Напрыканцы ліпеня на гарадскім стадыёне было выяўлена чарговае знішчэнне 12 крэслаў для гледачоў на левай трыбуне.
Нагадаем, што новая сучасная трыбуна на гарадскім стадыёне па вул. Невельская шаша была абсталявана ў 2014 годзе , калі ў Гарадку рыхтаваліся да абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2014”. На яе левай і правай частках на металічным каркасе было зманціравана 300 пластыкавых крэслаў. Гэтыя крэслы замянілі ранейшыя драўляныя лавы, што былі на бетоннай трыбыне.
Але мусіць з самых першых месяцаў існавання новай трыбуны, яна стала “культавым” месцам для аматараў Бахуса ў цёплы час года. Пераважна па выхадных або пасля працы групы грамадзян пачынаюць распіваць на трыбуне моцныя напоі. І не заўжды гэта толькі піва з “таранькай”.
А пад час распіцця алкаголя тутэйшыя “адпачываючыя” пачынаць нагамі ламаць спінкі крэслаў. У выніку падобных хуліганскіх дзеяў на стадыёне засталося толькі каля 230 крэслаў. І ужо трэць левай трыбуны засталася вольнай ад крэслаў.
Праваахоўчыя органы за гэтыя амаль чатыры гады неаднойчы ўзбуджалі справы па знішчэнню дзяржаўнай маёмасці, але хуліганскія дзеянні на стадыёне працягваюцца. Мусіць і гэтым разам будзе чарговая справа, бо шкода ад сапсавання 12 крэслаў складае амаль 100 рублёў. А на іх месца пастаўлены цэлыя крэслы з края трыбуны.
Толькі завядзеннем справы спынення вандалізму на стадыёне не будзе. Варта дружыннікам, якія ёсць у арганізацыях горада, патруліраваць ваколіцы стадыёна і спрыяць прыцягненню да адказнасці аматараў Бахуса. Бо ператварэнне стадыёна ў пляцоўку для распіцця алкагольных напояў ёсць антыграмадскае дзеянне, якое цягненне прававую адказнасць.
І безумоўна ўладальніку стадыёна неабходна як мага хутчэй абсталяваць трыбуны стадыёна камерамі відэаназірання, выдаткаваўшы на гэта каля 600 рублёў.
Л. Антонаў