
Category Archives: Без рубрики


( Руская ) QR-код в подвиг. В Городке торжественно открыли аллею Героев

Спрытная вавёрка-ляцяга і ганарлівы арол-маркут абітаюць у Гарадоцкім раёне і ў некаторых іншых раёнах Віцебскай вобласці
Арэалам гнездавання арла-маркута (па-руску – беркут), асаеда (пчалаеда), змеяеда, скапы лічыцца Беларускае Паазер’е, а значыць – Віцебшчына.
Гэтыя драпежныя і моцныя птушкі вельмі рэдкія, у тым ліку з-за іх рацыёну. Напрыклад, асаед сілкуецца насякомымі, змеяед – рэптыліямі, у першую чаргу вужамі і гадзюкамі, а скапу ў народзе празвалі птушкай-рыбаловам. Меню арла-маркута складаюць вавёркі, зайцы, лісіцы, суслікі, мышы, цецерукі, глушцы, іншыя жывёлы і птушкі.
Адзінае месца пражывання ў Беларусі вавёркі-ляцягі (Pteromys volans) – паўночна-усходнія раёны: Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі. У адрозненне ад звычайнай гэтая вавёрка мае невялікую галаву, а вушкі маленькія, закруглёныя і без звыклых пэндзлікаў. У цёплы час яе поўсць шэрага колеру, на брушку – белага.
Дзякуючы лятальнай перапонцы вавёрка валодае незвычайнай здольнасцю, якая і дала ёй назву. Гэта магчымасць планіруючага палёту. У спакойным стане вавёрчына цела мае мяккія бакавыя складкі, а калі адштурхоўваецца ад дрэва, то яны рэзка распраўляюцца і яго плошча разам з хвастом павялічваецца ўдвая. Палёт правільней назваць планіраваннем. Адным разам вавёрка-ляцяга можа пераадольваць да 50 м і пры гэтым манеўраваць, робячы крутыя, да 90° павароты, або спускацца ўніз па спіралі. Палёт абсалютна бязгучны. Нягледзячы на вялікую асцярожнасць і начны лад жыцця, звярок мае шмат ворагаў, сярод якіх галоўным чынам куніцы, совы.
Мікалай Півавар, кандыдат гістарычных навук. Фота з адкрытых крыніц.

У Гарадку на пачатку вуліцы Баграмяна створана Алея Славы Герояў Савецкага Саюза
8 траўня ў 9 гадзін адбудзецца урачыстае адкрыццё Алея Славы Герояў Савецкага Саюза, якая створана створана ў межах грамадзянска-патрыятычнага праекта “Героі Савецкага Саюза – твае землякі”
На гэтым тыдні завяршылася будаўніцтва Алеі Славы Герояў Савецкага Саюза на пачатку вуліцы Баграмяна, дзе ўсталяваны бюст двойчы Герою Савецкага Саюза, Маршалу Івану Баграмяну.
На Алеі Герояў размешчана інфармацыя аб 10 Героях Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на Гарадоцкай зямлі. Таксама на ёй ёсць яшчэ інфармацыя пра двух поўных кавалераў ордэна Славы: Дарошчанка Івана Васільіча і Янчанка Іллю Платоныча.
Трынаццатым нашым земляком стаў Герой Расіі Семянкоў Аляксей Іванавіч, які прывёз у Маскву акт аб капітуляцыі фашысцкай Нямеччыны 9 мая 1945 года і атрымаў званне Героя Расіі ў 1998 годзе. Але нарадзіўся ён на хутары Цесалы, а не ў в. Гуркі, куды былі сселены жыхары гэта хутара ў 1939 годзе. У гэты час наш Герой ужо звязаў сваё жыццё з авіяцыяй, калі закончыў у 1936 годзе Тамбоўскае вучылішча лётчыкаў.
Гэтая Алея Герояў у сваім сціплым афармленні дае добрую інфармацыю аб нашых славутых земляках, якія сталі Героямі ў часы Савецкага Саюза.
Самы першы Герой Савецкага Саюза па атрыманню гэтага звання ў гэтай Алеі – Сабалеўскі Аляксандр Пятровіч, які удзельнічаў у выратаванні “чалюскінцаў”. Званне Героя ён атрымаў яшчэ ў 1940 годзе.
Гераічна загінуў 25 красавіка, паўтарыўшы подзвіг А. Матросава ў г. Брэслаў (зараз польскі Вроцлаў), Іосіф Бумагін, які папаў на фронт восенню 1944 года пасля заканчэння вайсковага вучылішча ва Уладывастоку. І яго памяць да гэтага часу ўшаноўваюць у г. Бірабіджане, дзе засталася яго сям’я і каля якога трагічна загінуў пад цягніком яго старэйшы сын. Дарэчы да апошняга часу ў Бірабіджане лічаць, што Іосіф Бумагін нарадзіўся ў г. Віцебску, як ён мусіць сказаў, калі пайшоў на фронт. Ды і бацьку свайго ён назваў на расійскі лад – Раманам, не так як яго называлі сярод габрэяў – Рувімам.
Прадстаўлены на Алеі і наш Герой, які здзейсніў свой подзвіг у пасляваенны час у студзені 1954 года — Рамашкін Цімафей. Наш зямляк бараніў у паветры самалёт ад нападзення бандытаў і быў смяротна паранены. За адвагу і самаахвяраванне пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Урачыстае адкрыццё Алеі Герояў адбузецца 8 траўня ў 9.00
Л. Антонаў.

