У Гарадоцкім краязнаўчым музеі адкрылася персанальная выстава “Мая Беларусь”

16 студзеня 2019 года ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы “Мая Беларусь» віцебскай мастачкі Ірыны Барсуковай.

Ірына Генадзьеўна нарадзілася і жыве ў горадзе Віцебску. У 1990 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава. Працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў сярэдняй школе № 3 з 1990 года.

Займаецца жывапісам у тэхніцы акварэлі, пастэлі і алейнага жывапісу. Сюжэтамі работ часта бываюць знакамітыя месцы роднага горада, кветкі, нацюрморты і пейзажы.

Удзельнік мастацкай выставы-продажу работ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях краін блізкага і далёкага замежжа.

На выставе прадстаўлена дваццаць восем работ, выкананых у тэхніцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Карціны  віцебскай мастачкі прыгожыя і натхняльныя, вытраманыя ў нацыянальных этнаграфічных традыцыях з сучасным каларытам.

Наведайце новую выставу Гарадоцкага краязнаўчага музея, якая будзе працаваць месяц.

Л. Антонаў

Фота аўтара

Раённае фальклорнае свята “СКАЧА ХАТА, КАЛІ СВЯТА” адбылося ў Бычысе

скача хата 020Раённае фальклорнае свята “СКАЧА ХАТА, КАЛІ СВЯТА”, арганізаванае ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці” адбылося у аграгарадку Бычыха 12 студзеня. Атрымаўся сапраўдны святочны цуд скарбонкі народнай творчасці. На свяце сустрэліся аматары старажытных традыцый танцавальнай, песеннай, музычнай спадчыны.І невыпадкова месцам для мерапрыемства абрана Бычыха. Яна здаўна славіцца сваімі славутымі носьбітамі, музыкамі, захавальнікамі каляндарна-абрадавых спеваў і пазаабрадавай лірыкі(Ульянава М.Ф., Сяргеева З.З., Рудзякова М.І.Хадарэнка Н.Н. і інш.) Гарманісты у гэтым мястэчку заўсёды былі у пашане – Іван Іўлеў, Анатоль Рудзякоў, прадаўжальнікі традыцый -Уладзімір Іўлеў, Валерый Філімонаў, зусім юны гарманіст Руслан Стэльмах. Дзякуючы калісьці пасаджанаму зярнятку закаханасці у гармонік знакамітага бычыхінскага самавучкі Івана Іванавіча Іўлева, музычныя інструментальныя традыцыі жывуць у вёскі па сённяшні час натхняючы маладое пакаленне на развіццё і захаванне гармоніка. Адным з першых Бычыхінскі край стаў займацца экспедыцыйнай дзейнасцю і ім удалося захаваць вялікі пласт фальклорнай спадчыны Гарадоччыны.
Пераемнасць пакаленняў нідзе не адлюстроўваецца так поўна і натуральна, як у фальклоры. Таму на сцэне дома культуры гледачы змаглі пабачыць і зусім маленькіх выканаўцаў, людзей сталага ўзросту і нават цэлыя сем’і.
Яскравым і непаўторным было выступленне фальклорнага ансамбля “Горніца” з г.Санкт-Пецярбург Расійскай Федэрацыі. Імі быў прадэманстраваны спектакль батлейкі “Цар Ірад ”.У выкананні самадзейных акцёраў гучалі многагалосныя песні і інструментальныя творы. Зал з захапленнем успрымаў таямнічы цуд, які адбываўся на сцэне.

