Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне ўключаны ў нацыянальны спіс гісторыка- культурнай каштоўнасці Беларусі

Дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” абагульніла досьвед вырабаў страваў з сырой  цёртай бульбы, якія шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Гарадоцкага раёна. Разам з іншымі раёнамі Віцебскай вобласці наш раён трапіў у рашэнне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб наданні статусу  гісторыка- культурнай каштоўнасці страваў з сырой  цёртай бульбы. Досьвед працы клубных устаноў Гарадоцкага раёна абагульнілі загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” – Таццяна Аляксандраўна Аўсянка і метадыст метадычнага аддзела ДУК “ЦТКіНТ” — Наталля Алегаўна Качанава.

Дранікі – страва з сырой  цёртай бульбы, шырока распаўсюджаная на тэрыторыі Гарадоцкага раёна. Сваю назву страва атрымала ад назвы працэсу прыгатавання ( драць, дзерці бульбу на  тарцы).  Дранікі, бульбяныя бліны адносяцца да  сфарміраванага  яшчэ ў старажытныя  часы на Гарадоччыне, комплексу страў з дзёртай бульбы. Сюды  ўваходзяць таксама клёцкі,  бабка, калдуны. У некаторых вёсках Гарадоччыны сустракаюцца  лакальныя назвы дранікаў:  дзеруны, дзертукі, цертукі. Асноўнымі інгрэдыентамі для прыгатавання дранікаў з’яўляецца бульба, надраная на тарцы, цыбуля, соль. Калі  натаркаваная маса атрымліваецца занадта рэдкай, яе сцэджваюць на сіта ці праз марлю, даюць адстаяцца і крухмал, які асядае на дно посуду, дадаюць да цёртай бульбяной масы. Выпякалі дранікі на свінным тлушчы, а пазней на алеі, выкладваючы на патэльню лыжкай і абсмажваючы з  абодвух бакоў. Падавалі дранікі  са смятанай.

За час існавання стравы, базавы рэцэпт дапаўняўся рознымі варыяцыямі. Так многія  гаспадыні з розных вёсак Гарадоччыны  ў   дзёртую бульбу акрамя цыбулі і солі, дадаюць яйка,  і пару лыжак мукі і  смятаны. Гаспадыні  з вёсак    Бычыхінскага   сельскага Савета дабаўляюць цёртую моркву,  у вёсцы Кабішча квашаную капусту, а ў вёсках Межанскага Савета распаўсюджаны рэцэпт з дабаўленнем творагу. Другая група дранікаў мае мясную начынку. Яны таксама шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Гарадоцкага раёна і  раней  былі  пераважна святочнай стравай.

Тэхналогія і   традыцыйныя рэцэпты прыгавання дранікаў, што дайшлі да нас амаль у нязменным выглядзе,  сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці  і сучаснай кулінарыі. Яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю на святочных мерапрыемствах, дзе часта ладзяцца выставы-дэгустацыі страў нацыянальнай кухні. Дранікамі частуюць сваіх гасцей гаспадыня аграсядзібы “Экомир” Тарасава Любоў Аляксандраўна з вёскі Рослыя і гаспадыня аграсядзібы     “Виноградная улитка» Касцюкевіч Анжаліка Іванаўна з вёскі Сазоненкі.

На Гарадочччыне традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў  захоўваюцца з даўніны  і перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Значную ўвагу захаванню гэтых традыцыйных страў і выкарыстанню іх у клубнай рабоце   надаюць і спецыялісты клубных устаноў раёна, спрыяючы  тым самым развіццю ведаў пра  спецыфіку і каларыт беларускай кухні. Веданне асаблівасцяў сваёй нацыянальнай кухні, як  часткі  традыцыйнай культуры рэгіёна з’яўляецца  кансалідуючым фактарам для супольнасці.Гэты элемент  нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае ўжыткова-утылітарную функцыю, так як сёння шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці. Захаванне і папулярызацыя гэтага  элемента паспрыяе  развіццю турыстычнай прывабнасці Гарадоччыны і устоўліваму  развіццю рэгіёна.

