Літаратурнае падарожжа «1.1.1»
Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4
Калі: 26 чэрвеня
Колькі каштуе: 25 BYN
«1.1.1» — штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны — Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
Вас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна — ва Ушачах, Васіля Быкава — у Бычках, Петруся Броўкі — у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, вы атрымаеце задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.
Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі «броўкавай». З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, — Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з «крыніцы паэтаў»!
Ва Ушачах пад знакамітым «бацькоўскім вязам» Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.
Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх — ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат — жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.
Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў — Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.
Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:
(017) 363-97-50; (017) 342-09-81
Ці праз гугл-форму.
Кошт (пераезд аўтобусам) — 25 руб. (аплата толькі наяўнымі).
Магчымы ўдзел на уласным аўтамабілі.
Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава — 60 кап. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея — вольны).
Праграму можна паглядзець па спасылцы.