Каменная пліта з імёнамі Рэнгартэнаў — апошні напамін пра жыццё магнацкай сям’і на Гарадоцкай зямлі.

Недалёка ад в. Старое Бярозна Стадолішчанскага сельсавета ў лесе, побач з грамадзянскімі могілкамі, стаіць каменная пліта з імёнамі нябожчыкаў – Рэнгартэнаў Аляксандра і Ганны. Гэтая магіла – апошні напамін пра жыццё магнацкай сям’і на Гарадоцкай зямлі. Маючы фотаздымак помніка, даты нараджэння і смерці мужа і жонкі, мы вырашылі працягнуць пошукі біяграфічных звестак.

 

***

Ларыса Лявонава, навуковы супрацоўнік Гарадоцкага краязнаўчага музея, займалася зборам інфармацыі пра памешчыка. Яна расказала нам, што Аляксандр Іванавіч Рэнгартэн (1811 – 1891 гг.) меў маёнтак Бярозна ў Гарадоцкім уездзе Віцебскай, а таксама землі ў Ровенскай і Віленскай губернях. Больш вядома пра пабудаваны ім дварцовы комплекс у м. Лесіна (сучасны Талачынскі раён) для сваёй жонкі Ганны (1819 – 1877 гг.), дачкі графа А. Пасьет. Уявіце сабе вялікі парк з фантанамі, ажурны кітайскі мосцік праз невялічкую раку, сады і шкляную аранжарэю з безліччу кветак і экзатычнай садавіны… Гаспадар для абслугоўвання сапраўднага палаца запрашаў замежных кухараў, эканома, садоўніка.

Адзначым, што А. Рэнгартэн – не апошні чалавек у Расійскай імперыі, меў званні лейб-гвардыі палкоўніка, ваеннага інжынера, пасля 1864 г. быў асабістым прадстаўніком імператара Аляксандра ІІ у Еўропе пры вядзенні таемных перамоў. У Лесіна нярэдка прыязджалі важныя дыпламаты і госці, праводзіліся балы.

Паводле ўспамінаў жыхароў в. Бярозна, Рэнгартэн арганізаваў на сваёй тэрыторыі ўзорную прыбытковую гаспадарку, што размясцілася прыкладна на 2066 дзесяцінах (каля 2 тыс га, ‒ аўт). Напрыклад, недалёка ад двухпавярховага дома гаспадароў працавала мануфактура па вытворчасці спірту. У кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён» памешчык знаходзіцца ў спісе дзеячаў мясцовага земства. Пра гаспадыню вядома, што яна цікавілася траўніцтвам і дапамагала лячыць сялян.

У Аляксандра і Ганны нарадзіліся 5 сыноў – Іван, Барыс, Пётр, Павел і Георгій, і 4 дачкі – Лізавета, Аляксандра, Вольга і Юлія. Жыхары Бярозна перадавалі адзін аднаму паданне пра незвычайнага пана, які падтрымліваў сялян, пазычаў ім і грошы, і хлеб. Перад смерцю гэты памешчык сабраў просты люд і абвясціў, што нічога вяртаць не трэба. Верагодна, так апісвалі трэцяга сына Пятра, якому ў спадчыну перайшлі маёнткі Бярозна і Лесіна. Вядома пра высокія званні Барыса і Івана, яны даслужыліся да генерал-маёраў, Георгій быў палкоўнікам. Пра лёс астатніх дзяцей нічога невядома.

З прыходам бальшавіцкай улады апошнія Рэнгартэны з’ехалі за мяжу. Маёнтак разрабавалі, а гаспадарку знішчылі. Пазней у сценах былога панскага дома адкрылася школа. Кажуць, што ў 1950-х невядомы інтэлігентны чалавек наведваў могілку свайго продка, з-пад пліты ён дастаў гліняны шар. Засталося таямніцай, якая рэліквія захоўвалася ў ім. Мясцовыя жыхары меркавалі, што прыязджаў пляменнік Аляксандра Іванавіча, які да рэвалюцыі быў маршалкам Віцебскай губерні.

Нам пашчасціла звязацца з яго нашчадкам, прапрапраўнукам, Рыгорам Рэнгартэнам. Мужчына з’яўляецца кандыдатам навук, працуе ў Вяцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Усё жыццё прысвяціў пытанням селекцыі, сортавывучэнню садовых культур. Рыгор Анатольевіч расказаў, што ніколі не быў у Беларусі, але збіраецца паехаць у Вільнюс, на радзіму дзяцей і ўнукаў вядомага прадзеда. Таксама ён адзначыў, што яго род мае французскае паходжанне, прынцавай крыві дэ Кандэ, а прозвішча некалі гучала так: Дэ Кандэ Марквот Рэнгартэн фон Кляйнфельд. З цягам часу ў продкаў, якія прыязджалі ў Расійскую імперыю, складанае найменне не прыжылося. Дарэчы, сярод гэтай тытулаванай сям’і шмат таленавітых людзей – ваенных, геолагаў, географаў, іншых навукоўцаў. Рыгор Рэнгартэн працягвае займацца пошукам фактаў.

Дзякуючы сваёй адукацыі і шырокаму кругагляду, пан Рэнгартэн пераймаў еўрапейскі быт і лад жыцця. Гаспадары маёнтка прыязна ставілася да насельніцтва. Таму і праз стагоддзе памяць пра іх акрэслена добрай славай.

Юлія ПРЫШЧЭПА.

Аўтар матэрыялу ўдзячны за дапамогу супрацоўнікам Гарадоцкага краязнаўчага музея.

Апублікавана ў “Гарадоцкім весніку” 27 кастрычніка 2020 г.

01.12.2020