27 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту. Менавіта ў гэты дзень 75 гадоў таму быў вызвалены польскі горад Аўшвіц (Асвенцым) і тры канцэнтрацыйных лагера каля яго. З 1 лістапада 2005 года дзень вызвалення канцлагераў Аўшвіца Біркенаў па рашэнню Генеральнай Асамблеі ААН па прапанове 90 краінаў стаў Днём памяці ахвяраў Галакоста.
Галакост – гэта дзяржаўная палітыка нацыскай Нямеччыны па пераследу і зьнішчэнню габрэяў ў пэрыяд нямецкай акупацыі еўрапейскіх краінаў пад час Другой сусветнай вайны. Гэтая антычалавечая палітыка фашыстаў ажыцяўлялася і на тэрыторыі Беларусі. Паводле зьвестак большасьці навуковых крыніцаў, на тэрыторыі нашай краіны загінула прыкладна ад 600 да 800 тысячаў габрэяў.
Палітыка Галакосту непасрэдна праводзілася і ў Гарадку, дзе да вайны большасць насельніцтва складалі габрэі. Найбольш трагічныя падзеі Галакосту ў нашым мястэчку звязаны з растрэлам мужчын габрэяў каля в. Бярозаўка напрыканцы лета і знішчэнне насельнікаў гета да свята Пакрова ў Вараб’ёвых гарах. Дзякуючы працы супрацоўнікаў Гарадоцкага краязнаўчага музея і найперш Садоўскай С.І. на старонках кнігі “Памяць” апісана трагедыя Галакосту ў дачыненні да нашых гарадоцкіх габрэяў праз іх знішчэнне ў 1941 годзе. Таксама ў кнізе прыводзіцца пералік 105 мужчын габрэяў растраляных за Бярозаўкай і спіс з 346 чалавек знішчаных у Вараб’ёвых гарах. Але адзначаецца, што забітых было больш і зараз цяжка устанавіць дакладную лічбу.
У памяць тых трагічных падзей на месцах знішчэння габрэяў з Гарадка ўсталяваны помнікі. І да сёняшніх часоў нашчадкі гарадоцкіх габрэяў, якіх жыццё раскідала па ўсяму свету, лічаць неабходным ушаноўваваць памяць сваіх родзічаў, наведваючы месца іх знішчэння.
Толькі да сёняшняга дня няма мемарыяльнага знака на месцы гарадоцкага гета, размешчаным тады каля вуліцы Інтэрнацыянаянальнай, напрыканцы вуліцы Чырвонаармейскай да ракі Гаражанка і абнесеным калючым дротам, адкуль пачаўся апошні шлях большасці мясцовых габрэяў. Таксама была невядома і дата знішчэння габрэяў у Вараб’ёвых гарах.
Высветліць дату ліквідацыі гета ў Гарадку ў Ніны Сяргеяўны Сянчуры, нашай знакамітай зямлячкі, якая у той час была 12-гадовай дзяўчынкай, мне параіла Т.М. Іванова, дырэктар Гарадоцкага краязнаўчага музея. І вось на прыканцы мінулага года я завітаў у госці да Ніны Сяргеяўны і Ўладзіміра Віктаравіча, каб спачатку распытаць пра габрэйскую гісторыю 1941 года, а потым запісаць на відэа сведчанні відавочцы тых трагічных падзей.
Ніна Сяргеяўна даволі падрабязна распавяла пра сваё жыццё ў даваенным Гарадку, дзе набыў дом яе бацька, калі трэба было пераехаць з в. Сянчуры Маскаленяцкага сельсавета. Таксама яна распавяла і пра пачатак вайны 22 чэрвеня ў Гарадку, і пра з’яўленне немцаў у райцэнтры і іх дзеянні.
Вельмі цікавым была яе апавяданне пра не вяртанне суседа Зямы Меерзона з працы на чыгуначнай станцыі, а таксама сведчанне іх суседа Івана Логінава, які бачыў растрэл габрэяў за Бярозаўкай.
Непасрэдна пра дату ліквідацыі гета Ніна Сянчура сказала наступнае: “Это произошло 1 октября. В этот день в 1941 году после первых морозов выпал снег. Я пришла к соседке и увидела, как полицаи выгоняли из здания для летчиков евреев. Выстроили в длинную колонну и повели по улице Красноармейской в сторону деревни Волкова. А двое оставшихся полицейских нашли в прикрытой яме евреев: старика и старуху и посадили в подъехавшую телегу. Потом в здании летчиков вытащили чумазого от сажи подростка еврея, который прятался в печи, и повезли всех в сторону Воробьевых гор.”
Нашы нашчадкі будуць памятаць нас па той гісторыі, якую мы пакінем. А мы мусім пасля сябе захаваць памяць пра трагедыю габрэяў нашага Гарадка ў мемарыяльным знаку з прозвішчамі і імёнамі габрэяў, якія пайшлі ў апошні шлях у Вараб’ёвы горы.
Леанід Гаравы, краязнаўца