Прапаную ўвазе чытачоў даклад з нязначнымі праўкамі, які быў зроблены ў 2018 годзе на краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Гарадоцкай зямлі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў 24 снежня 1943 году, ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі. |
|
Але асабліва шмат плямаў ў гісторыі з пакутамі мірнага вясковага насельніцтва Гарадоцкага раёна, тэрыторыя якога зараз складаецца з уласна Гарадоцкага раёна, былога Мехаўскага і часткі Суражаскага раёнаў, пад час нямецкай акупацыі, якая датычыцца знішчэння вёсак і іх жыхароў. З аднаго боку вядомы сімвалы гэтых пакутаў на беларускай зямлі — Хатынь, Трасцянец, генацыд габрэяў. І вядомы тыя карныя аперыцыя, якія ажыццяўляліся на беларускай зямле ў тым ліку і ў Гарадоцкім раёне супраць мірнага насельніцтва. Гэта па нашаму раёну адлюстравана ў кнізе «Памяць» Гарадоцкага раёна. Трагедыя вёсак Гарадоцкага раёна ў кнізе «Памяць», выдадзенай да 60-годдзя вызвалення Беларусі ў 2004 годзе, прадстаўлена на аснове матэрыялаў, якія утрымліваюцца ў кнізе «Нацисткая политика геноцида и выжженной земли в Белоруссии 1941-1944 г.г.» Апошняя кніга пабачыла свет у 1984 годзе і з яе выбраны 183 вёскі Гарадоцкага раёна, якія знішчаліся цалкам ці часткова з усімі насельнікамі або не ў час карных аперацый і пад час акупацыі. Але ўжо да 70-годдзя Хатынскай трагедыі Нацыянальны архіў Беларусі ў 2013 годзе апублікаваў у электронным выглядзе базу даных (http://www.db.narb.by/search/?title=&titles=new®ion=4&district=10&year= ) аб 306 пацярпелых вёсках на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна, бо ў ваенны перыяд тэрыторыя нашага сёняшняга раёна адносілася і да Мехаўскага раёна і да часткі Суражскага, які зараз знаходзіцца ў межах Віцебскага раёна. Усяго вясковае насельніцтва Гарадоцкага раёна найбольш пацярпела пад час пяці карных аперацый вермахта напрыканцы 1942 года і да мая 1943: першая аперацыя «Малпава клетка» адбылася у лістападзе 1942 года, другая — «Зімовы лес» ішла ў снежні 1942 і ў студзені 1943 гадоў, трэццяя — «Шаравая маланка» — была найбольш жахлівай і праходзіла цэлы месяц у Шчалбоўскіх лясах з лютага па сакавік дарэчы у час Хатынскай трагедыі. І пра яе будзе распавядацца на сёняшняй канферэнцыі. У той жа час пачалася чацвёртая карная аперацыя «Грамавы клін І і ІІ» на тэрыторыі Гарадоцкага і Полацкага раёнаў і апошняй аперацыяй стала «Майская навальніца» ў траўні 1943 года. Але насельніцтва раёна несла страты і ў іншыя часы акупацыі, у тым ліку як перад так і пад час вызваленчай Гарадоцкай аперацыі снежня 1943 года, калі пацярпела не менш 16 вёсак. А адна з іх вёска Кавалі занесена ў хатынскі мемарыял. І гісторыя чакае, калі будзе зроблена храналогія знішчаных вёсак на Гарадоцкай зямлі. Вынікам жа карных дзеянняў фашыстаў сталі сотні знішчаных вёсак з тысячамі пабураных і спаленых дамоў, а галоўнае тысячы забітых і забраных у Нямеччыну жыхароў з тэрыторыі Гарадоцкага раёна. І як кажуць мудрыя людзі вайна заканчваецца тады, калі мы памянем усіх тых, хто на ёй загінуў. Але гэта апошняя вайна на нашай зямлі была такая жахлівая, што і праз амаль 77 гадоў пасля яе завяршэння застаецца шмат недаследаванага ў той трагедыі мірнага насельніцтва, якое засталося на акупаванай тэрыторыі. І гаворка не ідзе пра асобных грамадзян, а ідзе пра вёскі, якія знішчаліся пад час акупацыі, пра тую няпоўную памяць і адпаведна няпоўную мемарыялізацыю трагедыі вясковага насельніцтва асабліва на Віцебшчыне. Гэта таксама датычыцца і ў значнай меры тэрыторыі Гарадоцкага раёна, які ўваходзіць у тройку самых пацярпелых раёнаў Віцебшчыны разам з Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнамі па колькасці знішчаных вёсак. У апошнім спісе Нацыянальнага архіва Беларусі ўтрымліваецца 306 вёсак па тэрыторыі Гарадоцкага раёна, якія пацярпелі разам са сваім насельніцтвам. Але з гэтай колькасці не маюць спасылак на архіўныя даныя і лічбы па іх стратах не падмацоўваюцца для 36 вёсак. Пры гэтым сярод іх і такія вёскі, як Падранда і Сямёнава, якія занесены ў спіс «Могілкі вёсак» Хатыні, але пра іх няма архіўных даных, а вёскі Падранда няма і ў спісе вёсак раёна ў пачатку кнігі «Памяць» Гарадоцкага раёна. Яшчэ пра 60 пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна маюцца архіўныя даныя, ў якіх няма даты карнай аперацыі супраць жыхароў гэтай вёскі, а пра 11 