Адбыўся велапаход “Сцежкамі Вераніцына да Пуцявішча”: ад Гарадка да Пуцявішча

15 чэрвеня ад Гарадоцкага  краязнаўчага музея аматар велавандровак Сяргей Пагарэлы зрабіў велапаход па маршруту: Гарадок – Пуцявішча – Гарадок працягласцю каля 80 км.

Нягледзячы на пэўныя абвесткі пра такі велапаход у сацыяльных сетках аматараў падобных велавандровак больш не знайшлося, але гэта не пашкодзіла Сяргею Пагарэламу ажыццявіць вандроўку па вераніцынска-тарасаўскіх местах нашага краю.

Паход праходзіў пераважна па лясных і грунтовых дарогах Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў. Ад краязнаўчага музеня турыст накіраваўся да возера Белае на ўскрайку Гарадка, а потым праз Пруднікі, Слабаду ў в. Стайкі, дзе  ў ХІХ стагоддзі былі ўладанні памешчыкаў Бондаравых, якія далі вольную сялянскаму сыну Васілю Васільеву і новае імя Канстанцін Вераніцын.

Далей вандроўка ішла праз пакінутую вёску Цыганы ў накірунку в. Мірная Віцебскага раёна. Гэтая частка дарогі ў тры з паловай кіламетра давялося не ехаць, а несці веласіпед на руках праз зараснякі і адбівацца ад аваднёў.

Ды і ў в. Мірная не засталося жыхароў, але ў наступнай вёсцы – Стаўбніца жыццё ўжо было.

Далей шлях ляжаў у вёску Заронава, дзе маецца добры мясцовы музей, гаспадары якога ў гэты дзень былі на Адамаўскім фэсце ў в. Ст. Сяло.Каля музея наш падарожнік і падсілкаваўся.

Ад Заронава вандроўка ішла на Пестуніцу і далей  да Пуцявішча каля якога быў заўважаны аўтобусны прыпынак садавоцкага таварыства “Пуцявішча”(!).

А не далёка ад прыпынка Сяргей падняўся на пагорак з якога была бачна Пестуніца. Менавіта на гэтым Пуцявішчы каля лазні блізка жыў герой паэмы Тарас, які патрапіў да багоў на Парнас.

На жаль, пакуль ніякага мемарыяльнага знака на месцы Пуцявішча няма, але яно таго безумоўна варта. Наогул дарога ад Стаек да Пуцявіша заняла каля 25 км.

Пасля наведвання галоўнага месца вандроўкі – Пуцявішча Сяргей Пагарэлы накіраваўся да в. Хайсы ідалей ляснымі дарогамі да вайсковага палігону, а ад яго ўжо ў Гарадок.

Падарожнік ацэньвае свой маршрут  працягласцю каля 80 км і заняў ён па часе каля сямі гадзін.

Леанід Гаравы

19.06.2019