Daily Archives: 07.08.2018

На гарадскім стадыёне хуліганы працягваюць знішчаць крэслы для гледачоў

Напрыканцы ліпеня на гарадскім стадыёне было выяўлена чарговае знішчэнне 12 крэслаў для гледачоў на левай трыбуне.

Нагадаем, што новая сучасная трыбуна на гарадскім стадыёне па  вул. Невельская шаша была абсталявана ў 2014 годзе , калі ў Гарадку рыхтаваліся да абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2014”. На яе левай і правай частках  на металічным каркасе было зманціравана 300 пластыкавых крэслаў. Гэтыя крэслы замянілі ранейшыя драўляныя лавы, што былі на бетоннай трыбыне.

Але мусіць з самых першых месяцаў існавання новай трыбуны, яна стала  “культавым” месцам  для аматараў Бахуса ў цёплы час года. Пераважна па выхадных або пасля працы групы грамадзян пачынаюць распіваць на трыбуне моцныя напоі. І не заўжды гэта толькі піва з “таранькай”.

А пад час распіцця алкаголя тутэйшыя “адпачываючыя” пачынаць нагамі ламаць спінкі крэслаў. У выніку падобных хуліганскіх дзеяў на стадыёне засталося толькі каля 230 крэслаў. І ужо трэць левай трыбуны засталася вольнай ад крэслаў.

Праваахоўчыя органы за гэтыя амаль чатыры гады неаднойчы ўзбуджалі справы па знішчэнню дзяржаўнай маёмасці, але хуліганскія дзеянні на стадыёне працягваюцца.  Мусіць і гэтым разам будзе чарговая справа, бо шкода ад сапсавання 12 крэслаў складае амаль 100 рублёў. А на іх месца пастаўлены цэлыя крэслы з края трыбуны.

Толькі завядзеннем справы спынення вандалізму на стадыёне не будзе. Варта дружыннікам, якія ёсць у арганізацыях горада, патруліраваць ваколіцы стадыёна і спрыяць прыцягненню да адказнасці аматараў Бахуса. Бо ператварэнне стадыёна ў пляцоўку для распіцця алкагольных напояў ёсць антыграмадскае дзеянне, якое цягненне прававую адказнасць.

І безумоўна ўладальніку стадыёна неабходна як мага хутчэй абсталяваць трыбуны стадыёна камерамі відэаназірання, выдаткаваўшы на гэта каля 600 рублёў.

Л. Антонаў