Гістарычныя габрэйскія могілкі Гарадка чакаюць добраўпарадкавання, каб стаць турыстычным аб’ектам…

За мінулае ХХ стагоддзе праз другую сусветную вайну і бальшавіцкі гістарычны нігілізм на гарадоцкай зямлі засталося мала гістарычных помнікаў ранейшых за ХХ стагоддзе. Але габрэйскія могілкі застаюцца такім месцам, бо іх гісторыя цягнецца з XVIII стагоддзя.

Пяць гадоў таму мне давялося пісаць пра габрэйскія могілкі, якія з’яўляюцца ўнікальнымі для Беларусі, у нататцы «Исчезающая память». Тады прайшло пяць гадоў з таго часу, калі могілкі вызваляліся ад хмызняка і было выяўлена каля 300 мацэваў – рытуальных габрэйскіх помнікаў.

І вось яшчэ мінула пяць гадоў. І маладыя вальховыя дрэўцы выцягнуліся і закрылі лесам старажытную частку могілак ад наведвальнікаў, хаваючы разам  з гэтым і гісторыю Гарадка.

Мне пашчасціла разам з Маркам Іосіфічам Крывічкіным – лідэрам мясцовых габрэяў – наведаць  і сучасную частку могілак, і старажытную. Сучасная частку могілак, якая мае гісторыю з сярэдзіны ХХ стагоддзя знаходзіцца ў дагледжаным стане. І Марк Іосіфавіч можа гадзінамі распавядаць пра тых габрэяў, якія знайшлі тут пакой.

Ды і ў сеціве большасць  гэтых успамінаў ужо занатавана, дзякуючы Аркадзю Шульману — кіраўніку габрэйскай супольнасці “Мішпоха”.

Старажытная ж частка могілак, якая мае гісторыю як мінімум з 1869 года, а маецца меркаванне, што яе гісторыя пачынаецца наогул з 1708 года, знаходзіцца ў занядбаным стане – зарастае альховым лесам.Ды і мацэвы падаюць пад уплывам часу…

Зарастаюць альховым лесам і тыя два каменныя сталы, на якіх размяшчаліся памерлыя габрэі перад пахаваннем. А гэта  рэдкі выпадак для застаўшыхся габрэйскіх могілак на Беларусі, дзе ў шматлікіх мястэчках напачатку ХХ стагоддзя значная частка насельніцтва была габрэйскай.

Яшчэ больш гісторыі хаваюць мацэвы, што ўціснуліся ўжо ў зямлю на  тры чвэрці або наогул увайшлі ў яе. Сёння іх сляды шчэ бачны сярод альховага лесу, але ж дрэвы  іх перамагаюць. Лес перамагае сотні, а мо і тысячы мацэваў… Атрымліваецца, што лес у Гарадку перамагае гісторыю?

Між тым у суседніх Бешанковічах знайшліся нашчадкі тутэйшых габрэяў, якія на працягу апошніх гадоў, займаюцца адраджэннем памяці габрэйскіх могілак, аднаўляючы  першапачатковы выгляд могілак і прачытваючы надпісы на мацэвах. Відавочна, што суседняму райцэнтру пашанцавала на неабыякавых нашчадкаў.

Але ж гісторыя належыць усяму грамадству і яго неабыякавай часткі. Ды і ўладам варта прыкласці намаганні для захавання гісторыі, у тым ліку і гісторыі габрэйства ў Гарадку. А гэта гісторыя трагічна з галакостам другой сусветнай вайны і пасляваенным пераследам. І добра, што зараз спыніўся вандалізм на габрэйскіх могілках, калі ламаліся мацэвы для падмуркаў, калі вандаламі растрэльваліся фотаздымкі памерлых…

Атрымліваецца, што габрэйскія могілкі ў Гарадку яшчэ чакаюць неабыякавых нашчадкаў, якія гатовы заняцца валантэрскай дзейнасцю па добраўпарадкаванню гістарычнага месца райцэнтра. Дарэчы і старадаўнія хрысціянскія могілкі Гарадка таксама патрабуюць дагляду.

Ці гатовы шматлікія грамадскія арганізацыі райцэнтра і раёна пачаць працу па дагляду могілак, складанню іх летапісу?… Тады могілкі разам з помнікамі на месцах галакосту стануць месцамі памяці нашай гісторыі, якія варта наведваць.

Леанід Гаравы, фота аўтара

19.09.2018