У Гарадку адбыліся дзве экскурсіі ў межах Х “Фэста экскурсаводаў”

13 красавіка 2019 года ў горадзе Гарадку ўпершыню адбыўся фэст-экскурсаводаў у межах Х  агульнанацыянальнага “Фэста экскурсаводаў”.

З 11 гадзінаў была першая экскурсія «Гарадок: мінулае і сучаснасць”, якую правяла Ксенія Бажанкова, супрацоўніца РФСК “Гарадок”. Экскурсанты прагуляліся па цэнтральнай плошчы горада і даведаліся гісторыю яе забудовы і прылеглых да плошчы будынкаў. Потым прайшлі па самай старой вуліцы горада Вялікай (цяпер – вул. Савецкая) і пазнаёміліся з гісторыяй будынкаў канца 19 ст – пачатку 20в. Пабывалі адразу ў двух кінатэатрах “Радзіма” г.Гарадка, якія былі ў розных месцах Гарадка. Даведаліся шмат пра будынкі горада і што ў іх раней знаходзілася.

Таксама экскурсанты пазнаёміліся з мінулым Свята – Мікалаеўскага сабора, які быў узведзены ў сярэдзіне19 стагоддзя. Экскурсія завяршылася каля самага маладога помніка райцэнтра – бюста двойчы Героя Савецкага саюза, Маршала І.Х. Баграмяна каля СШ №1.

У 13 гадзінаў пачалася другая экскурсія “Гарадок з мінулых стагоддзяў”, якую  праводзіў краязнаўца Леанід Гаравы. Разам з Леанідам Гаравым удзельнікі экскурсіі акунуліся ў гісторыю напісання паэмы – “Тарас на Парнасе” і яе мемарыялізацыю каля краязнаўчага музея.. Таксама экскурсанты пабывалі ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі, дзе супрацоўніца музея  ў зале этнаграфіі зрабіла агляд экспазіцый.

Пры руху у бок габрэйскіх могілак госці азнаёміліся з гісторыяй габрэяў г.Гарадка, а потым наведалі старажытныя габрэйскія магілы з унікальнымі пахавальнымі сталамі, агледзілі і сучасную частку могілак. Завяршылі экскурсію ў тым месцы, дзе жылі першыя жыхары Гарадка ў ІІІ-ХІ стагоддзі, каля возера Лугавога за вул. Зялёнай. Тут Леанід Гаравы распавёў пра даследаванні В.М. Ляўко тутэйшых курганаў, а таксама курганаў у іншых мясцінах Гарадоччыны, у тым ліку і каля былой вёскі, Альгова Межанскага сельсавета, якую хутчэй за ўсё заснавала княгіня Вольга пад час паходу ў Наўгародскую зямлю ў 947 годзе.

Удзельнікі экскурсій, сярод якіх былі і госці з Нямеччыны, падзякавалі экскурсаводаў з РФСК “Гарадок” за цікавы змест экскурсій і ветлівы прыём.

К. Сава

16.04.2019