


Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне ўключаны ў нацыянальны спіс гісторыка- культурнай каштоўнасці Беларусі
Дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” абагульніла досьвед вырабаў страваў з сырой цёртай бульбы, якія шырока распаўсюджаныя на тэрыторыі Гарадоцкага раёна. Разам з іншымі раёнамі Віцебскай вобласці наш раён трапіў у рашэнне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб наданні статусу гісторыка- культурнай каштоўнасці страваў з сырой цёртай бульбы. Досьвед працы клубных устаноў Гарадоцкага раёна абагульнілі загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” – Таццяна Аляксандраўна Аўсянка і метадыст метадычнага аддзела ДУК “ЦТКіНТ” — Наталля Алегаўна Качанава.
Дранікі – страва з сырой цёртай бульбы, шырока распаўсюджаная на тэрыторыі Гарадоцкага раёна. Сваю назву страва атрымала ад назвы працэсу прыгатавання ( драць, дзерці бульбу на тарцы). Дранікі, бульбяныя бліны адносяцца да сфарміраванага яшчэ ў старажытныя часы на Гарадоччыне, комплексу страў з дзёртай бульбы. Сюды ўваходзяць таксама клёцкі, бабка, калдуны. У некаторых вёсках Гарадоччыны сустракаюцца лакальныя назвы дранікаў: дзеруны, дзертукі, цертукі. Асноўнымі інгрэдыентамі для прыгатавання дранікаў з’яўляецца бульба, надраная на тарцы, цыбуля, соль. Калі натаркаваная маса атрымліваецца занадта рэдкай, яе сцэджваюць на сіта ці праз марлю, даюць адстаяцца і крухмал, які асядае на дно посуду, дадаюць да цёртай бульбяной масы. Выпякалі дранікі на свінным тлушчы, а пазней на алеі, выкладваючы на патэльню лыжкай і абсмажваючы з абодвух бакоў. Падавалі дранікі са смятанай.
За час існавання стравы, базавы рэцэпт дапаўняўся рознымі варыяцыямі. Так многія гаспадыні з розных вёсак Гарадоччыны ў дзёртую бульбу акрамя цыбулі і солі, дадаюць яйка, і пару лыжак мукі і смятаны. Гаспадыні з вёсак Бычыхінскага сельскага Савета дабаўляюць цёртую моркву, у вёсцы Кабішча квашаную капусту, а ў вёсках Межанскага Савета распаўсюджаны рэцэпт з дабаўленнем творагу. Другая група дранікаў мае мясную начынку. Яны таксама шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Гарадоцкага раёна і раней былі пераважна святочнай стравай.
Тэхналогія і традыцыйныя рэцэпты прыгавання дранікаў, што дайшлі да нас амаль у нязменным выглядзе, сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці і сучаснай кулінарыі. Яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю на святочных мерапрыемствах, дзе часта ладзяцца выставы-дэгустацыі страў нацыянальнай кухні. Дранікамі частуюць сваіх гасцей гаспадыня аграсядзібы “Экомир” Тарасава Любоў Аляксандраўна з вёскі Рослыя і гаспадыня аграсядзібы “Виноградная улитка» Касцюкевіч Анжаліка Іванаўна з вёскі Сазоненкі.
На Гарадочччыне традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў захоўваюцца з даўніны і перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Значную ўвагу захаванню гэтых традыцыйных страў і выкарыстанню іх у клубнай рабоце надаюць і спецыялісты клубных устаноў раёна, спрыяючы тым самым развіццю ведаў пра спецыфіку і каларыт беларускай кухні. Веданне асаблівасцяў сваёй нацыянальнай кухні, як часткі традыцыйнай культуры рэгіёна з’яўляецца кансалідуючым фактарам для супольнасці.Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны мае ўжыткова-утылітарную функцыю, так як сёння шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці. Захаванне і папулярызацыя гэтага элемента паспрыяе развіццю турыстычнай прывабнасці Гарадоччыны і устоўліваму развіццю рэгіёна.
Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне” з’яўляецца часткай багатых і самабытных традыцый беларусаў, звязаных з асаблівасцямі харчавання. Бульбяныя стравы,накшталт нашых дранікаў, шырока распаўсюджана ў краінах Лацінскай Амерыкі і Еўропы. У кожнай з іх яны гатуюцца па сваіх рацэптах, маюць адметны смак і свае асаблівасці прыгатавання.На тэрыторыі Беларусі бульбу сталі вырошчваць у 17 стагоддзі. Мяркуюць, што завезена яна была з Галандыі, а ў Еўропу трапіла з Амерыкі. Сваю папулярнасць бульба заваявала ў беларусаў не адразу, затое цяпер па праву лічыцца другім хлебам. Бульба з’яўляецца асновай і неад’емнай часткай многіх страў нацыянальнай беларускай кухні. А дранікі лічацца сапраўдным гастранамічным брэндам краіны. Упершыню рэцэпт дранікаў быў апісаны ў кнізе “Кухар добра навучаны” польскага повара Яна Шыдлера у 1830 годзе.
Рэцэпты прыгатавання застаюцца амаль нязменнымі на працягу стагоддзяў і перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Аснову рэцэпта дранікаў, як сцвярджаюць старэйшыя носьбіты традыцыі Прышчэпава Надзея Раманаўна 1936 г.н., і Гайтамонова Марыя Піліпаўна, 1938 г.н. з аг.Пальмінка, складаюць простыя і даступныя прадукты. Таму дранікі, як паўсядзённая страва, шырока практыкуюцца ва ўсіх вёсках раёна і ў горадзе Гарадку і з’яўляюцца любімай стравай.
Дранікі ў Гарадоцкім раёне гатуюць паўсюдна, ва ўсіх вёсках раёна, у 9 аграгарадках і ў горадзе Гарадку. Жыхары аграгарадкоў і вёсак у сваёй пераважнай большасці практыкуюць сельскагаспадарчы ўклад жыцця. Яны вырошчваюць бульбу і іншую гародніну на прысядзібных участках, трымаюць кароў і свіней, што з’яўляецца важным фактарам захавання тэхналогіі прыгатавання мясцовых традыцыйных страў, у тым ліку і дранікаў, бо неабходныя для іх прыгатавання прадукты заўсёды даступныя.Для прыгатавання дранікаў выкарыстоўваюцца традыцыйныя прылады, якія ёсць у кожнай гаспадыні: тарка “бульбяная” і “бурачная”, чугунная патэльня, гаршчок, лыжка і інш. Амаль штодзённае прыгатаванне дранікаў і бульбяных бліноў у гарадскім і вясковым асяроддзі паспрыяла натуральнаму бытаванню і далейшаму развіццю дадзенага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.Тэхналогія прыгатавання дранікаў традыцыйная, рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакаленне і маюць невялікія адрозненні па складу інгрэдыентаў, у залежнасці ад мясцовасці.
У вёсках Бычыха, Мехавое, Смароднік Бычыхінскага сельскага Савета да цёртай бульбы акрамя цыбулі, солі дадаецца яшчэ нацёртая на дробную тарку морква, мука і смятана.
Рэцэпт запісаны са слоў Шэнец Святланы Пятроўны 1960 г.н. У свой час так гатавала дранікі яе маці Драздзенка Ніна Іванаўна,1923 г.н. Трэба 6 вялікіх бульбін, адну цыбуліну, адну сярэдніх памераў моркву, нацерці на тарцы, дадаць па смаку соль, перац і дзве лыжкі смятаны. Выкладваць лыжкай на патэльню і смажыць з абодвух бакоў.
Гаспадыня з вёскі Лахі Езырышчанскага Савета Падліпская Лідзія Васільеўена (1955 г.н) пераняла ад носьбіта традыцыі, сваёй маці Ніны Фёдараўны Шапляковай ( 1925 г.н) наступны рэцэпт прыгатавання дранікаў : 5 бульбін, цыбуліну пацерці на дробную тарку, дадаць 200 грамаў нацёртага гарбуза, 100 грамаў капусты, нацёртай на “бурачнай ”тарцы, 2 яйкі, 2 лыжкі смятаны,соль. Смажыць на алеі з двух бакоў, накрыўшы патэльню крышкай.
