У Гарадоцкім краязнаўчым музеі адкрылася персанальная выстава “Мая Беларусь”

16 студзеня 2019 года ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы “Мая Беларусь» віцебскай мастачкі Ірыны Барсуковай.

Ірына Генадзьеўна нарадзілася і жыве ў горадзе Віцебску. У 1990 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава. Працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў сярэдняй школе № 3 з 1990 года.

Займаецца жывапісам у тэхніцы акварэлі, пастэлі і алейнага жывапісу. Сюжэтамі работ часта бываюць знакамітыя месцы роднага горада, кветкі, нацюрморты і пейзажы.

Удзельнік мастацкай выставы-продажу работ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях краін блізкага і далёкага замежжа.

На выставе прадстаўлена дваццаць восем работ, выкананых у тэхніцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Карціны  віцебскай мастачкі прыгожыя і натхняльныя, вытраманыя ў нацыянальных этнаграфічных традыцыях з сучасным каларытам.

Наведайце новую выставу Гарадоцкага краязнаўчага музея, якая будзе працаваць месяц.

Л. Антонаў

Фота аўтара

17.01.2019