Category Archives: Без рубрики

Новыя трэнды ў аграэкатурызме

Сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 2300 сядзіб, і гэтая галіна прыцягвае прырастаць новымі суб’ектамі. Нават калі хтосьці сыходзіць з рынку, яго месца займаюць новыя гаспадары. І хоць аграсядзібы прымаюць не такі вялікі працэнт турыстаў у параўнанні з гасцініцамі, базамі адпачынку, санаторыямі і іншымі традыцыйнымі месцамі размяшчэння, менавіта гэты сегмент працуе на імідж краіны. Апошнія два гады Беларусь адзначаецца як адна з найлепшых краін для аграэкатурызму па версіі Nаtіоnаl Gеоgrарhіс.


Было, ёсць…

Не будзем забывацца пры гэтым, што прымаць гасцей на вёсцы наша краіна пачала не так даўно. Яшчэ ў 2002 годзе агратурысту нават не было дзе спыніцца на начлег, было праблематычна знайсці жытло з нармальным санвузлом. Калі пачала прырастаць інфраструктура, паўстала новае пытанне: чым турысту заняцца ў вёсцы? Але і такая праблема аказалася вырашальнай — тут гаспадароў аграсядзіб падтрымалі мясцовыя ўлады, работнікі культуры. Дзякуючы агратурызму пачалі ажываць вёскі, народныя калектывы атрымалі слухачоў, сталі запатрабаванымі рамёствы, школьнікі пачалі збіраць інфармацыю пра традыцыі ў сваіх населеных пунктах. Напрыклад, рэцэпты, якія адшукалі вучні Зэльвеншчыны нават патрапілі ў друк, і стравы, згатаваныя па іх, сёння турысты могуць замовіць у мясцовых пунктах харчавання.

Ды і самі гаспадары аграсядзіб пачалі ствараць разнастайныя турпрадукты. Сёння яны ўпэўнена заяўляюць: «Мы прадаём не столькі начлег і ежу, колькі ўражанні». Фестывалі, майстар-класы, конныя паходы і сплавы на плытах і байдарках, крэатыўныя музеі, спартыўныя забавы, квэсты і пазнавальныя сустрэчы — пералічваць варыянты актыўнага адпачынку, якія сёння прапануюць на вёсках, можна доўга.

Нягледзячы на тое, што кожны гаспадар імкнецца прыпаднесці госцю свой унікальны рэцэпт адпачынку, сельскія прадпрымальнікі актыўна дзеляцца са сваімі калегамі ідэямі. Больш за тое, яны пачалі аб’ядноўвацца ў кластары, каб ствараць суперпрадукт, на які лягчэй завабіць турыста. Напрыклад, гаспадар аграсядзібы з Валожынскага раёна, да якога людзі прыехалі вучыцца пячы хлеб, абавязкова параіць гасцям завітаць да суседзяў на мядовыя квэсты, конныя паходы ці кулінарныя фестывалі. Ад такой сумеснай працы выйграюць і турысты, якія атрымліваюць цікавыя маршруты і насычаны актыўнасцямі ды адкрыццямі адпачынак, прадпрымальнікі (колькасць наведвальнікаў значна прырасла, і часта «лішніх» кліентаў гаспадары перанакіроўваюць да суседзяў).

Да таго ж разам можна замахвацца на маштабныя праекты і атрымліваць пад іх інвестыцыі. Так, спажывецкі кааператыў «Валожынскія гасцінцы» ў найбліжэйшы час плануе запусціць трансгранічны маршрут «Шляхам Вітаўта», які працягнецца ад Ракава да Тракайскага замка ў Літве. Падчас такога падарожжа можна будзе больш даведацца пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Будзе

Яшчэ адна ідэя, якая хутка здзейсніцца на Валожыншчыне, — стварэнне так званага спажывецкага кошыка, у якім турысты знойдуць самыя розныя прадукты, якія ім прапануюць гаспадары аграсядзіб. Тут і хлеб, і сыры, і мядовая ды мясная прадукцыя.

Між іншым, арганічнае земляробства — адзін з кірункаў далейшага развіцця вясковага турызму на Беларусі. Многія гаспадары аграсядзіб адчулі, што такім чынам можна завабіць новых кліентаў, і сталі актыўней браць зямлю, каб вырошчваць уласную экалагічна чыстую прадукцыю. У сваю чаргу фермеры таксама не спяць у шапку, а шукаюць новыя шляхі прыбытку, прапануюць экскурсіі на фермы, фестывалі, майстар-класы. Тут можна згадаць гаспадарку «ДАК», куды з задавальненнем едуць людзі, каб паглядзець на коз і на тое, як вырабляецца малочная прадукцыя. Многім спадабаўся «Кукуполіс» — квэст у лабірынце з кукурузы.

