“Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення” Віцебскай вобласці атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека

У студзені месяцы на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадычны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь “Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення” Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнедзвінскага раёнаў і г. Віцебска Віцебскай вобласці  атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнага  праяўлення творчасці чалавека. Носьбітам гэтай каштоўнасці выступіў Сіманковіч В.П., кіраўнік гуртка “Лозапляценне” філіяла Гарадоцкага  “Дома рамёстваў і фальклору”, а экспертнае заключэнне прадставіла кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст “Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці” Людміла Вакар і іншыя.

Пад час абмеркавання гэтага пытання было адзначана, што “спіральнае пляценне – адзін з найбольш старажытных відаў пляцення. Гэта тэхніка вядома амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліта. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі.

Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя рамяство было шырока распаўсюджана ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры выраблялі прадметы хатняга ўжытку: посуд для захавання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны, паясы для ацяплення дзвярэй. У якасці асноўных носьбітаў у 1980-90я гг. былі: Адам Мікалаевіч Краўчук з г. Віцебска, Карэнік Пётр Казіміравіч і Чэркас Міхаіл Баляслававіч з Браслава. Апроч таго сучасныя майстры займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення.

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца амаль у нязменным выглядзе. Спіральнае пляценне ў рэгіёне прадстаўлена ў Браслаўскім. Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і горадзе Віцебску. Супольнасць прадстаўлена 10 майстрамі спіральнага пляцення, акрамя таго гурткі па спіральнаму пляценню для дзяцей і дарослых працуюць у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, у Браслаўскім Музеі традыцыйнай культуры, у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”.

Тэхналогія рамяства складаецца з наступных этапаў:

  1. Нарыхтоўка сыравіны: нарыхтоўка саломы ідзе ў пачатку лета на прыватных падвор’ях, сасновы корань нарыхтоўваюць на працягу года ў лесе на пясчаных схілах, абрывах, ямах, лазу нарыхтоўваюць ўвосень, калі спыняецца рух сока па сцяблу, ці ўвесну, калі пачынаюць набухаць пупышкі. Лазовы прут бывае годны для працы з верасня па красавік.
  2. Падрыхтоўка інструментаў і матэрыялаў да работы. Для нарыхтоўкі і апрацоўкі саломы патрэбны: серп, нажніцы. Для нарыхтоўкі і апрацоўкі лазы, сасновага кораня – маленькая лапата, кручок з металічнага дроту, ручны нож, настольны нож для каліброўкі шырыні стужкі і зразання сэрцавіны прута. Для працэсу формаўтварэння – металічная ці драўляная трубачка, высвідраваны рог, полая костка. Для сшывання – качадыка з дрэва, косці, металу, вялікая металічная іголка.
  3. Паслядоўнасць і асаблівасць тэхналагічнага працэсу пляцення. Перад працай салома запарваецца (абліваецца кіпнем), ці заварочваецца на больш працяглы час у мокрую анучу. Стужкі з кораню і лазы таксама заварочваюцца ў мокрую анучу для пластычнасці. Край стужкі зразаецца наўскос, каб быў завостраны і лепей устаўляўся ў адтуліну, зробленую качадыкай. Верхні край саламянага жгута сшываецца з папярэднім пры дапамозе стужкі з кораню ці лазы, ці з дапамогай ільняной ніткі, ці шпагата і жалезнай іголкай з плоскай працоўнай паверхняй. Формаўтварэнне ідзе па спіралі і стварае авальную ці круглую форму. Форма вырабаў, як і тэхніка пляцення, і характар арнамента, – найбольш устойлівыя традыцыйныя элементы мастацтва пляцення, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення. Тэхналогія спіральнага пляцення простая. Са жгутоў саломы ўкладваюць па спіралі круглае альбо авальнае дно, нарошчваюць вышыню і аб’ём сценак. Тэхналогія дазваляе звужаць або пашыраць аб’ём, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Для злучэння жгутоў паміж сабой ужываюць часцей за ўсё лазовыя стужкі, а таксама карані хвойных парод дрэў, ільняныя альбо канапляныя ніткі. Сцягваюць віткі паміж сабой лазовай стужкай пры дапамозе качэдыка, альбо іголкі з вялікім вушкам. Гэты этап працэса стварэння вырабу набліжае яго да тэкстыля.

У дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь падобнага элемента пакуль што няма. Але варта адзначыць, што работа па адраджэнню дадзенай тэхналогіі спіральнага пляцення акрамя Віцебскай вобласці вядзецца Горацкім Домам рамёстваў Магілёўскай вобласці і ў Брэсцкай вобласці.

Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска – традыцыйнае беларускае рамяство, якое дасягае высокага мастацкага ўзроўню, займае пачэснае месца сярод аналагічных тэхналогій, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваім характары амаль не зазнала (утылітарныя, побытавыя вырабы), але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярны ў турыстаў і гасцей з замежжа.

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення мае наступныя адметныя вартасці:

1)мастацкія:

-прастата формаў, якая  асацыіруецца не са спрошчанасцю, а з іх дакладнасцю і дасканаласцю;

– тэхналагічныя асаблівасці адначасова ствараюць пэўны дэкаратыўна-мастацкі эфект: дробны, рытмічны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення стварае прыгожы малюнак на залацістых жгутах саломы;

– утылітарныя, пластычныя і дэкаратыўныя, мастацкія ўласцівасці саламянага начыння з’яднаны ў непаўторным адзінстве;

– выкарыстанне прыродных матэрыялаў – саломка, сасновы корань, лаза, льняныя ніткі;

2) духоўныя – пераемнасць традыцый, якія звязаны з народным побытам і паўсядзённым жыццём вясковай грамады. Канструкцыі побытавых плеценых вырабаў (карабоў, карзін, севалак, кузубаў) архаічныя па форме.

Вырабы майстроў Віцебшчыны, зробленыя ў тэхніцы спіральнага пляцення, маюць наступныя крытэрыі якасці:

– шчыльнасць стыкоўкі жгутоў;

– дасканаласць формы;

– адпаведнасць формаў мясцовым лакальным традыцыям;

– дэкаратыўнасць аплёткі і разнастайнасць рытму;

– вентыляцыйныя якасці матэрыялу дазваляюць захоўваць збожжа і адзенне, а ёмістасці, якія доўгі час скарыстоўваліся для захоўвання мукі, не прапускаюць вадкасці, з’яўляюцца герметычнымі.

Майстры Віцебскай вобласці з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў, падчас якіх праводзяць майстар-класы, абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі. Прадаўжаюць садзейнічаць творчасці майстроў усіх напрамкаў абласныя курсы павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры.

Дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” на працягу многіх год займаецца вывучэннем традыцыйных рамёстваў, сярод якіх і спіральнае пляценне, як вынік – выданне навукова-папулярнай літаратуры, якая будзе карысна і майстрам, і студэнтам, усім тым, хто хоча пазнаёміцца з рамёствамі Віцебшчыны. Віцебскі АМЦНТ плануе раз у пяць год праводзіць конкурс па саломапляценні, у тым ліку спіральнаму, у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, а аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама будзе працягваць праводзіць раённы конкурс па спіральнаму пляценню. Штогод выставы па саломапляценні, у тым ліку – па спіральнаму, праходзяць у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Носьбіты рамяства будуць і далей практыкаваць элемент, спрыяць яго распаўсюджванню, прымаць актыўны ўдзел у выставах, конкурсах, майстар-класах.

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага, раёнаў Віцебскай вобласці і г. Віцебска” можа атрымаць статус гісторыка-культурнай спадчыны таму, што адпавядае вызначэнню нематэрыяльнай культурнай спадчыны, дадзенаму ў арт. 2 п.1 Канвенцыі ЮНЕСКА аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г., а менавіта:

  • з’яўляецца жывой традыцыяй, запатрабаванай супольнасцямі Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага раёнаў Віцебскай вобласці і г. Віцебска;
  • прызнаецца мясцовай супольнасцю ў якасці яе каштоўнасці і культурнай спадчыны

 

Згодна артыкула 92 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь  традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці адпавядае наступным крытэрыям для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці:

  • з’яўляецца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;
  • мае значнасць з пункту гледжання гісторыі, мастацтва, эстэтыкі, этналогіі і культуры; адпавядае мясцовым мастацка-тэхналагічным традыцыям спіральнага саломкапляцення і лакальным формам саламяных ёмістасцяў;

 

Такім чынам, дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны яскрава характэрызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага раёнаў і горада Віцебска. Ён каштоўны для жыхароў сваім зместам, характарам, адпавядае іх бытавым уяўленням. Упэўнены, што ўключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці” паспрыяе яго захаванасці і перадачы наступным пакаленням, дасць магчымасць шырэй папулярызаваць мясцовыя рамёствы, культуру і традыцыі.”

Л. Антонаў

23.03.2020