Пленэр па спіральным пляценні пройдзе ў Гарадку у межах свята “Гарадоцкі Парнас”

Упершыню ў горадзе Гарадок Віцебскай вобласці 4 чэрвеня 2022 года пройдзе абласны пленэр па спіральным пляценні ў рамках рэгіянальнага свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”, прысвечанага паэту-земляку, аўтару паэмы “Тарас на Парнасе” К.Вераніцыну.

Мэтай правядзення Пленэру з’яўляецца падтрымка народнай творчасці і народных мастацкіх рамёстваў, выяўленне сучаснага стану і перспектыў развіцця народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аднаўленне рэдкіх і забытых відаў традыцыйных мастацкіх рамёстваў і стымуляванне іх развіцця, дэманстрацыя творчага патэнцыялу майстроў народных мастацкіх рамёстваў, папулярызацыя відаў рамёстваў, унесеных у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі Пленэру — майстры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва клубаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў, Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў, устаноў культуры клубнага тыпу, дзіцячых школ мастацтваў, іншыя фізічныя асобы, якія займаюцца спіральным пляценнем.

Нагадаем, што раней статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымала традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і Віцебска.

Спіральнае пляценне – адзін з найстарэйшых відаў пляцення. Гэта тэхніка вядома амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліту. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стаго

ддзя тэхніка была шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры з яе дапамогай выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны. “Асноўнымі носьбітамі гэтай тэхналогіі ў 1980-1990-я гады былі Адам Краўчук з Віцебска, Пётр Карэнік і Міхаіл Чаркас з Браслава. Цікавяцца ёй і сучасныя майстры, многія з якіх займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення”, – адзначылі ў цэнтры народнай творчасці.

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца супольнасцю майстроў у амаль нязменным выглядзе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і Віцебску. Для папулярызацыі гэтай тэхналогіі і народных рамёстваў у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”, Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры таксама дзейнічаюць гурткі па спіральным пляценні для дзяцей і дарослых.

“Гэты элемент нематэрыяльнай спадчыны ярка характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт гэтых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Ён каштоўны для мясцовых жыхароў сваім зместам, характарам, адпавядае іх бытавым уяўленням”, – адзначаюць ў цэнтры народнай творчасці.

 

Варта адзначыць, што Гарадок прадстаўляе вядучы майстар спіральнага пляцення

Беларусі, народны майстар  – Васіль Сіманковіч.

Л. Антонаў

 

 

03.06.2022