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзілася сумесна з Белаграпрамбанкам і Міністэрствам спорту і турызму, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова заўважыла, што зараз гаспадарам сядзіб трэба рабіць ухіл на крэатыўнасць і інавацыйнасць. У будучым турызм будзе завязаны на ўражаннях, менавіта за іх турысты гатовы плаціць вялікія грошы. І ад вясковых прадпрымальнікаў тут не заўсёды патрабуюцца вялікія фінансавыя інвестыцыі — куды важнейшыя веды і творчасць. Шпаркае развіццё агратурызму можна звязаць з развіццём ІТ-галіны. Сёння мы ўсё менш рухаемся, бо вучыцца і рабіць пакупкі можна не выходзячы з дому. Толькі турызм выратуе чалавека і падарыць яму жывыя зносіны.

Таксама ў трэндзе зялёная эканоміка, гендарныя пытанні і так званая сацыяльная адказнасць. Усе гэтыя ідэі зараз актыўна прапагандуюцца ў Еўропе. Каб стварыць прадукт, запатрабаваны ў тым ліку і на замежным рынку, важна ўпісацца ў канцэпцыю ўстойлівага развіцця. І беларускі агратурызм пачаў працаваць з новымі тэмамі. Так, на Валожыншчыне з’явіўся турыстычны маршрут, даступны людзям з інваліднасцю. Таксама ў беларускіх аграсядзібах пачаў праводзіцца фестываль для састарэлых людзей «Крэатыўны ўзрост». Хоць трэба сказаць, што і раней многія гаспадары супрацоўнічалі з бабулямі і дзядулямі, якія ведаюць фальклор, могуць навучаць рамёствам, дзяліцца рэцэптамі. Удзельнікі канферэнцыі ўпэўнены: сёння стартапы трэба праводзіць не толькі для моладзі, але і для пенсіянераў, спрабаваць аб’ядноўваць энергію маладых і досціп старэйшага пакалення.

Амаль траціну грошай турысты трацяць на ежу, 20—30 працэнтаў вандроўнікаў матываваныя пакаштаваць сапраўдныя аўтэнтычныя прадукты па месцы іх вытворчасці. Значыць аграсядзібам трэба рабіць стаўку на гастранамію, але, на жаль, пра беларускую кухню амаль нічога не ведаюць не тое што за межамі, нават у сваёй краіне. Хоць гаспадары сядзіб упэўнены, нам ёсць, чым ганарыцца і мы яшчэ ўразім свет. І ў найбліжэйшы час арганізацыя «Адпачынак у вёсцы» магла б узяць на сябе гэтую місію па раскрутцы айчынных рэцэптаў. А дапамагаць збіраць інфармацыю пра нацыянальную кухню, наносіць на інтэрактыўную гастранамічную карту маглі б студэнты… Уласна, актыўнае прыцягненне моладзі да вясковага бізнесу — таксама адзін з сучасных трэндаў. Ужо сёння хлопцы і дзяўчаты з факультэта міжнародных адносін БДУ, якія плануюць сваю будучыню звязаць з агратурызмам, знаёмяцца з гаспадарамі, трапляюць да іх на практыку і спрабуюць ствараць цікавыя праекты, якія можна рэалізоўваць на сяле.

Давядзецца паламаць галаву і над тым, які турпрадукт нашы вёскі змогуць прыпаднесці «нетрадыцыйнаму» турысту. Прыкладна 145 мільёнаў кітайцаў штогод падарожнічаюць па ўсім свеце, і мы маглі б хоць невялікі працэнт з іх завабіць у Беларусь. Летась нашу краіну ўжо наведала каля трох тысяч гасцей з Кітая, сёлета гэта лічба падвоіцца. Але гэтыя госці пакуль выбіраюць ваенна-патрыятычны кірунак, цікавяцца так званым «чырвоным» турызмам, і трэба высветліць, як і, галоўнае, чым іх завабіць у аграсядзібы.

З 2008 года праводзіцца конкурс «Найлепшая аграсядзіба года». Гэтым разам было пададзена 46 заявак. Гаспадарам трэба было прэзентаваць сябе праз інтэрнэт, даслаць фатаграфіі і відэаролікі. Найлепшай стала сядзіба «Запаведны востраў» у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Фабрыка ўражанняў

http://www.zviazda.by

На вакацыях у Цэнтры дзяцей і моладзі дзейнічала выстава і праводзілі віртуальныя экскурсіі

У ДУДА «Гарадоцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» асаблівае месца адводзіцца арганізацыі занятасці дзяцей і падлеткаў у канікулярны час. На зімовых вакацыях працягнулі працу аб’яднанни па інтарэсах. Педагогі і навучэнцы Цэнтра прынялі ўдзел у дабрачынным ранішніку. Яшчэ на працягу канікул дзейнічала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Зімовыя фантазіі».


