У сераду ў Гарадку адбудзецца свята “Жыві і квітней, мая Беларусь”

3 ліпеня ў Гарадку адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусі і 75 – годдзю Вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: “Жыві і квітней, мая Беларусь”

 

З раніцы ў гарадоцкім скверы з 10:00 будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі пад назвай  «Гарадоччына партызанская»: «Рэтра – Гарадок», «Партызанская застава», «Палявая кухня», «Лясная школа”, “Сыходзілі ў паход партызаны», «Чырвоны куток», «Партызанскі медсанбат», «Пра вайну мы даведаліся з кніг”, “Аб чым маўчыць Шчалбоўскі лес».

У гэты ж час на цэнтральнай плошчы будзе разгорнута выстава прэзентацыя дасягненняў прадпрыемстваў, арганізацый і устаноў раёна  «75 гадоў пад мірным небам».

 

На вул. Пралетарская, 2 каля райвыканкаму з 10.30 да10.50 адбудзецца пабудова працоўных калектываў для патрыятычнага шэсця «Беларусь памятае!». Перад яго пачаткам у 10:55 адбудзецца ўскладанне гірлянды Славы да памятнага знака 12-ці воінскіх частак і злучэнняў, якія вызвалялі Гарадок

А ў 11 гадзін пачнецца патрыятычнае шэсце працоўных калектываў, арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна «Беларусь памятае!»

 

На цэнтральнай плошчы ў 11:10 пройдзе ўскладанне гірлянды Славы да вечнага агню на мемарыяльным комплексе «Няўміручасць».

Пасля гэтага пачнецца святочны канцэрт «Жыві і квітней, мая Беларусь», адбудзецца прэзентацыя Кнігі Славы Гарадоцкага раёна, ўшанаванне працоўных дынастый і  акцыя «Салют, Перамога!”

У дзіцячым парку з 13 гадзінаў для дзяцей наладжваецца фестываль фарбаў «Бел -Holi»

Вечарам на цэнтральнай плошчы з 20:00 адбудзецца раённы конкурс «АўтаЛэдзі», адкрыты творчы конкурс на арыгінальнае афармленне парасонаў «Парад парасонаў».

Пасля гэтага будзе выступ вакальна – інструментальнага ансамбля эстраднай песні «АртМастер» з Пскоўскай філармоніі, а потым выступленне ўдзельнікаў творчых калектываў ДУК «Гарадоцкі гарадскі Дом культуры»

Каля 23 гадзін адбудзецца акцыя «Праспяваем гімн разам» а пасля яе жыхары і госці Гарадка пабачаць святочны салют.

Л. Антонаў

 

У Гарадоцкім краязнаўчым музеі дзейнічае выстава «Майстэрства добрых рук» Віктара Дубарэзава

6 чэрвеня адбылося адкрыццё выставы «Майстэрства добрых рук» Віктара Уладзіміравіча Дубарэзава з нагоды яго 60-годдзя з дня нараджэння: 15 чэрвеня 1959 года.

На адкрыцці выступілі дырэктар Іванова Тамара Мікалаеўна і распавяла пра тое, як фармавалася выстава «Майстэрства добрых рук», падзялілася ўспамінамі пра Віктара Дубарэзава і  ўражаннямі пра яго працы, якія ёсць у калекцыі музея.

Потым Дубарэзава Наталля Васільеўна – жонка мастака распавяла пра творчы шлях, пра тое, як ствараліся некаторыя з прац мужа, якія прадстаўлены на выставе і агучыла творчую канцэпцыю некаторых твораў.

Наведвальнікам выставы будзе цікава праца “Кот”, якую Віктар Дубарэзаў напісаў для сваёй дачкі Настассі Дубарэзавай (Кінунен), вядомай лыжніцы і біятланісткі зборнай Беларусі, каб у яе адкрывалася другое дыханне, як другое вока ў ката.

Таксама выказала сваё меркаванне пра творчасць мастака Гусейнава Жанна Фёдараўна – кіраўнік народнага клуба майстроў «Вытокi» Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, сябрам якога быў мастак Дубарэзаў. Таксама яна распавяла аб асабістых якасцях мастака, аб супрацоўніцтве мастака з Гарадоцкім Домам рамёстваў і фальклору.

Былі на адкрыцці выставы сябры і калегі мастака, якія падзяліліся ўспамінамі пра мастака. Добрае ўяўленне пра мастака дае  яго аўтапартрэт.

Прыходзьце ў музей і ацаніце прыгажосць работ Віктара Уладзіміравіча Дубарэзава. Выстава працуе да ліпеня.

Л. Антонаў, фота аўтара

Адбыўся велапаход “Сцежкамі Вераніцына да Пуцявішча”: ад Гарадка да Пуцявішча

15 чэрвеня ад Гарадоцкага  краязнаўчага музея аматар велавандровак Сяргей Пагарэлы зрабіў велапаход па маршруту: Гарадок – Пуцявішча – Гарадок працягласцю каля 80 км.

Нягледзячы на пэўныя абвесткі пра такі велапаход у сацыяльных сетках аматараў падобных велавандровак больш не знайшлося, але гэта не пашкодзіла Сяргею Пагарэламу ажыццявіць вандроўку па вераніцынска-тарасаўскіх местах нашага краю.

Паход праходзіў пераважна па лясных і грунтовых дарогах Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў. Ад краязнаўчага музеня турыст накіраваўся да возера Белае на ўскрайку Гарадка, а потым праз Пруднікі, Слабаду ў в. Стайкі, дзе  ў ХІХ стагоддзі былі ўладанні памешчыкаў Бондаравых, якія далі вольную сялянскаму сыну Васілю Васільеву і новае імя Канстанцін Вераніцын.

Далей вандроўка ішла праз пакінутую вёску Цыганы ў накірунку в. Мірная Віцебскага раёна. Гэтая частка дарогі ў тры з паловай кіламетра давялося не ехаць, а несці веласіпед на руках праз зараснякі і адбівацца ад аваднёў.

Ды і ў в. Мірная не засталося жыхароў, але ў наступнай вёсцы – Стаўбніца жыццё ўжо было.

Далей шлях ляжаў у вёску Заронава, дзе маецца добры мясцовы музей, гаспадары якога ў гэты дзень былі на Адамаўскім фэсце ў в. Ст. Сяло.Каля музея наш падарожнік і падсілкаваўся.

Ад Заронава вандроўка ішла на Пестуніцу і далей  да Пуцявішча каля якога быў заўважаны аўтобусны прыпынак садавоцкага таварыства “Пуцявішча”(!).

А не далёка ад прыпынка Сяргей падняўся на пагорак з якога была бачна Пестуніца. Менавіта на гэтым Пуцявішчы каля лазні блізка жыў герой паэмы Тарас, які патрапіў да багоў на Парнас.

На жаль, пакуль ніякага мемарыяльнага знака на месцы Пуцявішча няма, але яно таго безумоўна варта. Наогул дарога ад Стаек да Пуцявіша заняла каля 25 км.

Пасля наведвання галоўнага месца вандроўкі – Пуцявішча Сяргей Пагарэлы накіраваўся да в. Хайсы ідалей ляснымі дарогамі да вайсковага палігону, а ад яго ўжо ў Гарадок.

Падарожнік ацэньвае свой маршрут  працягласцю каля 80 км і заняў ён па часе каля сямі гадзін.

Леанід Гаравы