скача хата 016Багата фальклорная спадчына Гарадоцкага раёна сваімі талентамі. Для гледачоў  свята выступілі народны фальклорны гурт “Глейна” (кіраўнік Лілія Рэзкіна), фальклорны калектыў Халамерскага сельскага клуба і Вархоўскага сельскага дома культуры, народны фальклорны калектыў “Спадарыня” Бычыхінскага СДК, народны фальклорны ансамбль “Азерыца” Езярышчанскага ГПДК (кіраўнік Жанна Комава). Заліхвацкія і задорныя полькі прагучалі у выкананні  народнага ансамбля гарманістаў (кіраўнік Уладзімір Шакуцёў) ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна”

скача хата 123

скача хата 098

скача хата 073

 

скача хата 085

 

скача хата 024

 

скача хата 043
Раённае фальклорнае свята “Скача хата, калі свята” мы прысвяцілі Году малой радзімы. Усе мы родам з беларускай вёсачкі, тут нашы карані, нашы традыцыі і наша спадчына. Дзякуючы выканаўцам і госці і гледачы дакрануліся да жыватворных вытокаў, да здабыткаў традыцыйнай народнай культуры, якія нам зберагаць як каштоўнейшы скарб.

Лілія Рэзкіна

http://gorodok.belcult.by/

 

 

Віктар Марціновіч: Адчапіцеся ад Каліноўскага і трызненне пра “польскае паўстанне”

Артыкул дэпутата Ігара Марзалюка пра паўстанне 1863 года ў «Настаўніцкай газеце» адносіцца да падзей, што істотна ўплываюць не толькі на біяграфію, але і на рэпутацыю. Відавочна, што не на рэпутацыю Каліноўскага, але на рэпутацыю таго, хто спрабуе прыбраць асобу з беларускага пантэону і азначыць яго як «польскага нацыяналіста». То пакідаць гэтае выказванне без адказу не ўяўляецца магчымым.

kalinouski.jpg

Мне складана сабе ўявіць дзяржаўнага службоўца ў Расіі, які б пачаў публічна, у дзяржаўных медыях, даводзіць, што Пётр Вялікі, які ёсць адным з падмуркаў сучаснага рускага гонару, не здабыў «веліч новай Расіі», не «прарубіў акно ў Еўропу», а быў крывавым самадурам, які разам са сваім атачэннем у 1705 годзе закатаваў 5 манахаў-базыльянаў у Полацку. Нягледзячы на тое, што такое бачанне Пятра Вялікага прымальнае ў беларускім нацыянальным руху, ухваляецца ў Польшчы і Украіне, апісанне сцэны, падчас якой Пётр выходзіць з царквы і пачынае выціраць акрываўленыя рукі аб траву, каштавала б кар’еры любому шукальніку «гістарычнай праўды» суседняй дзяржавы. Таму што ёсць постаці, якія можна дэнансаваць, і постаці, кранаць якія — сабе ж на згубу.

Сучасная Беларусь — прастора, дзе трыумфуе ананімнасць. Дзе праспекты пераймяноўваюцца ў гонар пераможцаў, губляючы згадкі пра людзей, якія маглі б успрымацца героямі. Дзе помнікі ставяцца «каровам», «бабкам-Камароўкам» і «турыстам», але не Быкаву і не Караткевічу.

korova.jpg

Добра было б, калі б тут проста забаранялі ўхваляць новых герояў. Тады можна было б дачакацца часу, калі гэтае баляванне ананімнасці сыдзе. Але тое, што мы бачым цяпер, — гэта спроба адмяніць, аддаць Польшчы ўжо існых, услаўленых, уведзеных у гарадскую тапаніміку і вялікую літаратуру герояў. Што такое Беларусь, як не міф пра паўстанне, падчас якога шляхта спрабавала дамагчыся незалежнасці для народа? Чаго тады вартая наша гісторыя? Ці будзем зыходзіць з таго, што ніякай Беларусі з яе гісторыяй не існуе і ніколі не існавала — як гэта думае групоўка, што пачала бэсціць Каліноўскага?

Бо што небяспечна? Допіс пра тое, што паўстанне 1863 года было не беларускім, з’явіўся ў «Настаўніцкай газеце» — выданні, якое чытаюць людзі, што вучаць беларускіх дзетак у школах. Калі хочаш карэктаваць масавую свядомасць — працуй з настаўнікамі, бо ў іхных руках — розум наступных генерацый. А памятаеце, з чаго пачалася «паўстанцкая палеміка»? З фармулёўкі “польскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага” ў падручніку па рускай літаратуры за 8 клас. Падручніку, рэцэнзентам якога медыі называюць «актывістаў фонду «Рускі мір». Дык ці трэба тлумачыць, якую небяспеку вось проста цяпер нясуць такія падручнікі і такія падыходы? Генеалогія выразу «польскае паўстанне 1863 г.» дужа слізкая ў палітычным сэнсе — і дзіўна, што я гэта разумею, не з’яўляючыся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а Міністэрства адукацыі (якое адказвае і за газету, і за падручнік) працягвае разгойдваць адзін са слупоў сучаснай беларускай самасці.

Ці трэба мне тлумачыць, што Кастусь Каліноўскі — не чалавек ці не толькі чалавек? Што найперш Каліноўскі — легенда, частка наратыву нашай ідэнтычнасці? Што, у адрозненне ад Ігара Марзалюка ці Ігара Карпенкі (нарадзіўся ў Кемераўскай вобласці, міністр адукацыі Беларусі з 2016 г.), біяграфія Каліноўскага складаецца з таго, што і як пра Каліноўскага кажа дзяржава? І ўшаноўваць памяць Каліноўскага менавіта як беларускага дзеяча пачалі задоўга да заснавання ордэна Кастуся Каліноўскага ўказам прэзідэнта ў 1996 годзе.

І так, абсалютна слушна піша Ігар Марзалюк пра тое, што Каліноўскага зрабіла беларускім героем у тым ліку кіраўніцтва савецкай Беларусі. Але вось тэза, якую я не разумею: «Гэта (…) было абгрунтавана палітычнымі прычынамі — Каліноўскі дзейнічаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая на той момант была акупіравана і ўваходзіла ў склад 2-й Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах ідэалагічнага супрацьстаяння з панскай Польшчай быў неабходны менавіта такі герой — рэвалюцыйны беларус, вораг польскіх паноў і каталіцкага духавенства».

Аднак пік ушанавання прыпаў зусім не на часы Пілсудскага! Найбольш для стварэння міфа пра Каліноўскага было зроблена Кірылам Мазуравым, які санкцыянаваў маштабнае святкаванне стагоддзя паўстання. Вуліца Каліноўскага, напрыклад, з’явілася ў Мінску менавіта тады, у 1963-м. Якіх «палякаў» баяўся Мазураў? Якіх «паноў», якога «каталіцкага духавенства»?

Нагадаю, у 1963-м студыяй навукова-папулярных фільмаў была зробленая стужка «Кастусь Каліноўскі» (рэж. Пётр Шамшур). «ЛіМ» пра фільм пісаў як пра біяграфію «барацьбіта за свабоду беларускага (!) народа». Лыжныя паходы школьнікаў у гонар паўстання, юбілейныя мерапрыемствы ў Свіслацкім раёне, стварэнне музея на радзіме, выставы пра Каліноўскага ў Дзяржбібліятэцы БССР — вось няпоўны спіс таго, як ухвалялі «польскага нацыяналіста» ў позняй БССР. Аўтарам фразы «польскае паўстанне 1863 г.» хочацца параіць пачытаць азначэнні Каліноўскага з першага нумара «Полымя» за 1963 год (на той момант рэдактар часопіса — Максім Танк.): «Не быў схільны працаваць для Польшчы», «баяўся зліцця з Польшчай, пры якім потым ад яе нельга было б адвязацца». У сталай БССР героіка Каліноўскага выбудоўвалася ў рэчышчы супрацьстаяння царызму.

Ён быў змагаром не з «рускім светам» (чаго баяцца абаяныя фондам «Рускі мір» укладальнікі школьных падручнікаў). Ён быў ворагам самаўладдзя, змагаром за тутэйшых людзей. Чытайце «Каласы пад сярпом тваім», даражэнькія.

