Сёння мы раскажам вам пра наш Гарадоцкі край і ваколіцы Гарадка, якія былі амаль сто гадоў таму — ў 20-я-30-я гады ХХ стагоддзя, адкуль пайшла назва Вараб’ёвы горы, дзе былі Шчарбакі, Свіналупы, Водвіна і г.д..
Наш цяперашні Гарадоцкі раён сфармаваўся ў сучасных межах у 1962 годзе, калі да яго далучылі Мехаўскі раён. Цяпер па плошчы ён мае амаль 3 тысячы квадратных кіламетраў – большы па плошчы ў Беларусі толькі Столінскі раён Брэсцкай вобласці.
Працягласць раёна з поўначы на поўдзень – 55 км, з захаду на ўсход – 78 км. Адлегласць ад Гарадка да Віцебска – 30 км, да Мінска – 287 км. Паўночная і ўсходняя мяжы раёна супадаюць з дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй (Невельскі і Усвяцкі раёны Пскоўскай вобласці). На поўдні раён мяжуе з Віцебскім, а на захадзе – з Шумілінскім і Полацкім раёнамі Віцебскай вобласці.
Вось такі зараз наш сельскі раён на поўначы Беларусі.
Напрыканцы ж 19 стагоддзя ў межах сучаснага Гарадоцкага раёна пражывала больш за 120 тысяч насельніцтва і было больш за 1300 вёсак. Пра гэта магчыма прачытаць у кнізе “Памяць. Гарадоцкі раён”, якая пабачыла свет ў 2004 годзе.
Вёсак у ХХ стагоддзі было вельмі многа і каля блакітных караляў Гарадка –возера Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае, Жабінка, Святое.
Тут былі такія вёскі: Волкава Слабада, Вараб’і, Водвіна, Свіналупы, Шчарбакі, Трацякі, Хабенкі, Дубарэзы, Муравіцкі і г.д. Гэта адпаведна мапы 2010 года.
І яшчэ ёсць жывая жыхарка Гарадка 1936 года нараджэння Жэня Іванова з роду Вараб’ёвых, якая добра памятае той час і як тады было.
Нашы Варабьёвы горы маюць назву дзякуючы вёсцы Вараб’і, якая да калектывізацыя размяшчалася на паўднёвым беразе Шчарбакоўскага возера, якое тады мела назву Глыбокае.
Само ж возера відавочна атрымала назву ад вёскі Шчарбакі, якая раней існавала на гары на правым беразе ракі Усыса пры яе выцяканні з возера.
Вёска ж Вараб’і была на поўнач ад возера Жабінка, яго яшчэ называюць Чортавым. Але на мапе 1910 года яе няма. Тут наша вёска, дзе лічба 2-е.
У вёсцы Вараб’і тады было 12 драўляных дамоў. Жыхары лавілі рыбу ў Шчарбакоўскім возеры амаль рукамі і прадавалі габрэям у Гарадку. Прыбытак ад рыбнай лоўлі быў значнай падтрымкай для жыхароў вёсак каля Усысы, асабліва вёскі Вараб’і. Бо тады магчыма было доўгай спадніцай за пару гадзін налавіць вядро шчупакоў, ляшчоў і г.д.
Вёска Вараб’і ж тады адносілася да Водвінскага сельсавета, які размяшчаўся на гары на поўдзень за Святым возерам. Там у сельсавеце і запісвалі, дзетак, якія нарадзіліся ў в. Вараб’і. Побач з вёскай было шмат арэшнікаў і суседняе возера называлі Арэхавым цяпер мо больш вядомае, як Другое возера.
Ад вёскі дарога вяла на млын, што быў на рацэ Усысе. Там яшчэ быў дом і мост, якія праіснавалі яшчэ да 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Алё сёння ў гэтым месцы непралазны хмызняк.
Рэчка Усыса у сваім цячэнні калі вёскі Варабьі называецца Шорная, бо каля яе была артэль шорнікаў, якія выраблялі прылады для коняў: хамуты, збрую. Коні напачатку ХХ стагоддзя былі галоўнымі ў працы на зямлі.
Паўночны бераг Шчарбакоўскага возера адносіўся да Свіналупскай сельскай абшчыны – да ручая які зараз цячэ з в. Смалькі. Вёска Свіналупы праіснавала да 70-х гадоў ХХ стагоддзя, пакуль не пачалі будаваць дарогу Гарадок – Сіроціна. Цяпер тут садовае таварыства “Лясное”. Гэта садовае таварыства размяшчаецца і там, дзе была вёска Шчарбакі, дзе ў 30-я гады быў панскі маёнтак.
Менавіта тут, дзе выцякае рака са Шчарбакоўскага возера яна і называецца Усысай. І далей з такой назвай Усыса будзе цячы праз Ваханскі, Даўгапольскі сельсаветы — пакуль не ўпадзе ў рэчку Обаль левым прытокам каля вёскі Мішневічы Шумілінскага раёна.
Рэчка Усысы працякае ў нізіне каля Вараб’вых і Шчарбакоўскіх гор. На яе правым берагу на пачатку ХХ стагодзя былі вёскі: Трацякі і Муравіцкі. Але зараз ніякіх пабудоў тут не засталося. Толькі на месцы в. Муравіцкі маюцца здзічэлыя яблыні, а не падалёку садовае таварыства “Дружба”.
Такія былі назвы вёсак каля рэчкі Усыса, якая ў межах Гарадка называецца Гаражанка.
Сёння ніякіх знакаў на месцы жыцця нашых продкаў у ХХ стагоддзі ў гэтым месцы Гарадоцкага края няма.
Але ж для гісторыі і геаграфіі края гэта істотныя моманты, якія варты ўшанавання.
Леанід Гаравы