Юр’еў дзень: традыцыі вясновага свята
У Беларусі дагэтуль захавалася традыцыя адзначаць 6 мая Юр’еў дзень. Царква ў гэты дзень успамінае нябеснага апекуна воінаў Георгія Пабеданосца.
Юр’еў дзень, які адзначаецца 6 мая, з’яўляецца адным з галоўных святаў беларускага народнага календара. Згодна з народнымі павер’ямі, у гэты дзень можна пазбавіцца бясплоддзя і забяспечыць будучы ўраджай хлеба.
У гэты дзень першы раз пасля зімы сяляне выганялі статак на пашу. З Юр’евым днём была звязана вялікая колькасць рытуальных дзеянняў для захавання хатняй гаспадаркі.
Павер’і і прыкметы на Юр’еў дзень
Для таго, каб абараніць хатніх жывёл, гаспадары здзяйснялі розныя магічныя дзеянні і прамаўлялі “спецыяльныя словы”, якія, згодна з павер’ямі беларусаў, павінны былі захаваць кароў, коней і іншую хатнюю жывёлу ад мору, сурокаў і драпежных жывёл.

Асабліва шмат абрадавых дзеянняў на Юр’я ведалі пастухі, якія лічаць 6 мая сваім святам. Напрыклад, пастух не павінен быў браць новую жывёлу пасля Юр’і, інакш увесь статак будзе пакутаваць ад нападаў ваўкоў.
З гэтым днём звязаныя павер’і і прыкметы, якія тычацца дабрабыту сям’і, дастатку і інтымнай сферы.
На досвітку 6 мая здзяйснялі рытуальныя дзеянні супраць бясплоддзя. Неабходна было ручніком сабраць Юр’еўскую расу і абцерці ёй мужа і жонку. Світанкавая Юр’еўская раса, наогул, лічылася гаючай і дае сілу.

Згодна з народнай прыкметай, калі на Юр’я дождж, то будзе шмат хлеба. Таксама лічылася, што ў гэты дзень трэба садзіць бульбу. Па традыцыі на Юр’я хадзілі “праведваць” палі з азімымі, неслі туды выпечаны напярэдадні хлеб, клалі яго на зямлю і правяралі рост азімых. Калі каравай хаваўся ў жыце, то ўраджай павінен быць добрым.
Як адзначаюць Юр’еў дзень
Праваслаўная царква ў гэты дзень узгадвае вялікапакутніка Георгія Пабеданосца, якому моляцца за дзяцей, аб дапамозе пры хваробах, акрамя гэтага, святы з’яўляецца нябесным заступнікам воінаў.

У Беларусі і цяпер адзначаюць Юр’еў дзень. Асабліва відовішчна гэта адбываецца ў тых рэгіёнах, дзе этнографы змаглі адрадзіць абрады народнага земляробчага календара. Так, штогод у Пагосце праходзіць старажытны абрад “Юраўскi карагод”, які першым у Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.
На свята пякуць хлеб з пшанічнай мукі, які ўпрыгожваюць пад спеў абрадавай песні трыма каласкамі з цеста і трыма галінкамі квітнеючага пладовага дрэва, кожная з якіх мае па тры адросткі. Яны сімвалізуюць дзевяць месяцаў сцельнасці каровы і цяжарнасці жанчыны.