Што да праблемнай сутнасці пытання, то для мяне нацыянальнасць чалавека вызначаецца мовай. А мова чалавека — тая, на якой ён развітваецца з гэтым светам перад смерцю.

Віктар Марціновіч

https://planetabelarus.by

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» зрабіла ў Гарадку рэпартаж пра адпачынак у Вараб’ёвых гарах

8 студзені ў штодзённай праграме «Віцебскі веснік» тэлерадыёкампаніі «Віцебск» быў паказаны рэпартаж Сяргея Місурагіна пра актыўны адпачынак на лыжаролернай трасе і пра рэзідэнцыю Снягуркі.

У перадачы аматары актыўнага адпачынку Аляксей Гамзюк (намеснік начальніка аддзела адукацыі Гарадоцкага РВК) і Андрэй Патапенка ( начальнік Гарадоцкага РАЎС) падзяліліся сваімі ўражаннямі пра актыўны адпачынак. А Алена Чудакова трэнер па плаванні з г. Раменскае (Маскоўская вобл., РФ) распавяла, як добра трэніравацца і ў басейне, і на лыжаролернай трасе.Гледачы маюць магчымасць таксама яшчэ раз пабываць у рэзідэнцыі Снягуркі, убачыць катанне на цюбінгах і г.д ..

Цалкам рэпартаж ТРК «Віцебск» прадстаўлены тут: https://www.youtube.com/watch?time_continue=7&v=Z8qq6wox0Qc

Л. Антонаў

Новыя трэнды ў аграэкатурызме

Сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 2300 сядзіб, і гэтая галіна прыцягвае прырастаць новымі суб’ектамі. Нават калі хтосьці сыходзіць з рынку, яго месца займаюць новыя гаспадары. І хоць аграсядзібы прымаюць не такі вялікі працэнт турыстаў у параўнанні з гасцініцамі, базамі адпачынку, санаторыямі і іншымі традыцыйнымі месцамі размяшчэння, менавіта гэты сегмент працуе на імідж краіны. Апошнія два гады Беларусь адзначаецца як адна з найлепшых краін для аграэкатурызму па версіі Nаtіоnаl Gеоgrарhіс.


Было, ёсць…

Не будзем забывацца пры гэтым, што прымаць гасцей на вёсцы наша краіна пачала не так даўно. Яшчэ ў 2002 годзе агратурысту нават не было дзе спыніцца на начлег, было праблематычна знайсці жытло з нармальным санвузлом. Калі пачала прырастаць інфраструктура, паўстала новае пытанне: чым турысту заняцца ў вёсцы? Але і такая праблема аказалася вырашальнай — тут гаспадароў аграсядзіб падтрымалі мясцовыя ўлады, работнікі культуры. Дзякуючы агратурызму пачалі ажываць вёскі, народныя калектывы атрымалі слухачоў, сталі запатрабаванымі рамёствы, школьнікі пачалі збіраць інфармацыю пра традыцыі ў сваіх населеных пунктах. Напрыклад, рэцэпты, якія адшукалі вучні Зэльвеншчыны нават патрапілі ў друк, і стравы, згатаваныя па іх, сёння турысты могуць замовіць у мясцовых пунктах харчавання.

Ды і самі гаспадары аграсядзіб пачалі ствараць разнастайныя турпрадукты. Сёння яны ўпэўнена заяўляюць: «Мы прадаём не столькі начлег і ежу, колькі ўражанні». Фестывалі, майстар-класы, конныя паходы і сплавы на плытах і байдарках, крэатыўныя музеі, спартыўныя забавы, квэсты і пазнавальныя сустрэчы — пералічваць варыянты актыўнага адпачынку, якія сёння прапануюць на вёсках, можна доўга.