Многія гаспадыні з вёскі Кабішча Пальмінскага сельскага Савета акрамя базавага рэцэпта дранікаў, выкарыстоўваюць і рэцэпт з дабаўленнем квашанай капусты. Спатрэбіцца 5-7 бульбін, грамаў 300 квашанай капусты, адно яйка, дзве лыжкі мукі.Гэты рэцэпт быў запісаны са слоў Канстанцінавай Валянціны Іванаўны, 1952 года нараджэння.Яна пераняла яго ад сваёй маці Цяцёркінай Алены Паўлаўны (1918 г.н)
У вёсках Максімаўка, Хмяльнік, Даўганы Межанскага сельскага Савета выкарыстоўваюць рэцэпт прыгатавання дранікаў з дабаўленнем творагу. (Запісана са слоў Міхновай Галіны Анатольеўны, якая пераняла рэцэпт ад сваёй бабулі Анастасіі Анісімаўны Кажамяка, 1912 года нараджэння). Дзесяць бульбін трэба нацерці на дробную тарку, адцадзіць, дадаць стакан тварагу, два яйкі, 3 лыжкі мукі. Смажыць на алеі з двух бакоў.
У аграгарадку Мяжа Межанскага сельскага Савета гаспадыні пякуць бульбяныя бліны па наступным рэцэпце. 7 буйных бульбін нацерці на тарцы, добра адціснуць вадкасць, дадаць адзін стакан малака, адзін стакан мукі, адно яйка, соль. Добра размяшаць.Смажыць на алеі вялікія бліны на ўсю патэльню. Добра пасмажыць дробна парэзанае свіное сала і цыбулю і макаць туды бульбяныя бліны.
У аграгарадку Пальмінка, вёсках Кабішча, Валадарка, Раманава, Сюбараўка Пальмінскага сельскага Савета бульбяныя бліны гатуюць наступным чынам. Трэба адварыць 6 бульбін у лупінах, абабраць, растаўчы. 7 бульбін нацерці на дробную тарку, дадаць 3 яйкі, стакан малака, 3 лыжкі мукі, растоўчаную варанаю бульбу (пюрэ). Усё добра перамяшаць. Калі маса атрымаецца занадта густой, дабавіць крыху бульбянога адвару. Выпякаць бліны на ўсю патэльню.Гэтым рэцэптам падзялілася Прышчэпава Яўгенія Раманаўна (1936 года н.р)
Другая група традыцыйнай стравы – дранікі з мясам. Яны таксама шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Гарадоцкага раёна.Толькі раней яны былі пераважна святочнай стравай. Ва ўсіх вёсках інгрэдыенты для іх прыгатавання выкарыстоўваюцца аднолькавыя : бульба, яйкі, свіное мяса з салам (раней яго дробна рэзалі, пазней сталі пракручваць на мясасечку), соль, чорны перац, цыбуля. Некаторыя гаспадыні дадаюць яшчэ і часнок. Вось рэцэпт дранікаў з мясам запісаны са слоў Галіны Іванаўны Рудаковай (1939 г. н.), жыхаркі вёскі Верамееўка, які яна пераняла ад сваёй маці. Бярэцца 6-7 бульбін, 300 грамаў, дробна парэзанага, свінога мяса і сала, адна вялікая цыбуліна, адно яйка, дзве лыжкі смятаны, соль і перац па смаку.Бульбу і цыбулю трэба пацерці на дробную тарку, дадаць соль, перац, мяса, яйка. Перамяшаць, выкладваць на патэльню лыжкай і смажыць з двух бакоў на свіным тлушчы.
Ёсць яшчэ адзін спосаб прыгатавання дранікаў з мясам. Для іх мясны фарш не дадаецца да бульбяной масы, а замешваецца асобна. Да яго дадаюцца соль, здробнены часнок, чорны перац. Затым лыжкай на патэльню выкладваецца цёртая бульба ў выглядзе аладак, затым на кожную аладку кладзецца мясны фарш а зверху зноў цёртая бульба. Такія бульбяныя аладкі таксама абсмажваюцца з двух бакоў. Такім спосабам дранікі з мясам часцей гатуюць у вёсках Даўгапольскага сельскага Савета ( Селішча, Верына, Кісялі, Зарэчча і інш).Такім жа чынам гатуюцца дранікі з мясам а ў аграсядзібе “Экомір”, што знаходзіцца ў вёсцы Сазоненкі. Яе гаспадыня Тарасава Любоў Аляксандраўна падзялілася таксама рэцэптам бульбяных бліноў, які ёй дастаўся ад яе маці. Бульбу трэба нацерці на тарцы, дадаць соль, нацёртую цыбулю, крыху часнаку і добра перамяшаць. Выкладваць блін на ўсю патэльню і смажыць з абодвух бакоў. Затым кожны блін разрэзаць на чатыры часткі, скласці ў чыгунок, паліць смятанай і пратушыць.
