Category Archives: Без рубрики

Гарадоцкая традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусі

Гэты год у Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору пачаўся з добрых падзей: не толькі тэхніка ажурнага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але і традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення.

У Мінску 15 студзеня адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Удзел у ім прыняла загадчык Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча. На мерапрыемстве народны майстар Беларусі Васіль Сіманковіч прадставіў традыцыйную тэхналогію спіральнага пляцення Віцебскай вобласці.
Спіральнае пляценне Гарадоцкага раёна — традыцыйнае беларускае рамяство, якое дасягае высокага мастацкага ўзроўню, займае пачэснае месца сярод аналагічных тэхналогій, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваіх вырабах амаль не зазнала, але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярныя сярод замежных турыстаў і гасцей.
На сённяшні момант у філіяле «Дом рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці» Гарадоцкага раёна праходзяць заняткі, на якіх навучаць тэхніцы спіральнага пляцення. Добрай традыцыяй стала правядзенне раённага конкурсу па традыцыйнаму рамяству, які называецца «Саламяны сусвет».
Майстры Васіль Сіманковіч і Людміла Гаравая на працягу многіх гадоў займаюцца вывучэннем традыцыйнай тэхналогіі спіральнага пляцення нашага рэгіёна. І пераймаюць традыцыі, якія звязаны з народным побытам і паўсядзённым жыццём у вёсцы.
— Гарадоцкія майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў, падчас якіх абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі,- кажа Марына Гушча. — Пераемнікі рамяства будуць і далей у ім практыкавацца, спрыяць яго распаўсюджванню, прымаць актыўны ўдзел у выставах, конкурсах і майстар-класах.
Тэхналогія спіральнага пляцення яскрава характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт Гарадоцкага раёна. Уключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці» паспрыяе яе захаванню і перадачы наступным пакаленням. А таксама дасць магчымасць папулярызаваць мясцовыя рамёствы, культуру і традыцыі.

Майя САЛДАЦЕНКА.

http://www.garadvest.by

7 месцаў Гродна, дзе пабачыш савецкае манументальнае мастацтва

Савецкая забудова Гродна па-за цэнтрам горада не часта вылучаецца архітэктурнай разнастайнасцю. Шукаць там сюрпрызы мала хто збярэцца. А дарма! Часта на сціплых будынках дзіцячых садкоў ці на прымітыўных карпусах савецкіх заводаў можна пабачыць выбітныя творы дэкаратыўнага мастацтва.

Hrodna.life сабраў некалькі прыкладаў гродзенскіх мазаік і пано эпохі савецкага мадэрнізму. Большая частка значных узораў знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы горада.

Чаму мазаіка стала папулярнай?

Шырокую дарогу манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву СССР адкрыў заняпад стылю сталінскай неакласікі ў 50-х гадах XX стагоддзя. Знакамітая хрушчоўская барацьба з празмернасцямі ў архітэктуры стала каталізатарам новых прарываў у галіне дэкору. Справа ў тым, што мазаікі і скульптурныя пано не патрапілі пад забарону і сталі выдатным спосабам усё ж такі дадаць будынку прыгажосці, не парушаючы забароны.

Па матывах сюррэалізму – дзіцячы садок №62

Карпусы дзіцячага сада ўпрыгожваюць два мазаічныя пано, выкананыя на рэльефнай паверхні. Гэта нярэдкі прыём для савецкіх мастакоў-манументалістаў. Спачатку на дэкарыруемай паверхні з’яўляліся рэльефы. У некаторых выпадках гэта былі даволі складаныя скульптурныя выявы. Затым рэльеф абкладаўся мазаікай.

mazaiki-grodna-11.jpg

Кампазіцыі на сценах дзіцячага садка сваімі выгнутымі мудрагелістымі формамі выклікаюць у памяці творы ў стылі сюррэалізму, у прыватнасці, карціны знакамітага Сальвадора Далі. Канешне, гэтыя пано далёка не такія складаныя і мудрагелістыя, як лепшыя працы вялікіх сюррэалістаў, але ўсё ж гэта яркія і кідкія малюнкi, якія прыцягваюць увагу.

mazaiki-grodna-10.jpg

Корпус універсітэта Янкі Купалы на Гаспадарчай – пейзажы у стылі японскіх майстроў

Тут прадстаўлена спрэс пазбаўленая энергіі барацьбы за светлую савецкую будучыню пейзажная кампазіцыя. Ніякіх рабочых і калгасніц, а проста прыемная прырода з пераважна спакойнымі танамі.

mazaiki-grodna-9.jpg

Ніякага лішняга пафасу. Міратворная і выдатная праца, якая чымсьці нагадвае карціны японскіх майстроў.