Нягледзячы на тое, што кожны гаспадар імкнецца прыпаднесці госцю свой унікальны рэцэпт адпачынку, сельскія прадпрымальнікі актыўна дзеляцца са сваімі калегамі ідэямі. Больш за тое, яны пачалі аб’ядноўвацца ў кластары, каб ствараць суперпрадукт, на які лягчэй завабіць турыста. Напрыклад, гаспадар аграсядзібы з Валожынскага раёна, да якога людзі прыехалі вучыцца пячы хлеб, абавязкова параіць гасцям завітаць да суседзяў на мядовыя квэсты, конныя паходы ці кулінарныя фестывалі. Ад такой сумеснай працы выйграюць і турысты, якія атрымліваюць цікавыя маршруты і насычаны актыўнасцямі ды адкрыццямі адпачынак, прадпрымальнікі (колькасць наведвальнікаў значна прырасла, і часта «лішніх» кліентаў гаспадары перанакіроўваюць да суседзяў).

Да таго ж разам можна замахвацца на маштабныя праекты і атрымліваць пад іх інвестыцыі. Так, спажывецкі кааператыў «Валожынскія гасцінцы» ў найбліжэйшы час плануе запусціць трансгранічны маршрут «Шляхам Вітаўта», які працягнецца ад Ракава да Тракайскага замка ў Літве. Падчас такога падарожжа можна будзе больш даведацца пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Будзе

Яшчэ адна ідэя, якая хутка здзейсніцца на Валожыншчыне, — стварэнне так званага спажывецкага кошыка, у якім турысты знойдуць самыя розныя прадукты, якія ім прапануюць гаспадары аграсядзіб. Тут і хлеб, і сыры, і мядовая ды мясная прадукцыя.

Між іншым, арганічнае земляробства — адзін з кірункаў далейшага развіцця вясковага турызму на Беларусі. Многія гаспадары аграсядзіб адчулі, што такім чынам можна завабіць новых кліентаў, і сталі актыўней браць зямлю, каб вырошчваць уласную экалагічна чыстую прадукцыю. У сваю чаргу фермеры таксама не спяць у шапку, а шукаюць новыя шляхі прыбытку, прапануюць экскурсіі на фермы, фестывалі, майстар-класы. Тут можна згадаць гаспадарку «ДАК», куды з задавальненнем едуць людзі, каб паглядзець на коз і на тое, як вырабляецца малочная прадукцыя. Многім спадабаўся «Кукуполіс» — квэст у лабірынце з кукурузы.

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзілася сумесна з Белаграпрамбанкам і Міністэрствам спорту і турызму, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова заўважыла, што зараз гаспадарам сядзіб трэба рабіць ухіл на крэатыўнасць і інавацыйнасць. У будучым турызм будзе завязаны на ўражаннях, менавіта за іх турысты гатовы плаціць вялікія грошы. І ад вясковых прадпрымальнікаў тут не заўсёды патрабуюцца вялікія фінансавыя інвестыцыі — куды важнейшыя веды і творчасць. Шпаркае развіццё агратурызму можна звязаць з развіццём ІТ-галіны. Сёння мы ўсё менш рухаемся, бо вучыцца і рабіць пакупкі можна не выходзячы з дому. Толькі турызм выратуе чалавека і падарыць яму жывыя зносіны.

Таксама ў трэндзе зялёная эканоміка, гендарныя пытанні і так званая сацыяльная адказнасць. Усе гэтыя ідэі зараз актыўна прапагандуюцца ў Еўропе. Каб стварыць прадукт, запатрабаваны ў тым ліку і на замежным рынку, важна ўпісацца ў канцэпцыю ўстойлівага развіцця. І беларускі агратурызм пачаў працаваць з новымі тэмамі. Так, на Валожыншчыне з’явіўся турыстычны маршрут, даступны людзям з інваліднасцю. Таксама ў беларускіх аграсядзібах пачаў праводзіцца фестываль для састарэлых людзей «Крэатыўны ўзрост». Хоць трэба сказаць, што і раней многія гаспадары супрацоўнічалі з бабулямі і дзядулямі, якія ведаюць фальклор, могуць навучаць рамёствам, дзяліцца рэцэптамі. Удзельнікі канферэнцыі ўпэўнены: сёння стартапы трэба праводзіць не толькі для моладзі, але і для пенсіянераў, спрабаваць аб’ядноўваць энергію маладых і досціп старэйшага пакалення.