Намеснік дырэктара Я.Ч. Каўкенава заўсёды гатова правесці віртуальную экскурсію «Экалогія вачыма дзяцей» для навучэнцаў школ горада і раёна. Вось і на зімовых вакацыях выхаванцы аздараўленчага лагера «Чайка» ДУА «СШ № 2 г. Гарадка» з цікавасцю пабывалі на віртуальнай экскурсіі.
Л. Антонаў

Па матэрыялах: http://cdim.gorodok.edu.by

База Снягуркі на бас-востраве гатова прымаць гасцей

22 снежня амаль завяршылася падрыхтоўка базы Снягуркі на бас-востраве для прыёма дзяцей і дарослых. Па задуме арганізатараў Снягурка і яе памагатыя будуць сустракаць гасцей на інтэрактыўных пляцоўках, якія размешчаны каля хаты Снягуркі.

На базу Снягуркі магчыма трапіць як ад лыжаролернай трасы праз мост, дзе афіцыйны ўваход, так і з боку вуліцы Зялёнай. Камунальнікі разам з электрыкамі для асвятлення базы Снягуркі працягнулі ад падстанцыі па вул. Зялёнай электракабель на адлегласць больш кіламетра, а таксама амаль завяршылі ілюмінацыю самой базы, як ўвахода так і хаты Снягуркі. Дарэчы майстр камунальнікаў казаў, што база будзе асвятляцца што дня ў вячэрні час, як і вуліцы Гарадка.

Для наведвальнікаў будзе цікава азнаёміцца са зместам базы і тымі казачнымі персанажамі, якія тут будзе магчыма сустрэць, калі замовіць экскурсію ў гаспадароў базы — аддзела ідэалогіі, культуры і спраў моладзі Гарадоцкага райвыканкама.

Відавочна, што гэта значны плюс у турыстычны патэнцыял Гарадоччыны і многае будзе залежыць ад стварэння іміджа базы Снягуркі на Віцебшчыне і яе далейшае ўдасканаленне. Таксама зразумела, што многае залежыць ад таго ці выберуць мясцовыя вандалы сваім аб’ектам хуліганства цікавую базу. І камеры відэаназірання адназначна не пашкодзяць дабы не было тут так як з крэсламі на стадыёне.
Л. Антонаў
Фота аўтара

Фота прэўю групы https://vk.com/sportivnijgorodok

У Гарадку ўрачыста адзначылі 75-ю гадавіну вызвалення Гарадоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Відэа

22 снежня ў райцэнтры адбыліся ўрачыстасці прысвечаныя 75-гадавіне вызвалення Гарадка і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян, старшыня Віцебскага аблсавета У.У. Цярэнцьеў і іншыя госці з Віцебска.

Урачыстасці пачаліся з ускладання гірлянды Славы да памятнага знаку 12-ці часткам і злучэнням, якія вызвалялі Гарадок ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з удзелам прадстаўнікоў вайсковай часткі і высокіх гасцей.
Непасрэдна урачыстасці пачаліся каля помніка двойчы Герою Савецкага Саюза, Маршалу Савецкага Саюза І.Х. Баграмяну. Спачатку адбылося ўскладанне вянкоў, а потым прывітальныя словы сказалі пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян і унук Маршала І.С. Баграмян.

Далей адбылося ўрачыстае шэсце прадстаўнікоў арганізацый, працоўных калектываў і навучэнцаў Гарадка з аркестрам да цэнтральнай плошчы горада.

На цэнтральнай плошчы адбыўся мітынг «Славім салдацкі подзвіг», на якім выступілі Уладзімір Цярэнцьеў — старшыня Віцебскага аблсавета, Пётр Карабач — старшыня Гарадоцкага райвыканкаму і іншыя госці свята.
Завяршыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак на мемарыял «Няўміручасці» ад высокіх гасцей, калектываў Гарадка і ўдзельнікаў мітынга.

Пасля ўскладання вянкоў і кветак адбылося паказальнае выступленне байцоў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Далей свята прадоўжылася ў Гарадоцкім ДК, дзе была арганізавана экспазіцыя «Мы помнім! Мы ганарымся!», дзейнічалі інтэр-актыўныя пляцоўкі і адбылося музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Да Перамогі шоў, Айчына, твой салдат!».

Святочныя мерапрыемствы завяршыліся працяглым фейерверкам на цэнтральнай плошчы.

Л. Антонаў