Цікавы і, па сутнасці, унікальны валун выявілі паблізу в. Ляшкова Сяло Межанскага сельсавета. Вялікі камень, прынесены ў наш край ледніком, дасягае пяці з паловай метраў у даўжыню і двух у вышыню (на фота – у параўнанні з ростам дарослага чалавека) .
І гэта толькі вярхушка айсберга: невядома, наколькі глыбока старажытны валун сыходзіць у зямлю. У чым жа незвычайнасць прыроднай груды? Для пачатку ў яе форме, якая нагадвае сваімі абрысамі жывёлу. Пры жаданні і фантазіі можна разглядзець галаву, буйное вуха, рэльефную спіну ці то зубра, ці то цюленя, ці то гіганцкага шчанюка Ньюфаўндленда застылага ў камені. Адразу і не разбярэш. А вось у тым, што валун можа стаць яшчэ адной славутасцю нашага рэгіёну, сумнявацца не прыходзіцца.
Пошукі незвычайнага каменя на тэрыторыі Гарадоччыны пачаліся не выпадкова. Як распавёў «раёнцы» начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Дзмітрый Аксючыц, адшукаць буйны прыгожы валун было вырашана ў сувязі з будаўніцтвам кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» пад Смалявічамі, дырэкцыя якога зацікаўлена ў тым, каб усталяваць сімвал праекта «Вялікі камень» на тэрыторыі гэтай найбуйнейшай бізнес-пляцоўкі краіны. Прычым, у дадзеным выпадку назву і задачу варта разумець літаральна. Ці дастаткова вялікі Межанскі валун для таго, каб упрыгожыць індустрыяльны парк, пакажа час. Зараз жа можна проста палюбавацца багатым колерам каменя. У аснове – чырвоны мінерал з украпінамі шэрага і залацістага адценняў. На сонца ўсё гэта пераліваецца, нiбы золата.
– Падарожнічаючы па Беларусі, я ўбачыў багата валуноў, але з поўнай адказнасцю заяўлю, гэты – асаблівы. Буйней і нават цікавей, да прыкладу, даволі вядомага Барысава каменя ў Полацку, – сцвярджае Д. Аксючыц.
Можна меркаваць, што валун нездарма нагадвае дзіўнага звера. Быць можа, да гэтага датычная рука старажытнага чалавека, які вырашыў увасобіць у камені татэм роду? Ці ж сама прырода выступіла мастаком, падарыўшы валуну мудрагелістую сіметрыю? Сказаць пра гэта прадметна могуць толькі навукоўцы, калі іх зацікавіць падобны прыродны аб’ект. Ну, а пакуль як адна з прапаноў аб далейшым лёсе Мяжанскага валуна – ўстаноўка яго на міжнароднай трасе М8 ў раёне культурна-гістарычнага помніка, былой паштовай станцыі ў в. Кузьміно. Турыстам – для фотасесій і сэлфі, раёну – для гонару і яшчэ адной падставы сказаць: «Глядзіце, што ў нас ёсць! Сапраўдная прыгажосць у камені ».
Ганна Навумава.