Гісторыя Езярышча на старонках кнігі «Азярышча” Вячаслава Якімава – заслужанага юрыста Беларусі

Вячаслаў Васільевіч Якімаў, “Заслужаны юрыст Беларусі”, былы старшыня Верхнядзвінскага суда ў 2019 годзе выдаў у Наваполацку кнігу “Азярышча”, прысвечаную паўночнай старонке Гарадоцкага краю – Езярышчу.
Адмысловая назва кнігі “Азярышча” адразу накіроўвае чытача ў глыбіню стагоддзяў, калі першае дастаткова вядомае паселішча нашага краю называлася па-крывіцку – Азярышча. І чытач рухаецца ў глыбіню стагоддзяў з любоўю да роднага краю, як туды рухаецца шаноўны Вячаслаў Васільевіч, распавядаючы пра гісторыю сваёй зямлі, якая дала яму жыццё.

Аўтар называе свой уступ у кнігу “Удзячнасць” і піша:
“Бог даў долю пражыць дзяцінства, юнацтва і пачатак сталасці ў гэтым непаўторным краі, які зараз прыходзіць ў заняпад.
Абавязак удзячнасці да роднай зямлі – як мага болей даведацца пра яе гісторыю, каб сказаць землякам: “Не! Мы не бязродныя, мы маем такую мінуўшчыну, якой трэба толькі ганарыцца”.
…Адраджэнне Гісторыі і Мовы – ганаровая справа кожнага, бо, як лічыцца са старажытных часоў, на годнасці і павазе да мінулага, да нашых вялікіх продкаў засноўваецца будучыня народа.”
У анатацыі да кнігі Вячаслаў Васільевіч напісаў, што гэта – “Гістарычны нарыс, прысвечаны прыгожаму куточку на мяжы Беларусі і Расіі -малой радзіме аўтара. На старонках кнігі ў навукова-папулярнай форме апісана багатая на падзеі драматычная гісторыя краю з далёкай мінуўшыны да нашага часу”.
У кнізе шмат мап, схем, ілюстрацый, якія робяць кнігу карысным для вывучэння гісторыі малой Радзімы – Азярышча. Таксама ў кнізе даюцца экскурсы ў беларускую міфалогію, прыводзяцца цікавыя назіранні аб старажытнай гісторыі азярышчанскага края і тых асобаў, якія кіравалі гэтай зямлёй у розныя стагоддзі. Па новаму глядзіцца і гісторыя нашай зямлі ў часы Вялікага Княства Літоўскага.
Наогул кніга “Азярышча” напісана з пазіцыі беларускага патрыятызму, якога нам зараз вельмі бракуе, каб адчуць сябе адказнымі за лёс сваёй зямлі.
Твор Вячаслава Якімава “Азярышча” – тая кніга, якую варта вывучаць ўсім азярышчанцам, жыхарам Гарадоцкага раёна, каб ведаць свае карані на беларускай зямлі. І наклад у 25 асобнікаў – гэта толькі стартавы, які зрабіў сам аўтар, каб данесці свае веды і сваю любоў да роднага краю ўдзячным чытачам.
Леанід Гаравы

Юныя лыжнікі з Расіі з радасцю наведалі Дом рамёстваў і фальклору і асвойвалі азы народнай творчасці

У Гарадку ў апошнія гады шмат спартсменаў з Расіі трэніруецца на лыжаролернай трасе, а таксама маюць магчымасць пазнаёміцца ​​з Гарадком і яго культурнымі аб’ектамі. Нашы госці заўсёды застаюцца рады наведванню Гарадоцкага краязнаўчага музея і Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.

Не стала выключэннем і апошняя група юных лыжнікаў з горада Краснае Сяло Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У сярэдзіне жніўня хлопчыкі і дзяўчынкі пасля чарговай трэніроўкі пабывалі ў нашым Доме рамёстваў.

Для хлопчыкаў народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Рэут дала майстар-клас па саломопляценню. І хлопцы з задавальненнем пачалі асвойваць асновы гэтай традыцыйнай народнай творчасці беларусаў, зрабіўшы асноўны элемент саламянага павука.

Майстар Дома рамёстваў Настасся Савасцеева ў гэты час займалася з дзяўчынкамі, навучаючы іх стварэнню народнай беларускай лялькі. Яна прадэманстравала народныя лялькі ў стылі мотанкі-абярэгавай і вандроўніцы.

