Ніякія гэта не ідэальныя сем’і. Гэтак жа, як і ўсе астатнія, сварацца, лаюцца, крыўдзяцца. Як і ўсе, вучацца быць разам. Тым не менш, кожны з іх шмат гаворыць пра свабоду, правільныя прыярытэты і развіццё. Часам я зусім не вытрымліваю і скептычна паціскаю плячыма, але на самой справе – мне падабаецца. Няёмка сказаць: яны нават групу ў Viber назвалі «Шчаслівыя людзі».
Сёння Holiday.by пакажа чатыры фотагісторыі пра чатыры сям’і. Што іх аб’ядноўвае? У адзін цудоўны дзень усе гэтыя людзі пакінулі звыклыя працы, пераехалі ў вёску і сталі працаваць у турызме. Самае пацешнае: прычына і матывацыя ў кожнага свая, а вынік, здаецца, прыблізна адзін (ну вы памятаеце назву групы).
Гісторыя першая. Фальварак «Раскоша»
Хто: Яўген (32 гады), Валерыя (33 гады), Ян (хутка 6) і Амелія (амаль 3 гады). Пераехалі: з Мінска ў вёску Палессе (Мядзельскі раён)
Зума ўцякла наперад.
Як і ўсякі прыстойны шчанюк (дзевяць месяцаў ад роду), яна абсалютна бесталковая. Госці прыехалі, ура, дайце панюхаю, а паглядзіце, як я ўмею валяцца на спіне, а гэта мой гаспадар, а вунь курыца, пабягу-ка за ёй.


У нейкім сэнсе, Зума мае рацыю: ахоўваць дом асаблівага сэнсу няма – няма ад каго. Жэня і Лера купілі ўчастак у самым канцы вясковай вуліцы, чужыя не ходзяць. За паўтара года пабудавалі дом. Пераехалі. Трохі бянтэжачыся – падабаецца ці не ?, – Жэня пытаецца, як нам яго праект: акрамя асноўнага дома на ўчастку пастаўлены два старых вясковых зруба.


– Я планую пачаць прымаць турыстаў ужо ў гэтым сезоне. Асноўны прыярытэт – байдарачныя паходы. Да прыкладу, першы дзень – паход і начлег у палатках, другі – экскурсіёнка па наваколлі з заездам у Будслаў, трэці – беларуская вечарына на базе нашага фальварка. Увогуле, ідэя зарабляць не на пражыванні, а на сэрвісе і паслугах.

Хлопцы не дауншыфцеры. У Мінску ўсё добра (па агульнапрынятых мерках): кватэра, машына, праца. Жэня дастаткова запатрабаваны экскурсавод і вядучы мерапрыемстваў, на Лере ўся арганізацыйная праца і дзеці (у пары двое малых, малодшая Амелія толькі збіраецца ў дзіцячы сад).

– Пераезд у вёску – гэта спроба рэалізаваць мару, якую я спрабую ператварыць у бізнес-ідэю. Калі ў мяне атрымаецца зарабляць тут хоць бы прыблізна столькі ж, колькі ў Менску, сэнсу вяртацца ў горад наогул не будзе.

Таму я рухаюся адразу ў трох кірунках: байдаркі, аграсядзіба і музей пад адкрытым небам. Тыя, хто пераехаў і жыве на мінімальную вясковую зарплату, відавочна нешта не дагаворвае. Мне трэба нешта большае, чым спакой і рэлакс.

– Чаму ты ўвесь час гаворыш “я”? А што пра гэта думае Лера?
– Ды не, проста ў нас “я” – гэта значыць «мы». Здаецца, у вас гэта называецца дэмакратыяй (смяецца – заўв. Рэдакцыі). Я магу крычаць, шумець, але ўсё роўна зробім, як скажа яна.

Самы вялікі скандал, які ў нас быў пасля пераезду – гэта выбар месца для агарода.


– Проста часам мая фантазія сутыкаецца з яго рэальнасцю, – Валерыя – увасобленне спакоя і добразычлівасці.

– Я скончыла курсы ландшафтнага дызайну, адказваю за творчую частку. Усё, што пра грошы – гэта да Жэні. Мы яшчэ да вяселля марылі пераехаць у вёску. Тут іншы рытм: ты прачынаешся, калі хочаш, засынаеш, калі хочаш. І тут добра дзецям.



Выходзім на вуліцу, абыходзім счарнелы ад часу дамок. За яго вуглом – ціхая роўнядзь ракі, лес, высокая сухая трава ў снезе. Паветра халаднаватае, чыстае. Нейкае вельмі правільнае і прыгожае месца – пра адзіноту і волю. Сэрца маё на секунду збіваецца cа звыклага рытму.

– Тут будзе футбольнае поле, – папярэджвае Жэня. – А цяпер ідзём глядзець, дзе я пабудую музей вікінгаў.

