15 красавіка ў 1855 годзе Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Імя Вераніцына ў 1973 годзе адкрыў Генадзь Кісялёў, а ў 1986 годзе Віталю Скалабану удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы..
Гэты асобнік быў знойдзены ў асабістым архіве архіве літаратуразнаўца В. Мачульскага, дзе ў рукапісах А. Рыпінскага было пазначана: “Канстанцін Вераніцын, 15 красавіка 1855 г., г. Гарадок”.
Прапануем вашай увазе артыкул з тарасазнаўчых чытанняў, якія ладзіліся ў Гарадку на мяжы двух стагоддзяў з 1997 году па 2003 год…
На самага Кузьму-Дзем’яна…
13 лістапада 1973 года ў чытальнай зале Цэнтральнага гістарычнага архіва Беларусі Генадзь Васільевіч Кісялёў знайшоў у дакументах Горы-Горацкага земляробчага інстытута матэрыял аб Канстанціне Вераніцыне.
Так у беларускім літаратуразнаўстве было даказана існаванне асобы, якую Аляксандр Рыпінскі, Міхаіл Піятуховіч лічылі аўтарам шэдэўра беларускай паэзіі XIX стагоддзя: паэмы «Тарас на Парнасе». Адкрыццё Г.Кісялёва стала вырашаль-ным этапам у пошуках аўтара знакамітай паэмы XIX ст. Гэта дата стала пачатковай кропкай у распрацоўцы пануючай сёння сярод літаратуразнаўцаў версііаб прыналежнасці паэмы «Тарас на Парнасе» пяру Канстанціна Вераніцына, ураджэнца в. Астраўляне Гарадоцкага раёна. Менавіта так: «Канстанцін Вераніцын. 15 красавіка 1855 г. г. Гарадок» пазначана аўтарства паэмы ў сшытках паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага, якія ў 1929 годзе трапілі да прафесара БДУ М. Піятуховіча. Прафесар Піятуховіч падрыхтаваў працу «Рукапісы А.Рыпінскага», але надрукаваць яе не паспеў, трапіўшы пад хвалю сталінскіх рэпрэсій. Праца знікла і толькі ў 1986 годзе навуковец Віталь Скалабан знайшоў, а дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Сурмач атрымала архіўныя матэрыялы даследчыка беларус-кай літаратуры 20-х гадоў Васіля Мачульскага, дзе знаходзілася падрыхтаваная да друку праца Піятуховіча.
На працягу шматгадовых даследаванняў Генадзь Кісялёў аднавіў біяграфію невядомага паэта, асоба якога была «тэрра інкогніта» на пачатку 70-х гадоў. Гэта унікальны выпадак у сусветным літаратура-знаўстве, калі больш чым праз стагоддзе пасля напісання твора адшукваецца аўтар, пра якога не ведалі раней. Гэта ўнікальны выпадак для беларускай літаратуры, якую пакуль значная частка грамадства лічыць папялушкай сярод славянскіх літаратур.
Але ўнікальнасць адкрыцця сімвалічная, як датай, так і асобай даследчыка. Чытачы добра ведаюць радкі славутай паэмы:
На самага Кузьму-Дзем ‘яна
Пайшоў я ў пушчу паміж мхоў… –
так Тарас кажа аб часе свайго падарожжа. Свята Кузьмы і Дзем’яна ў народзе адзначаюць 14 лістапада, як свята кавалёў – Кузьмы і Дзем’яна. Пра гэты дзень казалі: «Кузьмінкі – па восені памінкі. Не закаваць зіме ракі без Кузьмы і Дзем’яна. Кузьма і Дзем’ян закуе, а Міхайла раскуе. Дзем’янаў шлях – не шлях, а толькі зімы ростань». Існуе прыкмета – на Кузьму лісце на дрэвах трымаецца – год неўраджайны будзе.
I менавіта амаль на Кузьму-Дзем’яна шаноўны Генадзь Васільевіч зрабіў сваё адкрыццё. Зрабіў магчыма таму, што мае Дзядоў – продкаў з пад самага Пуцявішча, адкуль пачаў падарожжа Тарас! Гэта так. Дзед Генадзя Кісялёва – Мікалай Дзмітрачэнка, або Дзмітрыеў родам з вёскі Сквірь. Вёска Сквірь, паводле кнігі А.Сапунова «Сгшсок населённых мест Внтебской губерннй», якую мае Віцебскі абласны дзяржаўны архіў, належала да Пестуніцкай сельскай абшчыны. А вёска Пуцявішча, дзе ля лазні жыў Тарас, размешчана ў дзвюх вярстах ад Пестуніцы. У гэтым мы пераканаліся з вядомым віцебскім краязнаўцам Міколам Плавінскім, калі ў чэрвені наведалі селішча Пуцявішча, каля вёскі Міхалі, што ў 12 км. ад Віцебска. Вось так – у часе і месце судакрануліся асобы героя паэмы і яго шаноўнага даследчыка!
