На мінулым тыдні супрацоўнікі спартыўнай галіны раёна і старшыня Гарадоцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ларыса Пальчыкава наведалі габрэйскія могілкі Гарадка.
Леанід Гаравы правёў невялікую экскурсію па старай частцы Гарадка: ад вуліцы Чырвонаармейскай каля месца габрэйскага гета па каменке вуліцы Інтэрнацыянальнай праз аварыйны мост па вуліцы Галіцкага да крыніцы на вул. Зялёнай.
Габрэйскія могілкі сустрэлі вялікай травой: мала засталося габрэяў у Гарадку і сродкаў для дагляду яны збіраюць мала – ёсць толькі на адзін пакос на пачатку ліпеня.
Адпаведна і на саміх могілках у сучаснай частцы толькі напрыканцы былі дагледжаны магілы каля пахавання трагічна загінуўшага маладога Юрыя Суперфіна. Мусіць гэтай справай займаецца яго брат, які жыве ў Нямеччыне.
На саміх могілках магчыма расказваць пра гісторыю гарадоцкіх габрэяў ХХ стагоддзя. Тут пахаваны родныя сёстры Героя Савецкага Саюза Іосіфа Бумагіна, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава ў Брэслаў (Вроцлаве) 26 красавіка 1945 года: Бумагіна Ася Раманаўна і Казанская Груня Рувімаўна.Іосіф Бумагін пайшоў ваяваць з Бірабіджана і там ён галоўны Герой той вайны. І толькі ў мінулым годзе ў Бірабіджане даведаліся, што ён родам з Гарадка, а не з Віцебска, як пісалі у розных крыніцах: http://haradoktour.by/%d0%b2-%d0%b1%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b1%d0%b8%d0%b4%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%b5-%d1%83%d0%b7%d0%bd%d0%b0%d0%bb%d0%b8-%d1%87%d1%82%d0%be-%d0%b8%d0%be%d1%81%d0%b8%d1%84-%d0%b1%d1%83%d0%bc%d0%b0%d0%b3%d0%b8/
Далей ёсць могілкі родзічы Марка Шагала, Міхаіла Ромма, Масарскія, Пейсахавічы і г.д. Ёсць могілкі Цынмана, Гольдвасера, Усвяцова, Свірідоўскі, Крывічкін Іосіф, Чэсных…
Мэтай экскурсіі было наведванне пахавальных сталоў пачатку ХХ стагоддзя.
Але з восені 2018 года, калі праход да іх быў вызвалены, хмызняковая расліннасць зноў закрыла дарогу. Вось так:
Канешне, варта даглядаць гэты музей пад адкрытым небам, але гэта пакуль не з’яўляецца патрэбным для мясцовай улады.
Але габрэйская гісторыя Гарадка магла бы стаць разынкай для нашага горада. Зараз рыхтуецца экскурсійны маршрут “Еврейская история Городка», які плануецца прэзентаваць у ліпені.
І безумоўна варта усталяваць мемарыяльны знак на месцы гарадоцкага гэта, якое было ліквідавана 12 кастрычніка 1941 года. Тым больш, што ў гэтым годзе будзе ўжо 80 гадоў як адбылася тая трагічная падзея.
Л. Антонаў