Юныя спартсменкі былі рады таму, што ў іх атрымалася стварыць сваю ляльку мотанку.

Падобныя візіты ў Дом рамёстваў спрыяюць далучэнню гасцей да нашай беларускай народнай культуры праз практычны урок стварэння.

Л. Антонаў

Сімвалы нашай вольнасці. 10 самых цiкавых ратуш Беларусi

Калісьці ва ўсіх гэтых будынках засядаў гарадскі ўрад – магістрат, захоўваліся гарадская казна і «мерныя бочкі», а самі яны красаваліся на цэнтральных плошчах як сведчанне таго, што іх горад мае асаблівыя свабоды і прывілеі, абумоўленыя магдэбургскім (ці, як казалі на нашых землях, майтборскім) правам. Вялізныя і зусім цацачныя, пад высокім вальмавым дахам, з вежамі і без, аўтэнтычныя і адноўленыя, а таксама страчаныя – пра самыя цікавыя беларускія ратушы мы раскажам у гэтым аглядзе.

Самая старая

Найстаражытная з захаваных у Беларусі ратуш – нясвіжская. Яна з’явiлася напрыканцы ХVI ст., праз 150 год была перабудавана ў стылі позняга барока, а па сканчэнні амаль яшчэ стагоддзя, у 1836-м, пажар знішчыў вытанчанае завяршэнне яе вежы з гадзіннікам. Толькi рэстаўрацыя, якая праходзіла з 1997 па 2004 гг., вярнула нясвіжскай майдэборыі першапачатковы выгляд. Зараз стройная і высокая шасціярусная вежа, праз якую зроблены ўваход у ратушу, зноў фармуе сілуэт галоўнай плошчы Нясвіжа.

Несвижская ратуша.jpgЦікава, што ўзроўні ярусаў вежы і ратушных памяшканняў не супадаюць і злучаны ўсходамі. На другім паверсе, дзе гістарычна знаходзілася зала пасяджэнняў магістрата, а за савецкім часам – піянерскі клуб, пасля рэканструкцыі размясцілася музейная экспазіцыя «Гарадское самакіраванне Нясвіжа».

Самая высокая

Хоць гэта на самой справе навадзел – але навадзел, зроблены па старадаўніх краслюнках, з шчырай павагай да гістарычнай праўды і спадчыны. Размова ідзе пра магілёўскую ратушу, страчаную за савецкім часам, але адноўленую ў 2008 годзе. Уявіце: першыя цаглiны на захаваны ратушны падмурак паспелi пакласцi яшчэ ў 1992-м, але тады скончыліся грошы, і рэканструкцыя лепшага твора грамадзянскай архiтэктуры Беларусi XVII стагоддзя спынiлася ажно да 2007 года.

могилевская ратуша2.jpgІ вось ужо амаль дзесяцігоддзе над старажытнымi кварталамi Магілёва ўзнімаецца 46-мятровая ратушная вежа, добра бачная нават з Задняпроўя. Ды й не дзіва – гэта ж, лічы, 15-павярховы дом! У 1661 годзе перазвон на гэтай вежы стаў сiгналам да пачатку Магiлёўскага паўстання супраць маскоўскiх акупантаў: іх сямiтысячны гарнiзон быў цалкам знiшчаны, праз што па заканчэннi 13-гадовай вайны Магiлёў ураўнавалi ў правах з самой Вiльняй. У 1780-м з балкона ратушнай вежы азiралi горад задаволеныя руская царыца Кацярына II i аўстрыйскi iмператар Iосiф II, якія толькі што вырашылі тут лёс Рэчы Паспалітай. А у 1915-м, падчас знаходжання ў Магiлёве Стаўкi Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, у вежы размяшчалася імператарская радыёстанцыя.

могилевская ратуша3.jpgПра гэтыя і іншыя эпізоды з жыцця Магiлёва і яго ратушы распавядзе экспазіцыя адкрытага ў ёй Музея гiсторыi горада.

Пра яе пісаў Конан Дойл

Яшчэ адзін адроджаны па архiўных чарцяжах ратушны будынак знаходзіцца ў Мінску. Спачатку ён быў драўляны і, кажуць, размяшчаўся недзе ў раёне Траецкага прадмесця. Каменная майдэборыя паўстала на плошчы Верхняга рынку ў XVII стагоддзі і прастаяла каля 200 гадоў.

