Турыстычны паход “Сцежкамі Вераніцына да Пуцявішча”, як вандроўка да літаратурнай спадчыны

Ушанаванне памяці Канстанціна Вераніцына, самага верагоднага аўтара няўміручай паэмы “Тарас на Парнасе”, мусіць ахопліваць яго жыццёвы шлях, які пачынаўся на Гарадоцкай зямлі. Менавіта тут ён нарадзіўся, тут прайшлі яго юнацкія гады, тут ён напісаў свой няўміручы твор “Тарас на Парнасе”.

Канстанцін Вераніцын ( пры нараджэнні Васільеў) нарадзіўся 185 гадоў таму – 1 чэрвеня 1834 года сярод прыгонных сялян памешчыка Васіля Бондарава у в. Астраўляне Гарадоцкага раёна. У той час в. Астраўляны і в. В. Стайкі, М. Стайкі і г.д. адносіліся да Віцебскага павета і шляхі да г. Віцебска пралягалі інакш, чым сёння.

Канстанцін Васільеў у 1844 годзе скончыў Гарадоцкае прыходскае вучылішча. У наступным годзе атрымаў вольную і паступіў у Віцебскую гімназію. У 1851 г. прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў прозвішча «Вераніцын». У 1852 г. пакінуў, не давучыўшыся, гімназію і паступіў у Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, якую пакінуў праз два гады. У 1855 годзе паводле працы М.Піятуховіча «Рукапісы А.Рыпінскага» 15 красавіка ў Гарадку напісаў паэму  “Тарас на Парнасе”.У 1857 г. ўпарты разначынец, як стыпендыят Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-горацкі земляробчы інстытут адразу на III курс. За два гады бліскуча скончыў інстытут са званнем кандыдата агранаміі, абараніўшы дысертацыю «О белорусском хозяйстве». Пасля гэтага ў 1860 годзе 7 красавіка ў Маскве напісаў паэму “Два д’яблы”.

Відавочна, што пад час навучання ў Віцебскай гімназіі нашаму земляку даводзілася дабірацца ў губернскі горад Віцебск праз тыя вёскі, якія і сёння ёсць у Віцебскім раёне – Заронава, Пестуніца, каля якой  і размяшчаўся тады хутар Пуцявішча.

А менавіта на Пуцявішчы  і жыў легендарны палясоўшчык Тарас, вандроўку якога на Парнас і апісаў наш зямляк Вераніцын:

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазьні блізка жыў.

Тое, што Пуцявішча не прыдумка аўтара “Тараса на Парнасе” дастаткова лёгка пераканацца, паглядзеўшы мапу  ваколіц Віцебска, якая была створана ў Расійскай імперыі 1867-1869 г.г. http://www.etomesto.ru/shubert-map/12-8/ . На ёй хутар Пуцявішча размешчаны паміж в. Пестуніца і Міхалі. Гэты хутар праіснаваў мусіць  да часоў калектывізацыі 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

 

У 1997 годзе пад час вандроўкі на месца гэтагага паселішча з краязнаўцам М.Плавінскім і рэдактарам М.Краўцовым ў в. Міхалі мы размаўлялі з Іллёй Смірновым, які нарадзіўся ў в. Пуцявішча ў 1903 годзе.

Прысутнасць у картаграфіі месца Пуцявішча і біяграфія К.Вераніцына даюць магчымаць рабіць вандроўкі сцяжынкамі К. Вераніцына – ад Астраўлян да Пуцявішча.

Зразумела, што сучасныя мапы гэтага краю маюць іншыя вёскі, дзе сёння ледзь-ледзь цепліцца жыццё. Але аматарам роднага краю магчыма прапанаваць два варыянта маршрута ад в. Астраўляны да Пуцявішча па сучасных мапах.