Амаль траціну грошай турысты трацяць на ежу, 20—30 працэнтаў вандроўнікаў матываваныя пакаштаваць сапраўдныя аўтэнтычныя прадукты па месцы іх вытворчасці. Значыць аграсядзібам трэба рабіць стаўку на гастранамію, але, на жаль, пра беларускую кухню амаль нічога не ведаюць не тое што за межамі, нават у сваёй краіне. Хоць гаспадары сядзіб упэўнены, нам ёсць, чым ганарыцца і мы яшчэ ўразім свет. І ў найбліжэйшы час арганізацыя «Адпачынак у вёсцы» магла б узяць на сябе гэтую місію па раскрутцы айчынных рэцэптаў. А дапамагаць збіраць інфармацыю пра нацыянальную кухню, наносіць на інтэрактыўную гастранамічную карту маглі б студэнты… Уласна, актыўнае прыцягненне моладзі да вясковага бізнесу — таксама адзін з сучасных трэндаў. Ужо сёння хлопцы і дзяўчаты з факультэта міжнародных адносін БДУ, якія плануюць сваю будучыню звязаць з агратурызмам, знаёмяцца з гаспадарамі, трапляюць да іх на практыку і спрабуюць ствараць цікавыя праекты, якія можна рэалізоўваць на сяле.

Давядзецца паламаць галаву і над тым, які турпрадукт нашы вёскі змогуць прыпаднесці «нетрадыцыйнаму» турысту. Прыкладна 145 мільёнаў кітайцаў штогод падарожнічаюць па ўсім свеце, і мы маглі б хоць невялікі працэнт з іх завабіць у Беларусь. Летась нашу краіну ўжо наведала каля трох тысяч гасцей з Кітая, сёлета гэта лічба падвоіцца. Але гэтыя госці пакуль выбіраюць ваенна-патрыятычны кірунак, цікавяцца так званым «чырвоным» турызмам, і трэба высветліць, як і, галоўнае, чым іх завабіць у аграсядзібы.

З 2008 года праводзіцца конкурс «Найлепшая аграсядзіба года». Гэтым разам было пададзена 46 заявак. Гаспадарам трэба было прэзентаваць сябе праз інтэрнэт, даслаць фатаграфіі і відэаролікі. Найлепшай стала сядзіба «Запаведны востраў» у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Фабрыка ўражанняў

http://www.zviazda.by

На вакацыях у Цэнтры дзяцей і моладзі дзейнічала выстава і праводзілі віртуальныя экскурсіі

У ДУДА «Гарадоцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» асаблівае месца адводзіцца арганізацыі занятасці дзяцей і падлеткаў у канікулярны час. На зімовых вакацыях працягнулі працу аб’яднанни па інтарэсах. Педагогі і навучэнцы Цэнтра прынялі ўдзел у дабрачынным ранішніку. Яшчэ на працягу канікул дзейнічала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Зімовыя фантазіі».


Намеснік дырэктара Я.Ч. Каўкенава заўсёды гатова правесці віртуальную экскурсію «Экалогія вачыма дзяцей» для навучэнцаў школ горада і раёна. Вось і на зімовых вакацыях выхаванцы аздараўленчага лагера «Чайка» ДУА «СШ № 2 г. Гарадка» з цікавасцю пабывалі на віртуальнай экскурсіі.
Л. Антонаў

Па матэрыялах: http://cdim.gorodok.edu.by