Бенефіс знаўцы з Глебам Лабадзенкам: “Мова Нанова запрашае да Барадуліна і Быкава” па маршруце Менск – Лагойск – Бабцы – Лепель – Полацак – Арэхаўна – Вушачы – Селішча – Бычкі. Славутыя асобы Беларусі – знаўцы гісторыі, культуры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў – раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца… Гэта не традыцыйная экскурсія, а – Бенефіс Знаўцы. Скарочана – “БЗ”, а калі па першых літарах, то бэ-зэ. Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе – лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія – дэсерт!
Апавядае Глеб Лабадзенка
Едзем з Глебам Лабадзенкам – журналістам, паэтам, блогерам, даследчыкам радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчыкам самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы “Мова Нанова”, аўтарам цудоўнай кнігі моўных малюнкаў “Дзіцячая заМова”. Адпраўной кропкай вандроўкі, як і заўсёды, будзе Менск, але на гэты раз мы спынімся у горадзе на крыху большы час. На Усходніх могілках Менска, адразу каля ўвахода, наведаем магілу Васіля Быкава – Народнага пісьменніка Беларусі, які нарадзіўся на Вушаччыне, а вечны супакой знайшоў у сталіцы Роднай Беларусі. Поруч паклонімся магіле Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Мулявіна ды некаторых іншых выбітных суайчыннікаў.

Магіла Васіля Быкава
Прыпынімся ў ЛАГОЙСКУ, каб паглядзець руіны палаца Тышкевічаў і рэшткі сядзібнага парка. Лагойск быў сямейным уладаннем знакамітага графскага роду, найбольш выбітнымі прадстаўнікамі якога лічацца Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы, славутыя навукоўцы, стваральнікі Лагойскага музея (на базе якога потым быў створаны Віленскі музей старажытнасцей).

Бабцы
Вёска Бабцы, што адразу за Бягомлем, сёння вабіць усіх 26-цю каменнымі крыжамі (ад 30 см і да 2 метраў!), паходжанне якіх дакладна невядома. Але менавіта яны натхнілі Рыгора Барадудіна на радкі:
“У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі…”

Лепель. Касцёл Св. Казіміра 1857 г.

Лепельскі цмок
Семнаццацітысячны Лепель з пісьмовых крыніц вядомы з першай паловы XV ст. у складзе ВКЛ, з другой паловы XVI ст. Стары Лепель належаў Л. Сапегу, які перанёс горад на новае месца, і тым самым, фактычна, надаў гораду новае жыццё. Пад час экскурсіі наведаем помнік вялікаму гетману і канцлеру Вялікага Княства. Дарэчы, ініцыятарам стварэння помніка стаў пробашч мясцовай рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ксёндз Андрэй Аніскевіч. Сам касцёл Святога Казіміра быў пабудаваны ў другой палове XIX ст. і з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Таксама пабачым сапраўдны брэнд Лепельскага раёна – помнік беларускаму Цмоку!

Полацак. Помнік букве Ў
Далей – старажытны Полацак, які працягне ўражваць дзівоснымі помнікамі, пераймаючы эстафету ў Лепеля. Менавіта тут Вы атрымаеце магчымасць сфатаграфавацца ў самым Цэнтры Еўропы і не толькі адчуць смак Роднай мовы, але і дакрануцца да самай смачнай яе літары – “Ў”. У жаночым Спаса-Еўфрасіннеўскім кляштары захоўваюцца мошчы святой Еўфрасінні Полацкай, а таксама копія легендарнага крыжа, які бясследна знік… Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з 2005 г. размешчаны ў былым будынку Калегіўма езуітаў, заснаванага ў Полацку ў 1580 г. Нездарама паэт Рыгор Барадулін пісаў, што “ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся Свет”.

Арэхаўна. Сядзіба ХІХ ст.
Накіроўваючыся ў Вушачы, пабачым сядзібу ХІХ ст. у Арэхаўне.

Рыгор Барадулін. Фота Г. Лабадзенка

Дом Рыгора Барадуліна
Вушачы атрымалі ў 1758 г. Магдэбургскае права і захавалі да нашых дзён сярод іншых будынкаў млын пач. XX ст. і касцёл Святога Лаўрэна пач. ХХ ст. Але тут нас будуць цікавіць не толькі помнікі архітэктуры, мы накіруемся да тых месцаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да Народнага паэта Беларусі – Рыгора Барадуліна. Наведаем школу, дзе вучыўся паэт, хату, дзе жыў, магілу, дзе знайшоў вечны прыстанак…

Надмагільны помнік
Пабачым надмагільны помнік Народнаму паэту Беларусі — валун з высечаным на ім крыжам, які быў пастаўлены восенню 2015 года.

Васіль Быкаў
Згодна лепшым правілам колавай кампазіцыі напрыканцы экскурсіі наведаем хату-музей Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся пісьменнік. Тут Вас чакае прагляд архіўнага відэа з аповедамі сястры Васіля Быкава Валянціны Уладзіміраўны.

Бычкі. Дом-музей Васіля Быкава
Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка – апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” – як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя беларускай мовы. Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00, а пры наяўнасці зацікаўленасці, магчымасці, сіл і жадання, можна і пазней.
Падчас экскурсіі ўбачым:
- Менск – магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках;
- Лагойск – рэшткі палаца і парка Тышкевічаў;
- Бабцы – 26 унікальных каменных крыжоў на вясковых могілках;
- Лепель – помнік Льву Сапегу, помнік Цмоку, касцёл Св. Казіміра 1857 г.;
- Полацак – Спаса-Еўфрасіннеўскі кляштар, Калегіўм езуітаў, Цэнтр Еўропы, Помнік “Ў”;
- Арэхаўна – сядзіба ХІХ ст.;
- Вушачы – хата Рыгора Барадуліна, магіла Рыгора Барадуліна, касцёл Св.Лаўрэна пач. ХХ ст., млын пач. ХХ ст.;
- Селішча – руіны касцёла 1728 г.;
- Бычкі – хата-музей Васіля Быкава
- https://planetabelarus.by
- Проект «Экскурсии с Виаполем» можно посмотреть в разделе «Куда поехать»








Адбылася экскурсія па 11 залам музея прысвечаным розным этапам Другой сусветнай вайны. Фонды музея налічваюць каля 142 тысяч адзінак захоўвання, што з’яўляецца найбагацейшым матэрыялам для вывучэння ваеннай гісторыі.
Экспазіцыйная плошча музея – 3,6 тыс. Кв.м. і праводзяцца экскурсіі аглядныя і тэматычныя па ўсіх раздзелах Вялікай Айчыннай вайны.