Першы варыянт маршрута магчыма весці з в. Астраўляны  да в. Заходы на памежжы Гарадоцкага раёну, а потым да в. Белянкі Віцебскага раёну і далей да старасіроцінскай дарогі на в. Заронава і далей да в. Пестуніца і ў накірунку в. Міхалі, дзе не даходзячы да яе за 500-700 метраў быў х. Пуцявішча.

Другі варыянт маршрута магчыма весці з в. Астраўляны да в. М. Стайкі, а потым рухацца на поўдзень у в. Цыганяты Гарадоцкага раёна і далей у вёскі Віцебскага раёна: Мірная, Воранава, Стоўбніца, Палонікі. А далей па старасіроцінскай дарозе праз Заронава і Пестуніцу ў Пуцявішча.

Рыхтуючыся да вандроўкі варта знайсці звесткі пра гэтыя вёскі па адпаведных кнігах “Памяць” або ў сеціве.

Пад час гэтага паходу варта завітаць у заронаўскі музей, які стварыла Людміла Нікіціна, каб даведацца пра гісторыю заронаўскага краю па якому вандраваў аўтар паэмы “Тарас на Парнасе”.

Для папулярызацыі несмяротнага твора беларускай паэзіі мясцовым уладам варта стварыць мемарыяльны знак на месцы Пуцявішча з якога на Парнас вандраваў Тарас і якое стала няўміручым, дзякуючы нашаму земляку Канстанціну Вераніцыну.

 

Заклікаем аматараў роднага краю зрабіць пешыя або веласіпедныя вандроўкі па сцяжынках Канстанціна Вераніцына і распавесці пра свае ўражанні.

Леанід Гаравы

Упершыню свята “Гарадоцкі Парнас“ адбудзецца ва урочышчы «Вараб’ёвы горы» і бас-востраве

1 чэрвеня з 11 гадзінаў ва урочышчы «Вараб’ёвы горы» і на бас-востраве адбудзецца свята народнай творчасці , беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас – 2019“ са шматлікімі тэматычнымі пляцоўкамі  і конкурсам на лепшую юшку.

На бас-востраве ўжо з 10 гадзінаў будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі “Гаціннага панадворка”:  “Тарасава сядзіба”, “Рыбацкае шчасце”, “Кветкавая паляна”, “Лазнявы панадворак” , “Мядовы панадворак” і інш. Тут таксама адбудзецца “Кірмаш ля Парнаса” – выстава –продаж вырабаў народных майстроў і майстр – класы па унікальных рамёствах Гарадоччыны.

Госці пабачаць у “Леснічоўцы” выставу паляўнічых трафеяў, а “Святочная” пляцоўка стане цэнтрам свята .

На ёй у  11.00 адбудзецца урачыстае адкрыццё свята:  “Свята ідзе! Парнас гудзе!” А з 11.20  пачнецца “Вечарынка у Тараса”  – выступленні творчых калектываў Гарадоччыны і танцавальны флэшмоб старадаўніх фальклорных танцаў “Скокі ва ўсе бокі”

 “Парнаская імпрэза” як літаратурна музычная праграмма з удзелам вядомых паэтаў і творчых калектываў Гарадоччыны пачнецца пасля 12 гадзінаў, а ў 14.30 гасцей будзе вітаць вакальна – інструментальны ансамбль  “Лель”.

Перад бас-востравам на беразе возера Лугавога каля лыжаролернай трасы з 10 гадзінаў запрацуюць іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі устаноў і арганізацый Гарадоччыны. Будзе магчымасць наведаць вытаву макетаў архітэктурных аб’ектаў “Гарадоччына ў мініяцюры”, а таксама інтэрактыўную пляцоўку ўстаноў адукаціі і прадпрыемстваў горада “Экалагічны Арт – аб’ект”. Гарадоцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадае перад летнімі канікуламі —  “Не пакідайце дзяцей адных “,  “Таварыства ратавання на вадзе” распавядзе пра “Бяспечнае лета”, а РА Чырвонага Крыжа  пра “Летні адпачынак пад знакам Чырвонага Крыжа”. Раённая газета “Гарадоцкі веснік” на пляцоўцы распавядзе, як “Сто гадоў пішам пра людзей…” і  пляцоўка “Гарадоччына турыстычная”.  УА “Дзіцячая школа мастацтваў”  арганізуе плэнэр “Любы сэрцу край” і выставу дзіцячых малюнкаў. На Рыбацкай пляцоўцы будзе конкурс на лепшую юшку.

На лыжаролернай трасе ў 12 гадзінаў адбудзецца Спартландыя “Маці, тата, я- спартыўная сям’я”.

І яшчэ каля Лугавога возера з 13 гадзінаў на пляцоўцы  “Забаўлянка”  пройдзе музычна-забаўляльная праграма “Вясёлае лета”, прысвечаная Дню абароны дзяцей.

Л. Антонаў

Паводле Праграмы Свята.

Кропку ў спрэчках паставіў агонь

Драўляны цуд, які не знішчылі дзве вайны, згубіла чалавечая неахайнасць.

Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаўся 18 красавіка, на Гарадоччыне здарылася сумная і нечаканая падзея. Раён згубіў адну з найцікавейшых архітэктурных каштоўнасцей — храм Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Рамні.
Такім быў храм да пажару.

Незвычайны для спрадвечна праваслаўнай мясцовасці касцёл заўжды прывабліваў вандроўнікаў і аматараў даўніны. Шэдэўр драўлянага дойлідства ў Межанскім сельсавеце даводзілася бачыць і мне падчас камандзіровак у гэты надзвычай маляўнічы куток паўночна-ўсходняй глыбінкі з бяскрайнімі лясамі, мноствам азёр, старажытнымі курганамі і гарадзішчамі.

Па іроніі лёсу касцёл выстаяў у часы ваеннага ліхалецця, калі тут праходзілі жудасныя баі, палалі цэлыя вёскі, і быў знішчаны падчас навядзення парадку на тэрыторыі вёскі. Па версіі Следчага камітэта, помнік архітэктуры згарэў з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця. Многія, каму давялося бачыць ці чуць пра гістарычную каштоўнасць, напэўна, задаваліся пытаннем: адкуль з’явіўся храм і чаму помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння заставаўся нікому не патрэбным?

…Касцёл узведзены на мураваным фундаменце XVIII стагоддзя, адносіўся да адназрубавых культавых пабудоў і ўяўляў сабой спалучэнне класіцызму з рысамі стыля мадэрн і псеўдарускага. Менавіта тут доўгі час маліліся латышы, якія былі па веравызнанні лютэранамі.

Ідэалагічная барацьба з кулацтвам на вёсцы і сталінскія рэпрэсіі не абышлі латышскіх перасяленцаў. Яны вызначаліся гаспадарлівасцю, практыкавалі наватарскія метады землекарыстання. Не ўсе сем’і паспелі знайсці паратунак за мяжой. Сведак тых падзей на Гарадоччыне не знайсці. Храм Святых апосталаў Пятра і Паўла да нядаўняга часу быў адзіным напамінам пра лёс прыбалтаў на Гарадоччыне. Хваля атэізму не пашкадавала касцёл. Сцены, у якіх раней гучалі малітвы, калгаснікі прыстасавалі пад сховішча для зерня і ўгнаенняў.

На касцёл зноў звярнулі ўвагу ў канцы ХХ — пачатку ХХI стагоддзя. Знакаміты навуковец Анатоль Дарафееў, ураджэнец Гарадоччыны, які ў свой час шмат зрабіў для таго, каб увекавечыць на малой радзіме памяць Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», заклапаціўся лёсам храма. Знайшліся спонсары з нямецкага дабрачыннага фонду, якія не выключалі магчымасці рэстаўрацыі занядбанай, але яшчэ крэпкай пабудовы. Зацікавіліся гэтым і палякі. Аднак у мясцовай улады на той час былі іншыя віды на лёс помніка архітэктуры. Было вырашана перадаць храм Віцебскаму епархіяльнаму ўпраўленню з мэтай рэстаўрацыі для правядзення ў ім богаслужэнняў, бо каталікоў на гэтых землях не засталося.

Праваслаўная царква нават пачала праводзіць рамонт. Аднак перабудаваць касцёл пад культавы праваслаўны храм немагчыма без парушэння арыгінальнай гістарычнай архітэктуры. Па хадайніцтве ўпраўлення культуры аблвыканкама самавольныя работы забаранілі. Пасля скандалу спрэчкі вакол гістарычнага помніка заціхлі, і ён зноў быў адданы забыццю. Пабудову вырашылі закансерваваць. У свой час былі прапановы перавезці храм у Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, але…

Зараз маем тое, што маем. Драўляны цуд, які не згубілі дзве сусветныя вайны, у мірны час чалавечая неахайнасць за лічаныя мінуты ператварыла ў гару чорнага друзу.
Андрэй Захараў, фота аўтара
Поўнасцю тут: https://www.sb.by

У суботу Гарадоцкі краязнаўчы музей праводзіць акцыю “Сям’я ідзе ў музей”

18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў і наведвальнікам музеяў прадстаўляецца права бяслатнага агляду экспазіцый музеяў. Гарадоцкі краязнаўчы музей далучыўся да святкавання Міжнароднага дня музеяў і прадстаўляе бацькам з дзецьмі свабодны агляд экспазіцый музея.

Таксама толькі ў гэты дзень – 18 мая – сем’і могуць зрабіць бясплатна сэлфі ў сценах музея.

Нагадаем яшчэ, што да 18 мая працягнута дзейнасць выставы “Свет вялікіх папугаяў і пеўчых птушак” і вы яе можаце наведаць пад час агляду экспазіцый.

У суботу музей працуе з 9.00 да 18.00.

Л. Антонаў

Конкурс “ЗЯМЛЯ, ДЗЕ ЎТУЛЬНА СЭРЦУ “: ПРЫЗНАННЕ Ў КАХАННІ МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Працягваецца конкурс “ЗЯМЛЯ, ДЗЕ ЎТУЛЬНА СЭРЦУ “, арганізаваны Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Прапануем вашай увазе эсэ Яўгена Паварэхі “ПРЫЗНАННЕ Ў КАХАННІ МАЛОЙ РАДЗІМЕ”, якое размешчана на сайце: http://gcb.belcult.by

“Выраз – малая Радзіма – пачуў і запамятаў яшчэ ў маленстве, калі вучыўся ў пачатковай школе. Але ж тады вялікага жадання ўнікаць у яго сэнс не адчуваў – таму гэта словаспалучэнне пэўным чынам не ўсвядоміў, а можа і не разумеў як належна. Ды і не было ў той час ніякага поклічу для гэтага – жылося ў тых мясцінах, дзе нарадзіўся і якімі абмяжоўваўся ўвесь сусвет прывольна, утульна і хораша, як калісьці ў матчынай калысцы – бестурботна, без боязі за сваю будучыню.

Сапраўдную тугу па роднай старонцы, па сваёй Беларусі адчуў тады, калі паклікалі служыць у войска – ахоўваць эстонскае неба. Незабыўна, як з сябрам з горада Орша прыдбалі радыёпрыёмнік “Хазар” і пранеслі на пазіцыю баявога дзяжурства. Мы не збіраліся слухаць замежныя галасы, заўсёды стрэлка шкалы была настроена на беларускі радыёканал.

Родная мова няспынна вабіла, хвалявала сэрца, утульна клалася ў душу, навявала прыемныя, дарагія ўспаміны, думкамі вяртала дадому.

У наступны раз разлука з малой Радзімай доўжылася амаль тры дзесяткі гадоў – была не прымусовай. Так склаліся абставіны, што такі зыход палічыў за лепшае і вельмі хутка жыццё паказала, што памыліўся – зрабіў неразважлівы ўчынак.

Кароткія пабыўкі ў родным куточку не аднаўлялі былых адчуванняў – таго ўтульнага заспакаення, замілавання, усвядомленай упэўненасці, што роднае наваколле, яго прасторы, як і раней, належаць, разам з мясцовымі жыхарамі і табе.

Усё вярталася толькі ў турботных, але прыемных снах, ды ў час чытання кніжак, калі ўяўлялася, што падзеі літаратурнага сюжэту адбываліся, разготваліся амаль заўсёды ў родных мясцінах – у хатах аднавяскоўцаў ці суседніх паселішчаў, на знаёмых вуліцах і завулках. Мясцовы ручай пераўвасабляўся ў вялікую раку, поле рабілася стэпам, бліжні лес адпавядаў усім дзеянням з кніг.

А яшчэ заўважаеш такую акалічнасць. Знаходзячыся далёка ад малой Радзімы прыгадваеш такія драбніцы з мінулага, якія, здаецца, ніколі не ўспомніў бы калі б жыў тут не вылазна, неадлучна.

У думках зноў і зноў вяртаешся на вуліцы сваёй вёскі, на палявыя і лясныя сцежкі–дарожкі. Як бы ідзеш уздоўж узлескаў, рачулак і ручаёў, стаіш на высокай градзе каля ляснога возера Удзебна ці на пясчанай гары ва ўрочышчы Стайкі. І ўсё адбываецца, як у сапраўднасці.

Зварот дадому быў доўгачаканым, даўно жаданым. Толькі ў нечым крыху сумным, расчараваным.

Калісьці цешыла душу тое, што жыццё тут паступова і неадступна наладжваецца, паляпшаецца. Без маёй прысутнасці вырасла новая цагляная двухпавярховая школа са спартыўнай залай, у маляўнічым сасновым пералеску здзейснены шыкоўны асфальтаваны калаварот для зручнага развароту маршрутных аўтобусаў.

Але ж я ведаю для чаго тут секлі сосны мае хлопцы, калі я яшчэ працаваў ў саўгасе майстрам будаўніцтва. На гэтым месцы планаваўся шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр, але прыйшла славутая перабудова і праглынула тыя задумы. Таксама бачыў я зацверджаныя прывабныя планы далейшага развіцця роднага краю, якія таксама ўшчэнт зруйнавалі новыя паляпшальнікі народнага жыцця.

А як цудоўна ўсё пачыналася калі амаль з нічога ўтварыўся мясцовы – свой – саўгас з маладзёжнай назвай “50 год ВЛКСМ”. Не было трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базы, здавальняючага жылля, адмініністрацыйна-культурных і іншых неабходных будынкаў. Былі толькі людзі, мясцовыя жыхары, цяпер разумею – сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі. Неўзабаве шмат чаго адбудавалі сваімі саўгаснымі сіламі. З вялікімі цяжкасцямі, але з яшчэ большым энтузіязмам. Ды і як інакш, калі з двух з паловай соцен працаўнікоў каля васьмідзесяці былі камсамольскага ўзросту.

Давялі да ладу клуб – куды часова размясцілі і кантору саўгаса – які пры былых гаспадарах пяцігодку макрэў без даху. Узвялі цагляны двухпавярховы прыгажун – дзіцячы садок, які сёння пустымі глазніцамі вялікіх вокнаў з дакорам глядзіць у новую сучаснасць. Пабудавалі адміністрацыйны будынак – цяпер пустуе – з почтай і тэлефоннай станцыяй, некалькі вуліц жылля сядзібнага тыпу.

Паступова з’явілася добрая збожжасушыльная гаспадарка, цудоўныя механічныя майстэрні, прыбытковы жывёлагадоўчы комплекс, кармацэх, лесапілка і шмат іншага.

Гэта болей чым крыўдна, калі дзеля аднахвіліннай выгоды, з-за часовых цяжкасцей бяздумна рушыцца самаадданая праца некалькіх пакаленняў, якая б у недалёкім будучым прынесла б зашмат карысці, але новыя гаспадары не здолелі вытрываць ліхалецця і знішчылі ўселякую перспектыву далейшага росквіту роднага краю.

Але жыццё прадаўжаецца. Што было, што магло быць, толькі не здарылася – ужо не вернеш, не направіш. Трэба задавальняцца тым, што засталося, што ёсць цяпер. Перш за ўсё захаваўся чароўны прыродны куток вёскі Кабішча. Пабываўшы за сваё жыццё шмат дзе ўпэўнены, што нідзе не бачыў такога хараства, якое ёсць у нас – каб вёска, падзеленая рэчкай Кабішчанкай з высокімі берагамі на дзве паловы, абдымалася са звонкім сасновым пралескам. Яны пераплецены доўгай чарадой уласных хат, цаглянымі павярховымі шматкватэрнымі дамамі, тымі ж – клубам, адміністрацыйным будынкам почты і АТС па дзівосна звілістым узлеску. А ў самым сасняку прытуліліся былыя – прыгажун-садок, красуня-школа, а таксама выдатны аўтобусны прыпынак. Тут жа і скрыжаванне дарог. З глыбіні лесу прабягае цэнтральны шлях – сувязь з навакольным сусветам, а тры другія дарогі разыходзяцца па ўзлессі – вядуць у розныя куткі роднага краю.

Да канца 60-х гадоў мінулага веку побач з гэтымі ростанямі стаяў старэнькі драўляны клуб, зроблены з перавезенай сюды сялянскай хаты з суседняй вёскі, пасля тага як згарэў вялізны будынак сельскага савета, клуба, багатай бібліятэкі, ФАПа, почты (побач з цяперашнім ФАПам). Пад стромкімі соснамі і начным зорным небам у вершалінах тут шмат год адпачывала мясцовая моладзь, а ў вясну 1967 года паміж гэтым клубам і былой, яшчэ драўлянай, школай камсамольцы за суботнік і нядзельнік выкапалі траншэі для новага будынка культуры. Але ўвосень будоўлю перанеслі на той ўзлесак, дзе клуб і цяпер. Па абрысу і памерам гэта быў адзін і той жа праект. Тады казалі, што хтосьці з пільных кіраўнікоў угледзіў нешта недапушчальнае ў блізкім суседстве такіх  “розных” устаноў.

Яшчэ ў гэтым лесе за старой школай шматлікія дарожыны як бы ўтваралі сваімі перакрыжаваннямі вялікі круг даўжынёй у два кіламетры, які настаўнікі фізкультуры выкарыстоўвалі лыжнёй ўзімку і для кросаў у астатні час. Цяпер спляценні тых дарожак зарастаюць хмызнякамі. У тую драўляную школку я бегаў восем год з суседняй вёскі Сюбараўка, за якой пачынаюцца вялікія лясныя прасторы да самых сучасных межаў з Расіяй – былы партызанскі край.

Дарэчы толькі ў мінулым годзе – 26 снежня – у дзень 75-годдзя вызвалення Кабішча ад нямецкай навалы, я даведаўся, што Сюбараўка была ачышчана ад ворага яшчэ 22 снежня. Чатыры дні на адлегласці паўтара кіламетра тут стаяў пэўны ўчастак вялізарнага фронту! Тут, дзе я дасканала ведаю кожны ўзгорачак, лагчынку, кожны куточак! Чамусьці ў школе аб гэтым нам не казалі.

У пачатку шасцідзесятых гадоў, калі я вучыўся ў другім класе то атрымаў заданне: “Падлічыць колькасць хат нашай вёсцы”. А вучань чацвёртага Аверчанка Уладзімір – колькасць жыхароў. (Адзін настаўнік, Паліна Малахаўна Сініцына, адначасова ў адным памяшканні навучала два класы). Я налічыў сорак адзін, а жыхароў было 154 ці 156. Сёння там жыве адна састарэлая жанчына – Бендзікава Раіса Рыгораўна.