Прыгатаванне дранікаў, як паўсядзённай стравы, шырока практыкуецца ў семьях вясковых і гарадскіх жыхароў, дзе рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакалення. Зразумела, што ў наш час гаспадыні выкарыстоўваюць на кухні сучаснае абсталяванне, але гэта не можа значна паўплываць на працэс бытавання і развіцця элемента.
Матэрыяльныя аб’екты, звязаныя з практыкай вырабу дранікаў: бульба, цыбуля, свіны тлушч, алей, свіное сала і мяса, соль, мука, яйкі, малако, тарка, патэльня, чугунок і інш.
Элемент нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці перадаецца ў сям’і, ад пакалення да пакалення, а таксама пры правядзенні раённых фестываляў “Гарадоцкі Парнас” і “Мара гурмана”, святаў народнага каляндара і іншых мерапрыемстваў фальклорнага накірунку клубных устаноў раёна, выстаў-прэзентацый страў нацыянальнай кухні, што праводзяць народныя аматарскія аб’яднанні “Сладушка” філіяла”Пальмінскі СДК” і “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі СДК”. Цэнтрам традыцыйнай культуры і народнай творчасці падрыхтавана выданне “Гарадоцкія прысмакі” , у якое ўвайшлі рэцэпты традыцыйных страў, у тым ліку і дранікаў.
У Інвентары гісторыка-культурных каштоўнасцей беларусі унесена 94 элементы, 11 з якіх, адносяцца да катэгорыі “традыцыйная ежа”. У сістэме падобнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці прадстаўлены 3 элементы “Традыцыйная страва “Клёцкі з душамі” Віцебскай вобласці”, “Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба”(Глыбоцкі раён), “Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран»( Глыбоцкі раён).
Пэўнае падабенства элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне” ёсць з элементам “Традыцыйная страва “Клёцкі з душамі” Віцебскай вобласці”, унесенным у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Абедзве стравы гатуюць з дзёртай бульбы, яны маюць шырокі арэол бытавання і шырока практыкуюцца у сучасным гарадскім і вясковым асяроддзі.
Вядучую ролю у захаванні жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Гарадоцкім раёне” выконваюць супольнасці жыхароў Бычыхінскага, Стадалішчанскага, Даўгапольскага, Межанскага, Першамайскага, Віраўлянскага, Пруднікскага Езярышчанскага сельскіх Саветаў. А таксама работнікі клубных устаноў.
Дзяржаўнай установай культуры “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна” праводзіцца шмат мерапрыемстваў , неад’емнай часткай якіх з’яўляюцца выставы-дэгустацыя страў нацыянальнай кухні, у тым ліку дранікаў і бульбяных бліноў.Сярод іх раённае свята традыцыйнай культуры “Са спадчынай продкаў –у будучыню”, раённае свята народных талентаў “А музыкі граюць, граюць”, раённы агляд – конкурс народнай творчасці “Гарадоцкая скарбонка”, раённы конкурс маладых сямей у межах рэспубліканскага праекта ”Властелин села”. Кулінарнае майстэрства прыгатавання дранікаў, а таксама іх дэгустацыя дэманструецца на тэматычных панадворках сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый горада падчас правядзення раённага фестываля народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”, што з’яўляецца брэндавым мерапрыемтвам Гарадоцкага раёна, а таксама падчас правядзення кулінарнага фестываля “Мара гурмана”.
Частаванне дранікамі ўключана ў праграму святаў народнага календара Масленіца і Купалле, якія праводзіць Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна для арганізаваных турыстычных груп на базе турысцка-аздараўленчага комплексу “Лосвіда”.