Потым жанчыны водзяць карагод. Зараз да яго далучаюцца і дзеці, але раней у карагод бралі толькі дзяўчын, якія дасягнулі палавой сталасці. Дзяўчыны апранаюць вянкі з барвінка — такія жа, як нявесты на вяселлях.

Галоўнае магічнае дзеянне 6 мая на Юр’я адбываецца ў поле, дзе пасеяны азімыя. У зямлю закопвалі кавалак чорнага хлеба, перавязаны чырвонай стужачкай, і пелі абрадавыя песні.
Читать дальше: https://bel.sputnik.by

( Руская ) Снять дом в усадьбе «Бабарики» Городокского района на длительный срок. Сбежать на край света… в Беларуси!

( Руская ) Автоклуб Городокского района участвует в акции «Дорогами памяти»

Дзейнасць «Яблынькі» скіравана на адраджэнне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, папулярызацыю народных песень, танцаў
29 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень танца. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Яблынька», ДУК «Гарадоцкі ГДК» пачаў дзейнічаць з 1974 г. За гэты час ён сабраў у сваю скарбонку велізарную калекцыю песень і танцаў Віцебскага Паазер’я. |
|
У ліпені 1983 г. за вялікія дасягненні і высокі ўзровень творчага майстэрства ансамбль атрымаў ганаровае званне «народны», а ў снежні 2017 г. — «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць калектыву «Яблынька» ў першую чаргу скіравана на адраджэнне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, папулярызацыю народных песень, танцаў і самадзейнай творчасці Гарадоччыны. Удзельнікі ансамбля — людзі рознага ўзросту, якія акрамя сваёй асноўнай прафесіі знаходзяць час і для творчасці. ![]() На дадзены момант кіраўніком аркестровай групы з’яўляецца Вячаслаў Мурашкевіч, хармайстрам калектыву — Дзіна Сцяпанава, а балетмайстрам — Наталля Тарасава. Ім пашчасціла працаваць з таленавітым І.А. Серыкавым. У аснове рэпертуару сабраны беларускі танцавальны і вакальны фальклор, абрадавыя песні і танцы — калядныя, вясновыя, купальскія, жніўныя. Удзельнікі ансамбля выконваюць іх так, як выконвалі нашы продкі. — Вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Яблынька», «Лявоніха», «Гарадоцкія ганчары», «Полька-весялуха», «Кірмаш», беларускія танцы «Закаблукі», «Расшугаліц», пальмінская кадрыля «Зязюлька», «Пляскач», «Расхадуха-барыня» хаваюць у сабе часціцу душы беларускага народа, — кажа Наталля Тарасава. — Яны адрозніваюцца цікавай харэаграфіяй і багатай музычнай палітрай. Большасць з іх захавалася ў арыгінальнай пастаноўцы Івана Серыкава. Народны ансамбль песні і танца «Яблынька» прымае актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах, разнастайных фестывалях і форумах за межамі нашай краіны, займаючы там першыя месцы, а таксама з поспехам выступае на шматлікіх канцэртных пляцоўках. Гледачы заўсёды сустракаюць «Яблыньку» бурнымі апладысментамі. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. На Гарадоччыне ў гонар дзеяча культуры І.А. Серыкава праходзіць абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў Віцебскай вобласці «Прыдзвінскія карункі». Мэта конкурсу — захаваць створаныя таленавітым земляком беларускія народныя танцавальныя кампазіцыі. Таму абавязковай умовай удзелу ў конкурсе для харэаграфічных калектываў з’яўляецца выкананне аўтарскага танца славутага балетмайстра. Народны ансамбль песні і танца «Яблынька» таксама не раз прымаў у ім удзел. З упэўненасцю можна сказаць, што «Яблынька» больш за 40 гадоў з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Гарадоцкага раёна. Дзякуючы стараннасці і імпэту таленавітых людзей захоўваюцца народныя традыцыі нашага краю. Майя САЛДАЦЕНКА
|