Жыццяпіс Канстанціна Вераніцына
Чырвоная дата ў тарасазнаўстве стала пачаткам пошукаў у архівах Мінска, Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга матэрыялаў біяграфіі рэальнага К.Вераніцына. Генадзь Кісялёў аднавіў арыгінальную біяграфію паэта, апісаў яе ў грунтоўных кнігах «Пошукі імя», «Разыскивается классик…», «Ад Чачота да Багушэвіча», “Жылі-былі класікі”
Канстанцін Васільевіч Вераніцын (спачатку яго прозвішча было Васільеў) паходзіў з прыгонных сялян в. Астраўляне Віцебскага павета ( сёння Гарадоцкі раён). Нарадзіўся 1 чэрвеня 1834 г. У 1844 годзе скончыў Гарадоцкае прыходскае вучылішча. У наступным годзе атрымаў вольную і паступіў у Віцебскую гімназію. У 1851 г. прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў прозвішча «Вераніцын». У 1852 г. пакінуў, не давучыўшыся, гімназію і паступіў у Пецяр-бургскую медыка-хірургічную акадэмію. У 1857 г. ўпарты разначынец як стыпендыят Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-горацкі земляробчы інстытут адразу на III курс. За два гады бліскуча скончыў інстытут са званнем кандыдата агранаміі, абараніўшы дысертацыю «О белорусском хозяйстве».
Потым кіраваў недзе прыватным маёнткам, спрабаваў уладкавацца на дзяржслужбу ў Магілёўскую губернію. Служыў у Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак. У 1874-1879 г.г. – настаўнік геаграфгі і прыродазнаўства ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. 3 1880 г. – чыноўнік у Пецярбургу, ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 годзе пайшоў у адстаўку стацкім саветнікам. Пражываў у доме па Паварскім завулку №13, дзе ў розныя часы жылі Тургенеў, Некрасаў, Чарнышэўскі. Памёр каля 1904 г.(рэд. дакладна 13 жніўня 1903 г.)
Генадзь Кісялёў слушна заўважае: «Для яго (К.Вераніцына – аўт.) жыццяпісу характэрна тое, што і для самой паэмы – сінтэз, зліццё беларускай народнай стыхіі з рускай кніжнай культурай. Гэта здольны чалавек з народа, якому, насуперак усім перашкодам, удалося атрымаць адукацыю. Выхадзец з ніжэйшых пластоў зняволенага сялянства, былы прыгонны добра ведаў душу, мову, побыт народа.»
Як адзначалася, другі этап у даследванні версіі на карысць Вераніцына пачаўся ў 1986 годзе, калі знайшлася праца М.Піятухо-віча «Рукапісы А.Рыпінскага». Даследчыкі атрымалі падпісаны імем Вераніцына тэкст «Тараса на Парнасе» і другі твор пад гэтым жа прозвішчам – паэму «Два д’яблы» з паметай «Масква. 7 красавіка. 1860 г.».
Лінгваматэматычная экспертыза А. Дземчанкі засведчыла, што дзве паэмы напісаны адным і тым жа аўтарам. I калі верыць А.Рыпінскаму, то менавіта К.Вераніцын – класік беларускай літаратуры XIX ст., аўтар паэм «Тарас на Парнасе», «Два д’яблы».
У гэта верыцца лёгка, бо Вераніцын паходзіў з самых народных мас, атрымаўшы, хутчэй за ўсё, частку дваранскай крыві. У той час даволі часта ўладары маёнткаў карысталіся правам першай шлюбнай ночы і таму зразумела ўвага, якую памешчык Бондыраў звяртаў на свайго прыгоннага. Таксама зразумела, што сялянскі сын не мог адразу выявіць свае літаратурныя здольнасці, як дзеці вольных бацькоў, напрыклад у гімназіі. Але ўпартая цяга да ведаў, знаёмства з літаратурным жыццём Пецярбурга, вольны час перад і пасля вучобы ў Горы-Горацкім інстытуце-сталі спрыяльным фонам для стварэння шэдэўраў беларускай паэзіі XIX ст.
Добра працуе на прыналежнасць аўтарства сялянскаму сыну і дакладны час завяршэння паэм – 15 і 7 красавіка. Гэта час, калі прырода ўжо падрыхтавалася да вясны, а дваровыя сялянскія працы не пачаліся. У гэты час добра завяршаць духоўныя справы, каб потым вольна працаваць на хлеб штодзённы.
