ДПУ “Карыцінскі Мох” ажыццяўляе экскурсіі па экалагічнай сцяжынцы ў самы спрыяльны перыяд: вясенне-летняга цвіцення раслін. Гэтым разам аматары прыроды накіраваліся назіраць цуд экалагічнай сцяжынкі – лінею паўночную.
Мясцовыя эколагі абсталявалі ў заказніку “Карыценскі Мох” экалагічную сцяжынку каля якой магчыма назіраць прыроду паўночнай Віцебшчыны ва ўсёй яе прыгажосці і разнастайнасці.
Пачатак экскурсіі пачынаецца праз трыста метраў ад в. Смалоўкі, калі рухацца па дарозе ў бок в. Евіна. Стэнды на пачатку сцяжынкі распавядаюць пра асаблівыя ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі Гарадоччыны, а вядучы спецыяліст ДПУ “Карыцінскі Мох”, біёлаг па адукацыі, Таццяна Гаравая распавядае пра раслінны і жывёльны свет заказніка, які размешчаны ў верхавым балоце.
Рух у накірунку плантацыі лінеі паўночнай дарыць знаёмства з рэдкімі раслінамі заказніка: лішайнікамі уснеяй і кладоніяй, грушанкай і іншымі раслінамі.
Плантацыя чырвонакніжнай расліны — лінеі паўночнай дае сябе адчуць яшчэ за некалькі дзесяткаў метраў непаўторным ванільна-мігдальным водарам, які стаіць каля экалагічнай сцяжынкі. Першая плантацыя лінеі займае плошчу ў некалькі дзесяткаў квадратных метраў. Сама расліна названа ў гонар швецкага батаніка XVIIІ стагоддзя Карла Лінея, які рабіў класіфікацыю раслін і яна стала галоўным элементам яго дваранскага герба. А ў Швецыі уваходзіць у гербы правінцыі і гарадоў.
Пасля назірання лінеі паўночнай экскурсанты могуць бачыць і іншыя рэдкія расліны. Вандроўка па экалагічнай сцяжынцы пачыналася ў хваёвым лесе, потым ідзе па балоту, а завяршаецца на насціле ў балоце вакол якога месціцца плантацыя журавін.
Журавіны на пачатку лета завяршаюць сваё цвіценне, як завяршае цвіценне і багульнік. Дарэчы і водар багульніка непаўторны і спецыфічны.
Каля насціла атрымалася выявіць яшчэ адну найцікавейшую расліну – расіцу, якая палюе на насякомых.
Завяршаецца экскурсія ў сасновым боры, дзе вялікія сосны імкнуцца ў неба і насычаюць паветра фітанцыдамі.
Напрыканцы экскурсіі магчыма пабываць у альтанцы і падзяліцца сваімі ўражаннямі ад роднай прыроды.
Л. Антонаў, фота аўтара