Музей Марка Шагала ў Віцебску
Родны горад Марка Шагала – Віцебск – на працягу ўсяго жыцця майстра быў невычэрпнай крыніцай натхнення. Купалы храмаў і старадаўнія вулачкі, мініяцюрныя дамы і крамы з шыльдамі, стужкі драўляных платоў, возчыкі на вуліцах назаўсёды засталіся на маляўнічах палотнах разам з яго знакамітымі лунаючымі ў небе анёламі і закаханымі…
У нашы дні вучоныя, гісторыкі, мастацтвазнаўцы і, вядома, жывапісцы з усяго свету прыязджаюць у гэты горад, каб прасякнуцца атмасферай і ўбачыць, дзе жыў і тварыў адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сусветнага авангарда ХХ стагоддзя…
Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску
Знакаміты дом на Пакроўскай вуліцы, у якім прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады мастака, у пачатку 1900-х на правым беразе Заходняй Дзвіны пабудаваў яго бацька. У гады вайны цагельны будынак вельмі пацярпеў ад бамбёжкі і пажару – і цудам уцалеў.
У 1997 годзе тут быў адкрыты мемарыяльны музей Марка Шагала. У яго экспазіцыі сабраны прадметы быту рубяжа XIX-XX стагоддзяў, а таксама сапраўдныя “сведкі” жыцця Шагала – архіўныя дакументы і першыя работы, асабістыя рэчы мастака і яго сям’і. Іх захавалася няшмат, але атмасфера эпохі перададзена максімальна дакладна: старадаўнія экспанаты для калекцыі падбіралі з дапамогай серыі малюнкаў, якую сам Марк Шагал стварыў, па памяці адлюстраваўшы інтэр’еры бацькоўскага дома.
На левым беразе Заходняй Дзвіны размешчаны другі будынак музея – Арт-цэнтр Марка Шагала, дзе знаходзіцца адна з буйнейшых калекцый Шагала ў свеце, якая аб’ядноўвае больш за 300 арыгінальных графічных работ і рэпрадукцыі самых вядомых карцін.
Арт-цэнтр Марка Шагала
Арт-цэнтр Марка Шагала адкрыўся ў 1992 годзе ў будынку ХIХ стагоддзя, які адлюстраваны на сусветна вядомым палатне “Над горадам”. Першымі экспанатамі ў калекцыі сталі работы, падораныя сябрамі – “Колам садзейнічання Дому-музею Шагала ў Віцебску” (Нінбур, Германія).
У музеі сабрана багатая калекцыя графічных работ мастака, у якую ўвайшлі літаграфіі, ксілаграфіі, а таксама 3 каляровыя акватынты, падораныя ў 1994 годзе дачкой мастака Ідай Шагал, і 96 афортаў, якія прадстаўляюць цыкл кніжных ілюстрацый, перададзеных унучкамі мастака Мерэт і Бэлай.
Жамчужына калекцыі – цудоўныя ілюстрацыі Марка Шагала да літаратурных твораў, сярод якіх серыя замалёвак да паэмы-рамана Мікалая Гогаля “Мёртвыя душы” (1923-25), серыі каляровых літаграфій пад назвамі “Біблія” (1956 і 1960 гады) і “12 кален Ізраіля” (1960)…
Тут таксама захоўваецца важкі збор друкаванай графікі выдатных прадстаўнікоў еўрапейскага авангарда – Хуана Міро, Пабла Пікаса, Анры Матыса, Фернана Лежэ…
Традыцыйна ў Арт-цэнтры праводзяцца выстаўкі работ Марка Шагала з уласнага збору музея і калекцыі яго патомкаў, а таксама карцін сучасных беларускіх і замежных мастакоў.
У рамках Шагалаўскіх чытанняў праходзяць навуковыя канферэнцыі, вернісажы, лекцыі, канцэрты, выступленні тэатральных і цыркавых калектываў, пленэры, а таксама выстаўкі графічных работ пачынаючых мастакоў горада.
Навуковая бібліятэка
У будынку Арт-цэнтра знаходзіцца навуковая бібліятэка, дзе можна знайсці кнігі пра жыццё і творчасць Марка Шагала. Адкрыццё адбылося ў 2002 годзе ў гонар 115-годдзя з дня нараджэння мастака і аказалася магчымым дзякуючы шчодраму дару доктара Генрыха Мандэля (г. Ірэль, Германія).
Збор бібліятэкі налічвае больш як 3 500 кніг на розных мовах свету – англійскай, нямецкай, французскай, рускай… У фондах захоўваюцца выданні з пачатку ХХ стагоддзя да нашага часу, у тым ліку рэдкія, па гісторыі выяўленчага мастацтва, рускага і еўрапейскага авангарда, манаграфіі аб творчасці Марка Шагала, выданні аўтабіяграфіі “Маё жыццё”, успаміны пра мастака, кнігі з яго ілюстрацыямі…
Мерапрыемствы ў гонар Марка Шагала
На працягу года ў гонар знакавых падзей жыцця знакамітага мастака адзіны музей Марка Шагала ў Беларусі ператвараецца ў сусветны культурны цэнтр. Тут збіраюцца вучоныя, мастакі, пісьменнікі, музыканты, а таксама праходзяць цікавыя мерапрыемствы:
- Міжнародныя Шагалаўскія чытанні
- Літаратурна-музычныя сустрэчы “У гасцях у Марка і Бэлы”
- Міжнародная дзіцячая і юнацкая школа мастацтваў (з 2007 года)
- Цыкл творчых сустрэч “ХХI стагоддзе. Дыялогі аб культуры”
- Дзень нараджэння Марка Шагала – 7 ліпеня
У 2015 годзе ў гонар 100-годдзя шлюбу Марка Шагала і Бэлы Розенфельд у Віцебску адбылася вясельная феерыя “Закаханыя над горадам”.
Адрас і час работы музея Марка Шагала
Дом-музей Марка Шагала знаходзіцца ў цэнтры Віцебска недалёка ад чыгуначнага вакзала – вул. Пакроўская, 11.
Арт-цэнтр Марка Шагала – вул. Путна, 2 (Савецкая, 25).
Час работы: 11.00 – 18.30. Выхадныя дні: з 1 кастрычніка па 1 красавіка – панядзелак, аўторак; з 1 красавіка па 1 кастрычніка – панядзелак.
Цана ўваходнага білета для дарослых – Br2,50, для школьнікаў і студэнтаў – Br1,50. Экскурсія – Br12 (у доме-музеі групы да 25 чалавек, у Арт-цэнтры – да 40 чалавек).
https://www.belarus.by/by/travel/belarus-life/chagall-museum