Хай спачатку пабудуе: калі будзе гатова, я раскажу пра яго асобна. А пакуль мы развітваемся і рухаемся далей.
Гісторыя другая. Загарадны дом «Abramovich house»
Хто: Юрый (40 гадоў), сын Мірон (10 гадоў)
Пераехалі: з Мінска ў вёску Антонізберг (Мядзельскі раён)
Шмат хто хоча дапамагчы журналісту. Расказаць захапляльна, дадаць дэталяў, падфарбаваць – не без гэтага. Юра – не з такіх. Прыязны інтраверт, ён не спяшаецца выхваляцца ні сядзібай, ні прысядзібнай гаспадаркай. Я пасаромелася спытаць пра даход: думаю, ён бы і не адказаў прама.

– Я пераехаў у 2013 годзе, хоць дом дабудаваў яшчэ ў 2008. Не магу сказаць, што стаміўся ад мітусні. Хутчэй, наадварот: у Мінску злавала адчуванне, што жыццё праходзіць дзесьці побач. А тут кожную раніцу лаўлю сябе на думцы, што рухаюся ў правільным кірунку. Адчуванне, што правёў у вёсцы ня пяць гадоў, а дваццаць. Кожны дзень нешта адбываецца.

Спачатку была задумка зрабіць сядзібу з ухілам у аздараўленне. Прабежкі па раніцах, зарадка, ўсё такое. Не атрымалася. Цікава, чаму.


– Пераязджаючы ў вёску на Нарачы, у цябе тры варыянты: маленькі бізнэс, турызм ці праца ў санаторыях. Дапусцім, побач няма ні аднаго прыватнага кафэ – а мы зараз гаворым пра курортную зону. Ёсць ідэя з часам адкрыць рыбны рэстаран. Наогул, у вёсцы ты пастаянна генерыруеш нейкія ідэі.

– Разглядаеш варыянт вярнуцца ў горад?

– Не. Калі я прыязджаю ў Мінск, адзінае, чаго мне хочацца, – разгарнуць машыну і з’ехаць назад.
Гісторыя трэцяя. Сядзіба «Фазэнда»
Хто: Канстанцін (39 гадоў), Юлія (35 гадоў), Маша (12 гадоў), Цімафей (8 гадоў), Кірыл (2 гады).
Пераехалі: з Мінска ў вёску Чарэўка (Мядзельскі раён)
Маляўнічага фотарэпартажу пра шматдзетную сям’ю не атрымалася – сям’я апынулася ў ад’ездзе. Пра ўсё пагаварылі з Канстанцінам, можна па-простаму – Касцянычам. Як стаць спакайней? Як шчаслівей? А як – дабрэй? Вось што прыдумаў Косця: ён узяў і перавёз сям’ю ў вёску. Аграсядзібу назваў проста: «Фазэнда».


– Калі я пачну распавядаць гісторыю свайго жыцця, табе нататніка не хопіць запісваць.
Ладна. Хаваю нататнік і паслухмяна іду следам: гаспадар паказвае валоданні. Паднімаемся на пагорак: менавіта тут, на двух гектарах зямлі, хутка размесціцца фермерская гаспадарка. Каля 20 бараноў, нубійская козы, в’етнамскія парасяты і куры, якія нясуць блакітныя яйкі.


– Перш, чым пераязджаць, трэба адбыцца як асоба. Я марыў пра вёску на працягу дзесяці гадоў, павер, гэта не спантаннае рашэнне. Спецыяльна шукаў ўчастак далей: вельмі стаміўся ад людзей (Канстанцін працаваў у аптовым гандлі – заўв. Рэдакцыі).
– Стаміўся ад людзей, з’ехаў на Нарач і пабудаваў сядзібу, каб прымаць людзей?

– Ды не, гэта зусім іншае. Тут свабода, ты сам сабе належыш. І тыя ж самыя людзі цябе ўспрымаюць па-іншаму. Перастаюць мець значэнне знешнія атрыбуты: кошт машыны, адзення, дома.

– А чым жонка займаецца?
– Юля юрыст, да дэкрэтнага водпуску (у пары трое дзяцей – заўв.рэдакцыі) працавала як HR-менеджэр. Пакуль ішла будоўля, яна, вядома, па-жаночаму перажывала і перыядычна хандрыла. Але потым пачаўся сезон, і ўсё прайшло. Улетку быў такі попыт, што не ведалі, за што хапацца. Але ўсё залежыць ад таго, з якой базай ты пачынаеш: як і ў любым бізнэсе, ты павінен з сябе нешта ўяўляць.

