Сумеснымі намаганнямі грамадзян і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў будзе адноўлены помнік партызану «Гаспадар лесу», усталяваны ва ўрочышчы Шчалбова, за чатыры кіламетры ад в. Дуброва-1. |
|
Людзі, якія пераадольваюць дзесяткі кіламетраў і прыязджаюць ўглыб Шчалбоўскіх лясоў, каб пакланіцца безназоўным магілам землякоў, могуць увайсці ў зямлянку, якая імітуе збудаванне часоў Вялікай Айчыннай. Усяго ў некалькіх метрах ад скульптуры «Гаспадар лесу» усталяваны Паклонны крыж мірным жыхарам, якія загінулі тут у лютым-сакавіку 1943 г. Здаецца, што тут нават дрэвы памятаюць страшныя гады акупацыі. … У зоне Шчалбоўскіх лясоў размяшчаліся і дзейнічалі 1-я Беларуская партызанская брыгада пад камандаваннем М.Ф. Шмырова, 2-я Беларуская партызанская брыгада ім. П.К. Панамарэнкі, брыгада ім. Кутузава, брыгада ім. Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 1-я Віцебская брыгада, брыгада Аляксея Данукалава, дыверсійная брыгада Баскакава, Багушэўская партызанская брыгада. Карнікі неаднаразова імкнуліся знішчыць партызан. Пасля чарады няўдач у пачатку 1943 г. нямецкае камандаванне вырашыла правесці ў Шчалбоўскіх лясах карную аперацыю «Шаравая маланка», якая пачалася 22 лютага. Па плане зона павінна была быць пройдзена карнікамі ў двух напрамках: з поўдня на поўнач — да лініі фронту, з захаду на ўсход — уздоўж лініі фронту. Па лініі блакады размясціліся больш за 30 тыс. фашысцкіх салдат і афіцэраў. На сваім шляху карнікі палілі ўсе, што магло гарэць, з асаблівай жорсткасцю забівалі мірных жыхароў, не шкадавалі ні старых, ні жанчын, ні маленькіх дзяцей. Услед за партызанамі, якія адыходзілі да сваіх баз у Шчалбоўскіх лясах, ішлі міныя людзі, якія спадзяваліся, што тыя выратуюць іх ад расправы ворага. Да канца лютага ў партызанскія лагеры сабраліся дзясяткі тысяч людзей, а ўсяго за некалькі кіламетраў ад іх і днём, і ноччу вялі бесперапынныя баі партызанскія брыгады і атрады … … У баявым дзённіку камандзір 201-й ахоўнай дывізіі генерал-маёр Якобі падвёў вынікі аперацыі «Шаравая маланка»: фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтраванага» ў іх 3583 чалавека і перадалі іх 9-й айнзацкаманда СД, 1456 з іх былі расстраляныя, 804 — дастаўлены ў зборны лагер для адпраўкі на працы. Партызаны страцілі ў баях каля 400 чалавек забітымі, больш за 100 параненымі. Па дадзеных праціўніка, у палон было ўзята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся: рэзалі нажамі і штыкамі, звязвалі калючым дротам, абкладвалі саломай, дровамі і падпальвалі. Жанчын і дзяцей, што хаваліся ў зямлянках, падрывалі гранатамі, злоўленых у лесе мірных жыхароў заганялі ў ацалелыя пабудовы і спальвалі жыўцом … Гэтыя страшныя старонкі нашай гісторыі павінны жыць у памяці народа вечна, каб памяталі нашчадкі, каб перадавалі пачуццё бясконцай падзякі да абаронцаў і вызваліцеляў Радзімы з пакалення ў пакаленне, каб ніколі не зарасла народная сцежка ў Шчалбоўскія лясы, да брацкіх магіл, якія са стрэльбай наперавес будзе вечна ахоўваць сапраўдны герой і патрыёт — партызан. Любоў ШЛЯЙКО, «Гарадоцкi веснiк». Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу супрацоўнікам Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея. |