З юнацтва памятаю аповед старажыла вёскі – Бастава Барыса Васільевіча аб яго гісторыі.

Да калектывізацыі Сюбараўка мела адну вуліцу ў напрамку суседняга Кабішча і была вёскай беднякоў. За рачулкай Ныркай, улева ад мосту, жылі заможныя Вальнякі, таксама ў адну вулку ў некалькі хат. Новае паселішча, куда павінны былі звесці з навакольных вёсачак і хутароў аднаасобнікаў, вызначылі ўздоўж галоўнай прамой дарогі паміж Евінам і Кабішчам. (Цяпер яе няма – знішчылі меліяратары). Туды нават перасялілі некалькі гаспадарак, але немцы, калі адступалі ўвосень – зіму 1943 года спалілі іх). У ўсё ж узбуйненай вёскі там не адбылася. Хітруны Вальнякоўцы адарылі і напаілі землямераў і новае паселішча “пасадзілі” ў гразнае, гліністае месца паміж і вакол Вальнякоў і першароднай Сюбараўкі. Новая вёска атрымалася няграбнай, з мудрачелістым размяшчэннем вуліц і завулкаў, якая сярод жыхароў набылі вычварныя прозвы.

Звезеныя гаспадаркі, што пасялілі насупраць Вальнякоў, празвалі Прытычка. Вуліцу ад ростаняў у бок абагульненага жывёльнага двара – за якім і планавалася новая вёска – так і назвалі – Абагульная. Невядома толькі чаму гнутая, як клюка вуліца ў напрамку Евіна стала Грыбатай. Былі і два завулкі – Сабалі ці Сабалішкі і Максімава або Чуева вотчына.

Паселішча прыдбала агульную назву – Сюбараўка, але да апошняга часу ў выбарчым спісе было дзве вёскі. На сюбараўскім беразе вуліцы склаліся ў выглядзе крыжа, на Вальнякоўскім, як звілістая рагаціна ці закручаныя вусы. Да 1956 года Сюбараўка была калгасам імя Варашылава, а потым, як і ўсе навакольныя вёскі-калгасы, увайшла ў склад саўгаса “Гарадоцкі”.

Яшчэ трэба сказаць пра крыніцу-ключ, што б’е пад узгоркам каля маста. Яна ніколі не замярзае зімой. У вялікія маразы над зрубам уздымалася пара, а ўлетку ад крышталёвай вады “ламіла” зубы, але ніхто ад яе не хварэў на ангіну.

З усіх куткоў раскіданай па пагорках вёскі сюды напрасткі хадзілі па воду з вёдрамі на карамыслах. З гэтай нагоды ўтварыліся шматлівыя сцежкі. Я памятаю, бадай, усе вясковыя сцяжынкі – не толькі да крыніцы – незлічона колькі бегаў па іх у дзяцінстве.

Ніколі ўжо летнім ранкам тут не заспяваюць пеўні, не пачуць мяншавання кос, званочкаў дзіцячых галасоў. Адвячорам статак кароў не ўздыме воблакі пылу па вуліцах, не перагукнуцца цераз плот суседзі. У звонкую зімовую раніцу не ўздымуцца дымы над комінамі, ніхто не пракладзе следу на свежым снезе вуліц, не заскрыпяць дрэвам “журавы” калодзежаў і палазы саняў з прыглушаным конскім тупатам. Некаму ўжо ў марозныя ночы глядзець у зорнае неба, якое бывае толькі над маёй Сюбараўкай.

Але як бы не было, невядомая сіла кожны раз цягне на тое месца, дзе нарадзіўся, дзе твая малая Радзіма. Няхай заўсёды так і будзе.

Яўген Паварэха”

Фота з адкрытых крыніц.