
Category Archives: Без рубрики


Гарадоцкія дзеячы культуры на «Славянку» завіталі ды сябе паказалі!
Дзеячы культуры Гарадоччыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах ХХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2020». Жыхарам абласнога цэнтра і гасцям святочнага горада нашы майстры прадэманстравалі ўнікальныя гарадоцкія рамёствы, прэзентавалі брэнд «Гарадоцкі Парнас», і, безумоўна, удзячнай аўдыторыі запомнілася запальнае выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца «Яблынька».
Славянскі базар — візітная картка Віцебска. Не толькі жыхары горада і госці з усёй Беларусі чакаюць гэтай знакавай падзеі, але і нашы суседзі кожнае лета з ахвотай прыязджаюць у маляўнічы горад, што раскінуўся на берагах Заходняй Дзвіны і Віцьбы, каб атрымаць асалоду ад свята ў духу старажытнасці. Натуральна, што ў гэтым годзе свае карэкціроўкі ў ход мерапрыемства ўнесла даволі напружаная эпідэміялагічная сітуацыя, аднак першы дзень Міжнароднага фестывалю мастацтваў прайшоў, як заўжды, грандыёзна і ярка. Нягледзячы на ўсе складанасці, Віцебск усё роўна «апрануўся» ў свята. Да нас традыцыйна завіталі некаторыя госці з замежжа. Кірмаш, выступленні вулічных артыстаў, цікавая канцэртная праграма — дзякуючы такому калейдаскопу займальных пляцовак на некалькі дзён горад зрабіўся сапраўды казачным.
Аднымі з тых, хто ствараў неверагодную атмасферу фестывалю мастацтваў былі і актывісты з нашага раёна. У «Горадзе майстроў», які размясціўся побач з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Я. Коласа, супрацоўнікі філіяла «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» прапаноўвалі людзям бліжэй пазнаёміцца з нашымі традыцыйнымі рамёствамі і набыць унікальныя handmade-вырабы: посуд, прадметы гардэроба, упрыгожванні рознага кшталту і шмат чаго іншага. Прагрэс не спыняецца нават на імгненне, але рэчы, зробленыя таленавітымі майстрамі ўручную, па-за канкурэнцыяй, бо кожны выраб — унікальны ў сваім родзе і непаўторны. Здаецца, што можна адчуць цеплыню і любоў, якую ўкладаў у яго аўтар-стваральнік.
Менавіта за багацце прадстаўленых сувеніраў, самабытныя касцюмы і незвычайныя штучкі людзі так любяць фестывальны Віцебск. Славянскі базар — гэта час для новых уражанняў, любімых артыстаў і грандыёзнага шопінгу. Набыць унікальныя і прыгожыя рэчы кожны жадаючы мог каля дзяржаўнай установы «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» і на вул. Замкавай насупраць універмага, дзе разгарнулася XX Рэспубліканская выстава-кірмаш «Малый бизнес в фестивальном Витебске». Баваўняныя сукенкі і спадніцы, іншая вопратка з ільну і шоўку, абутак і сумкі з натуральнай скуры — і гэта толькі малая частка прадстаўленай тут прадукцыі.
Адразу пасля выставы-кірмашу людзі траплялі на плошчу Свабоды. Тут разгарнуліся тэматычныя падвор’і розных раёнаў нашай краіны. Гарадоччыну прадстаўлялі супрацоўнікі ДУК «Гарадоцкі культурна-асветніцкі цэнтр і сетка публічных бібліятэк», Гарадоцкага гарадскога Дома культуры і філіяла «Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці». Адназначна, тут было чаму падзівіцца. Сапраўдны рай для гурманаў — карысны фіта-чай і свежыя пернікі ручной працы з сімволікай базару, венікі для лазні і нават «Жывы куток», дзе самых шчаслівых пераможцаў бяспройгрышнай латарэі чакалі незвычайныя прызы — куры і перапёлкі, якіх прадаставіла Гарадоцкая птушкафабрыка. Адным словам — у гарадоцкіх было весела, смачна і цікава. Кожнае з прадстаўленых тэматычных падвор’яў імкнулася зацікавіць аўдыторыю: хто — танцамі, а хто — жывой музыкай і спевамі. Прадстаўнікі нашага раёна таксама былі вельмі актыўнымі, а некаторыя ўмельцы проста