27 і 28 кастрычніка га гарадскім стадыёне Гарадка адбудуцца галоўныя матчы футбольнага сезону для нашага ФК “Дзецкасельскі”: палуфінал з чэмпіёнам Мінскай вобласці ФК “Гарняк” з Салігорску і змаганне за перамогу у першанстве Віцебскай вобласці па футболу з ФК “Полацкгаз”.
Сёння ў нашым паўночным рэгіёне выпаў першы снег, а заўтра і паслязаўтра нас чакае гарачая барацьба на гарадскім стадыёне, дзе адбудуцца вырашальныя матчы сезону ў двух турнірах.
Спачатку ў суботу ў 15.00 пачнецца паўфінальны матч Кубка рэгіёнаў Беларусі, ў якім гуляюць аматарскія каманды, якія перамаглі ў Кубках сваіх абласцей і змагаліся за Кубак г. Мінска. Наша каманда ў мінулую нядзелю падарыла добры сюрпрыз аматарам футболу, перамогшы ў Мінску мінулых уладальнікаў Кубка рэгіёнаў Беларусі ФК “Энергетык – БДАТУ” – 4:2. І вось у палуфінальным матчы іх чакае ўладальнік Кубка сталічнай вобласці — ФК “Гарняк” з Салігорску, які заваяваў кубак ў серыі пасьляматчавых пенальці. Гэты салігорскі клуб яшчэ напрыканцы верасня выйграў чэмпіянат Мінскай вобласці па футболу, а ў чвэрцьфінале перамог уладальніка Кубка Гомельскай вобласці ФК “МНПЗ” з Мазыра.
Кошт гэтага матча дастаткова высокі, бо напалову адкрывае рух у фінал Кубка рэгіёнаў. І наша каманда, якая праводзіць свой лепшы ў гісторыі сезон, мае ўсе шансы прайсці і “гарнякоў”.
У нядзелю ж у 14.00 нас чакае гістарычны матч за залатыя медалі чэмпіянату Віцебскай вобласці з ФК “Полацкгаз”. Гэтая полацкая каманда на сёння ўзначальвае чэмпіянат Віцебскай вобласці набраўшы 32 ачка і апяраджае нас на тры. У гэтым сезоне мы ўжо раз “пакрыўдзілі” полацкіх футбалістаў перамогшы іх у фінале Кубка вобласці – 6:3. Відавочна, што і ў рашаючым матчы чэмпіянату нашы бамбардзіры – лепшыя ў вобласці — маюць ўсе шанцы на перамогу.
І пры ўсім неспрыяльным надвор’і гэтага уік-энда – дождж са снегам – на футбольным полі Гарадка будзе гарачае змаганне за перамогу. Заўзятары футболу безумоўна наведваюць рашаючыя матчы сезону ў нашым райцэнтры і падтрымаюць сваю каманду.
На футбол!
Л. Антонаў