Вёска Кошкіна адарыла новымі песнямі і адметнымі асаблівасцямі правядзення святаў народнага календара

Кошкіна – цудоўная мясціна, якая знаходзіцца ў  трох кіламетрах ад вёскі Лахі.

У пачатку XX стагоддзя  гэта была вёска  з 59 жыхарамі, дзе працавала школа граматы і вялі гаспадарку ў 17 дварах. У  кастрычніку 1942 года, нямецка-фашысцкія  акупанты спалілі вёску і загубілі 4 жыхароў. У 1960 годзе  вёска аднавілася, і у ёй налічвалася 84 жыхары. Хлопцы з Кошкіна ўзялі замуж дзяўчат з суседняй вёскі Альшанікі і пачалося мірнае і працоўнае жыццё.

Было тут і месца спевам і музыкі. Святкаваліся вяселлі і хрэсьбіны, святы народнага календара – Каляды, Купалле, Зажынкі, Дажынкі, ладзіліся вячоркі, на якіх гучна  іграў гармонік і танчылі любімыя танцы : Кракавяк, Ленцея, Падыспань, Зялёную рошчу, Барыню, Каробачку, Сямёнаўну і інш.

Вельмі прыемна, што у экспедыцыі нам давялося сустрэцца з пастаяннымі жыхарамі вёскі Кошкіна: Ягоравай Лінай Яфімаўнай (1934 г.н.) Котавай Раісай Фёдараўнай (1931 г.н.), Мінавымі Надзеяй Іванаўнай і Генадзем Фёдаравічам Мінавым (1940 г.н.).

  Працалюбівы гаспадар,  добразычлівы і  абаяльны чалавек, таленавіты гарманіст – Генадзь Мінаў,  ён заўсёды быў “легкі на ўздым”. Амаль 20 год не браў у рукі гармонік, але узяўшы  і пачаўшы іграць польку зразумеў,  што памятае   забытыя мелодыі , і твар сталага чалавека змяніўся, засіялі вочы і мы нібыта апынуліся у тых 60-тых… І зазвінела — Барыня і Каробачка, вальс і прыпеўкі.

Як расказвае Ліна Ягорава раней ні адно свята не абыходзілася  без гарманіста. У ёй чацвера дзяцей і усе вяселлі іграў Генадзь Мінаў.

Генадзь Фёдаравіч Мінаў

У пачатку стагоддзя ткацтва было асноўным захапленнем яе матулі, на жаль не захаваліся кросны, а з работ засталіся толькі “палавікі”. Сама Ліна Яфімаўна распавядала пра жыццё ў маленстве і юнацтве, святы народнага календара і вясельныя спевы.

 Ліна Яфімаўна Ягорава

Носьбіт фальклорных традыцый  Раіса Котава шмат расказала пра сваю вёску і старажытныя святы, якія праводзіліся ў мястэчку. Закаханая у родныя прасторы яна жыве ў Кошкіна з 1955 года, памятае і цяжкую працу і добрыя гучныя песні у выкананні мясцовых дзяўчат і жанчын, а у вечары танцы пад гармонік .

Раіса Фёдараўна КотаваПа выніках даследчай экспедыцыі была састаўлена цікавая краязнаўчая інфармацыя, у якой адлюстраваны гістарычнае мінулае і сучаснае жыццё жыхароў вёскі Кошкіна. Архіў ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці ” папоўніўся новымі песнямі і адметнымі асаблівасцямі правядзення святаў народнага календара, а таксама падцвярджэнню многіх існуючых традыцый.

http://gorodok.belcult.by

01.11.2019