У Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная праграма «Пятніца, 13»

У гэты дзень, прымеркаваны да Дня бібліятэк, супрацоўнікі прапанавалі наведвальнікам рознага ўзросту шмат сюрпрызаў. Былі прадстаўлены кніжныя выставы «Мистическая библиотека», «Гоголь — великий мистификатор» і «Уж-ж-жасная литература». У бібліакафе «Бессонница» можна было выпіць кубак духмянай гарбаты, а таксама даведацца значэнне сваіх сноў.

Дзеці навучыліся вырабляць шнуры-талісманы і наведалі майстар-клас па аквагрыме пад назвай «Арт-пятница». Конкурс «Спроси у паука» даў магчымасць юным чытачам за правільныя адказы на пытанні атрымаць салодкія прызы. Хлопцы і дзяўчынкі прынялі ўдзел у квэст-гульне «Сумеречная зона», наведалі «пакой страху», з заплюшчанымі вачыма прайшлі «лесвіцу перашкод», шукалі кажаноў, апраналіся ў мумій, танцавалі і проста весяліліся. У фотазоне «Паутина» ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі памятныя здымкі.

Бібліятэкары — захопленыя людзі, прыхільнікі сваёй справы, яны падыходзяць да прафесіі творча, актыўна рэалізуюць разнастайныя праграммы і праекты. Адзін з такіх праектаў — «Чытаем разам па-беларуску». Яго мэта — пазнаёміць дашкольнікаў і малодшых школьнікаў з беларускай культурай і літаратурай, з дзяцінства выхаваць любоў і павагу да роднай мовы і беларускага народа.

Бібліятэкары арганізуюць краязнаўчыя вандроўкі і дні жартаў, паказваюць лялечныя спектаклі, чытаюць з дзецьмі беларускія народныя казкі, знаёмяць з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Майя САЛДАЦЕНКА.

http://www.garadvest.by

 

23.09.2019