У Гарадку ў апошнія гады шмат спартсменаў з Расіі трэніруецца на лыжаролернай трасе, а таксама маюць магчымасць пазнаёміцца з Гарадком і яго культурнымі аб’ектамі. Нашы госці заўсёды застаюцца рады наведванню Гарадоцкага краязнаўчага музея і Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.
Не стала выключэннем і апошняя група юных лыжнікаў з горада Краснае Сяло Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У сярэдзіне жніўня хлопчыкі і дзяўчынкі пасля чарговай трэніроўкі пабывалі ў нашым Доме рамёстваў.
Для хлопчыкаў народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Рэут дала майстар-клас па саломопляценню. І хлопцы з задавальненнем пачалі асвойваць асновы гэтай традыцыйнай народнай творчасці беларусаў, зрабіўшы асноўны элемент саламянага павука.
Майстар Дома рамёстваў Настасся Савасцеева ў гэты час займалася з дзяўчынкамі, навучаючы іх стварэнню народнай беларускай лялькі. Яна прадэманстравала народныя лялькі ў стылі мотанкі-абярэгавай і вандроўніцы.
Юныя спартсменкі былі рады таму, што ў іх атрымалася стварыць сваю ляльку мотанку.
Падобныя візіты ў Дом рамёстваў спрыяюць далучэнню гасцей да нашай беларускай народнай культуры праз практычны урок стварэння.
Л. Антонаў