гэтых вёсак няма даных пра дамы і жыхароў, як да вайны, так і пад час карнай аперацыі. Архіўныя даныя сведчаць што з гэтых пацярпелых вёсках не забіваліся людзі ў 49, але ў іх бурыліся або спальваліся дамы. Або зафіксавана адваротная карціна — вёскі унесены ў спіс пацярпелых, а з іх складу не пацярпеў ніводны дом. Такіх у апошніх даных — 39, але ў 6 з іх былі забіты людзі і найбольш у вёсках — Бягуны, Халуі і Гарадок, што тады была на тэрыторыі Суражскага раёна. Праведзеная сістэматызацыя вёсак з базы даных Нацыянальнага архіву па Гарадоцкаму раёну сведчыць, што і праз 76 гадоў пасля вызвалення Гарадоцкага раёна няма дакладнай карціны трагедыі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. Сёння для раёна архіважна распачаць працу па вывучэнню архіўных даных, якія датычацца Гарадоцкага раёна ў частцы белых плямаў з Нацыянальнага архіву і тут ніяк не абыйсціся без рэсурсаў на вывучэнне і сістэматызацыю архіўных даных па пацярпелых вёсках, якія мемарыялізаваны ў самаробных помніках, а таксама аднаўленне сапраўдных даных на мемарыяле спаленым вёскам ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы. Зараз на Гарадоччыне маецца 16 абеліскаў, якія устаноўлены на месцы пахавання мірных грамадзян спаленых вёсак. Гэта в. Казлы знішчана жыхароў — 41 Халамерскага с/с зараз Віраўленскі с/с, і яна занесена ў «Могілкі вёсак» Хатынскага мемарыяла, абеліск в. Зарэцкія — Вайханского сс пра якую няма даных у Нацыянальным архіве, в. Хартова ( раней Валадарка) 265 знішчаных жыхароў, в. Баркова па архіўных даных знішчана жыхароў — 75 (122 ранейшыя даныя з кнігі «Памяць») з Пальмінскага сс. Па Руднянскаму сельсавету, які зараз ліквідаваўся, гэта абеліскі ў в. Сінякі знішчана жыхароў — 87 архіў (107 ранейшыя даныя), в. Балотніца знішчана жыхароў — 128, в. Дарахі знішчана жыхароў — 256 . Найбольш абеліскаў у Стадалішчанскім савеце — ў в. Прывальні, але яе няма ў кнізе «Памяці», але ёсць у Нацархіве, толькі без даных часу карнай аперацыі, в. Чарады знішчана жыхароў — 37, в. Масеяўка маецца абеліск, але няма архіўных даных і няма ў кнізе «Памяці», в. Сячонка маецца абеліск, а няма нічога ні ў раённай кнізе, ні ў Нацархіве, в. Забор’е знішчана жыхароў — 55, в. Канашы знішчана жыхароў — 48 . Усяго на тэрыторвыі сельсавета — 6 абеліскаў. Асабліва стаіць абеліск ў в. Рудня Пальмінскага сельсавета. У нацыянальным архіве пазначана як Рудня Мехаўскага раёна, дзе са 120 жыхароў загінула 10. А што датычыцца в. Рудня Пальмінскага сельсавета, то даных няма, бо гэтая Рудня ня ў Мехаўскім раёне. Відавочна, што трэба ўдакладняць інфармацыю па абелісках і гісторыях, якія прывялі да іх усталявання. Асаблівая праца датычыцца і мемарыяла спаленым вёскам Гарадоцкага раёна ў Вараб’ёвых гарах, які быў рэканстраяваны пад час абласных «Дажынак» 2014 года. Мемарыял набыў сучасны выгляд, але паўтарыў змест свайго папярэдняка. Тут толькі каля 20 агучаных пацярпелых вёсак і толькі 2(!!!) маюць архіўнае падцвярджэнне. А пра сотні пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна няма згадкі: ні пра 183 з кнігі «Памяці» 2004 года, ні пра 306 з Базы даных Нацыянальнага архіва з 2013 года. Відавочна, што да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай айчынай вайне варта зрабіць працу, каб змест мемарыяла адпавядаў яго форме — як месцу праўдзівай ПАМЯЦІ аб спаленых вёсках Гарадоцкага раёна і нашых загінулых суайчынніках у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Таксама варта ўшанаваць памяць пра знішчаныя вёскі і забітых суайчынніках на тэрыторыі сучасных сельсаветаў у найбольшых з застаўшыхся вёсках. І гэта праца мусіць весціся ўсімі неабыякавымі грамадзянамі і сілкавацца дзейнасцю ў школах Гарадоцкага раёна. Добра будзе, калі старт гэтай працы пакладзе сёняшняя сустрэча і ў Год Малой Радзімы мы больш уважліва пачнем ставіцца да гісторыі сваёй Гарадоцкай зямлі. І напрыканцы. Нядаўна прачытаў кнігу вядомага чэшскага пісьменніка Яхіма Топалы «Цэх д’ябла». У ёй пісьменнік распавядае пра падобнасць лёсаў чэхаў і беларусаў і адзначае выключнасць маштабаў нашай трагічнай гісторыі, а ў вусны свайго героя ўкладае думку: «Калі мы страцім сваю мінуўшчыну, то і будучыні для нас не будзе. Не будзе, разумееш?». .Дык давайце не страчваць сваю мінуўшчыну, каб мець будучыню! Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц Леанід Гаравы, краязнаўца. |
