У сакавіку здымачная група “Беларусьфільма” пад кіраўніцтвам рэжысёра Юрыя Цімафеява правяла на Гарадоччыне здымку эпізодаў фільма “I мы з тых варот, адкуль увесь народ” на тэму беларускага эратычнага фальклору.
“Беларускі фальклор працяты глыбокім «жыццёвым» сімвалізмам, які з стагоддзя ў стагоддзе перадаваўся пакаленнямі. Абрады з эратычным падтэкстам ў нашых продкаў былі прыгатаваныя на кожнае свята. Лічылася, што выконваць іх трэба па правілах і сапраўды ў тэрмін, інакш страцяць сваю магію. У дакументальная карціне пад працоўнай назвай «I мы з тых варот, адкуль увесь народ», у немудрагелістых, часта гумарыстычных, часам грубаватых, часам тонкіх народных абрадах узнаўляецца не толькі глыбока сімвалічны вобраз «сорамна» частак цела, але і разгортваецца панарама сялянскага жыцця з яе пачуццёвымі запалам і філасофскім асэнсаваннем свайго быцця. Эратызм, як сімвалічнае афармленне сэксуальнасці і палавых узаемаадносін выступае элементам практычна ўсіх рытуальных абрадаў каляндарнага і сямейна-бытавога цыклаў.
Фільм будзе складацца з такіх яркіх каляндарных абрадах на Беларусі такіх як: “Жаніцьба Цярэшкі” (Лепельшчына), “Пахаванне Дзеда” (Гарадоцкі раён) -абрады занесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, Масьленіцы, Купалле … Таксама фільм будзе насычаны песенным эратычным фальклорам.” – так вызначылі ідэю фільма яго стваральнікі.
Гарадоччына не здарма была абрана адной з пляцовак, якая мусіла быць прадстаўлена ў фільме на тэму беларускага эратычнага фальклору. Бо менавіта ў нашым краі захаваўся абрад “Пахаванне Дзеда”, які занесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і мае пэўны эратычны змест. Таксама на гарадоцкай зямлі, каля Дарахоў і каля Бычыхі знаходзілі каменныя фаласы, якія часткова захоўваюцца ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі.
Здымачная группа “Беларусьфільма” ў першы дзень знаходжання на гаррадоцкай зямлі здымала абрад “Пахаванне Дзеда” ў Даўгапольскім сельсавеце.
На другі дзень вялася праца па стварэнню сюжэтаў пра каменныя фаласы, як у краязнаўчым музеі, так і пры наведванні вёскі Дарахі, дзе ў яе ваколіцах знаходзіў гэтыя артэфакты Іван Вашчыла на мяжы 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя.
У планах здымачнага калектыву наведванне розных мясцін Беларусі, дзе прысутнічае эратычны беларускі фальклор. І на прыканцы гэтага года па выніках унікальнай экспедыцыі па Беларусі павінен быць гатовы фільм пра наш эратычны фальклор.
Л.Антонаў
Фота прадстаўлена ўдзельнікамі здымачнай групы.