Трагедыя патрабуе дакладнасці: аб знішчаных вёсках і іх мемарыялізацыі на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна
Прапаную ўвазе чытачоў даклад з нязначнымі праўкамі, які быў зроблены ў 2018 годзе на краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Гарадоцкай зямлі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў 24 снежня 1943 году, ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі. |
|
Але асабліва шмат плямаў ў гісторыі з пакутамі мірнага вясковага насельніцтва Гарадоцкага раёна, тэрыторыя якога зараз складаецца з уласна Гарадоцкага раёна, былога Мехаўскага і часткі Суражаскага раёнаў, пад час нямецкай акупацыі, якая датычыцца знішчэння вёсак і іх жыхароў. З аднаго боку вядомы сімвалы гэтых пакутаў на беларускай зямлі — Хатынь, Трасцянец, генацыд габрэяў. І вядомы тыя карныя аперыцыя, якія ажыццяўляліся на беларускай зямле ў тым ліку і ў Гарадоцкім раёне супраць мірнага насельніцтва. Гэта па нашаму раёну адлюстравана ў кнізе «Памяць» Гарадоцкага раёна. Трагедыя вёсак Гарадоцкага раёна ў кнізе «Памяць», выдадзенай да 60-годдзя вызвалення Беларусі ў 2004 годзе, прадстаўлена на аснове матэрыялаў, якія утрымліваюцца ў кнізе «Нацисткая политика геноцида и выжженной земли в Белоруссии 1941-1944 г.г.» Апошняя кніга пабачыла свет у 1984 годзе і з яе выбраны 183 вёскі Гарадоцкага раёна, якія знішчаліся цалкам ці часткова з усімі насельнікамі або не ў час карных аперацый і пад час акупацыі. Але ўжо да 70-годдзя Хатынскай трагедыі Нацыянальны архіў Беларусі ў 2013 годзе апублікаваў у электронным выглядзе базу даных (http://www.db.narb.by/search/?title=&titles=new®ion=4&district=10&year= ) аб 306 пацярпелых вёсках на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна, бо ў ваенны перыяд тэрыторыя нашага сёняшняга раёна адносілася і да Мехаўскага раёна і да часткі Суражскага, які зараз знаходзіцца ў межах Віцебскага раёна. Усяго вясковае насельніцтва Гарадоцкага раёна найбольш пацярпела пад час пяці карных аперацый вермахта напрыканцы 1942 года і да мая 1943: першая аперацыя «Малпава клетка» адбылася у лістападзе 1942 года, другая — «Зімовы лес» ішла ў снежні 1942 і ў студзені 1943 гадоў, трэццяя — «Шаравая маланка» — была найбольш жахлівай і праходзіла цэлы месяц у Шчалбоўскіх лясах з лютага па сакавік дарэчы у час Хатынскай трагедыі. І пра яе будзе распавядацца на сёняшняй канферэнцыі. У той жа час пачалася чацвёртая карная аперацыя «Грамавы клін І і ІІ» на тэрыторыі Гарадоцкага і Полацкага раёнаў і апошняй аперацыяй стала «Майская навальніца» ў траўні 1943 года. Але насельніцтва раёна несла страты і ў іншыя часы акупацыі, у тым ліку як перад так і пад час вызваленчай Гарадоцкай аперацыі снежня 1943 года, калі пацярпела не менш 16 вёсак. А адна з іх вёска Кавалі занесена ў хатынскі мемарыял. І гісторыя чакае, калі будзе зроблена храналогія знішчаных вёсак на Гарадоцкай зямлі. Вынікам жа карных дзеянняў фашыстаў сталі сотні