Перыяд 1855-1860 г.г. – перыяд, калі памёр Мікалай I, рыхтавалася адмена прыгоннага права і яшчэ не была забаронена беларуская мова. Гэта перыяд, калі стала лягчэй дыхаць і менавіта тады вольна ўздыхнуў юнак Вераніцын(Васільеў), стварыўшы шэдэўры беларус-кай паэзіі.
Але апаненты версіі на карысць Вераніцына, могуць заўважыць, што ўсё гэта разважанні, а не новыя факты. Крочым далей.
Падтрымка са Смаленшчыны.
Сапраўды, пры ўсёй унікальнасці працы Г. Кісялёва, пры наяўнасці матэрыялаў прафесара Піятуховіча для літаратуразнаўства вельмі пажадана было б знайсці падцверджанне знаходжання К. Вераніцына ў Маскве пасля заканчэння Горы-Горацкага інстытута, бо менавіта Масква пазначана, як месца напісання паэмы «Два д’яблы».
Мінулым летам пры сустрэчы з Генадзем Васільевічам і быў вызначаны гэты галоўны напрамак пошукаў у біяграфіі нашага земляка. Двухдзённая паездка ў Маскву, пошук магчьшых звестак аб аўтары паэмы ў газетах «Ведомостн Московской городской полнцнн» (№174-185 за 1859 г.), «Московскне губернскне ведомостн» (за 2-е паўгоддзе 1859 г.) засведчылі, што газеты ў той час не друкавалі інфармацыю аб мяшчанах, што наведвалі Маскву. У рэкламных абвестках Вераніцын аб’яў не рабіў. Наведванне Маскоўскага гарадскога архіва падцвердзіла факт, што ў сярэдзіне XIX ст. інфармацыі аб мяшчанах, што прыязджалі ў горад не захавалася.
Але пошукі ў Расійскай Дзяржаўнай бібліятэцы, Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэцы Расіі падштурхнулі да думкі -уважлівей паглядзець на сувязь Вераніцына з Няелавым Дз. Дз., дырэктарам дэпартамента сельскай гаспадаркі міністэрства дзяржаўнай маёмасці.
Аматары тарасазнаўства памятаюць, што ў красавіку 1861 г. менавіта па просьбе Няелава вядомы дзяржаўны дзеяч, актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі рэформы 1861 г., намеснік міністраўнутраных спраў М.А. Мілюцін напісаў ліст магілёўскаму губернатару Беклемішаву аб працаўладкаванні кандыдата агранаміі К. Вераніцына. Гэта бачыцца ўнікальным выпадкам, калі ў лёсе простага выпускніка, які толькі паўтара гады назад скончыў вучобу, прымаюць удзел вядомыя асобы Расійскай імперыі. Відавочна, што толькі за ўладальніка выдатных асабістых якасцяў і асабіста знаёмага мог прасіць падтрымкі дырэктар дэпартамента Няелаў.
Праца з першакрыніцамі падцвердзіла, што ўпершыню Няелаў наведаў Гора-Горацкі інстытут з рэвізіяй у жніўні 1861 г. , калі праўшло два гады пасля заканчэння вучобы нашага земляка. Гэты факт сведчыць, што пазнаёміліся яны за межамі інстытута. У трохтомніку-каталага архіўных спраў былога Савецкага Саюза знайшлася інфармацыя, што матэрыялы рода Няелавых захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Смаленскай вобласці, а Дзмітрый Дзмітрыевіч Няелаў быў не толькі дырэктарам дэпартамента, але і літаратарам, сенатарам. Менавіта яму належаць кнігі аб паляпшэнні сельска-гаспадарчай вытворчасці: «Зернесушылка Няелава», «Будова плаціны» і іншыя. Магчыма, агульная сельскагаспадарчая адукаванасць магла садзейнічаць збліжэнню Няелава і Вераніцына. Але для праблемы аўтарства вельмі цікава, што род Няелавых паходзіць з Гжацкага павета Смаленскай губерніі! I Канстанцін Вераніцын, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся з Няелавым, калі, а гэта найбольш верагодна, працавў у родных Дзмітрыя Дзмітрыевіча. На жаль, пакуль пошукі ў Смаленскім архіве (дырэктар Падкарытава Н.Р.) станоўчага выніку не далі: у архіве Няелавых звестак пра Вераніцына не знайшлі.
Але тое, што Няелаў паходзіць з усходняй Смаленшчыны, размешчанай вельмі блізка ад Масквы – ўскоснае сведчанне, што наш зямляк пасля вучобы шукаў працу або працаваў недалёка ад Масквы. Менавіта тады ён мог напісаць паэму «Два д’яблы». Вось так у лёсе Вераніцына прынялі непасрэдны ўдзел і намеснік міністра ўнуграных спраў, і дырэктар дэпартамента Расійскай імперыі. Так наш зямляк атрымаў падтрымку з блізкай Смаленшчыны, дзе быў створаны некалі яшчэ адзін шэдэўр беларускай паэзіі – паэма «Энеіда навыварат».
