Category Archives: Без рубрики

Светлай памяці Анатоля Дарафеева. «Наш Тарас», які любіў, ведаў і развіваў Гарадоцкі край

10 жніўня нашаму славутаму земляку Анатолю Максімавічу Дарафеяву было бы 80 гадоў. Але яго сэрца спынілася 30 ліпеня 2010 году, калі была спякота. У памяці народнай ён застаўся вялікім патрыётам, як Гарадоцкай зямлі, так і Беларусі. Чалавекам, які шанаваў сваю беларускасць, які быў «нашым Тарасам». Без А.М. Дарафеева не было бы мемарыяльных знакаў каля музея, не было бы свята «Гарадоцкі Парнас», якое цяпер стала брэндам Гарадоцкага раёна. Вось так пра Анатоля Максімавіча пісаў Канстанцін Карнялюк у «Гарадоцкім весніку» ў 2017 годзе.

Кожны раз, калі даводзілася сустракаць яго ў сценах ВДУ імя П.М. Машэрава, слухаць выступленні на сходах і канферэнцыях, мяне захапляла і натхняла яго абаяльнасць, інтэлігентнасць, глыбокі інтэлект, незвычайная бадзёрасць і невычэрпны аптымізм. Яго страсным жыццём і нястомнай дзейнасцю надзейна кіравалі дзве планеты — родная Гарадоччына і ўся планета Зямля.
Менавіта ім Анатоль Максімавіч пакланяўся, як Богу, абараняў як неабыякавы чалавек, глыбокапрафесійны эколаг, а землякі для яго былі самымі першымі натхняльнікамі, надзейнымі сябрамі і вернымі суддзямі…Ён нарадзіўся ў в. Верамеева (Лажані) Гарадоцкага раёна 10 жніўня 1941 г. у сялянскай сям’і, вырас на ўлонні прыроды-матухны. З 12 год хлопец пазначаў у сваіх нататніках уражанні аб прыродзе Бацькаўшчыны. У 1958 г. Анатоль з залатым медалём скончыў сярэднюю школу, паступіў на біёлага-хімічны факультэт Віцебскага педінстытута, які з адзнакай скончыў у 1964 г. Здольнага студэнта пакінулі працаваць выкладчыкам. У студзені 1972 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю «Размеркаванне дэндрафільных птушак ва ўмовах ландшафтаў паўночна-заходняй Беларусі». Працаваў прарэктарам па навуковай працы, загадчыкам кафедры заалогіі. У 1990-94 гг. — старшынёй Дзяржаўнага Камітэта Беларусі па экалогіі, міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пасля — першым прарэктарам ВДУ імя П.М. Машэрава, загадчыкам кафедры экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, заставаўся на гэтай пасадзе да апошніх дзён жыцця.
Менавіта гарадоцкія пейзажы, землякі, простыя людзі працы стануць яго героямі, пакінуць самыя моцныя ўражанні ў яго жыцці. А. Дарафееў збіраў матэрыялы пра Бацькаўшчыну (найбагацейшы навукова-папулярны матэрыял у 115 нататніках). Ён аўтар многіх артыкулаў у кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён».
Дзякуючы яму, родны Гарадок не аднойчы станавіўся навуковай і культурнай сталіцай Прыдзвіння. Так, адна з канферэнцый, прысвечаная экалагічнаму стану ўнікальнага возера Ціёста, адбылася ў в. Вярэчча. Анатоль Максімавіч рабіў намаганні па выратаванні помніка архітэктуры — храма ў в. Рамні. Пры яго садзейнічанні Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей узбагаціўся каштоўнай экспазіцыяй прыроды і рэдкімі знаходкамі. На гарадоцкай зямлі праходзілі літаратурна-краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя паэме «Тарас на Парнасе» і яе ролі ў развіцці беларускай культуры. Аднойчы на імпрэзе А. Дарафееў выступіў у ролі Тараса — у нацыянальнай кашулі, саламяным капелюшы, надзвычай парадаваўшы землякоў. З гэтага часу за ім замацавалася шаноўнае імя — «наш Тарас». З дапамогай навукоўца ў Гарадку з’явіліся памятныя знакі, прысвечаныя «Тарасу на Парнасе», а ананімны аўтар сярэдзіны ХIХ стагоддзя набыў канкрэтныя рысы гарадоцкага мешчаніна, ураджэнца в. Астраўляны Канстанціна Вераніцына.
Біёлагі ВДУ разам з Анатолем Дарафеевым сталі ініцыятарамі стварэння многіх прыродаахоўных тэрыторый. Два заказнікі — «Асвейскі» і «Ельня» — атрымалі міжнародны статус аховы. Сетка асобаахоўных прыродных тэрыторый Беларускага Паазер’я, стваральнікам якой стаў і А. Дарафееў, уяўляе сабой найбагацейшую скарбніцу біяразнастайнасці: было зарэгістравана больш за 600 месцаў знаходжання рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Па яго ініцыятыве былі аб’яднаны абаронцы навакольнага асяроддзя ўсяго басейна Балтыйскага мора — актывісты з Расіі, Беларусі, Латвіі — у адзіны рух «Двина-Дзвіна-Даўгава».
Дзякуючы А. Дарафееву, сталі рэгулярнымі міжнародныя навуковыя канферэнцыі на базе ўніверсітэта. Многія яго выступленні на іх былі прысвечаны сучаснаму стану азёр Віцебшчыны, праблемам іх выкарыстання і аховы. З лёгкай рукі Дарафеева ў друку актыўна пачаў ужывацца тэрмін «Беларускае Паазер’е». Азёрнай спадчыне Прыдзвіння навукоўца прысвяціў шмат прац. Ён скрупулёзна вывучаў сістэмы азёр і верхавых балот Віцебшчыны, з’яўляецца аўтарам больш як 170 навуковых прац і кніг. Кожны яго дзень заканчваўся любімымі дзённікавымі запісамі. На жаль, выключэннем стала 30 ліпеня 2010 г.: у гэты летні дзень яго не стала.
Працу бацькі паспяхова працягвае арнітолаг С.А. Дарафееў — сын Анатоля Дарафеева. У ВДУ імя П.М. Машэрава праходзяць «Дарафееўскія чытанні» ў гонар акадэміка А.М. Дарафеева — заснавальніка Міжнароднай акадэміі экалогіі, сапраўднай Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, члена-карэспандэнта Беларускай інжынернай акадэміі і Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў.
А.М. Дарафееў лічыў экалогію найважнейшай навукай ХХI стагоддзя. Мы павінны памятаць урокі, што засталіся нам ад навукоўца, які не стамляўся паўтараць, што неразумныя суадносіны чалавека і прыроды ўяўляюць глыбокую небяcпеку для ўсяго чалавецтва, ставяць яго на мяжу экалагічнай катастрофы. Вучоны быў перакананы, што экалагічна адукаваны чалавек не дапусціць варварскіх адносін да навакольнага асяроддзя, што сёння спыніць парушэнне экалагічных законаў можна, толькі ўзняўшы на вялікую вышыню экалагічную культуру кожнага члена грамадства, праз вывучэнне асноў экалогіі. Лепшай памяццю пра Анатоля Дарафеева будзе, калі людзі пачнуць усведамляць, што клопат пра прыроду — гэта клопат пра чалавека і яго будучыню. Нам трэба выхоўваць пачуццё адказнасці за захаванне біяразнастайнасці на планеце, разумныя адносіны да прыродных багаццяў і ашчаднае стаўленне да прыроды. Менавіта гэта і было справай жыцця Анатоля Максімавіча Дарафеева.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск.