Дранікі і бульбяныя бліны нязменна прадстаўлены штогод падчас выстаў -прэзентацый страў беларускай кухні, што ладзяць народнае аматарскае аб’яднанне “Сладушка” філіяла “Пальмінскі сельскі Дом культуры”, народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі сельскі Дом культуры”, клуб нацыянальнай кухні і гульні “Ройніца” філіяла “Даўгапольскі сельскі клуб”, фальклорны калектыў “Спадарыня” філіяла “Бычыхінскі сельскі Дом культуры” падчас правядзення раённага свята “Хвала і пашана вам , хлебаробы”, прысвечанага Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці АПК, раённага свята “Масленіца”, абласнога спартыўна-мастацкага свята “Віцебская лыжня”, што праходзіць ва ўрочышчы Вераб’ёвы горы.
Адкрытыя паседжанні па тэме традыцый беларускай кухні, прыгатавання дранікаў па розных рэцэптах праводзяць народнае аматарскае аб’яднанне “Сладушка” філіяла “Пальмінскі сельскі Дом культуры”, народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” філіяла “Кабішчанскі сельскі Дом культуры”, клуб нацыянальнай кухні і гульні “Ройніца” філіяла “Даўгапольскі сельскі клуб”, клуб “Сельчанка” філіяла “Віраўлянскі сельскі Дом культуры”, жаночы клуб “Дзявочнік” філіяла “Вархоўскі сельскі Дом культуры”.
У філіяле “Кабішчанскі СДК” праведзена свята беларускай кухні “Прысмакі на ўсе смакі”, фальклорная вечарына “Традыцыі нашых продкаў”. У філіяле “Пальмінскі СДК” праведзена свята “Беларускія прысмакі”, конкурс гаспадынь “Смачна гатуем,гасцей частуем”. У філіяле “Вархоўскі СДК” праведзена свята бульбы “Ах,бульба, бульбачка”.
Дранікі, бульбяныя бліны, разам з іншымі стравамі нацыянальнай кухні заўжды прадстаўлены на выставах-дэгустацыях падчас святаў народнага каляндара Масленіца, Купалле, Спас, Юр’я, Багач, Пакроў, што праводзяць усе клубныя установы, што з’яўляюцца філіяламі ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна”.
Застаецца пажадаць культурным работнікам паспяховага прасоўвання нашай каштоўнасці на тэрыторыі раёна і правядзення адмысловага агульнараённага свята ў Гарадоцкім краі. Ды і адпаведны кулінарны маршрут нам па сілам арганізаваць на Гарадоччыне.
Л. Антонаў

( Руская ) Выставку, организованную Комитетом Госдумы по делам СНГ, евразийской интеграции и связям с соотечественниками посетили активисты Городокщины

Свята вёскі Селішча прайшло цікава і насычана: прагучала шмат цёплых і шчырых слоў, віншаванняў і пажаданняў
Свята вёскі Селішча пад назвай «Каханнем да Радзімы дыхаючы» правялі 23 чэрвеня работнікі філіяла «Даўгапольскі СК» сумесна з сектарам «Аўтаклуб» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна. Праграма свята атрымалася насычанай і цікавай.
Гучала шмат цёплых і шчырых слоў, віншаванняў і пажаданняў. Вяскоўцаў павіншаваў старшыня Даўгапольскага сельвыканкама В.Бабкоў.
Свае песні жыхарам вёскі падарылі ўдзельнікі творчых калектываў.
У рамках мерапрыемства была арганізавана кніжная выстаўка, падрыхтаваная раённай бібліятэкай, а таксама выстаўка-продаж вырабаў народных рамёстваў, сувенірнай прадукцыі Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.
Л. Антонаў, па інфармацыі: https://vk.com/id585661397

( Руская ) Что должно входить в аптечку путешественника? Советует специалист

( Руская ) ГПУ “Корытинский мох” провело водно – пеший поход работников ПО«Энергокомплект» г. Витебска по Веречскому краю

( Руская ) Митинг-реквием, посвящённый Дню всенародной памяти прошел на Пантеоне памяти в урочище Воробьёвы горы, а в райбиблиотеке состоялась презентация книги “Геноцид белорусского народа”

Пётр Падгурскі: Не пакінем таго, чаму навучыліся за гэты час. Куды варта завітаць тым, хто жадае даведацца як мага больш пра Віцебшчыну?