Мінская ратуша.jpgПасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ратуша, якая сімвалізавала свабоды ранейшых часоў, была разабраная: загад аб яе зносе ўласнаручна падпісаны царом Мікалаем I. Паказальна, што ў тым апошнім для ратушы 1857 годзе ніводзін мінчук не згадзіўся прыняць удзел у разбурэнні сваёй майдэборыі, нават за грошы. Тады зрабіць гэта прымусілі вязняў Пішчалаўскага замка. Але нават пасля зносу ратуша паслужыла гараджанам: з яе жалезнага даху вырабілі паўтары тысячы шыльдаў з назвамі мінскіх вуліц.

минская ратуша.jpgДа таго часу ў ратушы паспеў пасяліцца прывід – гэта асобная гісторыя, пра якую вы можаце даведацца з нашага маршрута «Містычны Мінск». А напрыканцы ХIХ стагоддзя ўжо страчаная мінская ратуша стала сусветна вядомай дзякуючы аднаму з дэтэктываў Конан Дойла – аб гэтым мы таксама пiсалi. Ну, а сёння адноўлены будынак, дзе калісьці збіраўся магістрат, у многіх асацыюецца з класічнай і джазавай музыкай – дзякуючы летнім «Музычным вечарам каля Ратушы».

Кандыдатка на аднаўленне

Ужо не аднойчы даводзілася чуць, што трэба нешта рабіць з непрапарцыянальна вялікай для гістарычнага цэнтра Гродна пустэльняй, у якую ператварылася праз апошнюю рэканструкцыю Сваецкая плошча. І тут адзінае правільнае рашэнне – аднавіць гарадскую ратушу, якая стаяла побач з гродзенскім палацам Радзівілаў (яго, дарэчы, таксама мусім аднавіць).

Гродзенская ратуша. Рэканструкцыя.jpgРатуша на галоўнай плошчы Гродна паўстала ў 1513 годзе. Адзінымі крыніцамі, што дазваляюць уявіць яе першапачатковы выгляд, з’яўляюцца гравюры ХVI стагоддзя. На іх мы бачым над ратушай вежу з гадзіннікам, а знізу – гандлёвыя рады. У 1660-х, падчас маскоўскага нашэсця, ратушны будынак быў моцна пашкоджаны і прастаяў у паўразбураным стане больш за стагоддзе. Потым рэнесансную красуню перабудавалі ў стылі класіцызму. А ў 1946 годзе яе, перажыўшую дзве сусветныя вайны, па-варварску знішчылі.

Ратуша ў Гродна. Пачатак ХХ ст.1.jpg

Напамінам пра гродзенскую майдэборыю, акрамя захаваных фундаментаў, служыць былы ратушны гадзіннік: у 1753 годзе яго перанеслі ў вежу езуіцкага касцёла, і сёння ягоны механізм лічыцца адным з найстарэйшых у Еўропе.

Цацка-прыгажуня

Нельга не ўзгадаць яшчэ пра адну страчаную ратушу – у Навагрудку. Збудаваная ў сярэдзіне ХVII стагоддзя на Рынкавай плошчы (зараз Леніна), яна праіснавала толькі да 1870-x, але гараджане дасюль пераказваюць адзін аднаму, якая то была мураваная прыгажунька! На рагу акуратнай двухпавярховай камяніцы ўзвышалася двух’ярусная вежа, завершаная купалам з вялізным флюгерам – выявай Архангела Міхаіла, нябеснага апекуна Навагрудка.

Навагрудская ратуша.jpgУ 1818 годзе ратушу рэканструявалі ў стылі класіцызму, на ўзроўні другога паверху галоўнага фасада з’явілася галерэя. У такім выглядзе яна праіснавала да 1862 года, калі была моцна пашкоджана пажарам і больш не аднаўлялася. У самым канцы ХІХ стагоддзя, выкарыстоўваючы фундаменты і часткі муроў ратушы, быў узведзены адміністратыўны будынак, які ў сваю чаргу быў разбураны падчас Вялікай Айчыннай. На тым месцы зараз стаіць крама «Дзіцячы свет».