http://www.garadvest.by/2017/01/dve-planety-anatoliya-dorofeeva/

Фота Леаніда Гаравога: А.М. Дарафееў на літаратурна-краязнаўчых чытаннях у Гарадоцкім краязнаўчым музее, 1998 г.. Вядучыя чытанняў: Т.М. Іванова, дырэктар Гарадоцкага музея і Жолудзь З.А., загадчыца аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама.

На турыстычным злёце сярод работнікаў арганізацый Гарадоцкага раёна ўпершыню былі спаборніцтва па тэхніцы воднага і веласіпеднага турызму

30-31 ліпеня ў Вараб’ёвых гарах адбыўся турыстычны злёт сярод работнікаў арганізацый Гарадоцкага раёна, прысвечаны Году народнага адзінства «У адзінстве моцныя».

Асноўная частка турыстычных спаборніцтваў – спартыўная была з чатырох відаў спаборніцтваў. Гэта традыцыйныя – спартыўнае арыентаванне і турыстычная паласа перашкод, а таксама новыя для нашага раёна: тэхнікі воднага турызму і веласіпеднага.

Самымі першымі былі выяўлены пераможцы ў тэхніцы воднага турызму, які судзілі Сяргей Юшкоў, дырэктар ДПУ “Карыцінскі мох” і Сяргей Куракоў, дырэктар ДУСУ “Гарадоцкая ДЮСШ”. Шасці камандам былі дадзены дзве спробы прайсці дыстанцыю воднага турызма на возеры Арэхавым. Пераможцамі стала каманда Гарадоцкага райвыканкаму ў складзе Ніны Мурашка і Аляксея Гамзюка, другое месца ў Гарадоцкай райбальніцы, а трэццяе ў Цэнтра утылізацыі авіяцыйнай зброі.

