У Віцебску развіталіся з выбітным паэтам і перакладчыкам, выкладчыкам ВДУ Уладзімірам Папковічам, які пераклаў на нямецкую мову паэму Вераніцына “Тарас на Парнасе”

10 красавіка на 87-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет Уладзімір Папковіч. Настаўнік, паэт, перакладчык — доўгія дзесяцігоддзі ён заставаўся адным з цэнтраў прыцягнення культурнага асяроддзя Віцебшчыны, увасабленнем інтэлігентнай разважлівасці і непадробнай цікаўнасці да жыцця і творчасці сяброў, калег і вучняў.

Уладзімір Папковіч

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Скончыў факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынерам-перакладчыкам.

 

З 1966 года жыў у Віцебску. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў СШ №20, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме. Ад 1982 года — старэйшы выкладчык, у 1998-2005 гадах — загадчык кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Неаднаразова ладзіў для сваіх студэнтаў навучальныя вандроўкі ў Германію, падтрымліваў цёплыя стасункі з многімі былымі навучэнцамі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

 

Творы Уладзіміра Папковіча з’явіліся ў друку ў 1962 годзе. Першы зборнік вершаў — «На досвітку» — выйшаў у 1978 годзе. Аўтар больш як 10 кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы з нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму «Тарас на Парнасе» ў 2008 годзе, якая надрукавана ў кнізе “Класіка” падрыхтаваная Яэпам Янушкевічам. У Гарадоцкай райбібліятэцы ёсць тры асобнікі гэтай кнігі.

Бываў на гарадоцкай зямлі, сустракаўся з вучнямі. Удзельнічаў у першым свяце “Гарадоцкі Парнас”, якое ініцыяваў наш зямляк  прафесар Анатоль Дарафееў у 2008 годзе.  Таксама на нямецкую мову пераклаў  вершы Давіда СімановічаВитебск. Шагал. Любовь.” Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча.

 

Выдатны знаўца літаратуры і выяўленчага мастацтва, Уладзімір Антонавіч быў жаданым госцем на выставах, прэзентацыях і творчых сустрэчахдля кожнага знаходзіў трапныя і добразычлівыя пажаданні. У апошнія гады, калі здароўе падводзіла, дасылаў сябрам і знаёмым цёплыя словы праз электронную пошту, з дапамогай блізкіх рэгулярна выкладаў старыя і новыя вершы і пераклады на фэйсбуку.

 

За доўгае і няпростае жыццё Уладзімір Папковіч шмат каго сагрэў увагай і спагадай. Развітанне з Уладзімірам Папковічам адбылося 12 красавіка з удзелам яго родных, блізкіх і сяброў. Па волі нябожчыка ён будзе крэміраван.

vitebsk.cc

 

У Гарадоцкім краязнаўчым музеі адбылася нарада па пытанню падрыхтоўкі экскурсаводаў для Гарадоцкага раёна

26 сакавіка ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі прайшла нарада па пытанню экскурсійнага абслугоўвання ў Гарадоцкім раёне і падрыхтоўцы атэставаных экскурсаводаў.

 Арганізатарамі нарады стаў сектар спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама і ТІЦ”Гарадок” ДУ”РФСК “Гарадок”. Нарада праводзілася з мэтай вывучэння нарматыўнай базы па атэстацыі экскурсавода ў Беларусі і вызначэння асобаў, якія гатовы прайсці навучанне на атрыманне атэстата экскурсавода.

На нарадзе абмеркавалі Пастанову СМ РБ ад 12 ліпеня 2007 г., N 895 «Аб зацвярджэннi палажэнняў аб парадку і умовах правядзення прафесінай  атэстацыі, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў…”, разгледзілі дакументы для навучання і як іх рабіць. Істотная размова ішла і пра экзамен: тэст і абарона маршруту па тэхналагічнай карце.

Таксама адзначана, што турыстычныя маршруты Гарадоцкага раёна трэба мець у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі да экскурсійных маршрутаў.

Было вырашана, што прэтэндэнтам на статус экскурсавода трэба прыкласці ўсе намаганні, каб якасна падрыхтавацца да атэстацыі: праходжання тэста і абароне турыстычнага маршрута. Неабходныя кансультацыі гатовы прадстаўляць ТІЦ”Гарадок” ДУ”РФСК “Гарадок. Ад Гарадка на прафесійную атэстацыю на экскурсавода цяпер рыхтуецца чатыры чалавека: з Гарадоцкага краязнаўчага  музея і СШ №1.

Нараду правадзіла Таццяна Кандрацьева, начальнік сектара спорта і турызма Гарадоцкага райвыканкама з удзелам прадстаўніка турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Гарадок”  ДУ”РФСК “Гарадок.

Л. Антонаў