знішчаных вёсак з тысячамі пабураных і спаленых дамоў, а галоўнае тысячы забітых і забраных у Нямеччыну жыхароў з тэрыторыі Гарадоцкага раёна. І як кажуць мудрыя людзі вайна заканчваецца тады, калі мы памянем усіх тых, хто на ёй загінуў. Але гэта апошняя вайна на нашай зямлі была такая жахлівая, што і праз амаль 77 гадоў пасля яе завяршэння застаецца шмат недаследаванага ў той трагедыі мірнага насельніцтва, якое засталося на акупаванай тэрыторыі. І гаворка не ідзе пра асобных грамадзян, а ідзе пра вёскі, якія знішчаліся пад час акупацыі, пра тую няпоўную памяць і адпаведна няпоўную мемарыялізацыю трагедыі вясковага насельніцтва асабліва на Віцебшчыне. Гэта таксама датычыцца і ў значнай меры тэрыторыі Гарадоцкага раёна, які ўваходзіць у тройку самых пацярпелых раёнаў Віцебшчыны разам з Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнамі па колькасці знішчаных вёсак. У апошнім спісе Нацыянальнага архіва Беларусі ўтрымліваецца 306 вёсак па тэрыторыі Гарадоцкага раёна, якія пацярпелі разам са сваім насельніцтвам. Але з гэтай колькасці не маюць спасылак на архіўныя даныя і лічбы па іх стратах не падмацоўваюцца для 36 вёсак. Пры гэтым сярод іх і такія вёскі, як Падранда і Сямёнава, якія занесены ў спіс «Могілкі вёсак» Хатыні, але пра іх няма архіўных даных, а вёскі Падранда няма і ў спісе вёсак раёна ў пачатку кнігі «Памяць» Гарадоцкага раёна. Яшчэ пра 60 пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна маюцца архіўныя даныя, ў якіх няма даты карнай аперацыі супраць жыхароў гэтай вёскі, а пра 11 гэтых вёсак няма даных пра дамы і жыхароў, як да вайны, так і пад час карнай аперацыі. Архіўныя даныя сведчаць што з гэтых пацярпелых вёсках не забіваліся людзі ў 49, але ў іх бурыліся або спальваліся дамы. Або зафіксавана адваротная карціна — вёскі унесены ў спіс пацярпелых, а з іх складу не пацярпеў ніводны дом. Такіх у апошніх даных — 39, але ў 6 з іх былі забіты людзі і найбольш у вёсках — Бягуны, Халуі і Гарадок, што тады была на тэрыторыі Суражскага раёна. Праведзеная сістэматызацыя вёсак з базы даных Нацыянальнага архіву па Гарадоцкаму раёну сведчыць, што і праз 76 гадоў пасля вызвалення Гарадоцкага раёна няма дакладнай карціны трагедыі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. Сёння для раёна архіважна распачаць працу па вывучэнню архіўных даных, якія датычацца Гарадоцкага раёна ў частцы белых плямаў з Нацыянальнага архіву і тут ніяк не абыйсціся без рэсурсаў на вывучэнне і сістэматызацыю архіўных даных па пацярпелых вёсках, якія мемарыялізаваны ў самаробных помніках, а таксама аднаўленне сапраўдных даных на мемарыяле спаленым вёскам ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы. Зараз на Гарадоччыне маецца 16 абеліскаў, якія устаноўлены на месцы пахавання мірных грамадзян спаленых вёсак. Гэта в. Казлы знішчана жыхароў — 41 Халамерскага с/с зараз Віраўленскі с/с, і яна занесена ў «Могілкі вёсак» Хатынскага мемарыяла, абеліск