Ратуша «з другой спробы»

Віцебская ратуша, як і раней ўзгаданая мінская, першапачаткова знаходзілася не на сваім сучасным месцы, а на Замчышчы. Але пасля таго як віцябчане ў 1623 годзе забілі ўніяцкага біскупа Іасафата Кунцэвіча, горад на некалькі дзесяцігоддзяў пазбавілі магдэбургскага права. Сімвал гарадской вольнасці натуральна разабралі.

витебская ратуша2.jpgМураваная ратуша ў Віцебску з’явілася толькі ў 1775-м – і атрымалася выкшталцонай: у яе архітэктурным абліччы злучыліся рысы позняга барока і класіцызму. У 1924 годзе будынак, што паспеў стаць сімвалам горада над Дзвіной, перадалі краязнаўчаму музею, які размяшчаецца тут да цяперашняга часу. У музеі не толькі ёсць магчымасць пабачыць гістарычныя артэфакты, але і ў цёплую пару года (з красавіка па верасень) падняцца на назіральную пляцоўку ратушнай вежы і паглядзець на Віцебск з ракурсу, даступнага хіба што птушкам ды пажарным, чый пост знаходзіўся тут цэлае стагоддзе.

Вядомая ў ЗША

А ці чулі вы, што шклоўская ратуша занесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША? За што такая пашана – цяжка сказаць. Можа, таму, што тут радзіма першага беларускага прэзідэнта, а можа, некага ўразіў комплекс ратушы з гандлёвымі радамі (у якіх зараз прапісаны школа і краязнаўчы музей), які па плошчы – самы вялікі ў нашай краіне. Хоць, шчыра кажучы, па архітэктуры – даволі традыцыйны для Беларусі: двухпавярховая аснова перарастае ў вежу з гадзіннікам і шпілем.

шкловская ратуша2.jpgПадчас Вялікай Айчыннай вайны класіцыстычны комплекс быў моцна пашкоджаны. Цалкам адрэстаўравалі яго толькі ў 1999 годзе. Кажуць, пасля гэтага ў будынку, што з’яўляецца галоўнай славутасцю горада, зноў бачылі прывід слугі князя Чартарыйскага, які ахоўвае прыхаваныя недзе тут скарбы і чакае, пакуль за імі вернецца яго гаспадар…

Самая сціплая

Бадай што адзіная з захаваных ратуш Беларусі не мае вежы – таму яе не так проста «вылічыць». Гэта слонімская ратуша. Кампактная, прамавугольная, пабудаваная з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы сваёй драўлянае папярэдніцы, яна дасюль захавала ледзь бачныя рысы барока. Пасля вайны ў будынку доўгі час працаваў гарвыканкам. А зараз гістарычнае памяшканне займае бібліятэка.

слонимская ратуша.jpg

На трацiну драўляная

Таксама незвычайную ратушу можна ўбачыць у Чачэрску. Мураваны двухпавярховы квадратны ў плане будынак завершаны не адной, як звычайна, а адразу пяццю (!) вежамі, прычым драўлянымі. Нават неспецыяліст, гледзячы на чачэрскую ратушу, заўважыць у яе абліччы элементы псеўдаготыкі: спічастыя вокны і «карона» зубцоў, якімі завершана цэнтральная вежа. Яны надаюць усяму будынку – помніку другой паловы ХVIII стагоддзя – крыху нязвыклы, рамантычны выгляд.

чечерская ратуша.jpgУ 1972 годзе ратуша гарэла, на жаль, страціўшы аўтэнтычныя драўляныя вежы і перакрыцці. Рэстаўрацыя зацягнулася больш чым на 30 гадоў, і толькі ў 2004-м у нарэшце адноўленым будынку запрацаваў Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Самая таямнічая

У вёсцы Воўчын Камянецкага раёна ёсць праваслаўная царква Святога Мікалая, узведзеная ў пачатку 1840-х. Але збудавана яна была, як лічаць некаторыя гісторыкі, не з нуля, а шляхам перабудовы… старой ратушы.

Церковь Святого Николая в Волчине.jpgАднак тэорыя гэта выклікае сумненні, бо ў Воўчыне не было самакіравання, хоць тут і нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зрэшты, помнік яшчэ чакае сваіх руплівых даследчыкаў.

Автор: Цiна Турава
Фото: Сяргея Плыткевіча, Алега Малевіча

https://planetabelarus.by