Выстава, якую клуб майстроў “Вытокі“ філіяла “Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору” прапануе сваім гледачам у канцы бягучага года, вылучаецца сваёй незвычайнасцю.
Напярэдадні выставы мы звярнуліся да майстроў з пытаннем: “Якія свае творы вы лічыце лепшымі?” Як вынік – на выставе прадстаўлены творы майстроў клуба, якія на іх думку, з’яўляюцца цікавымі гледачу, могуць уразіць прыгажосцю, ці нават памерамі.
Звяртаюць на сябе ўвагу вырабы Васіля Сіманковіча народнага майстра Рэспублікі Беларусь, майстра лозапляцення і спіральнага пляцення. З 2008 года Сіманковіч В.П.- член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У 2016 годзе Сіманковічу В.П. прысвоены статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Майстар плённа займаецца навукова-даследчай працай па аднаўленню архаічных спосабаў пляцення з лазы і саломы. Валодае ўменнем пляцення з альхі, чаромхі, алешніку, лазы і саломы з выкарыстаннем кораня хвойных парод дрэў. Распрацаваў уласны аўтарскі стыль пляцення вырабаў з выкарыстаннем лазовай кары. На аснове мясцовых лакальных традыцый стварыў калекцыі кошыкаў з лазы, вырабаў з саломы ў тэхніцы спіральнага пляцення і саламяных павукоў.
Майстар авалодаў старажытнай традыцыйнай тэхнікай спіральнага пляцення з выкарыстаннем саломы заплеценай лентай з лазы, або з кораня сасны. Майстрам створана калекцыя спіральных вырабаў па этнаграфічных узорах, знойдзеных у экспедыцыях па Гарадоцкаму раёну.
Работы майстра адрозніваюцца адметным стылем і добрым густам.

“Дрэва жыцця”, вырабленае з лазы і касічак з лазовай кары прываблівае позірк сваімі спакойнымі натуральнымі фарбамі, а таксама памерам (1м. 20 см.) Вельмі выгадна яго абрамляюць ручнікі ў тэхніцы ажурнага ткацтва Марыны Гушча і яе вучаніцы Яніны Кліменка (Здзесевай) і паясы Наталлі Юшковай ( з фондаў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору).
Ажурныя ручнікі, прадстаўленыя на выставе, з новай калекцыі майстра. Можна ўбачыць на выставе, як сатканыя з ільняных нітак (рознай ступені выбеленасці), так із баваўняных нітак.
Гушча Марына Леанідаўна – народны майстар Рэспублікі Беларусь па ткацтву.
Выкананне ручнікоў па мясцовым этнаграфічным узорам з’яўляецца асноўнай асаблівасцю творчасці майстра. Кожны знойдзены ўзор ткацтва дакладна вывучаны і распрацаваны ёю. За час сваёй працы Марына Гушча стварыла багатую калекцыю тканых ручнікоў, асаблівае месца ў якой займаюць унікальныя ажурныя ручнікі.
Шмат часу Марына Леанідаўна аддае даследаванню і вывучэнню традыцый народных рамёстваў Гарадоччыны, асабліва ткацтва. Удзельнічала ў этнаграфічных экспедыцыях па вёсках раёна, сабрала багаты матэрыял, унікальную інфармацыю аб майстрах, артэфакты, дасканала вывучыла тэхналогію ткацтва. Засвоіла мноства тэхнік: бранае, выбарнае, пераборнае, фактурнае, ажурна-фактурнае, ажурнае. Адпаведна старажытным тканінам фондаў Гарадоцкага краязнаўчага музея стварыла багатую калекцыю ручнікоў. Выкананне ручнікоў па мясцовых этнаграфічных узорах з’яўляецца асноўнай асаблівасцю творчасці майстра. Марына Леанідаўна пастаянна прымае актыўны ўдзел у шматлікіх выставах, конкурсах, канферэнцыях, майстар-класах, тым самым удасканальвае сваё майстэрства.

З вялікай зацікаўленасцю і на высокім прафесійным узроўні займаецца развіццём і папулярызацыяй тэхналогіі ткацтва, вядзе работу па распаўсюджванню, перадачы гэтага віда традыцыйнага рамяства вучням. Майстру ўласціва імкненне зберагчы архаічнасць, багацце і ўнікальнасць тэхналогіі ажурнага ткацтва, даказаць жыццяздольнасць мясцовых ткацкіх традыцый.
Упрыгожваюць выставу і вытанчаныя падвескі Людмілы Гаравой у тэхніцы спіральнага пляцення “Дрэва жыцця” і “Званочкі”.