Авангард, блізкі да кубізму – дзіцячы садок №54

Добры прыклад таго, што савецкае мастацтва – гэта не толькі сацрэалізм. Пано дзіцячага сада №54 уяўляюць выдатныя авангардысцкія кампазіцыі, блізкія кубізму. Мазаікі выкананы на добрым тэхнічным узроўні.

mazaiki-grodna-1.jpg

Колеравая гама вельмі прыемная, а персанажы быццам прасякнутыя святлом, што дадае карцінам казачнасці. Асабліва добры «спячы леў», які заносіць лапу над «лятучай рыбай».

mazaiki-grodna-2.jpg

Малевіч ці Кандзінскі? Хто натхніў на мазайку садка №67

Пано з заходняга боку фасада ўяўляе сабой цудоўны ўзор авангардызму. Тут і знарочысты прымітывізм, і стылістыка кубізму, і яркія колеры.

mazaiki-grodna-4.jpg

Мазаіка трохі нагадвае палатно «Дзяўчына перад люстэркам», пэндзля вялікага мастака і бацькі кубізму Пабла Пікаса. Што тычыцца пано з усходняга боку, то і яно вельмі цікавае. Гэта абстрактная кампазіцыя, вельмі непадобная да характэрнага для СССР сацрэалізму.

mazaiki-grodna-8.jpg

Зрэшты, варта адзначыць, што менавіта з СССР выйшлі многія вялікія мастакі абстракцыяністы, да прыкладу, Казімір Малевіч і Васіль Кандзінскі. Дарэчы, гродзенская абстрактная мазаіка гэтага садка даволі моцна нагадвае менавіта творчасць Кандзінскага.

Сграфiта на «Кароне» – пафас сацрэалізму

Дзве выявы ў карычневых танах, выкананыя ў тэхніцы сграфiта на фасадах былога прадзільна-нітачнага камбіната (цяпер рынак «Карона») уяўляюць сабой сацрэалізм, імпульсіўны і перапоўнены пафасам. Гэта праўдзівыя манументальныя кампазіцыі. Дынаміка пано падкрэслівае стваральную моц цэнтральных алегарычных фігур, якія асацыююцца з савецкімі працаўнікамі. Галоўныя персанажы намаляваныя магутнымі і ўладнымі ды нагадваюць нейкіх міфічных герояў са звышнатуральнымі здольнасцямі.

mazaiki-grodna-6.jpg

Увасабляючы сабой цэлую краіну і яе прыродныя багацці, героі ствараюць светлую будучыню: волат збірае ў далонь зоркі, а жанчына, нібы багіня ўрадлівасці, быццам пры дапамозе чараўніцтва, прама з паветра, атрымлівае плады ўраджаю. Прыкметна і спроба паказаць нацыянальныя матывы, змясціўшы ў кампазіцыю буслоў.

Гэтыя выявы «Песня аб Нёмане» і «Зямля Беларуская». Яны з’явіліся на адміністратыўным корпусе Гродзенскага прадзільна-нітачнага аб’яднання ў 1978 годзе. Аўтары працы – мастак Сяргей Палякоў і тагачасны галоўны архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандр Кузняцоў. Гэта вельмі стыльныя працы, якія выдатна адлюстравалі ідэалогію эпохі.

Як і многія іншыя творы савецкіх дэкаратараў, гэтыя велізарныя выявы ў значнай ступені закрытыя пасаджанымі амаль упрытык дрэвамі.

Пано «Навука» – сацрэалізм з чалавечым тварам

Знакамітая праца знаходзіцца на рагу вуліц Ажэшкі і Леніна ад 1975 года. Пано выканана ў стылі сацрэалізму. Пры гэтым у ім няма празмернага пафасу будаўнікоў камуністычнага раю. Большасць персанажаў – спакойныя навукоўцы, якія займаюцца сваімі справамі. Дынаміку ў кампазіцыю ўносіць цэнтральная фігура, якая сімвалізуе, уласна, саму навуку. Раскрытая кніга ў яе руцэ азарае прамянямі ведаў прастору пано.

mazaiki-grodna-5.jpg

Сярод бетонных постацяў маецца і Францыск Скарына, якога аўтары змясцілі сюды, каб дадаць у кампазіцыю нацыянальны беларускі штрых. Такі, больш спакойны, сацрэалізм з «чалавечым тварам» вельмі прыемны нават цяпер.

Пано на «Радыёхвалі» – сацрэалізм у лепшым выглядзе

Найбуйнейшы ўзор савецкай мазаікі ў Гродне і адзін з найбуйнейшых у краіне. Файны прыклад сацрэалізму з усімі яго характэрнымі атрыбутамі.

Мазаіку стварылі гродзенскія мастакі і скульптары Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін.

mazaiki-grodna-7.jpg

У масштабным пано знайшлося месца і пафасу персанажаў, і іх атрыбутыцы, уключаючы розную зброю, і савецкай дзяржаўнай сімволіцы ў выглядзе зоркі і сярпа з молатам. Колеравую гаму для савецкіх людзей аўтары выбралі ў характэрных чырвоных адценнях.