Адначасова з водным турызмам праходзілі спаборніцтва па тэхніцы і велатурызма, які судзілі Таццяна Кандрацьтева, начальнік сектара спорта і турызма РВК і Вікторыя Максіменкава, супрацоўніца ДУ”РФСК “Гарадок”. Тут зноў лепшы вынік быў у каманды Гарадоцкага райвыканкама ў асобах Ніны Мурашка і Сяргея Шарстнёва. Другое месца заняў Гарадоцкі лясгас, а трэццяй стала каманда Гарадоцкай райбальніцы.

Трэццім відам спартыўнага турызма 30 ліпеня былі спаборніцтва ў спартыўным арыентаванні. Вядучы турыст раёна Генадзь Пятровіч Бесаў склаў, па яго меркаванню, нескладаны маршрут для жанчын і мужчын: 800 м для жанчын і 1500 м для мужчын.

Але арыентаванні на тое і арыентаванне, што нельга бегчы хутчэй чым думае галава. Гэта спазнала  каманда Гарадоцкага райвыканкама, у якой жанчына прыйшла першая, але мужчына заблытаўся ў пошуках пікета і каманда выканкама стала толькі чацвёртай. Перамогу ж атрымала каманда  Цэнтра утылізацыі авіяцыйнай зброі у складзе: Аляксандр Яфрэмаў і Вольга Марозава, пры гэтым Аляксандр атрымаў эстафету пятым. Другой стала каманда Яслей-сада №2, калі Ігар Кузьмін стартаваў шостым. На трэццяе ж месца выйшла каманда Гарадоцкай райбальніцы.

 

31 ліпеня адбыўся адзін від спаборніцтваў – турыстычная паласа перашкод. Перашкоды былі такімі: пераправа па паралельным перылам, пераправа праз “дрыгву”транспарціроўка пацярпелага, устаноўка намёта, пад’ем па схілу з грузам, вязка вузлоў і “балансір”. Тут лепшы вынік паказала каманда Гарадоцкага аддзела па надзвычайных здарэннях – 15.15, другой стала Гарадоцкая райбальніца пры 45 секундах штрафа – 16.48, трэццяе —  у райвыканкама – 17.18. Чацвёртай стала каманеда Яслей- сада №2 – 17.19 пры 50 секундах штрафа.

Вось такія вынікі спартыўнага турызму. Тут лепшы вынік у каманды Гарадоцкага райвыканкама, другое месца ў каманды Гарадоцкай райбальніцы №2, а трэццяе, як і агульнае па турзлёту ў Цэнтра утылізацыі авіяцыйнай зброі.

У агульным жа заліку , дзе была конкурсная праграма, першая месца ў дружнай каманды Гарадоцкай райбальніцы.

Л. Антонаў

Прадстаўнікі Гарадоччыны паспяхова ўдзельнічалі ў фестывале фальклорнага мастацтва “Берагіня” на Гомельшчыне

 Народны фальклорны ансамбль “Азерыца” філіяла “Езярышчанскі ГПДК” стаў лаўрэатам XI Рэспубліканскага фестываля фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які адбыўся 24 ліпеня ў пасёлку Акцябарскі Гомельскай вобласці. Гарадоччыну на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі таксама нашы лепшыя танцавальныя пары, выканаўцы традыцыйных народных танцаў – Галіна і Генадзь Магільніцкія з Дуброва і Галіна і Сяргей Мілюха са Сцяпанавіч.

Справочная информация

Гарадоцкі край. Ваколіцы Гарадка ў 20-я гады ХХ стагоддзя

Сёння мы раскажам вам пра наш Гарадоцкі край і ваколіцы Гарадка, якія былі амаль сто гадоў таму — ў 20-я-30-я гады ХХ стагоддзя, адкуль пайшла назва Вараб’ёвы горы, дзе былі Шчарбакі, Свіналупы, Водвіна і г.д..

Наш цяперашні Гарадоцкі раён сфармаваўся ў сучасных межах у 1962 годзе, калі да яго далучылі Мехаўскі раён. Цяпер па плошчы  ён мае амаль 3 тысячы квадратных кіламетраў – большы па плошчы ў Беларусі толькі Столінскі раён Брэсцкай вобласці.

Працягласць раёна з поўначы на поўдзень – 55 км, з захаду на ўсход – 78 км. Адлегласць ад Гарадка да Віцебска – 30 км, да Мінска – 287 км. Паўночная і ўсходняя мяжы раёна супадаюць з дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй (Невельскі і Усвяцкі раёны Пскоўскай вобласці). На поўдні раён мяжуе з Віцебскім, а на захадзе – з Шумілінскім і Полацкім раёнамі Віцебскай вобласці.