Пра будоўлю мы ведаем адно – яна не сканчаецца. Цяпер Кастусь завяршае другі гасцявой паверх. Там, дарэчы, зусім цудоўная тэраса з вокнамі ў падлогу – від чароўны.
– Калі пераязджалі, больш за ўсіх радаваліся дзеці. Школа тут выдатная. Чаму вёска? Хочацца быць карысным, а не проста зарабляць грошы.

Гісторыя чацвёртая. Прыватная стайня «Лунная даліна»
Хто: Юрый (35 гадоў), Ірына (24 гады).
Пераехалі: з Мінска ў вёску Зялёнкі, Мядзельскі раён.
Мы едзем па вузкай вясковай вуліцы. Па левую руку нізенькі просевший драўляны дом. Сонечна. Пад нагамі весела хлюпае вясновая жыжк

Унізе ўчастка хлеў, там свінні. Шмат, але колькі – я не ведаю, не палічыла. Самую маленькую бяруць на рукі, яна трапеча ад жаху і віскоча.

– Гэта таму што ў сьвіньні псіхалогія ахвяры. Яна падазрае, што мы хочам яе з’есці, – крыважэрна круціць вачамі Юра.

Навіны дня: адну з свіней клічуць Бекон, другую – Біфштэкс. Мы прыехалі ў прыватную стайню «Лунная даліна». Каля чатырох гадоў таму яе адкрыла маладая пара з Мінска.


У гэтым годзе Юра і Іра пашыраюцца: плануюць аформіць сялянска-фермерская гаспадарка. Акрамя коней і свінак, мне паказалі нейкае бамбасховішча, дзе захоўваюць гародніну.

Я нічога ў гэтым не разумею, таму пытаюся простае: як адважыліся пераехаць і ці можна хоць нешта зарабіць у вёсцы на турызме.

– Гэты ўчастак дастаўся ў спадчыну. Прыехалі ў адпачынак, захацелася пакатацца на конях. Аказалася, што на Нарачы няма ні адной стайні. Вырашылі пераязджаць: трэба ж камусьці забаўляць мясцовае насельніцтва і турыстаў. За чатыры гады цалкам прывялі зямлю ў парадак, у гэтым годзе паставім дзесяціметровыя цяпліцу на агуркі.

– Не страшна было пераязджаць так далёка?

– Значна страшней кожную раніцу прачынацца ў восем і ісці на ненавісную працу. А коні – гэта наша любоў, наша хобі. Мы прапануем прагулкі, навучанне верхавой яздзе, фотасесіі. Ёсць незвычайныя паслугі, такое ўвогуле мала хто прадае: напрыклад, начныя катання або гадзінны шпацыр на досвітку (па тым жа тарыфе: 20 BYN у гадзіну).

Мы працуем кругласутачна, сем дзён на тыдзень. Улетку вельмі рана ўстаём, у чатыры, а пятай гадзіне раніцы.
– Той, які не хацеў на працу да васьмі хадзіць.
– Тут жа ўсё робіш для сябе і адразу бачыш вынік. Праўда, усё, што зарабляем, сюды і ўкладваем. Грошай ніколі няма. Думалі, правесці каналізацыю, але калі палічылі кошт (дорага з-за таго, што дом стары – заўв. Рэдакцыі), вырашылі прызначыць на іншае. Вельмі хочацца стайню хаця б на дзесяць галоў, хочацца, каб свінакомплекс паўнавартасна зарабіў, хочацца ўзяць наёмных супрацоўнікаў.

Я не магу супакоіцца. Як гэта, то ёсць чатыры гады без душа і туалета? Хлопца няўхвальна чмыхае: прыехала гарадская цаца.
– Па-першае, ёсць лазня. Па-другое, санаторыі прапануюць цэлы комплекс SPA-паслуг: басейн за 5 BYN, трэнажорная зала, усё гэта нават больш даступнымі, чым у Мінску. Толькі шкада, што санаторыі баяцца выпусціць сваіх турыстаў з тэрыторыі.


Я чытаў водгукі на «букінг», людзі пішуць, што ўсё спадабалася, але на чацвёрты дзень хочацца збегчы далей – сумна. Мы б маглі прапанаваць столькі актыўнасці: пачынаючы ад іпатэрапіі і заканчваючы аднадзённымі паходамі. Але пакуль выбудаваць паўнавартаснае супрацоўніцтва не атрымліваецца.

– Рабят, ну скажыце сумленна, па колькі зарабляеце. Каб у іншых не было ілюзій.
– У сярэднім, па пяцьсот. Прэзідэнт загадаў, мы слухаемся (смяецца – заўв.рэдакцыі).


p.s. Увечары, засынаючы, я ляжала і думала: змагла б я пераехаць? Ўяўленне малявала заведама нежыццяўляльныя планы. Ці так важна месца, калі ты ўсё роўна паўсюль вязеш з сабой сябе? Ці ўсё ж такі важна.

Отдых в Беларуси на Holiday.by