Як люстэрка Адраджэння…
На сёння Канстанцін Вераніцын бачыцца найбольш верагодным аўтарам славутай паэмы, і менавіта ў яго лёсе, як у люстэрку, адлюстраваліся праблемы нашага Адраджэння. Зараз беларусам перш за ўсё не хапае ўпэўненасці ў паўнавартаснасці роднай культуры, яе жыццяздольнасці, адпаведнасці сусветнаму ўзроўню. Адсюль і пастаянны лямант, што гіне мова, нас не разумеюць, а роднае слова чуваць толькі ў культурніцкім асяродку. Але значна цяжэй было Вераніцыну, які не меў дастатковых ведаў па гісторыі Бацькаўшчыны, у якога не было кніг Купалы і Багдановіча, Караткевіча і Быкава, Ластоўскага і Ермаловіча, а навакольнае асяроддзе пад час вучобы было расійскамоўным або польскамоўным. I наш паэт, а гэта найбольш верагодна, праз усё жыццё хістаўся паміж роднай моўнай стыхіяй і ўсё мацнейшай і мацнейшай расійшчынай.
Беларускае адраджэнне ў пачатку XX стагоддзя вярнула з забыцця нашы адвечныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», утварыла Беларускую Народную Рэспубліку, стварыла сучасную граматыку -гзта быў узлёт беларускага духа. Канстанцін Вераніцын, прайшоўшы часы самсцвярджэння ў гімназіі, інстытуце, даганяючы сваіх аднагодкаў у вучобе, стаўшы першым студэнтам у земляробчым інстытуце, здолей стварыць літаратурны помнік роднаму слову якое з калысцы было з ім.
Напрыканцы XX стагоддзя вернасць роднаму слову разглядаецца ў Рэспубліцы Беларусь, як нелаяльнасць пануючай уладзе і дзесяткі тысяч работнікаў адукацыі, культуры забыліся пра ўменне карыстацца беларускай мовай. У яшчэ больш складаных умовах было беларускае слова пасля расправы над паўстанцамі Кастуся Каліноўскага, калі яго афіцыйна забаранілі. Наш класік поўнасцю выкарыстаў час пасля мікалаеўскай «адлігі», каб стварыць шэдэўры беларускай паэзіі, але моц расійскіх шавіністаў была непараўнальная з сілай самабытнага песняра, і, не здолеўшы адаптавацца да рускага паэтычнага слова, ён замаўчаў. Як сёння немагчыма пражыць на ганарары ад беларускай паэзіі, так і ў 60-я гада XIX ст. гэта было не толькі немагчыма, але і небяспечна.
Нам сёння вельмі не хапае павагі да сваёй літаратурнай спадчыны, каб моладзь выхоўвала беларускую свядомасць. На літаратурнай мапе Беларусі ўшанаваны толькі найбуйнейшыя зоркі роднага слова: Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч. А дзесяткі, сотні літаратараў з гарадоў і вёсак, мястэчак і селішчаў застаюцца неўшанаванымі, паўзабытымі. Безумоўна, у тарасазнаўстве яшчэ не пастаўлена апошняя кропка, але гэта не перашкаджае беларусам ужо сёння ўшаноўваць памяць, як герояў неўміручай паэмы, так і асобы К. Вераніцына, які меў, як мінімум, непасрэднае дачыненне да распаўсюджвання славутай паэмы. I чым хутчэй мы разгадаем загадкі і рэбусы ў тарасазнаўстве, тым хутчэй будзем людзьмі звацца.
Леанід Гаравы
Ад аўтара. Гэты артыкул быў напісаны ў 1998 годзе, калі з Гарадоцкім краязнаўчым музеем, Гарадоцкім аддзелам адукацыі пры няспыннай падтрымцы нашага славутага зямляка Анатоля Максімавіча Дарафеява ладзілі краязнаўчыя чытанн. У чытаннях прымалі ўдзел выбітныя тарасазнаўцы з Мінску Язэп Янушкевіч, Віталь Скалабан, Валера Стралко і іншыя даследчыкі, а найперш настаўнікі і вучні школ гарадоцкага краю.
Вельмі добра, што зараз эстафету па тарасазнаўству працягвае Антон Францішак Брыль, беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля. Менавіта ён знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу «Роднага слова» за 2019 год. (тут — http://haradoktour.by У цяперашнім красавіцкім нумары гэтага часопіса змешчаны яго артыкул “Сямейныя сувязі Канстанціна Вераніцына: першыя абрысы”.