в. Зарэцкія — Вайханского сс пра якую няма даных у Нацыянальным архіве, в. Хартова ( раней Валадарка) 265 знішчаных жыхароў, в. Баркова па архіўных даных знішчана жыхароў — 75 (122 ранейшыя даныя з кнігі «Памяць») з Пальмінскага сс. Па Руднянскаму сельсавету, які зараз ліквідаваўся, гэта абеліскі ў в. Сінякі знішчана жыхароў — 87 архіў (107 ранейшыя даныя), в. Балотніца знішчана жыхароў — 128, в. Дарахі знішчана жыхароў — 256 . Найбольш абеліскаў у Стадалішчанскім савеце — ў в. Прывальні, але яе няма ў кнізе «Памяці», але ёсць у Нацархіве, толькі без даных часу карнай аперацыі, в. Чарады знішчана жыхароў — 37, в. Масеяўка маецца абеліск, але няма архіўных даных і няма ў кнізе «Памяці», в. Сячонка маецца абеліск, а няма нічога ні ў раённай кнізе, ні ў Нацархіве, в. Забор’е знішчана жыхароў — 55, в. Канашы знішчана жыхароў — 48 . Усяго на тэрыторвыі сельсавета — 6 абеліскаў. Асабліва стаіць абеліск ў в. Рудня Пальмінскага сельсавета. У нацыянальным архіве пазначана як Рудня Мехаўскага раёна, дзе са 120 жыхароў загінула 10. А што датычыцца в. Рудня Пальмінскага сельсавета, то даных няма, бо гэтая Рудня ня ў Мехаўскім раёне. Відавочна, што трэба ўдакладняць інфармацыю па абелісках і гісторыях, якія прывялі да іх усталявання. Асаблівая праца датычыцца і мемарыяла спаленым вёскам Гарадоцкага раёна ў Вараб’ёвых гарах, які быў рэканстраяваны пад час абласных «Дажынак» 2014 года. Мемарыял набыў сучасны выгляд, але паўтарыў змест свайго папярэдняка. Тут толькі каля 20 агучаных пацярпелых вёсак і толькі 2(!!!) маюць архіўнае падцвярджэнне. А пра сотні пацярпелых вёсак Гарадоцкага раёна няма згадкі: ні пра 183 з кнігі «Памяці» 2004 года, ні пра 306 з Базы даных Нацыянальнага архіва з 2013 года. Відавочна, што да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай айчынай вайне варта зрабіць працу, каб змест мемарыяла адпавядаў яго форме — як месцу праўдзівай ПАМЯЦІ аб спаленых вёсках Гарадоцкага раёна і нашых загінулых суайчынніках у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Таксама варта ўшанаваць памяць пра знішчаныя вёскі і забітых суайчынніках на тэрыторыі сучасных сельсаветаў у найбольшых з застаўшыхся вёсках. І гэта праца мусіць весціся ўсімі неабыякавымі грамадзянамі і сілкавацца дзейнасцю ў школах Гарадоцкага раёна. Добра будзе, калі старт гэтай працы пакладзе сёняшняя сустрэча і ў Год Малой Радзімы мы больш уважліва пачнем ставіцца да гісторыі сваёй Гарадоцкай зямлі. І напрыканцы. Нядаўна прачытаў кнігу вядомага чэшскага пісьменніка Яхіма Топалы «Цэх д’ябла». У ёй пісьменнік распавядае пра падобнасць лёсаў чэхаў і беларусаў і адзначае выключнасць маштабаў нашай трагічнай гісторыі, а ў вусны свайго героя ўкладае думку: «Калі мы страцім сваю мінуўшчыну, то і будучыні для нас не будзе. Не будзе, разумееш?». .Дык давайце не страчваць сваю мінуўшчыну, каб мець будучыню! Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц Леанід Гаравы, краязнаўца. |