21 мая турыстычна-інфармацыйны цэнтр ДУ “РФСК “Гарадок” пры падтрымцы сектара спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкаму па прапанове благачыннага Гарадоцкага раёна Уладзіміра Дагодзька правёў для турыстаў першую аўтобусную экскурсію “Гарадоцкі праваслаў край” з наведваннем пяці праваслаўных храмаў і святой крыніцы ў весцы Жукава.
Экскурсія пачалася з храма Святой Жываначальнай Тройцы па вуліцы Камсамольскай, дзе турыстаў сустрэў благачынны Уладзімір Дагодзька, а айцец Вячаслаў распавёў пра асновы праваслаўнай веры, неабходнасць трымацца абрадаў, каб весці жыццё праведнае. У храме працягвалася размова пра праваслаўную веру, а таксама пра роспіс свода храма Святой Жываначальнай Тройцы.
Наступным храмам для наведвання ў Гарадку стаў храм Святога Андрэя Першазванага, дзе экскурсантаў сустрэў айцец Аляксандр, які распавёў пра гісторыю паштовай станцыі з 1849 года і дзейнасць храма, што дзейнічае з 2012 года. У храме айцец Аляксандр падараваў кожнаму турысту абраз святога апостала Андрэя Першазваннага.
Далей група наведала Царкву Ушэсця Гасподняга ў в. Хвошна. Самая важная славутасць сёняшняга Хвошна – храм Ушэсця Гасподняга, які быў заснаваны ў 1807 годзе. Тут турыстаў рэлігійнага маршрута сустрэў айцец Міхаіл з Езярышча, а таксама мясцовыя праваслаўныя жыхары. Храм уражвае сваім вонкавым выглядам і выклікае шкадаванне яго ўнутраны стан.
Самае знакамітае імя, звязанае з Хвашнянскім храмам, – імя святамучаніка Афанасія Прыхабскага (Кіслова). У 1918-1924 гадах ён служыў тут дыяканам. У 1937 годзе быў арыштаваны ў апошнім месцы службы, у сяле Прыхабы Себежскага раёна на Пскоўшчыне і расстраляны. У 1970 годзе рэабілітаваны, а ў 2003-м – кананізаваны.
Вядома аб трагічным лёсе настаяцеляў гэтага храма, рэпрэсаваных і загінуўшых, Канстанціне Волкаве і Мікалае Шаляпіну. Пышнасць царквы было разрабавана, знішчана ў гады багаборства.
Далей турысты з айцом Міхаілам накіраваліся да святой крыніцы ў вёсцы Жукава.
(працяг будзе)