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне” з’яўляецца часткай  багатых і самабытных традыцый беларусаў, звязаных з  асаблівасцямі харчавання. Бульбяныя стравы,накшталт нашых дранікаў, шырока распаўсюджана ў краінах  Лацінскай Амерыкі і Еўропы. У кожнай з іх яны гатуюцца па сваіх рацэптах, маюць адметны смак і свае асаблівасці прыгатавання.На тэрыторыі Беларусі бульбу сталі вырошчваць у 17 стагоддзі. Мяркуюць, што завезена яна была з Галандыі, а ў Еўропу трапіла з Амерыкі. Сваю папулярнасць бульба  заваявала ў беларусаў не адразу, затое цяпер па праву лічыцца другім хлебам. Бульба з’яўляецца асновай і неад’емнай часткай многіх страў нацыянальнай беларускай кухні. А дранікі лічацца сапраўдным гастранамічным брэндам краіны. Упершыню рэцэпт дранікаў быў апісаны ў кнізе “Кухар добра навучаны” польскага повара Яна Шыдлера у 1830 годзе.

     Рэцэпты прыгатавання  застаюцца амаль нязменнымі на  працягу стагоддзяў і перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Аснову рэцэпта дранікаў, як сцвярджаюць старэйшыя носьбіты традыцыі Прышчэпава Надзея Раманаўна 1936 г.н., і  Гайтамонова Марыя Піліпаўна, 1938 г.н. з аг.Пальмінка, складаюць простыя і даступныя прадукты. Таму дранікі, як паўсядзённая страва, шырока практыкуюцца ва ўсіх вёсках раёна і ў горадзе Гарадку і з’яўляюцца любімай стравай.

Дранікі ў Гарадоцкім раёне гатуюць паўсюдна, ва ўсіх  вёсках раёна, у 9 аграгарадках  і ў горадзе Гарадку. Жыхары аграгарадкоў і вёсак у сваёй пераважнай большасці практыкуюць  сельскагаспадарчы ўклад жыцця. Яны вырошчваюць бульбу і іншую гародніну на прысядзібных участках, трымаюць кароў і свіней,   што з’яўляецца  важным фактарам  захавання тэхналогіі прыгатавання мясцовых  традыцыйных страў, у тым ліку і дранікаў, бо неабходныя  для іх прыгатавання прадукты заўсёды даступныя.Для прыгатавання дранікаў выкарыстоўваюцца  традыцыйныя прылады, якія ёсць у кожнай гаспадыні: тарка “бульбяная” і “бурачная”, чугунная патэльня, гаршчок, лыжка і інш. Амаль штодзённае прыгатаванне дранікаў і бульбяных бліноў у гарадскім і  вясковым асяроддзі  паспрыяла натуральнаму бытаванню і далейшаму развіццю дадзенага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.Тэхналогія прыгатавання дранікаў традыцыйная, рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакаленне і маюць невялікія адрозненні па складу інгрэдыентаў, у залежнасці ад мясцовасці.

 У вёсках   Бычыха, Мехавое, Смароднік Бычыхінскага сельскага Савета   да  цёртай бульбы акрамя цыбулі, солі дадаецца яшчэ нацёртая на дробную тарку морква, мука і смятана.

 Рэцэпт запісаны са слоў  Шэнец Святланы Пятроўны 1960 г.н. У свой час так гатавала дранікі яе маці   Драздзенка Ніна Іванаўна,1923 г.н.  Трэба 6 вялікіх бульбін, адну цыбуліну, адну сярэдніх памераў моркву,  нацерці на тарцы, дадаць па смаку соль, перац і дзве  лыжкі смятаны. Выкладваць лыжкай на патэльню і смажыць з абодвух бакоў.

