Ушанаванне памяці Канстанціна Вераніцына, самага верагоднага аўтара няўміручай паэмы “Тарас на Парнасе”, мусіць ахопліваць яго жыццёвы шлях, які пачынаўся на Гарадоцкай зямлі. Менавіта тут ён нарадзіўся, тут прайшлі яго юнацкія гады, тут ён напісаў свой няўміручы твор “Тарас на Парнасе”.
Канстанцін Вераніцын ( пры нараджэнні Васільеў) нарадзіўся 185 гадоў таму – 1 чэрвеня 1834 года сярод прыгонных сялян памешчыка Васіля Бондарава у в. Астраўляне Гарадоцкага раёна. У той час в. Астраўляны і в. В. Стайкі, М. Стайкі і г.д. адносіліся да Віцебскага павета і шляхі да г. Віцебска пралягалі інакш, чым сёння.
Канстанцін Васільеў у 1844 годзе скончыў Гарадоцкае прыходскае вучылішча. У наступным годзе атрымаў вольную і паступіў у Віцебскую гімназію. У 1851 г. прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў прозвішча «Вераніцын». У 1852 г. пакінуў, не давучыўшыся, гімназію і паступіў у Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, якую пакінуў праз два гады. У 1855 годзе паводле працы М.Піятуховіча «Рукапісы А.Рыпінскага» 15 красавіка ў Гарадку напісаў паэму “Тарас на Парнасе”.У 1857 г. ўпарты разначынец, як стыпендыят Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-горацкі земляробчы інстытут адразу на III курс. За два гады бліскуча скончыў інстытут са званнем кандыдата агранаміі, абараніўшы дысертацыю «О белорусском хозяйстве». Пасля гэтага ў 1860 годзе 7 красавіка ў Маскве напісаў паэму “Два д’яблы”.
Відавочна, што пад час навучання ў Віцебскай гімназіі нашаму земляку даводзілася дабірацца ў губернскі горад Віцебск праз тыя вёскі, якія і сёння ёсць у Віцебскім раёне – Заронава, Пестуніца, каля якой і размяшчаўся тады хутар Пуцявішча.
А менавіта на Пуцявішчы і жыў легендарны палясоўшчык Тарас, вандроўку якога на Парнас і апісаў наш зямляк Вераніцын:
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Тое, што Пуцявішча не прыдумка аўтара “Тараса на Парнасе” дастаткова лёгка пераканацца, паглядзеўшы мапу ваколіц Віцебска, якая была створана ў Расійскай імперыі 1867-1869 г.г. http://www.etomesto.ru/shubert-map/12-8/ . На ёй хутар Пуцявішча размешчаны паміж в. Пестуніца і Міхалі. Гэты хутар праіснаваў мусіць да часоў калектывізацыі 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

У 1997 годзе пад час вандроўкі на месца гэтагага паселішча з краязнаўцам М.Плавінскім і рэдактарам М.Краўцовым ў в. Міхалі мы размаўлялі з Іллёй Смірновым, які нарадзіўся ў в. Пуцявішча ў 1903 годзе.
Прысутнасць у картаграфіі месца Пуцявішча і біяграфія К.Вераніцына даюць магчымаць рабіць вандроўкі сцяжынкамі К. Вераніцына – ад Астраўлян да Пуцявішча.
Зразумела, што сучасныя мапы гэтага краю маюць іншыя вёскі, дзе сёння ледзь-ледзь цепліцца жыццё. Але аматарам роднага краю магчыма прапанаваць два варыянта маршрута ад в. Астраўляны да Пуцявішча па сучасных мапах.
Першы варыянт маршрута магчыма весці з в. Астраўляны да в. Заходы на памежжы Гарадоцкага раёну, а потым да в. Белянкі Віцебскага раёну і далей да старасіроцінскай дарогі на в. Заронава і далей да в. Пестуніца і ў накірунку в. Міхалі, дзе не даходзячы да яе за 500-700 метраў быў х. Пуцявішча.
Другі варыянт маршрута магчыма весці з в. Астраўляны да в. М. Стайкі, а потым рухацца на поўдзень у в. Цыганяты Гарадоцкага раёна і далей у вёскі Віцебскага раёна: Мірная, Воранава, Стоўбніца, Палонікі. А далей па старасіроцінскай дарозе праз Заронава і Пестуніцу ў Пуцявішча.

Рыхтуючыся да вандроўкі варта знайсці звесткі пра гэтыя вёскі па адпаведных кнігах “Памяць” або ў сеціве.
Пад час гэтага паходу варта завітаць у заронаўскі музей, які стварыла Людміла Нікіціна, каб даведацца пра гісторыю заронаўскага краю па якому вандраваў аўтар паэмы “Тарас на Парнасе”.
Для папулярызацыі несмяротнага твора беларускай паэзіі мясцовым уладам варта стварыць мемарыяльны знак на месцы Пуцявішча з якога на Парнас вандраваў Тарас і якое стала няўміручым, дзякуючы нашаму земляку Канстанціну Вераніцыну.
Заклікаем аматараў роднага краю зрабіць пешыя або веласіпедныя вандроўкі па сцяжынках Канстанціна Вераніцына і распавесці пра свае ўражанні.
Леанід Гаравы