сціпла выконвалі сваю працу, і гэтага хапіла, каб сабраць вакол усіх зацікаўленых такой тонкай і незвычайнай работай людзей. Шмат увагі гледачы надалі майстар-класу па ткацтве жывымі травамі, які правяла народны майстар і загадчык філіяла Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча разам з адной са сваіх вучаніц. Вось наколькі «Тарасава хата» зёлкамі багата — іх і на ткацтва хапае, і на гандаль. Дарэчы, набыць мяшочкі з карыснымі і лекавымі цуда-травамі аказалася многа жадаючых. Адзначым таксама, што асаблівы інтарэс у дзяцей выклікаў аніматар у вобразе сімвалу нашага горада — яркага льва, з якім яны з задавальненнем танчылі і фатаграфаваліся. А некаторыя, асабліва смелыя, не раз падыходзілі паабдымацца з ім.
Міжнародны фестываль мастацтваў у Віцебску нельга назваць проста маштабным святам, бо напрацягу некалькіх дзён праходзіць цэлы шэраг культурных мерапрыемстваў рознага кшталту. Адным з іх стаў пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе «Райскі сад», прысвечаны 100-годдзю віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Нездарма кажуць, што Віцебск — гэта калыска жывапісу, месца, дзе нараджаюцца таленавітыя мастакі. Для ўдзелу ў пленэры на Міжнародны базар мастацтваў завіталі не толькі майстры з розных куткоў нашай сінявокай Беларусі, але нават з суседніх краін — Расіі, Літвы і Украіны. Гарадоччыну прадстаўлялі майстры Гарадоцкага дому рамёстваў Марыя Мяжуева і Ганна Шалаева. Для адкрыцця кірмашу рамёстваў і «Горада майстроў», а таксама вітання ўдзельнікаў пленэра на сцэну запрасілі намесніка начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алега Аляксеевіча Агеева. Ён адзначыў, што фестываль мастацтваў садзейнічае яднанню народаў і іх культур, а непаўторны каларыт свята дапамагаюць ствараць майстры. У гэтым годзе ўдзел у святкаванні прынялі каля 200 умельцаў з розных гарадоў нашай рэспублікі і суседніх краін.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі на плошчы Свабоды на сцэне разгарнулася канцэртная праграма, адкрылі якую дзеячы культуры з Гарадоцкага раёна — удзельнікі народнага ансамбля песні і танца «Яблынька». Вядомыя ўсім рытмы і спевы, каларытныя вобразы выступоўцаў, іх харызма і талент, здаровы гумар і весялосць, і, безумоўна, атмасфера мінулых стагоддзяў, якую ім па-майстэрску ўдалося перадаць, — вось чым гарадакчане «ўзялі» аўдыторыю. Гледачы шчыра адорвалі артыстаў гучнымі апладысментамі і выкрыквалі словы падтрымкі. Верагодна, гэта можна лічыць адной з самых высокіх ацэнак для творчых людзей.
Таксама ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» адбыўся адкрыты турнір нацыянальных танцаў, па выніках якога дыплом лаўрэата І ступені атрымалі супрацоўнікі філіяла «Дуброўскі СДК» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Галіна і Генадзь Магільніцкія, лаўрэатамі ІІ ступені сталі Галіна і Сяргей Мілюха (філіял «Сцяпанавічскі СК» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна»).
За ўдзел у абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…» дыпломам лаўрэата І ступені ў намінацыі «Лепшы гарманіст» адзначаны кіраўнік народнага ансамбля гарманістаў ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Уладзімір Шакуцёў. У намінацыі «Ансамбль народных інструментаў» дуэт Уладзіміра Шакуцёва і Аляксандра Шандаеўскага заваяваў дыплом лаўрэата ІІІ ступені.
Вось так насычана і плённа гарадоцкія артысты і майстры завіталі ў фестывальны Віцебск. Мы ўпэўненыя, што наш раён быў прадстаўлены найлепшым вобразам, бо самае вялікае яго багацце — таленавітыя людзі. Дзякуй вам, умельцы, за тое, што мы з гонарам маглі сказаць: «Нашы выступаюць! Гарадоцкія!»
Вікторыя ПАЎЛАВА.