        Гаспадыня з вёскі Лахі Езырышчанскага Савета  Падліпская Лідзія Васільеўена (1955 г.н) пераняла  ад носьбіта традыцыі, сваёй маці   Ніны Фёдараўны Шапляковай ( 1925 г.н)  наступны рэцэпт прыгатавання дранікаў : 5 бульбін, цыбуліну  пацерці на дробную тарку, дадаць 200 грамаў нацёртага гарбуза, 100 грамаў капусты, нацёртай на “бурачнай ”тарцы, 2 яйкі, 2 лыжкі смятаны,соль. Смажыць на алеі з двух бакоў, накрыўшы патэльню крышкай.

Многія гаспадыні з вёскі Кабішча Пальмінскага сельскага Савета акрамя базавага рэцэпта дранікаў, выкарыстоўваюць і рэцэпт з дабаўленнем квашанай капусты. Спатрэбіцца 5-7 бульбін, грамаў 300 квашанай капусты, адно яйка, дзве лыжкі мукі.Гэты рэцэпт быў запісаны са слоў Канстанцінавай Валянціны Іванаўны, 1952 года нараджэння.Яна пераняла яго ад сваёй маці Цяцёркінай Алены Паўлаўны (1918 г.н)

       У вёсках Максімаўка, Хмяльнік, Даўганы Межанскага сельскага Савета выкарыстоўваюць рэцэпт прыгатавання дранікаў з дабаўленнем творагу. (Запісана са слоў Міхновай Галіны Анатольеўны, якая пераняла  рэцэпт ад сваёй бабулі  Анастасіі Анісімаўны Кажамяка, 1912 года нараджэння).  Дзесяць бульбін трэба нацерці на дробную тарку, адцадзіць, дадаць стакан тварагу, два яйкі, 3 лыжкі мукі. Смажыць на алеі з двух бакоў.

       У аграгарадку Мяжа Межанскага сельскага Савета гаспадыні пякуць бульбяныя бліны па наступным рэцэпце. 7 буйных бульбін нацерці на тарцы, добра адціснуць вадкасць, дадаць адзін стакан малака, адзін стакан мукі, адно яйка, соль. Добра размяшаць.Смажыць на алеі вялікія бліны на ўсю патэльню. Добра пасмажыць дробна парэзанае свіное сала і цыбулю і макаць туды бульбяныя бліны.

        У аграгарадку Пальмінка, вёсках Кабішча, Валадарка, Раманава, Сюбараўка Пальмінскага сельскага Савета   бульбяныя бліны гатуюць наступным чынам. Трэба  адварыць 6 бульбін у лупінах, абабраць, растаўчы. 7 бульбін нацерці на дробную тарку, дадаць 3 яйкі, стакан малака, 3 лыжкі мукі, растоўчаную варанаю бульбу (пюрэ). Усё добра перамяшаць. Калі маса атрымаецца занадта густой, дабавіць крыху бульбянога адвару. Выпякаць  бліны на ўсю патэльню.Гэтым рэцэптам падзялілася Прышчэпава Яўгенія Раманаўна (1936 года н.р)  

     Другая група традыцыйнай стравы – дранікі з мясам. Яны таксама шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Гарадоцкага раёна.Толькі раней яны былі  пераважна святочнай стравай. Ва ўсіх вёсках інгрэдыенты для іх прыгатавання выкарыстоўваюцца аднолькавыя : бульба, яйкі, свіное мяса з салам (раней яго дробна рэзалі, пазней сталі пракручваць на мясасечку),  соль, чорны перац, цыбуля. Некаторыя гаспадыні дадаюць яшчэ і часнок. Вось рэцэпт дранікаў з мясам запісаны са слоў Галіны Іванаўны Рудаковай (1939 г. н.), жыхаркі вёскі Верамееўка,  які яна пераняла ад сваёй маці. Бярэцца 6-7  бульбін, 300 грамаў, дробна парэзанага, свінога мяса і сала, адна вялікая цыбуліна, адно яйка, дзве лыжкі смятаны, соль і перац па смаку.Бульбу і цыбулю  трэба пацерці на дробную тарку, дадаць соль, перац, мяса, яйка. Перамяшаць, выкладваць на патэльню лыжкай і смажыць з двух бакоў на свіным тлушчы.

