У Гарадку ўрачыста адзначылі 75-ю гадавіну вызвалення Гарадоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Відэа

22 снежня ў райцэнтры адбыліся ўрачыстасці прысвечаныя 75-гадавіне вызвалення Гарадка і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян, старшыня Віцебскага аблсавета У.У. Цярэнцьеў і іншыя госці з Віцебска.

Урачыстасці пачаліся з ускладання гірлянды Славы да памятнага знаку 12-ці часткам і злучэнням, якія вызвалялі Гарадок ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з удзелам прадстаўнікоў вайсковай часткі і высокіх гасцей.
Непасрэдна урачыстасці пачаліся каля помніка двойчы Герою Савецкага Саюза, Маршалу Савецкага Саюза І.Х. Баграмяну. Спачатку адбылося ўскладанне вянкоў, а потым прывітальныя словы сказалі пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян і унук Маршала І.С. Баграмян.

Далей адбылося ўрачыстае шэсце прадстаўнікоў арганізацый, працоўных калектываў і навучэнцаў Гарадка з аркестрам да цэнтральнай плошчы горада.

На цэнтральнай плошчы адбыўся мітынг «Славім салдацкі подзвіг», на якім выступілі Уладзімір Цярэнцьеў — старшыня Віцебскага аблсавета, Пётр Карабач — старшыня Гарадоцкага райвыканкаму і іншыя госці свята.
Завяршыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак на мемарыял «Няўміручасці» ад высокіх гасцей, калектываў Гарадка і ўдзельнікаў мітынга.

Пасля ўскладання вянкоў і кветак адбылося паказальнае выступленне байцоў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Далей свята прадоўжылася ў Гарадоцкім ДК, дзе была арганізавана экспазіцыя «Мы помнім! Мы ганарымся!», дзейнічалі інтэр-актыўныя пляцоўкі і адбылося музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Да Перамогі шоў, Айчына, твой салдат!».

Святочныя мерапрыемствы завяршыліся працяглым фейерверкам на цэнтральнай плошчы.

Л. Антонаў
26.12.2018