( Руская ) Оригинально прошел День Меда в лагере “Орионе”

( Руская ) Турнир национальных танцев и фест уличного искусства: куда сходить во время «Славянского базара в Витебске»?

( Руская ) Президент провел встречу с активом Витебской области, советует взяться за поддержку туристической отрасли и открыл после реконструкции путепровод «Полоцкий»

( Руская ) Выборы Президента Республики Беларусь в Городокском районе

( Руская ) В Витебском районе, с заездом в Городокский район, стартовал Первый любительский веломарафон и фестиваль «ВелоFest у Ганны-2020»

( Руская ) Профсоюзный актив филиала «Вировлянский» ИП «Детскосельский-Городок» совершил туристический сплав

У Міёрах з’явіўся мурал-квэст: дыван-маляванка з 10 славутасцямі раёна
Дыван-маляванка цяпер упрыгожвае сцяну будынка ў Мёрах (Міёрах) на вуліцы Дзяржынскага, 18. На мурале, які выканаў вядомы стрыт-артар Алесь Kontra, адлюстраваныя славутасці і адметнасці раёна.
— Паколькі Язэп Драздовіч з гэтых краёў і традыцыя маляванак там даволі распаўсюджаная, то я прапанаваў зрабіць у Міёрах мурал менавіта ў выглядзе стылізаванага дывана-маляванкі, — расказвае Алесь. — На ім выяўлены 10 славутасцяў Міёрскага раёна – напрыклад, вадаспад у Вяце і каменная званіца ў Навалоцы. Пра ўсе расказваць не буду, каб было цікавей адгадаць самім. На мурале можна пабачыць жураўлёў, лебедзяў, журавіны на арнаменце – гэта таксама адметнасці і своеасаблівыя мясцовыя сімвалы.
Спачатку жыхары паставіліся да мурала з асцярогай, а потым, калі я скончыў працу, пайшлі выключна пазітыўныя водгукі. Многія падыходзілі і спрабавалі адгадаць, якія помнікі з якіх населеных пунктаў намаляваныя. Адзін хлопец ехаў міма і здалёк убачыў мурал, сказаў, што адразу пазнаў помнікі з Леанполя і потым яшчэ раз пад’язджаў.
Ты таксама можаш прайсці гэты квэст – ці знойдзеш усе славутасці Міёршчыны, выяўленыя на мурале? А яшчэ цікавей потым іх наведаць, каб палюбавацца ўжывую!
— У межах праекта «Разам для грамады і прыроды Міёршчыны» ў нас запланавана пяць графіці ў Міёрскім раёне. Гэты мурал стаў першым з іх, — распавяла Наталля Саракавік, спецыялістка па развіцці турызму. — Мастацкая задумка Аляксандра аб’яднаць усе славутасці раёна ў яркім малюнку не пакінула нікога абыякавым. На наш погляд, гэта выдатная ідэя, якая можа быць карысная турыстам і прыцягне ўвагу мясцовых жыхароў. Першым мурал раскажа пра ўсё самае цікавае, што можна пабачыць у раёне, а другім нагадае пра тыя скарбы, якія захоўваюць гэтыя мясціны, і стане нагодай для гонару за свой край. Адметнае і размяшчэнне мурала – у самым цэнтры горада на пешаходнай вуліцы.
Мурал намаляваны ў межах праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.