       Ёсць яшчэ адзін спосаб прыгатавання дранікаў з мясам. Для іх  мясны фарш не дадаецца да бульбяной масы, а замешваецца асобна. Да яго дадаюцца соль, здробнены  часнок, чорны перац. Затым лыжкай  на патэльню выкладваецца  цёртая бульба ў выглядзе аладак, затым на кожную аладку кладзецца мясны фарш а зверху зноў цёртая бульба. Такія бульбяныя аладкі  таксама абсмажваюцца з двух бакоў. Такім спосабам дранікі з мясам часцей гатуюць у вёсках Даўгапольскага сельскага Савета ( Селішча, Верына, Кісялі, Зарэчча і інш).Такім жа чынам гатуюцца дранікі з мясам  а ў аграсядзібе “Экомір”, што знаходзіцца ў вёсцы Сазоненкі. Яе гаспадыня Тарасава Любоў Аляксандраўна падзялілася таксама рэцэптам бульбяных бліноў,  які ёй дастаўся ад яе маці. Бульбу трэба нацерці на тарцы, дадаць соль, нацёртую цыбулю, крыху часнаку і добра перамяшаць. Выкладваць блін на ўсю патэльню і смажыць з абодвух бакоў. Затым кожны блін разрэзаць на  чатыры часткі, скласці ў  чыгунок, паліць смятанай і пратушыць.

  Прыгатаванне дранікаў,  як паўсядзённай стравы, шырока практыкуецца ў семьях вясковых і гарадскіх жыхароў, дзе рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакалення. Зразумела, што ў наш час гаспадыні  выкарыстоўваюць на кухні сучаснае абсталяванне, але гэта не можа значна паўплываць на працэс бытавання і развіцця элемента.

Матэрыяльныя аб’екты, звязаныя з практыкай вырабу дранікаў: бульба, цыбуля, свіны тлушч, алей, свіное сала і мяса, соль, мука, яйкі, малако, тарка, патэльня, чугунок і інш.

 

Элемент нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці перадаецца ў сям’і, ад пакалення да пакалення, а таксама пры правядзенні раённых фестываляў “Гарадоцкі Парнас” і “Мара гурмана”, святаў народнага каляндара і іншых мерапрыемстваў фальклорнага накірунку клубных устаноў раёна,  выстаў-прэзентацый страў нацыянальнай кухні, што праводзяць народныя аматарскія аб’яднанні “Сладушка” філіяла”Пальмінскі СДК” і “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі СДК”. Цэнтрам традыцыйнай культуры і народнай творчасці  падрыхтавана выданне “Гарадоцкія прысмакі” , у якое ўвайшлі рэцэпты традыцыйных страў, у тым ліку і дранікаў.

У Інвентары гісторыка-культурных каштоўнасцей беларусі унесена 94 элементы, 11 з якіх, адносяцца да катэгорыі “традыцыйная ежа”. У сістэме падобнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны  Віцебскай вобласці прадстаўлены 3 элементы “Традыцыйная страва “Клёцкі  з душамі” Віцебскай вобласці”,  “Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба”(Глыбоцкі раён), “Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран»( Глыбоцкі раён).

Пэўнае падабенства элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне” ёсць   з элементам “Традыцыйная страва “Клёцкі  з душамі” Віцебскай вобласці”, унесенным у  дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Абедзве стравы гатуюць з дзёртай бульбы, яны маюць шырокі арэол бытавання і шырока практыкуюцца у сучасным гарадскім і вясковым асяроддзі.

Вядучую ролю у захаванні жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў  у Гарадоцкім раёне” выконваюць супольнасці  жыхароў  Бычыхінскага, Стадалішчанскага, Даўгапольскага, Межанскага, Першамайскага, Віраўлянскага, Пруднікскага Езярышчанскага сельскіх Саветаў. А таксама работнікі клубных устаноў.