Як захоўваюць гісторыка-культурную спадчыну ў Віцебскай вобласці? Як адзначаюць Год гістарычнай памяці ў рэгіёне? Што назіраецца апошнім часам у бібліятэчнай сферы? І куды варта завітаць тым, хто жадае даведацца як мага больш пра Віцебшчыну? Пра гэта расказвае начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі.
— У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уваходзіць шмат аб’ектаў Віцебскай вобласці. Якія з іх у гэтым пераліку значацца нядаўна? Магчыма, штосьці плануюць уключыць у бліжэйшы час?
— У 2021 годзе ў Дзяржаўны спіс уключаны дзве нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці — «Беларускае мастацтва выцінанкі» (у цэлым па краіне) і «Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору» ў Лепельскім раёне, а таксама два матэрыяльныя аб’екты. Гэта комплекс былой сядзібы Цюндзявіцкіх у Галошаве Талачынскага раёна і помнік на месцы гібелі генерала Якава Кульнёва ў Полацкім раёне. Сёлета ўжо надалі статус нематэрыяльных каштоўнасцей стравам з бульбы Віцебскай вобласці. Плануецца дадаць туды і традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах (гэта Пастаўскі раён) і традыцыйны народны лялечны тэатр «Віцебскі жлоб».
— Раскажыце, калі ласка, пра планы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны на 2022 год.
— Знакавы аб’ект у гэтым плане — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, дзе працягваюцца маштабныя работы па аднаўленні фрэсак ХІІ стагоддзя і рэканструкцыі самога храма. Акрамя гэтага, вядуцца работы на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку, уключаючы маштабныя археалагічныя даследаванні, якія не маюць аналагаў у краіне ў апошнія гады. Арганізавана праца і на будынку былога вінаачышчальнага склада ў Лепелі, які будзе прыстасаваны пад музей. Дарэчы, маюцца прыклады актывізацыі дзейнасці па рэстаўрацыі з боку прыватнага бізнесу. У першую чаргу гэта тычыцца будынкаў у буйных гарадах, хаця ёсць цікавасць і да былых сядзіб. Апошняй катэгорыі, у першую чаргу тым аб’ектам, якія на дадзены момант не выкарыстоўваюцца, надаецца асаблівая ўвага з боку урада, Міністэрства культуры і мясцовых улад. У прыватнасці, усе яны могуць быць рэалізаваны на льготных умовах ці выкарыстаны для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Спіс падобных месцаў і невялікі відэаролік пра іх можна паглядзець на сайце Віцебскага аблвыканкама.
— Пералічыце асноўныя конкурсы, акрамя, зразумела, тых, што адбываюцца ў рамках Славянскага базару, якія праходзяць у рэгіёне. Якія з іх, на вашу думку, заслугоўваюць асаблівай увагі?
— Віцебшчына, сапраўды, — не толькі Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». У нас маецца 12 міжнародных і 4 рэспубліканскія фестывалі і святы, якія фінансуюцца з удзелам рэспубліканскіх і абласных сродкаў. А яшчэ шмат разнастайных рэгіянальных мерапрыемстваў. Напрыклад, у Сафійскім саборы ў Полацку штогод праходзяць Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі і Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». У тым жа Полацку вялікі поспех сярод блогераў і аматараў кіно мае рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча «Я здымаю кіно».
Фота БелТА
Заўседы з размахам праходзяць Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», Міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль», Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» і іншыя знакавыя культурныя падзеі. Па сутнасці, кожны раён і горад вобласці мае што паказаць і куды запрасіць гасцей і ўдзельнікаў.
— А куды будуць запрашаць падчас правядзення мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці?
— Гэтая тэма будзе ісці своеасаблівым рэфрэнам ва ўсіх установах культуры. Але ёсць асобныя мерапрыемствы, на якія трэба звярнуць увагу. Напрыклад, круглы стол «Праблемы вывучэння гісторыі партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на сучасным этапе», віртуальны праект «Кніга „Памяць“. Віцебская вобласць». Гаворка вядзецца пра прэзентацыю віртуальнай базы даных загінуўшых ураджэнцаў рэспублік СССР на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, распрацаванай Віцебскім абласным музеем імя Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова. Запланаваны імпрэзы, прысвечаныя больш далёкім стагоддзям. Напрыклад, выстаўка «Полацк Ганзейскі», дзе будуць прадстаўлены свінцовыя пломбы і пячаткі з калекцыі археалогіі музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
— Што апошнім часам адбываецца ў бібліятэчнай сферы? Чым спрабуюць зацікавіць сталых і юных чытачоў?
