Настаўнік СШ №1 г. Гарадка В.А. Цецераў правёў упершыню прэзентацыйную экскурсію па вуліцах Гарадка з ранейшымі назвамі Вялікая, Наберажная, да места гета і брукаванкі па Стараневельскай вуліцы, наведваннем старажыттных могілак пахавання габрэяў.
Маршрут пачаўся па вуліцы Савецкай, якая напачатку ХХ стагоддзя мела назву – Вялікая. З ўсёй ранейшай габрэйская забудовы тут застаўся дом Нарштэйнаў па Савецкай д.5.
Каля яго быў дом Арона Усвяцова, які быў лідэрам гарадоцкіх габрэяў у 60-70-я гады ХХ стагоддзя. Тут цяпер ніхто не жыве.
Побач справа жыла сям’я Клібанавых. Настаўніцу матэматыкі Соф’ю Паўлаўну Клібанаву, якая зараз жыве ў Ізраіле, памятаюць як выдатнага педагога шматлікія гарадакчане.
Далей экскурсанты прайшлі на вуліцу К. Маркса, ранейшую Наберажную. Віктар Цецераў распавёў пра дом, дзе раней да 70-х гадоў мінулага стагоддзя была кавальня. Кавалём працаваў Яша Рум, а яго бацька быў Хаім Рум быў выдатным маляром.
Віктар Цецераў распавёў пра гісторыю гарадоцкага гета і яго межы ў жніўні-кастрычніку 1941 года і ліквідацыю з першым снегам.
Далей экскурсія прайшла па старой брукаванцы вул. Стараневельскай. Настаўнік гісторыі распавёў пра гісторыю яе ўзнікнення і дагляд гарадоцкімі габрэямі, у прыватнасці дзедам Марка Крывічкіна на пачатку ХХ стагоддзя.
Маршрут завяршыўся на габрэйскіх могілках, дзе пахаваны нашы габрэі, дзе магчыма праводзіць асобную экскурсію. Экскурсанты даведаліся пра сям’ю Героя Савецкага Саюза Рамана (Рувіма) Бумагіна, які пайшоў на фронт з Бірабіджана і 26 красавіка ў Брэслаў (Польшча) паўтарыў подзвіг А. Матросава.
Таксама агледзілі помнікі Шагала, Рома, Крывічкіна, Усвяцова, Нарштэйн, Клібанавай, Суперфіна, Гайдукі г.д.
Віктар Цецераў распавёў і пра пахавальныя сталы гарадоцкіх могілак, якія былі ачышчаны ў 2018 годзе і зараз зноў зараслі, паказаў іх відарысы.
Ад імя кіраўніцтва ДУ “РФСК “Гарадок” Віктару Цецераву выказана падзяка за цікавую, якасную экскурсію і ўручаны сувенір і памятныя турыстычныя буклеты пра Гарадоцкі раён.
Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е экскурсанты былі задаволены цікавай інфармацыяй пра гісторыю габрэяў Гарадка і тыя месцы жыцця габрэяў, якія пабачылі ў родным мястэчку.
Л. Антонаў