Выявы ўсіх персанажаў прыкладна роўныя па памеры. У адрозненні ад пано на фасадзе прадзільна-нітачнага камбіната, тут няма алегарычных фігур-супергерояў. Усе персанажы – гэта простыя савецкія людзі, якія будавалі краіну ў мірныя і ваенныя гады.

Мазаіка мае нямала агульнага са знакамітым трыпціхам «Зямля» ў Берасцi, і хоць значна саступае брэсцкай працы па колькасці персанажаў, затое размешчана выключна ўдала. Корпус з пано стаіць на ўзвышшы і бачны здалёк.

Гэта вельмі цікавы ўзор савецкага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва самага высокага ўзроўню.

Дэкаратыўны бум сацлагера: цікава для заходніх турыстаў

Многія галоўныя фасады тыповых дамоў выглядалі проста жахліва. Пры гэтым тарцы таго ж будынка маглі быць упрыгожанымі выдатнай па складанасці і маштабу мазаікай. Уражваў і размах дэкаратыўнага буму. Ён захапіў не толькі сталіцы і буйныя гарады саюзных рэспублік. Выбітныя прыклады манументальна-дэкаратыўнага мастацтва можна было сустрэць нават у глыбокай правінцыі.

На Захадзе ў гэты ж час мода на мазаіку не атрымала шырокай папулярнасці. Мазаічныя пано былі створаны, да прыкладу, у метро Нью-Ёрку, але маштабам і манументальнасцю твораў дэкаратары з сацыялістыснага лагера значна пераўзыходзілі заходніх калегаў. Менавіта таму савецкія мазаікі карыстаюцца такой папулярнасцю ў замежных мастацтвазнаўцаў і простых турыстаў.

Агледзеўшы калекцыю гродзенскіх дэкаратыўных пано, можна пабачыць, што ў ёй ёсць вельмі розныя творы мастацтва:, ад сацрэалізму да авангарду і ад невялікіх фарматаў да каласальнага пано «Радыёхвалі». Гэтыя цудоўныя працы атрымліваюць мала ўвагі, але, безумоўна, заслугоўваюць папулярызацыі.

https://planetabelarus.by

Экспарт турыстычных паслугаў па Гарадоцкаму раёну за 2019 год вырас больш чым у паўтара разы

Па інфармацыі аб’ектаў турыстычнай індустрыі Гарадоцкага раёну за  2019 год экспарт турыстычных паслугаў павялічыўся на 54,03% ў параўнанні з 2018 годам. Найбольшы рост далў гатэль “Спартыўны гарадок”, які павялічыў мінулагодні паказчык больш чым у два разы. Дарэчы робіць гэта ўжо другі год запар.

За  2019 год найбольшы экспарт турыстычных паслугаў зноў атрымаў гатэль “Спартыўны гарадок” 95,03 тысяч даляраў або  ў 2,1 разы больш, чым за мінулы год. Тады было аказана паслуг у 45,31 тыс. долараў. Гэта атрымалася дзякуючы мэтанакіраванай працы па правядзенню збораў і спаборніцтваў на спартыўных аб’ектах ВАЦАР і ўжо пэўнаму аўтарытэту базы ВАЦАР у Расіі. Так за гэты год тут пабывала 21 каманда па лыжах, біятлону, плаванню, воднаму полу з Расіі, Украіны і Польшчы, як агульнай колькасцю 529 чалавек. Усяго ж у гатэлі было прынята 1759 чалавек.

На другім месцы па экспарту турпаслугаў ТАК “Лосвіда”, дзе іх было аказана на 32,8 тыс. даляраў – прырост 35,7%. Тут ўсяго з пачатку года  адпачыла 1767 чалавек і амаль чвэрць – 458 – замежнікі.

На трэццім месцы па экспарту паслугаў паводле сваёй інфармацыі ЗАТ “Асотна”,  дзе за мінулы год пабывала  24 замежніка з 39 гасцей, а паслуг аказана на 32,1 тыс. дал. – рост у 13% да мінулага году.

Вышэй за  мінулагодні ўзровень экспартных паслугаў выйшла Гарадоцкая “БАПР” – 31,2 тыс. дал. – 132,8%.  Пры гэтым Гарадоцкая “БАПР” прыняла 36 турыстаў з краін далёкага замежжа – Польшчы – 14, Чэхіі –3, Італіі, Бельгіі, Іспаніі – па два турыста, Славеніі – адзін у межах бязвізавага наведвання Беларусі і 8 з Расіі.

Усяго экспарт турспаслугаў за 2019 год склаў па Гарадоцкаму раёну 224,79 тыс. даляраў, што  больш мінулагодняга паказчыка на 54,03%. Пры гэтым  на нашых турыстычных аб’ектах адпачыла 4860 гасцей, з якіх 1397 прыехала з-за межаў Беларусі.

Леанід Гаравы