27 ліпеня на полі УП «Паўночны», паблізу в. Хартова, быў праведзены абрад «Зажынкі». Кожны год мы чакаем гэта свята з асаблівым хваляваннем і шчырай надзеяй, што за нястомную працу родная зямля аддзячыць хлебаробаў шчодрым ураджаем. І барацьба за яго ўступіла ў сваю актыўную стадыю на ўсіх франтах. |
![]() |
— Вясной была закладзена добрая аснова пад ураджай. Зараз настаў самы адказны момант — трэба сабраць да зярнятка кожнае поле. Ад гэгага залежаць надоі малака і прывагі ў жывёлагадоўлі. Таму з гэтага моманту, не шкадуючы сіл, трэба ўзяцца за справу. Добра, што маладое пакаленне будзе набірацца вопыту ў сталых аграрыяў. Жадаю, каб было больш «тысячнікаў» у раёне, каб усе абавязкова выконвалі тэхніку бяспекі і былі здаровымі. — Настаў час змагацца за кожны колас. На Гарадоцкай зямлі вырас неблагі хлеб. Азімыя, яравыя, зерневыя і зернебабовыя, крыжакветныя, насеннікі шматгадовых траў — усё належыць сабраць і захаваць, каб выканаць дзяржаўны заказ і напоўніць засекі гаспадарак, — адзначыў Сяргей Ермаковіч. — Жадаю, каб не псавалася надвор’е і не падводзіла тэхніка. На Беларусі здаўна існуе добры звычай — перад вялікай і значнай падзеяй, прасіць Божага благаслаўлення. Таму заўжды перад тым, як распачаць Зажынкі, хлебную ніву абавязкова асвячалі. Гэты абрад правёў іерэй айцец Стахій. Зжаты першы сноп і пакладзены пачатак вялікай працы. Далей эстафету ад жнеек прынялі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Апрануўшыся ў нацыянальныякашулі, яны выйшлі ў поле і накасілі збожжа. Да іх далучыліся прыгажуні-гаспадыні — кіраўнікі аддзелаў і служб райвыканкама. Усе снапы сабралі ў адзін вялікі — сімвал дабрабыту, росквіту і добрага ўраджаю на Гарадоцкай зямлі. Работнікі культуры пастараліся стварыць на Зажынках святочную атмасферу і гэта, як заўжды, у іх атрымалася. Вершамі і песнямі таленавітыя артысты і ўдзельнікі-аматары калектываў народнай творчасці жадалі аграрыям — ад кіраўніка і галоўных спецыялістаў да механізатараў — моцнага здароўя, нястомнасці і добрых вынікаў. Падсілкаваўшыся свежым святочным караваем і квасам, якія загаддзя падрыхтаваў раённы камітэт АПК, мужчыны прыступілі да жніва. Багатага намалоту вам, старанныя працаўнікі! У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ўборачная плошча складае 12 875 га зерневых і зернебабовых культур. Жніво плануецца правесці за 20 дзён. План на яравы клін складае 7515 га, на азімыя збожжавыя — 5360 га. Крыжакветных трэба ўбраць 1406 га. Таксама хлебаробы прыступяць да ўборкі 85 га грачыхі і проса, а крыху пазней — да 500 га кукурузы на зерне. Пры плане 230 га ўбрана 196 га насеннікаў злакавых шматгадовых траў. Алена КРАЎЦОВА, «Гарадоцкі веснік». |
