15 красавіка даведаўся, што ў верасні 2019 года Антон Францішак Брыль, беларускі перакладчык і паэт, унук Янкі Брыля, знайшоў некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце “Новое время” за 1903 год. Пра абставіны пошука даты смерці К. Вераніцына і сам некралог нашага славутага зямляка Антон Францішак Брыль распавёў у снежаньскім часопісу “Роднага слова” за 2019 год такім чынам.
Вядома, што біяграфія Канстанціна Васілевіча Вераніцына, самага верагоднага аўтара паэмы “Тарас на Парнасе”, падрабязна прасочаная Генадзем Кісялёвым – ад нараджэння ў 1834 г. пад Гарадком на Віцебшчыне да апошніх гадоў у Санкт-Пецярбургу. Аднак дакладная дата смерці героя даследавання не знайшлася. Антон Францішак Брыль адзначае: “Кісялёў вызначыў, што ў лютым 1904 г. быў выдадзены пашпарт удаве Вераніцына, Елізавеце Аляксееўне, і зрабіў выснову, што Канстанцін Васілевіч пакінуў свет, магчыма, у тым жа ці папярэднім месяцы” Пра гэта ў прыватнасці і напісана ў апошняй кнізе Генадзя Кісялёва “Жылі-былі класікі” 2005 г. выдання. Гэтая дата – пачатак 1904 г. – і замацавалася ў даведніках.
У верасні 2019 г., гартаючы ў чытальнай зале аддзела газет Расійскай нацыянальнай бібліятэкі падшыўку “Мінскага лістка”, А.Ф. Брыль вырашыў выпрабаваць удачу ў даследаванні біяграфіі Вераніцына. Па парадзе бібліятэкара ён звярнуўся да папулярнай газеты “Новое время”.
На першай старонцы нумара за 14 (27) жніўня 1903 г. сярод аб’яў у жалобных рамках знайшлася шуканая інфармацыя: “Елизавета Алексеевна Вереницына с горестью извещает родных и знакомых о кончине горячо любимого мужа, Статского Советника КОНСТАНТИНА ВАСИЛЬЕ ВИЧА ВЕРЕНИЦЫНА, последовавшей в ночь на 13-е августа. Панихиды в квартире (Лесное, Малая Объездная, 14) в 1 час дня и 9 вечера. Вынос тела для отпевания в церкви у Круглого пруда в субботу, 16-го августа, в 9 ч. утра. Погребение на Митрофаниевском кладбище” .
Значыць дакладная дата смерці Вераніцына – 13 (26) жніўня 1903 г., а месца – Лясны ўчастак (сёння гэта частка Выбаргскага раёна Санкт-Пецярбурга). Метрычны запіс смерці паўтарае звесткі некралога і называе прычыну смерці: “От паралича вследствие кровоизлияния в мозг”.
У спісе пахаваных у жніўні 1903 г. на Мітрафаніеўскіх могілках насупраць імені Канстанціна Вераніцына пазначана месца магілы: “по дор. Сорокина налево”.
Напрыканцы публікацыі Антон Францішак Брыль адзначае: “Удакладненая дата смерці Канстанціна Васілевіча Вераніцына дае магчымасць аднавіць пошукі больш падрабязных некралогаў (альбо ўспамінаў на гадавіну смерці) у шматлікіх сталічных газетах і часопісах. Таксама і адрас у Лясным можа прынесці новыя ідэі даследчыкам. А вось надзеі знайсці магілу Вераніцына амаль няма: Мітрафаніеўскія могілкі Санкт-Пецярбурга – як і храм Пятра і Паўла ля Круглага става – не захаваліся. “
15 красавіка 2020 г., Леанід Гаравы, краязнаўца