У Гарадоцкім раёне фестываль «Гарадоцкі Парнас» сабраў аматараў народнай творчасці, паэзіі і фальклору

Фестываль народнай творчасці «Гарадоцкі Парнас» праходзіць на Гарадоччыне. На мерапрыемстве традыцыйна збіраюцца сотні жыхароў раёна і госці з Беларусі і Расіі, каб прадэманстраваць свае таленты і здзівіцца талентам іншых. Фестываль — візітная картка раёна, ён прысвечаны мясцоваму выхадцу — паэту, аўтару папулярнай у ХIХ стагоддзі паэмы «Тарас на Парнасе».

Міфічная гара, дзе адбываецца дзеянне ў творы, — сімвал творчай вяршыні. Таму фестываль прадстаўляе самадзейнае мастацтва ва ўсіх яго праявах — ад вершаў і танцаў да традыцыйных рамёстваў і нацыянальнай кухні. Ужо некалькі гадоў свята арганізуюць ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы на ўскрайку райцэнтра. У маляўнічым кутку на беразе возера адкрыліся дзясяткі тэматычных інтэрактыўных зон, у тым ліку для дзяцей, выставы-продажы вырабаў народных майстроў, гастранамічны падворак «Юшка для Тараса», дзе наведвальнікам прапаноўвалі прадэгуставаць дзясяткі варыянтаў любімай многімі юшкі і г.д.

Фестываль наведаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падкрэсліў, што з году ў год гэту падзею прыцягвае ўсё больш гасцей. Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса прыадкрыў таямніцу — раённыя і абласныя ўлады прыкладаюць максімум намаганняў, каб права правесці адзін з найбліжэйшых Дзён беларускага пісьменства даверылі менавіта Гарадоччыне.

У фестывалі таксама прынялі ўдзел: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Палякова, дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Шчасны, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.

Падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця старшыня райвыканкама Пётр Карабач уручыў памятныя падарункі і статуэткі «Зорны Тарас» лаўрэатам прэміі «Земляк года». Прэмія ўручаецца як ураджэнцам раёна, так і людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Гарадоччыны. У бягучым годзе ўзнагародамі ўганараваны былы кіраўнік МНС Беларусі Уладзімір Вашчанка, які ў юныя гады жыў у аграгарадку Бычыха, і знакаміты беларускі мастак Віктар Шылко, які з’явіўся на свет у вёсцы Зарэчча.

Пасля афіцыйнай часткі наступіла чарада конкурсаў, у прыватнасці «Уладара лесу» (менавіта з лесам была звязана прафесійная дзейнасць галоўнага героя паэмы «Тарас на Парнасе»), народнай творчасці «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» і «Доўгая каса — дзявочая прыгажосць» на прызы раённай газеты «Гарадоцкі веснік». Таксама адной з цэнтральных падзеяў стала праца паэтычнай пляцоўкі «Вераніцынская зорка».

Ад рэдактара сайта. Упершыню на свяце прайшоў абласны пленэр па спіральным пляценні. Гарадок прадстаўлялі вядучы майстар спіральнага пляцення Беларусі, народны майстар — Васіль Сіманковіч, а таксама народныя майстры Беларусі Людміла Гаравая і Вольга Рэут з удзелам вучняў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.

Эдуард Каралевіч. Фота аўтара.

Пераклад з расейскай мовы рэдактара.

Паводле: https://vitvesti.by/obshestvo/v-gorodokskom-raione-festival-gorodokskii-parnas-sobral-liubitelei-narodnogo-tvorchestva.html

06.06.2022