Гаравая Людміла Генадзьеўна – народны майстар Рэспублікі Беларусь, майстар выцінанкі і спіральнага пляцення. З 2001 года – член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Статус народнага майстра атрымала ў 2016 годзе.
Майстар добра засвоіла тэхналогію і мясцовыя асаблівасці многіх відаў мастацкіх рамёстваў. З 1995 г. займаецца спіральным пляценнем. Вучылася ў народнага майстра Беларусі Адама Краўчука на курсах пры АНМЦ. Шмат часу Гаравая Л.Г. аддае вывучэнню традыцый Гарадоччыны. Цесна супрацоўнічае з раённым краязнаўчым музеем, сабрала багаты этнаграфічны матэрыял падчас экспедыцый па раёну. Па ўзорах спіральнага пляцення, знойдзеным у в. Крошкі (Гарадоцкі раён), аўтэнтычна аднавіла сеялку і калекцыю кублаў, што знаходзяцца ў фондах і прадтаўлены вашай увазе.
Абапіраючыся на сабраныя звесткі, вывучэнне літаратуры (Сахута Я.М., Народнае мастацтва Беларусі. Мінск: ”Беларуская энцыклапедыя”, 1997 г.), артыкулы энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, зрабіла калекцыю вырабаў спіральнага пляцення традыцыйнай формы са жгутоў саломы і лазовай стужкі, як аскуранай, так і неаскуранай. Гэта кублы авальнай і круглай формы, розныя міскі, збанкі.
Асаблівасць творчасці Гаравой Л.Г. – аднаўленне ўнікальных традыцый пляцення, аўтэнтычнасць зробленых вырабаў, здольнасць прымяняць традыцыйныя элементы ў сучасных вырабах.
Апошнія пяць гадоў майстрыха паспяхова працуе над калекцыяй жаночых упрыгожванняў з элементамі спіральнага пляцення з саломы і керамікі.
“Дажыначны сноп” Гарадоцкага раёна лепшым лічыцца не толькі ў Доме рамёстваў, але і члены журы свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2021” ў г.п. Шуміліна, падчас падвядзення вынікаў конкурсу снапоў, высока яго ацанілі.

Каравай, што вянчае Гарадоцкі дажыначны сноп –
гэта вынік працы хлебаробаў,
сімвал жыцця, аснова дабрабыту,
паказчык гаспадарлівасці.
Хлеб ды соль добрым людзям,
а будзе хлеб – будзе і песня.
Увогуле, снапы Вольгі Рэут неаднаразова высока ацэнваліся на конкурсах.
Рэут В.Л. валодае ўсімі відамі і прыёмамі саломапляцення, выконвае аплікацыі саломкай, вырабляе саламяных павукоў, галаўныя ўборы, упрыгоджванні, сухарніцы, скарбонкі, што прадстаўлены на выставе і шмат іншых рэчаў.Тэматыка работ самая разнастайная. Вельмі прывабліваюць выразныя фігуркі жывёл і птушак майстрыхі, зроблена вялікая калекцыя саламяных лялек. З цікавасцю Вольга Леанідаўна займаецца вывучэннем народных абрадаў і звычаяў беларусаў. Таксама майстр добра валодае тэхнікай спіральнага пляцення з саломы.
Вялікую работу праводзіць Вольга Леанідаўна па распаўсюджванню прыёмаў рамяства саломапляцення. Сваё майстэрства яна з вялікай радасцю перадае ўсім жадаючым як на занятках гуртка, так і падчас правядзення майстар-класаў на раённых, абласных і рэспубліканскіх святях, у час семінараў для супрацоўнікаў клубных устаноў раена, а для вучняў трэціх і чацвёртых класаў кожны год у рамках школьнай праграмы майстар праводзіць урокі саломапляцення. Работа яе вучняў – выдатны саламяны букет кветак.
Таццяна Міснікава – народны майстар Рэспублікі Беларусь, майстар вышыўкі.
З 2008 года ўваходзіць у склад Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Працуе ў філіяле “Гарадоцкі Дом рамёставаў і фальклору” кіраўніком гуртка вышыўкі.
Аднавіла традыцыйную на Гарадоччыне вышыўку “перавіць з насцілам”. Валодае ўсімі відамі вышыўкі (крыжыкам, гладдзю, лікавай гладдзю, “перавіць з насцілам” і інш.).
На выставе прадстаўлены яе ручнікі з “перавіццю з насцілам”, вышытыя па даматканіне і па тканіне фабрычнай вытворчасці.
Позірк прыцягвае калекцыя невялікіх гаршкоў і гарлачыкаў маладога майстра Ігара Рабцава, які толькі пачынае свій творчы шлях.
Кацярына Шамардзінава прадставіла на выставу клекцыю пано з адбіткамі раслін “Ружы” “Агрэст”, “Бяроза”, а таксама прыгожую сурвэтніцу і гліняных лялек.
Клуб “Вытокі”- гэта сапраўды народныя майстры і ўмельцы, якія працягваюць аўтэнтычныя традыцыі беларускага мастацтва.

За годы свайго існавання клуб неаднаразова паспяхова ўдзельнічаў у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях і конкурсах.
За паслядоўную работу па адраджэнню традыцыйных рамёстваў майстры клуба шматразова былі адзначаны ганаровымі граматамі і ўзнагародамі.
Прыходзьце на выставу, каб судакрануцца з майстэрствам нашых лепшых майстроў!
Святлана Хамутоўская, кіраўнік клуба майстроў “Вытокі“ філіяла “Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору”