вучаніца 9 класа віцебскай сярэдняй школы №12. Цяпер мэта старшакласніцы – стварыць адзіную анлайн-базу музеяў Беларусі і на яе аснове распрацаваць адмысловае прыкладанне, дзе можна было б выбраць менавіта такі культурны маршрут па любым горадзе краіны, які адпавядаў бы інтарэсам канкрэтнага чалавека.

– Я згадала свае паходы ў музеі і прыйшла да высновы, што пра іх банальна не хапае інфармацыі. Не кожны чалавек мэтанакіравана будзе вывучаць раздзелы з афішамі і разбірацца, дзе якія выставы і экспазіцыі. Але гэта не значыць, што ў нейкім музеі няма для яго нічога цікавага. Наадварот. Проста трэба ведаць, дзе можна ўбачыць менавіта тое, што вам цікава. Таму я і прапаную сабраць усю інфармацыю пра музеі ў адным месцы, але размеркаваць па тэмах, каб было лёгка зарыентавацца, – кажа Настасся.

У ідэале сэрвіс мусіць працаваць наступным чынам. Чалавек заходзіць на сайт ці ўсталёўвае сабе на тэлефон прыкладанне, выбірае рэгіён ці канкрэтны горад, дзе жыве альбо куды прыехаў. Затым карыстальніку прапануецца прайсці тэст, мэта якога – вызначыць кола інтарэсаў, каб прапанаваць спіс музеяў і месцаў, што могуць зацікавіць менавіта гэтага чалавека. Карацей, для вас складаецца персанальны маршрут з улікам пазначаных захапленняў, а вы ўжо самі выбіраеце, куды ісці.

Пакуль Настасся занялася пошукам каманды, бо наперадзе яшчэ шмат працы, якую адной не адолець: сабраць даныя па ўсіх беларускіх музеях і прааналізаваць іх, скласці тэст, распрацаваць сайт і прыкладанне для смартфона, усталяваць кантакты з турфірмамі дый увогуле сачыць за ўсімі выставамі і своечасова абнаўляць гэтую інфармацыю на музейным сервісе.

***

Чаму ўсё гэта абавязкова зацікавіць самых розных турыстаў, школьнікі яшчэ больш дэталёва раскажуць у маі на моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Магчымасць узяць удзел у такой значнай падзеі яны атрымалі менавіта дзякуючы сваім задумам, з якімі і ўвайшлі ў дзясятку фіналістаў конкурсу ідэй «Першыя».

Скарбніца цікавых мест Беларусі на Holiday.by

https://www.holiday.by

Удакладнена дата смерці нашага славутага земляка, аўтара паэмы “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына

15 красавіка даведаўся, што ў верасні 2019 года Антон Францішак Брыль, беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля, знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце “Новое время” за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу  “Роднага слова” за 2019 год такім чынам.

Вядома, што біяграфія Канстанціна Васілевіча Вераніцына, самага верагоднага аўтара паэмы “Тарас на Парнасе”, падрабязна прасочаная Генадзем Кісялёвым – ад нараджэння ў 1834 г. пад Гарадком на Віцебшчыне да апошніх гадоў у Санкт-Пецярбургу. Аднак дакладная дата смерці героя даследавання не знайшлася. Антон Францішак Брыль адзначае: “Кісялёў вызначыў, што ў лютым 1904 г. быў выдадзены пашпарт удаве Вераніцына, Елізавеце Аляксееўне, і зрабіў выснову, што Канстанцін Васілевіч  пакінуў свет, магчыма, у тым жа ці папярэднім месяцы” Пра гэта ў прыватнасці і напісана ў апошняй кнізе Генадзя Кісялёва “Жылі-былі класікі” 2005 г. выдання. Гэтая дата – пачатак 1904 г. – і замацавалася ў даведніках.

У верасні 2019 г., гартаючы ў чытальнай зале аддзела газет Расійскай нацыянальнай бібліятэкі падшыўку “Мінскага лістка”, А.Ф. Брыль вырашыў выпрабаваць удачу ў даследаванні біяграфіі Вераніцына. Па парадзе бібліятэкара ён звярнуўся да папулярнай газеты “Новое время”.

61493022

На першай старонцы нумара за 14 (27) жніўня 1903 г. сярод аб’яў у жалобных рамках знайшлася шуканая інфармацыя: “Елизавета Алексеевна Вереницына с горестью извещает родных и знакомых о кончине горячо любимого мужа, Статского Советника КОНСТАНТИНА ВАСИЛЬЕ ВИЧА ВЕРЕНИЦЫНА, последовавшей в ночь на 13-е августа. Панихиды в квартире (Лесное, Малая Объездная, 14) в 1 час дня и 9 вечера. Вынос тела для отпевания в церкви у Круглого пруда в субботу, 16-го августа, в 9 ч. утра. Погребение на Митрофаниевском кладбище” .

Значыць дакладная дата смерці Вераніцына – 13 (26) жніўня 1903 г., а месца – Лясны ўчастак (сёння гэта частка Выбаргскага раёна Санкт-Пецярбурга). Метрычны запіс смерці паўтарае звесткі некралога і называе прычыну смерці: “От паралича вследствие кровоизлияния в мозг”.

У спісе пахаваных у жніўні 1903 г. на Мітрафаніеўскіх могілках насупраць імені Канстанціна Вераніцына пазначана месца магілы: “по дор. Сорокина налево”.

Напрыканцы публікацыі Антон Францішак Брыль адзначае: “Удакладненая дата смерці Канстанціна Васілевіча Вераніцына дае магчымасць аднавіць пошукі больш падрабязных некралогаў (альбо ўспамінаў на гадавіну смерці) у шматлікіх сталічных газетах і часопісах. Таксама і адрас у Лясным можа прынесці новыя ідэі даследчыкам. А вось надзеі знайсці магілу Вераніцына амаль няма: Мітрафаніеўскія могілкі Санкт-Пецярбурга – як і храм Пятра і Паўла ля Круглага става – не захаваліся. “

15 красавіка 2020 г., Леанід Гаравы, краязнаўца

“Аўтаклуб” з’яўляецца мабільным клубам на колах і вязе радасць гледачам у вёскі Гарадоччыны

15 красавіка ў ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень культуры. Яна ў нашым жыцці гуляе асаблівую ролю, так як дае нам магчымасць развівацца і спасцігаць асновы мастацтва. У нашым горадзе на працягу многіх гадоў дзейнічае «Аўтаклуб» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна». Алена Пагіба больш за 17 гадоў з’яўляецца яго нязменным кіраўніком, яна, як ніхто, валодае спецыфікай працы «мабільнага клуба на колах».

 

Асноўны напрамак дзейнасці аўтаклуба – выязныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы ў аддаленых і маланаселеных вёсках Гарадоцкага раёна, якія не маюць стацыянарных клубных устаноў.

Удзельнікі клуба займаюцца арганізацыяй і правядзеннем святаў народнага календара, тэматычных канцэртаў, віншавальных, духоўна-патрыятычных, сацыяльна-культурных праграм, акцый, а таксама ўшанаваннем старажылаў вёсак, удзельнікаў пасяўной і ўборачнай кампаній, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, юбіляраў і г.д..

Невялікі калектыў, які складаецца з артыстаў-аматараў, стварае сапраўднае свята, дорыць добры настрой і мора пазітыву людзям. Дапамагаюць ім у гэтым і калектывы філіялаў Пальмінскага, Вархоўскага, Даўгапольскага, Бычыхінскага сельскіх дамоў культуры, а таксама вакальны гурт “Сябрына”, якая дзейнічае пры аўтаклубе.

– Усім нашым дружным калектывам мы старанна падбіраем рэпертуар, раімся адзін з адным і рыхтуем такую ​​канцэртную забаўляльную праграму, якая б надоўга запомнілася кожнаму гледачу, – кажа Алена Пагіба.

«Мабільны клуб на колах» працуе круглы год. На працягу гэтага перыяду калектыў дае канцэрты ў больш чым 43 населеных пунктах раёна, выконваючы народныя і эстрадныя песні, гумарыстычныя сцэнкі, інструментальную музыку.

Сапраўдным святам становіцца для вяскоўцаў прыезд самадзейных артыстаў. Іх песні магчыма пачуць у розных кутках маленькай вёскі. Усюды ветліва і з удзячнасцю сустракаюць удзельнікаў «аўтаклубу». А яны, у сваю чаргу, ствараюць свята ў любое надвор’е і радуюць усіх прысутных.

http://www.garadvest.by/wp-content/uploads/2020/04/1-3.jpg

– Песні, якія мы выконваем, заўсёды ад душы. Бачачы яркія вочы гледачоў, чуючы іх словы падзякі, разумеем, што ўсё гэта мы робім не дарма! – кажа Алена Аляксандраўна. – Пры выездах «аўтаклубу», мы цесна супрацоўнічаем з Гарадоцкім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, а таксама з раённай арганізацыяй прафсаюзаў работнікаў АПК, РА РГА “Белая Русь”, аддзелам загса і ГУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гарадоцкага раёна». Наша сумесная згуртаваная праца, кажа пра тое, што мы клапоцімся, вельмі паважаем і цэнім ўсіх тых, да каго прыязджаем!

Калектыў пастаянна прымае актыўны ўдзел і займае ганаровыя прызавыя месцы ў абласным аглядзе-конкурсе аўтаклубаў, які традыцыйна праходзіць у г. п. Шуміліна ў рамках фестывалю сатыры і гумару «Смяяцца не грэх». У мінулым годзе аўтаклуб стаў дыпламантам II ступені з гумарыстычнай праграмай «Вясёлы аўтобус», а ў 2017 г. – з тэматычнай праграмай «За здаровы лад жыцця».

Па словах кіраўніка, стаць удзельнікам аўтаклуба можа любы ахвотны, галоўнае быць гатовым да плённай працы і прыйсці з добрым настроем. Народныя таленты ў калектыве толькі вітаюцца. На працягу некалькіх гадоў у камандзе «мабільнага клуба на колах» баяніст Аляксандр Шандаеўскі, салісты Таццяна Раева і Уладзімір Шакуцёў і  інш.

Мы спадзяемся, што Гарадоцкі аўтаклуб ДУК “ЦТКіНТ» яшчэ на працягу многіх гадоў будзе радаваць усіх нас сваімі яркімі, незабыўнымі выступамі і добрым настроем. Напярэдадні Міжнароднага дня культуры жадаем ім творчых поспехаў, невычэрпнага аптымізму і неверагодных ідэй!

Майя Салдаценка

Пераклад на родную мову рэдакцыі сайта.

Паводле: http://www.garadvest.by