Вось такі зараз наш сельскі раён на поўначы Беларусі.

Напрыканцы ж 19 стагоддзя ў межах сучаснага Гарадоцкага раёна пражывала больш за 120 тысяч насельніцтва і было больш за 1300 вёсак. Пра гэта магчыма прачытаць у кнізе “Памяць. Гарадоцкі раён”, якая пабачыла свет  ў 2004 годзе.

Вёсак у ХХ стагоддзі было вельмі многа і каля блакітных  караляў   Гарадка –возера  Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае, Жабінка, Святое.

 

Тут былі такія вёскі: Волкава Слабада, Вараб’і, Водвіна, Свіналупы, Шчарбакі, Трацякі, Хабенкі, Дубарэзы, Муравіцкі і г.д. Гэта адпаведна мапы 2010 года.

 

І яшчэ ёсць жывая жыхарка Гарадка 1936 года нараджэння Жэня Іванова з роду Вараб’ёвых, якая добра памятае той час і як тады было.

Нашы Варабьёвы горы маюць назву дзякуючы вёсцы Вараб’і, якая да калектывізацыя размяшчалася на паўднёвым беразе  Шчарбакоўскага возера, якое тады мела назву Глыбокае.

 

Само ж возера відавочна атрымала назву ад вёскі Шчарбакі, якая раней існавала  на гары на правым беразе ракі Усыса пры яе выцяканні з возера.

Вёска ж Вараб’і была  на поўнач ад возера Жабінка, яго яшчэ называюць Чортавым. Але на мапе 1910 года яе няма. Тут наша вёска, дзе лічба 2-е.

У  вёсцы Вараб’і тады было 12 драўляных дамоў. Жыхары лавілі рыбу ў Шчарбакоўскім возеры амаль рукамі і прадавалі габрэям у Гарадку. Прыбытак ад рыбнай лоўлі быў значнай падтрымкай для жыхароў  вёсак каля Усысы, асабліва вёскі Вараб’і. Бо тады магчыма было доўгай спадніцай за пару гадзін налавіць вядро шчупакоў, ляшчоў і г.д.

Вёска Вараб’і ж тады адносілася да Водвінскага сельсавета, які размяшчаўся на гары на поўдзень  за Святым возерам. Там у сельсавеце і запісвалі, дзетак, якія нарадзіліся ў в. Вараб’і. Побач з вёскай было шмат арэшнікаў і суседняе возера называлі Арэхавым цяпер мо больш вядомае, як Другое возера.

 Ад вёскі  дарога вяла на млын, што быў на рацэ Усысе. Там яшчэ быў дом і мост,  якія  праіснавалі яшчэ да 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Алё сёння ў гэтым месцы непралазны хмызняк.

Рэчка Усыса у сваім цячэнні калі вёскі Варабьі называецца Шорная, бо  каля яе была артэль шорнікаў, якія выраблялі прылады для коняў: хамуты, збрую.  Коні напачатку ХХ стагоддзя былі галоўнымі ў працы на зямлі.

Паўночны бераг Шчарбакоўскага возера адносіўся да Свіналупскай сельскай абшчыны – да ручая які зараз цячэ з в. Смалькі. Вёска Свіналупы праіснавала да 70-х гадоў  ХХ стагоддзя, пакуль не пачалі будаваць дарогу Гарадок – Сіроціна. Цяпер тут садовае таварыства “Лясное”. Гэта садовае таварыства размяшчаецца і там, дзе была вёска Шчарбакі, дзе ў 30-я гады быў панскі маёнтак.

Менавіта тут, дзе выцякае рака са Шчарбакоўскага возера яна і называецца Усысай. І далей з такой назвай Усыса  будзе цячы праз Ваханскі, Даўгапольскі сельсаветы —  пакуль не ўпадзе ў рэчку Обаль левым прытокам каля вёскі Мішневічы Шумілінскага раёна.

Рэчка Усысы працякае ў нізіне каля Вараб’вых і Шчарбакоўскіх гор. На яе правым берагу  на пачатку ХХ стагодзя былі вёскі: Трацякі і Муравіцкі. Але зараз ніякіх пабудоў тут не засталося. Толькі на месцы в. Муравіцкі маюцца здзічэлыя яблыні, а не падалёку садовае таварыства “Дружба”.

Такія былі назвы вёсак каля рэчкі Усыса, якая ў межах Гарадка называецца Гаражанка.

 Сёння ніякіх знакаў на месцы жыцця нашых продкаў у ХХ стагоддзі ў гэтым месцы Гарадоцкага края няма.

Але ж для гісторыі і геаграфіі края гэта істотныя моманты, якія варты ўшанавання.

Леанід Гаравы