   Дзяржаўнай установай культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” праводзіцца шмат мерапрыемстваў , неад’емнай часткай якіх з’яўляюцца выставы-дэгустацыя страў нацыянальнай кухні, у тым ліку дранікаў і бульбяных бліноў.Сярод іх раённае свята традыцыйнай культуры “Са спадчынай продкаў –у будучыню”, раённае свята народных талентаў “А музыкі граюць, граюць”, раённы  агляд – конкурс народнай творчасці “Гарадоцкая скарбонка”, раённы конкурс маладых сямей у межах рэспубліканскага праекта ”Властелин села”.  Кулінарнае майстэрства прыгатавання дранікаў, а таксама іх дэгустацыя  дэманструецца на тэматычных  панадворках сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый горада падчас правядзення раённага фестываля народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”, што з’яўляецца брэндавым мерапрыемтвам Гарадоцкага раёна, а таксама падчас правядзення кулінарнага фестываля “Мара гурмана”.

  Частаванне дранікамі ўключана ў праграму    святаў народнага календара Масленіца і Купалле, якія праводзіць Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна для арганізаваных турыстычных груп на базе турысцка-аздараўленчага комплексу “Лосвіда”.

   Дранікі і бульбяныя бліны нязменна прадстаўлены штогод  падчас выстаў -прэзентацый страў беларускай кухні, што ладзяць народнае аматарскае аб’яднанне “Сладушка” філіяла “Пальмінскі сельскі Дом культуры”, народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі сельскі Дом культуры”, клуб нацыянальнай кухні і гульні “Ройніца” філіяла “Даўгапольскі сельскі клуб”, фальклорны калектыў “Спадарыня” філіяла “Бычыхінскі сельскі Дом культуры” падчас правядзення раённага свята “Хвала і пашана вам , хлебаробы”, прысвечанага Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці АПК, раённага свята “Масленіца”, абласнога спартыўна-мастацкага свята “Віцебская лыжня”, што праходзіць ва ўрочышчы Вераб’ёвы горы.

Адкрытыя паседжанні па тэме  традыцый  беларускай кухні, прыгатавання дранікаў па розных рэцэптах праводзяць народнае аматарскае аб’яднанне “Сладушка” філіяла “Пальмінскі сельскі Дом культуры”, народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі сельскі Дом культуры”, клуб нацыянальнай кухні і гульні “Ройніца” філіяла “Даўгапольскі сельскі клуб”,  клуб “Сельчанка”  філіяла “Віраўлянскі сельскі Дом культуры”, жаночы клуб “Дзявочнік” філіяла “Вархоўскі сельскі Дом культуры”.

     У філіяле “Кабішчанскі СДК” праведзена свята беларускай кухні “Прысмакі на ўсе смакі”, фальклорная вечарына “Традыцыі нашых продкаў”. У філіяле “Пальмінскі СДК” праведзена  свята “Беларускія прысмакі”, конкурс гаспадынь “Смачна гатуем,гасцей частуем”. У філіяле “Вархоўскі СДК” праведзена свята бульбы “Ах,бульба, бульбачка”.

  Дранікі, бульбяныя бліны, разам з іншымі стравамі нацыянальнай кухні заўжды прадстаўлены на выставах-дэгустацыях падчас святаў народнага каляндара Масленіца, Купалле, Спас, Юр’я, Багач, Пакроў, што праводзяць усе  клубныя установы, што з’яўляюцца філіяламі ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна”.

Застаецца пажадаць культурным работнікам паспяховага прасоўвання нашай каштоўнасці на тэрыторыі раёна і правядзення адмысловага агульнараённага свята ў Гарадоцкім краі. Ды і адпаведны кулінарны маршрут нам па сілам арганізаваць на Гарадоччыне.

Л. Антонаў

 

29.06.2022