6 красавіка ў Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору адбылася прэзентацыя выставы гліняных вырабаў “Майстэрства з глыбіні стагоддзяў”. Прэзентацыю выставы правяла кіраўніца клуба “Вытокі” Святлана Хамутоўская.
Работы В.І. Татарыса адрозніваюцца ад усіх іншых памерамі. Адметнасцю яго творчасці з’яўляецца не дэкаратыўная апрацоўка, а класічная форма. Яго ўнікальныя вырабы знаходзяцца ў фондах музеяў Масквы, Мінска, Віцебска. Майстар стварыў вялізную калекцыю, паспяхова ўдзельнічаў ва ўсесаюзных конкурсах. Азам рамяства Уладзімір Іосіфавіч вучыўся ў вядомых ганчароў Полацка. Для дэкору выкарыстоўваў простыя палівы, якія падкрэслівалі колер вырабу і пры паўторным абпале надавалі трываласць.
На тэрыторыі Гарадоччыны выкарыстоўвалі простую апрацоўку, без дэкаратыўных элементаў, што надавала ганчарным вырабам практычнасць. Яшчэ адзін від апрацоўкі – малачэнне – апусканне ў тоўстае малако перад абпалам, дзе ў залежнасці ад тэмпературы і часу, колер выраба набываў разнастайныя адценні.
Майстар У.І. Семянкоў вядомы ў нашым краі. У Доме рамёстваў захавалася багатая калекцыя яго ганчарных вырабаў. Напрыклад, спарышы – два збанкі, злучаных адной ручкай, сярод якіх знаходзілася яшчэ і сальніца. Апрацоўваліся яны, як правіла, палівой (глазурай) і ў іх насілі хлебаробам і касцам ежу ў полі.
Супрацоўнічае з Домам рамёстваў і фальклору і ўмелец, вядомы далёка за межамі Беларусі, член клуба “Вытокі” С.В. Шункевіч. Яго экспазіцыі прадстаўляюць разнастайныя керамічныя вырабы: пано, збаны, чыгуны…
Сёння слаўнае рамяство сваіх знакамітых папярэднікаў працягвае малады майстар Ігар Рабцаў. Калекцыя яго прац прадстаўлена ў асноўным элементамі посуду. Класічная форма вырабаў выканана, сценкі збаноў досыць тонкія, малачэнне таксама выкарыстоўваецца аўтарам прац. Пакарыў умелец прысутных і майстар-класам па вырабе збана на ганчарным крузе.
Гліна падуладная і жаночым рукам Кацярыны Шамардзінавай і Анжалікі Шалаевай, якія, працягваючы старадаўнія традыцыі рамяства, больш займаюцца ручной лепкай. На выставе разам з іх работамі прадстаўлена і калекцыя Ірыны Шалаевай: свістулькі, акарыны, цацкі.
Выстава працягнецца да 19 красавіка. Не забудзьце зазірнуць сюды, каб акунуцца ў свет ганчарства, майстэрства з глыбіні стагоддзяў.
Паводле інфармацыі: http://www.garadvest.by