— Тут назіраюцца лагічныя вынікі інфарматызацыі. Новыя ўмовы, распаўсюджанне гаджэтаў і дамінаванне інтэрнэту прыводзіць да скарачэння колькасці чытачоў. Пры гэтым бібліятэчныя супрацоўнікі не сядзяць на месцы, а ідуць у нагу з часам. Яскравы прыклад — Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна, якая здолела заняць сваю нішу ў інтэрнэт-прасторы за кошт размяшчэння электроннага каталога, алічбаваных дакументаў, сур’ёзных тэматычных баз даных і іншага цікавага і запатрабаванага кантэнту. У выніку толькі за 2021 год сайт бібліятэкі наведала звыш 1,8 мільёна чалавек. Гэта велізарныя лічбы для ўстаноў культуры. Але ж і саму абласную бібліятэку прыемна наведваць. Пры магчымасці рэкамендуем усім гэта зрабіць. Таму што цяпер там не проста чытальныя залы, але і ўтульны і крэатыўны інтэр’ер, які стварае сапраўдную творчую атмасферу і дае магчымасць атрымаць асалоду ад чытання. Тое ж самае можна сказаць пра дзіцячы аддзел, які больш нагадвае яркую гульнявую пляцоўку, ад якой дзяцей не адцягнуць. Яны самі могуць хадзіць сярод паліц і выбіраць цікавыя кніжкі. Усё гэта рэальна працуе.
— Як справы ў іншых кніжніцах?
— Зразумела, што звычайныя, тым больш рэгіянальныя бібліятэкі не могуць па гэтых паказчыках дасягнуць узроўню абласной, але і там ёсць чым ганарыцца. У паўночным рэгіёне Беларусі інфармацыйнае абслугованне ў сельскай мясцовасці ажыццяўляюць 318 бібліятэк. Для жыхароў населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць стацыянарныя ўстановы культуры, даступнасць паслуг забяспечваецца мабільнымі бібліятэкамі, якія выязджаюць па графіках зацверджаных маршрутаў і наведваюць карыстальнікаў з 690 аддаленых і маланаселеных вёсак. На выклікі часу бібліятэкі адказваюць усё часцей праектнай дзейнасцю. Паспяхова рэалізоўваюцца праекты, скіраваныя на сацыяльную адаптацыю пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу: «Мы — разам» Вусценскай сельскай бібліятэкі (Аршанскі раён), «Шлях да кнігі» Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі (Браслаўскі раён). Этнаграфічны праект Руднянскай бібліятэкі-філіяла № 43 па стварэнні пакоя-музея «Вачыма продкаў» з прадметамі побыту канца XIX — пачатку XX стагоддзяў стаў настолькі папулярным сярод жыхароў вёскі, што пераўтварыўся ў мабільны і экспанаваўся ў 6 філіялах Полацкай бібліятэчнай сістэмы. Жыхары горада не толькі ацанілі цікавую экскурсійную праграму, але і прымалі актыўны ўдзел у арганізаваных фальклорных святах. Плённа працуюць бібліятэкі Лёзненскага раёна. Так, Кавалёўская сельская бібліятэка ажыццяўляе пошукавую работу па гісторыі народных гульняў, звычаяў, традыцый і самабытнай культуры. Запісаны і абагулены матэрыялы носьбітаў вуснай народнай творчасці, бытавых танцаў, у тым ліку аўтэнтычнай Лёзненскай кадрылі, характэрнай для канкрэтнай мясцовасці.
— Калі поспехі ў гэтым кірунку ў бібліятэк, што ўжо казаць пра музеі… На якія з іх варта звярнуць увагу аматарам гісторыі і мастацтва? Куды параіце чытачам завітаць?
— У ліку найбольш папулярных — Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Музей Марка Шагала ў Віцебску, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Таксама цікавасць для турыстаў павінны ўяўляць Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку, Музей-сядзіба Ільі Рэпіна «Здраўнёва», Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей і яго філіял у Мосары, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны…
— Што новага ў гэтай сферы?
