У нядзелю ў Гарадку прайшоў чарговы Фэст Фарбаў. Фота. Відэа

19 жніўня ў нядзелю ў Гарадку ў дзіцячым парку адбыўся чарговы Фэст Фарбаў, а таксама ўпершыню прадэманстравана магчымасць гульні ў бампербол.

Самым вясёлым месцам тыдня мусіць стаў Дзіцячы парк Гарадка, дзе група БэлХолі арганізавала Фэст Фарбаў. Асноўнае дзейства мерапрыемства адбывалася пад кіраўніцтвам Дыджэя. Дыджэй кіраваў юнымі аматарамі фарбаў, якія танчылі пад хуткую музыку і час ад часу абкідвалі суседзяў фарбамі рознага колеру.

Гэты адпачынак з фарбамі набыў сваіх прыхільнікаў у розных гарадах Беларусі. Так тыднем раней Фэст быў у Бешанковічах, а 1 верасня будзе ў Шуміліна. Ды й у Гарадку ён праходзіў ужо ў трэцці раз.

Гульні з фарбамі і дыскатэка не адзіная фішка мерапрыемства. Пад час фэста ў дзіцячым парку магчыма было набыць розныя цацкі, нанесці малюнак на твар у тэхніцы аква-грым, паскакаць на батуце.

Адной з фішак свята стала гульня ў бампербол. Па асноўных правілах гэтай гульні трэба ўтрымацца на нагах пры судакрананнях з сапернікам. І самы надзейны прыём для перамогі — адвярнуцца ад удара, бо тады сапернік каціцца на зямлю ў празрыстым шары.

Гэтае свята не стасуецца са сціплымі стандартамі савецкіх святаў, але відавочна прыйшлося да душы маладым жыхарам Гарадка. А каб быць актыўным удзельнікам Фэста трэба набыць пакунак фарбы за 5 рублёў і весяліся пад музыку ад Дыджэя…

Л. Антонаў

21.08.2018