— У вобласці актыўна вядзецца работа па стварэнні новых экспазіцый музеяў. Так, у пачатку мая была адкрыта абноўленая экспазіцыя ва Ушацкім музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Арганізоўваюцца новыя экспазіцыі ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а таксама ў новым будынку Музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Важнай задачай для музеяў з’яўляецца правядзенне на высокім узроўні юбілейнага 5-га нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі», які пройдзе гэтай восенню ў Віцебску і ў якім павінны прыняць удзел усе музеі Віцебскай вобласці. Гэтае мерапрыемства змогуць наведаць усе ахвотныя.
— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася ўпраўленне культуры апошнім часам? Як спрабуеце іх вырашыць?
— Доўгі час усе ўстановы культуры вобласці вымушаны былі працаваць ва ўмовах эпідэміялагічных абмежаванняў. Гэта адмоўна ўплывала на наведванне і колькасць мерапрыемстваў. У гэтым плане асабліва складаная сітуацыя была ў музеях. Напрыклад, 70 % ўсіх наведвальнікаў Музея Марка Шагала ў Віцебску ў перыяд да пандэміі складалі замежныя турысты. Увядзенне абмежаванняў на межах РФ і іншых краін вельмі балюча ўдарыла па гэтай і іншых установах культуры. Для вырашэння праблемы і прыцягнення наведвальнікаў музеі пайшлі ў інтэрнэт. У выніку, напрыклад, ролікі супрацоўніцы Віцебскага мастацкага музея Анастасіі Папроцкай пра асобныя знакавыя творы з фондаў установы за кароткі час набралі тысячы праглядаў у YouTube. На шчасце, сітуацыя змянілася ў станоўчы бок. Таму будзем спадзявацца, што многія нашы праблемы застануцца ў мінулым, але мы не пакінем таго, чаму навучыліся за гэты час.
Даведка
- У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 966 аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у тым ліку помнікі горадабудаўніцтва (2), помнікі архітэктуры (299); помнікі археалогіі (370); помнікі гісторыі (264, абсалютная большасць з якіх — воінскія пахаванні); помнікі мастацтва (4); запаведныя месцы (2); рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (6); нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (19).
- У вобласці ў кожным раёне ёсць уласны музей. Агульная колькасць дзяржаўных музеяў сферы культуры складае 28. Сярод найбольш запатрабаваных — Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, якія маюць шмат філіялаў. У Год гістарычнай памяці вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў і школьнікаў карыстаецца Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Турысты часцей за ўсё наведваюць Музей Марка Шагала ў Віцебску, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якія звязаны з імёнамі сусветна вядомых мастакоў.
- Сёння раёны маюць свае адметныя культурныя праекты, якія адлюстроўваюць мясцовыя асаблівасці. Набіраюць папулярнасць свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», якое праводзіцца на радзіме селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, рэгіянальнае свята «Гарадоцкі Парнас» у гонар аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына, фестываль вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння» ў Віцебскім раёне, экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» і шэраг іншых.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота: БелТА

Аграсядзіба “Бяроста” з вёскі Забарок Гарадоцкага раёну запрашае ў новую праграму-рэтрыт “Я ёсць!” Паспрабуйце!

Дзень першы
17.00 — сустрэча гасцей ў сядзібе. Знаёмства.Размяшчэнне.
19.00 — вячэра.
20.00 — вячоркі ля вогнішча, дзе мы познаёмімся бліжэй, а вы даведаецеся пра эка-арт- тэрапію і тое, што і як мы будзем рабіць.
Дзень другі
8.30 — невялічкая размінка-падрыхтоўка і тлумачэнне тэмы дня.
9.00 — сняданак
10.30 — 13.30 вандроўка ( на байдарках ці роварах)
14.00 — абед
15.00 — 17.00 — увасабленне вашых творчых задум, абмеркаванне
19.00 — вячэра
Дзень трэці
8.30 — наладжваньне на дзень
9.00 — сняданак
10.30−14.00 арт-прагулянка па лесе з заходам на лясное возера і ўнутр сябе, абмеркаванне таго, што атрымалася
14.00 — абед
15.00 — развітанне, ад’езд
